Вы тут

Распіліць буралом ці нарэзаць яловых лапак. Актуальныя пытанні чытачоў


Лясістасць нашай краіны складае 40,1 працэнта. Гэта значыць, што побач з кожнай вёскай ці дачным пасёлкам ёсць лес. А вось як карыстацца гэтым прыродным набыткам, прытрымліваючыся заканадаўства, ведаюць не ўсе. Мы сабралі пытанні нашых чытачоў і папрасілі адказаць на іх Віктара Звертоўскага, намесніка начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі.


 

— У перыяд павышанай пажаранебяспекі забарона на наведванне лясоў распаўсюджваецца на ўсе дарогі, акрамя агульнага карыстання. Ці значыць гэта, што да свайго лецішча, вёскі нельга ісці па лясной сцяжынцы і збіраць ягады з захаваннем мер бяспекі?

— Тут варта размежаваць паняцці «абмежаванне» і «забарона на наведванне лясоў». Рашэнні аб увядзенні мер абмежавальнага характару прымаюць райвыканкамы, зыходзячы з даных Белгідрамета, на падставе хадайніцтваў лясгасаў, РАНС, органаў рэспубліканскага кіравання.

Калі клас пажарнай небяспекі 3-і — уводзяцца абмежаванні на наведванне лясоў, 4-ы або 5-ы — забарона на наведванне лясоў. Пры гэтым абмежаванні ў кожным канкрэтным выпадку могуць быць розныя — прапісваюцца ў рашэннях райвыканкамаў.

У перыяд забароны на наведванне лясоў нельга збіраць ягады і грыбы і проста знаходзіцца ў лесе. Выключэнні могуць быць, калі да таго ці іншага населенага пункта нельга дабрацца інакш чым праз лес. У такім выпадку райвыканкам выдзяляе асобныя тэрыторыі.

Даведацца пра дзейныя абмежаванні можна на галоўнай старонцы сайта Міністэрства лясной гаспадаркі, дзе размешчана спецыяльная інтэрактыўная карта забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў у раёнах нашай краіны.

— За вялікімі дарогамі сочаць леснікі, дарожныя службы. А калі пасля буралому лясная сцежка аказалася завалена дрэвамі, ці могуць самі дачнікі распілаваць іх, каб расчысціць сцяжынку?

— Калі чалавек хоча дапамагчы ў навядзенні парадку, прыбраць, дапусцім, дрэва, якое ляжыць
уздоўж сцяжынкі, неабходна звярнуцца ў найбліжэйшае лясніцтва (лясгас) з адпаведнай просьбай. Праводзіць высечкі ў лесе без дазволу нельга. Усё павінна быць законна!

— Ад дачнага ўчастку да лесу — некалькі метраў, цень ад вялікага дрэва падае на агарод. Ці можна ад яго пазбавіцца нейкім законным чынам альбо хоць бы самастойна падрэзаць галінкі?

— Калі дрэва з'яўляецца здаровым, то выдаліць яго нельга. Згодна з арт. 79 Ляснога кодэкса, грамадзянін можа падразаць галінкі дрэва пры ўмове, што гэта расліна запраектавана лесаўпарадкавальным праектам для ссякання лесу, але не больш чым за два гады да гэтага. Падразаць можна адну траціну кроны дрэва. Гэта значыць, без кансультацыі кваліфікаваных спецыялістаў у такім пытанні ўсё роўна не абысціся.

Калі дрэвы каля ўчастку знаходзяцца ў пашкоджаным стане, аслаблены хваробамі і шкоднікамі, пагражаюць падзеннем, самому дачніку або старшыні праўлення СТ неабходна ў пісьмовым выглядзе звярнуцца ў лясгас з просьбай высечкі небяспечных дрэў.

— Віктар Мікалаевіч, усе разумеюць, што ў лесе нельга выкідваць бытавое смецце. А ці можна вынесці ў лес адходы расліннага паходжання (траву, яблыкі)?

— Гэта пытанне рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2007 г. № 271-З «Аб абыходжанні з адходамі». Там няма абмежаванняў, звязаных з травой ці яблыкамі. Але з іншага боку: а навошта іх выкідваць у лес?

— З боку трасы ў лес выкідваюць то офісную мэблю, то будаўнічае смецце, пакідаюць горы смецця пасля пікнікоў. Аднак леснікі мяркуюць, што гэта «дачнікі смецяць». Хто павінен прыбіраць у лесе «безгаспадарнае» смецце? Ці эфектыўныя фотапасткі для ідэнтыфікацыі асоб, якія вывозяць смецце ў лес?

