Штогод у Беларусі пасля кантактавання з драпежнымі ці хатнімі жывёлінамі, у асноўным пасля іх укусаў, да медыкаў звяртаецца каля 20 тысяч чалавек. Каля 30 % з іх — дзеці да 18 гадоў. З 2012 года, дзякуючы прафілактычнай рабоце санітарных і ветэрынарных службаў, выпадкаў шаленства сярод людзей у нашай краіне не рэгіструецца. А вось успышкі сярод жывёлін здараюцца рэгулярна. Як і масавыя кантакты, калі з адной жывёлінай кантактуюць пяць і больш чалавек, а пасля яна аказваецца хворай. Людзям у такім выпадку патрэбна неадкладная, на працягу сутак, імунізацыя. Што мусяць памятаць гаспадары хатніх гадаванцаў і свойскай жывёлы, каб пазбегнуць шаленства, і што рабіць, калі вас укусіла жывёліна, расказалі спецыялісты.
— Шаленства — асабліва небяспечная вірусная хвароба ўсіх цеплакроўных жывёлін, якая характарызуецца ярка выяўленымі клінічнымі праявамі. Гэта неадэкватныя паводзіны як хатніх, так і дзікіх жывёлін, моцнае слінацячэнне, а таксама агрэсіўнасць, — тлумачыць першы намеснік дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Кірыл Глушчанка. — Асноўныя крыніцы віруса для сельскагаспадарчых жывёлін — драпежная фаўна. Таму барацьба з гэтай хваробай ускладняецца тым, што ёсць прыродны рэзервуар, дзе гэты вірус цыркулюе.
Успышкі шаленства сярод жывёлін рэгіструюцца пастаянна. Хвароба невылечная і метадаў лячэння для звяроў не існуе. Асноўны метад прафілактыкі — вакцынацыя. Вірус трапляе ў арганізм жывёліны непасрэдна падчас укусу хворай асобінай. Пры гэтым вірус можа знаходзіцца ў сліне яшчэ за дзесяць дзён да клінічнай праявы. Другі спосаб перадачы — траплянне сліны праз драпіны, трэшчыны на скуры, слізістыя вачэй, носа, рота.
— Захворванне невылечнае, таму варта праяўляць асаблівую асцярожнасць пры кантактаванні з жывёлінамі, асабліва драпежнымі. Для хворых на шаленства драпежных жывёл характэрна адсутнасць страху перад людзьмі. Здаровая драпежная жывёліна ніколі не выйдзе да людзей і не будзе праяўляць дружалюбнасць і ласку. Таму пры сустрэчы з такімі звярамі варта пазбягаць любых кантактаў, тым больш не браць іх у рукі і не прыносіць дадому, не даваць дзецям, — папярэджвае Кірыл Глушчанка. — У хатніх жывёлін клініка іншая: яны стараюцца пазбягаць кантактавання. І калі раней сабака ці кот былі дружалюбнымі, то пасля заражэння яны забіваюцца ў кут, не выходзяць прымаць корм. Калі гаспадары пачынаюць выцягваць іх адтуль, такія жывёліны могуць рэзка праявіць агрэсію, падрапаць і пакусаць.
Уладальнікі хатніх гадаванцаў мусяць ведаць, што ўсе драпежныя павінны быць вакцынаваны супраць шаленства. Перыядычнасць прышчэпак — не радзей, чым раз на год. Вакцынацыя для жывёлін бясплатная, калі гэта вакцына, якая прапануецца ў дзяржаўнай ветэрынарнай клініцы. Прыватныя ветэрынарныя клінікі прапануюць шырокі спектр вакцын розных вытворцаў на платнай аснове.
Існуе тры групы жывёлін, якім нельга рабіць прышчэпку: маладняк да трох месяцаў, носьбіты хваробы і любых адхіленняў ад нармальнага клінічнага стану, падчас цяжарнасці і лактацыі. Нават калі жывёліна не пакідае кватэру і няма рызыкі заражэння, вакцынацыю ўсё роўна варта праводзіць.
Яму варта аказаць першую дапамогу, апрацаваць месца ўкусу растворам ёду ці іншым антысептыкам, налажыць павязку і звярнуцца ў ветэрынарную клініку. Калі ў жывёліны ёсць гаспадар, высветліць, калі яна была вакцынавана.
