Вы тут

Пра што расказвае выстава гродзенскіх мастакоў у НЦСМ


Чалавек з дзяцінства, калі яшчэ не ўмее размаўляць, спазнае свет праз адчуванні. Выразна адрозніваем розныя станы: халоднае — гарачае, мокрае — сухое, мяккае — калючае. Выстава трох гродзенскіх мастакоў «HOMESAPIENS. ЗАПАВОЛЬВАННЕ. GREENHOUSE» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў якраз пра адчуванні, пра памяць.


Гэта не проста шэраг работ, аб’яднаных адной тэмай. Тое, што мы можам побачыць — вялікая гульня ў сэнсы. Што вы прынеслі ў сваёй галаве — тое і пабачыце. У некаторым сэнсе, сучаснае мастацтва можна параўнаць с інтэрнэтам. Чалавек праводзіць у сетцы шмат часу, пераходзіць з адной старонцы на іншую па спасылках, але «тут і зараз» гэтага зрабіць нельга. Чалавек не інтэрнэт. Таму замест спасылак — толькі асабісты вопыт і багаж ведаў.

Намеснік дырэктара па творчай рабоце НЦСМ Алеся Аляксандраўна Іназемцава звярнула ўвагу на тое, што для сучаснага мастацтва вялікую ролю займае дыялог. Мастак размаўляе сам з сабою, вядзе гутарку з уласным вопытам. Але ў той жа час мастак ставіць гледача на адзін узровень з ім, мяркуе, што вы таксама прыйшлі прачытаць яго тэкст з некаторымі ведамі. 

Праект Івана Русачака, Яўгена Рамашова і Эміля Зянько прадстаўлены ў розных формах і відах мастацтва. Тут можна ўбачыць афорт, жывапіс, інсталяцыю, фотаздымкі і відэаарт.

Пад звычайнымі і зразумелымі формамі хаваецца нешта іншае. «HOMESAPIENS» — гэта «дом разумны». Як казаў сам Іван Русачак, гэта ідэальны палац. Але «разумны дом» — гэта не сцены і столь. Нягледзячы на тое, што аўтар стварае шэраг графічных работ, асаблівасцю якіх становіцца форма, у якой кожны зможа разглядзець дом, у першую чаргу «дом» — гэта тое, што цікавіць чалавека.

Дом — гэта прытулак. Таму разумны, ідэальны дом для кожнага свой. Мастак паказвае вобразы, якія цікавць яго — гэта і зварот да асабістага вопыту, да сваіх настаўнікаў (у першую чаргу, да раннішніх работ Казіміра Малевіча), і вядомыя кожнаму вобразы, як, напрыклад, Мадона. 

Дом — гэта велізарны шыфр, памяць і асацыяцыі, пах і густ ежы. І ў гэтыя творы Івана Русачака пераклікаюцца з серыяй фатаграфій і відэа Яўгена Рамашова. Яго «ЗАПАВОЛЬВАННЕ» — гэта пра вельмі простыя, але ад гэтага не менш глыбокія і важныя пачуцці, якія ў хуткасці сённяшняга дня могуць прыглушацца або душыцца. 

Нельга прайсці ў выставачную залу і, прабегчы позіркам па фотаздымках. Трэба зрабіць паўзу і з медытатыўным саўнд-дызайнам пагрузіцца ў сябе. Праект апелюе да знаёмых з дзяцінства пачуццяў, не ўсе з якіх прыемныя. Напэўна, кожны памятае той боль, калі ўпершыню зваліўся ў крапіву ці забрудзіўся ў гразі. Але ці памятаем мы першы пацалунак маці?

На фоне гэтых дзвюх праектаў, абсурдны відэаарт Эміля Зянько адыходзіць ад тэмы мінулага чалавека. Мастак працаваў над праектам з 2019 года. І адразу рабіў відэа ў фармаце, які падыходзіў для інстаграма. У «цяплічных умовах» мастак нібыта кансервуе сэнсы і вобразы-адсылкі да твораў мастацтва, літаратуры, кіно, музыкі і проста жыцця. Як распавяла Алеся Іназемцава, гэтая ідэя прыйшла да творцы, калі ён быў у Германіі. Там гаспадыня дома, дзе ён жыў, вырашыла дэмантаваць басейн. Эміль Зянько кожную раніцу назіраў за рознымі стадыямі таго, што адбываецца з басейнам. Аднойчы ён вырашыў сняць гэта на камеру і вылажыть у Інстаграм. Ужо ў Беларусі ў мастака з’явілася ідэя — сумясціць цалкам звычайную рэч (якой стала цяпліца) і недарэчнае, сюррэалістычнае. 

«А што такое мастацтва? Гэта аповед. Мастак праз свае творы хоча вам нешта расказаць. Сучаснае мастацтва — гэта тэкст», — тлумачыць Алеся Іназемцава. Атрымліваецца, што аўтар разгортвае кнігу, але кожны чалавек зможа прачытаць толькі тыя словы, якія ведае сам. І ніколі не памыліцца.

Анастасія МАРЦІНОВІЧ, студэнтка IV курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота Алесі ЧАЧУРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?