— Зноў жа вернемся да згаданага Закона «Аб абыходжанні з адходамі». У ім дакладна прапісана: калі карыстальнік зямельнага ўчастка знайшоў адходы, то абавязаны на працягу пяці каляндарных дзён у пісьмовай форме паведаміць аб гэтым у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. У адваротным выпадку карыстальнікі зямельных участкаў прызнаюцца ўласнікамі гэтых адыходаў і павінны самі прывесці ў парадак тэрыторыю. Прасцей кажучы, калі няма доказаў, што лес засмечваюць дачнікі, вінаваціць іх у гэтым некарэктна.

Сродкі фота- і відэафіксацыі сапраўды эфектыўныя: дзякуючы ім мы штогод выяўляем і прыцягваем да адказнасці сотні нядбайных грамадзян. Але трэба быць рэалістамі: на кожнае дрэва фотапастку не павесіш.

Таму робім упор на тлумачальную работу з насельніцтвам: правялі абходы падворкаў, сустрэчы ў працоўных калектывах.

— Ёсць вельмі дагледжаныя лясы, як паркі. А ёсць такія, у якіх гадамі ляжаць выкарчаваныя і зламаныя бурай дрэвы. Кажуць, зараз новая тэхналогія — чакаць, калі гэтыя дрэвы згніюць, —маўляў, такая падкормка для лесу. Ці так гэта?

— У сваім пытанні вы правільна параўналі — «як паркі». Але лес — гэта не парк, ён і не павінен ім быць. Хоць бы таму, што гэта прыродны комплекс, прадстаўлены драўняна-хмызняковай расліннасцю, жывым надглебавым покрывам, дзікімі жывёламі і мікраарганізмамі, дзе могуць прысутнічаць у вызначанай колькасці рэшткі ссякання, сухастойныя дрэвы і ламачча.

У свой час мы актыўна праводзілі інфармацыйна-тлумачальную кампанію на гэтую тэму. Навошта патрэбныя, дапусцім, рэшткі ссякання? Яны паступова перагніваюць у лесе, не парушаючы цэласнасці экасістэм, і становяцца пажыўным асяроддзем для мхоў, лішайнікаў, раслін, грыбоў і жывёл. На думку навукоўцаў, найбольш каштоўнай мёртвай драўнінай лічацца буйныя рэшткі — засохлыя і паваленыя дрэвы дыяметрам больш за 8 см.

І хачу адзначыць, што ўсё гэта не беларускае ноу-хау, а сусветная практыка, падмацаваная навуковымі разлікамі. Але гэта не значыць, што ў лесе не наводзяць парадак. Штогод у галіне рэалізоўваецца комплекс работ, які пачынаецца з прыборкі смецця і заканчваецца барацьбой з баршчэўнікам Сасноўскага.

У гэтым годзе мы запускаем вялікую кампанію па навядзенні парадку ў лясным фондзе, асабліва ўдзяляючы ўвагу добраўпарадкаванню ўздоўж аўтамабільных дарог і чыгункі, паблізу садовых таварыстваў і памятных месцаў.

Але хочацца звярнуцца і да насельніцтва: давайце быць гаспадарамі ў сваім доме пад назвай Беларусь. Тое ж смецце ў лесе не з'яўляецца само па сабе — яго пакідае не хто іншы, як сам чалавек.

— Ці можна выкапаць у лесе куст ажыны для свайго саду, нарэзаць яловых лапак, каб прыкрыць ад марозу ружы, пазбіраць ламачча?

— Тут на кожны з пунктаў трэба адказваць асобна. Калі мы гаворым аб кусце ажыны, то абапіраемся на парадак распараджэння дзікарослымі раслінамі, які быў распрацаваны нашым міністэрствам і ўзгоднены з іншымі ведамствамі. Самастойна пайсці ў лес і выкапаць першы ўпадабаны куст ці дрэва — нельга, але законным чынам гэта зрабіць можна. Для гэтага трэба звярнуцца ў найбліжэйшы лясгас/лясніцтва. Выкапаць расліну можна на спецыяльна вызначаным для гэтага ўчастку і ў прысутнасці службовай асобы дзяржаўнай лясной аховы.