Прышчэпка патрэбная яшчэ і таму, што без яе нельга перамяшчаць жывёліну ў грамадскім транспарце, выязджаць за мяжу, удзельнічаць у выстаўках.
— Ва ўсім свеце вялікая ўвага аддаецца гэтаму захворванню. Некалькі апошніх гадоў прымяняецца аральная імунізацыя (праз раскладзены корм з вакцынай) драпежных жывёлін, каб зменшыць колькасць віруса ў дзікай прыродзе. Гэта дае станоўчы эфект, паступова зніжаецца захваральнасць, — расказвае прадстаўнік ветэрынарнай службы.
Захворванне актуальнае і для чалавека.
— Шаленства распаўсюджана ва ўсім свеце. Штогод на яго хварэюць дзясяткі тысяч людзей у тых краінах, дзе прафілактычная работа не знаходзіцца на належным узроўні, у тым ліку вялікая колькасць людзей гіне, — кажа загадчык аддзялення асабліва небяспечных інфекцый аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Настасся Ляшкевіч. — Захворванню садзейнічаюць адсутнасць вакцынацыі, самавыгул жывёлін, для сельскагаспадарчых жывёлін — выпас на неабгароджанай тэрыторыі побач з ляснымі масівамі, пашкоджанне агароджы прыдамовай тэрыторыі. Пры заражэнні жывёліны рызыка заражэння яго гаспадароў ці тых, хто даглядае сельскагаспадарчую жывёліну, вельмі высокая.
Таму самая галоўная прафілактычная мера для людзей — імунізацыя. Гэта антырабічная вакцына і антырабічны імунаглабулін. Яны ўводзяцца па паказаннях урача-траўматолага.
Варта адзначыць, што небяспеку тояць не толькі ўкусы, але і абдзіранне і асліньванне скуры. Звяртацца пасля такога кантакту па медыцынскую дапамогу неабходна ў першыя суткі. Урач-траўматолаг зробіць агляд і па лакалізацыі пашкоджання вызначыць аб'ём дапамогі.
— Найбольш небяспечныя ўкусы і абдзіранні кісцяў, ступняў, галавы, шыі і твару, бо гэта найбольш блізкія да нервовых канчаткаў зоны. Вірус пашкоджвае нервовую сістэму. Захворванне для чалавека таксама смяротнае — калі адбылося заражэнне, дапамагчы ўжо немагчыма.
І вакцынацыя — адзіны спосаб засцерагчы чалавека, якога ўкусіла жывёліна, ад неспрыяльнага зыходу. Чым раней яна пачата, тым больш шанцаў, што захворванне не разаўецца, — папярэджвае Настасся Ляшкевіч.
Для людзей, якія часта кантактуюць з жывёлінамі — ветэрынараў, работнікаў ЖКГ, што займаюцца адловам, егераў, паляўнічых, прадугледжана прафілактычная імунізацыя. Такая вакцынацыя бясплатная.
Варта прытрымлівацца простых правілаў: пазбягаць кантакту з дзікімі, бадзяжнымі жывёлінамі і хатнімі гадаванцамі, якія маюць адпаведныя клінічныя праявы. Пры падобных прыкметах у хатніх жывёлін адразу звяртацца да ветэрынараў. Калі адбыўся кантакт, за такой жывёлінай пастарацца ўстанавіць ветэрынарнае назіранне, звярнуўшыся ў ветэрынарную службу. Пасля кантакту неабходна звяртацца да ўрача і, не чакаючы вынікаў 10-дзённага ветэрынарнага назірання, пачынаць імунізацыю. За гэты час выконваюцца тры лячэбна-прафілактычныя прышчэпкі з шасці. Пасля толькі ўрач, кіруючыся вынікамі ветэрынарнага назірання, можа скончыць курс прышчэпак. Яго ні ў якім разе нельга перапыняць самавольна.
Важна навучыць дзяцей правілам перасцярогі і папрасіць іх паведамляць бацькам, калі адбыўся кантакт з падазронай жывёлінай. У такім выпадку дзіця неабходна паказаць урачу. Таксама варта прытрымлівацца правілаў выгулу хатніх гадаванцаў, у сельскай мясцовасці абгароджваць прыдамовыя тэрыторыі.
Алена КРАВЕЦ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.