Што да яловых лапак і ламачча... Гэта рэгулюецца арт. 44 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь, у якім гаворыцца, што можна без дазвольных дакументаў, бясплатна і для ўласных патрэб ажыццяўляць збор дзікарослых ягад, грыбоў, пладоў, арэхаў, лясной подсцілкі, апалага лісця, нарыхтоўку драўняных сокаў, бяросты і галінак дрэў, дзікарослых раслін і іх частак, моху. Выключэнне складаюць расліны і грыбы, уключаныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь або тыя, якія падпадаюць пад дзеянне міжнародных дагавораў, а таксама ўключаныя ў пералік нарказмяшчальных раслін і прыроднай нарказмяшчальнай сыравіны, які зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Але і тут ёсць нюансы, на якія трэба звярнуць увагу. Першы датычыцца Чырвонай кнігі. Забаронена збіраць не толькі «чырванакніжную» расліну цалкам, але і яе асобныя часткі: ягады і іншыя плады, галіны і іншае.

Таксама трэба адзначыць, што збор лясных рэсурсаў забаронены ў запаведніках, зоне павышанага радыеактыўнага забруджвання і іншых. Пра такія тэрыторыі можна даведацца па інфармацыйных шыльдах у самім лесе, са СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў.

Збіраючы лясныя дары, трэба выконваць і шэраг устаноўленых патрабаванняў. Напрыклад, заканадаўствам дакладна рэгулюецца, дзе і якім чынам ажыццяўляецца нарыхтоўка бяросты і галінак дрэў. Гэта могуць быць ссечаныя дрэвы на лесасеках, сухастоі, жывыя дрэвы, якія запраектаваны лесаўпарадкавальным праектам — не больш чым за два гады да іх ссякання.

Нарыхтоўка бяросты з дрэў дазваляецца ў перыяд з 1 красавіка да 30 лістапада, а нарыхтоўка галінак — на працягу ўсяго года. Галінкі з дрэў можна абразаць не больш чым на адну траціну кроны дрэва, а бяросты — не больш чым за палову агульнай вышыні дрэва без пашкоджання ўнутранага пласта кары.

— Ці можна замовіць дровы ў найбліжэйшым да лецішча лясгасе?

— Так, магчыма. Мы рэкамендуем загадзя звяртацца ў лясніцтвы, паколькі летась сутыкнуліся з сітуацыяй, калі толькі глыбокай восенню ўсім раптам спатрэбіліся дровы. У выніку атрымалі ажыятажны попыт.

З лясгасам заключаецца дагавор, аплачваецца ўказаны аб'ём, заказчык вывозіць дровы самастойна або можа скарыстацца дастаўкай. Не ўсе лясгасы аказваюць паслугу па колцы дроў. На колатых дровах спецыялізуецца гарпаліва.

Сёлета ў асобных лясгасах у тэставым рэжыме ўкаранілі паслугу анлайн-замовы дроў. Бачым, што яна запатрабавана. Часцяком пакупнікамі дроў з'яўляюцца дзеці і ўнукі, якія жывуць у горадзе і клапоцяцца аб сваіх родных, якія зімуюць на лецішчах ці ў вёсцы. Замова і аплата дроў з дапамогай інтэрнэту дазваляюць сэканоміць час і пазбаўляюць неабходнасці ехаць у лясгас ці лясніцтва.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Пухнацікі» ў горадзе. На вуліцах і ў крамах з'явіўся навагодні антураж

«Пухнацікі» ў горадзе. На вуліцах і ў крамах з'явіўся навагодні антураж

Здаецца, з кожным годам упрыгожваць сталіцу і абласныя цэнтры да Новага года пачынаюць усё раней і раней.

Грамадства

Заўтра адзначаецца Міжнародны дзень інваліда. У Беларусі жыве больш за 530 тысяч чалавек з інваліднасцю

Заўтра адзначаецца Міжнародны дзень інваліда. У Беларусі жыве больш за 530 тысяч чалавек з інваліднасцю

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА адзначыла, што дзяржава праводзіць сістэмную палітыку па падтрымцы і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю.

Культура

На гэтым тыдні свой 90-гадовы юбілей адзначыў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага

На гэтым тыдні свой 90-гадовы юбілей адзначыў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага

Але знаўцы здаўна яго называюць проста рускі — і ўсе разумеюць, пра што гаворка, маючы пры гэтым на ўвазе ўсе заслугі тэатра і тых асоб, якія складалі яго калектыў у розныя гады.