Вы тут

Жалобная «арыя» Калас. Што адбываецца ў Эстоніі?


Бохан хлеба, упакоўка яек, малочныя і іншыя жыццёва неабходныя для кожнага прадукты — за некалькі месяцаў у эстонскіх крамах усё гэта падаражэла на 50 працэнтаў і нават больш, адзначыла gazeta.ee. Калі сюды дадаць яшчэ «інфарктныя» рахункі за электраэнергію, то ствараецца амаль поўнае ўяўленне аб сітуацыі ў гэтай прыбалтыйскай краіне. Магутныя ўдары па кішэні жыхароў звязаны з проста жахлівым ростам кошту энерганосьбітаў, падкрэсліла gazeta.ee. Краіна ўжо некалькі месяцаў запар утрымлівае сумнае лідарства ў Еўрасаюзе па ўзроўні інфляцыі. Па выніках мінулага месяца адпаведны паказчык перавысіў 25 працэнтаў. Аб гэтым паведаміла эстонская тэлерадыёкампанія ERR са спасылкай на даныя Еўрастата. Як адзначаюць эксперты, зараз рост цэн у 2,5 раза перавышае рост заробкаў, не кажучы ўжо пра пенсіі. Што ж адбываецца ў Эстоніі, чаго чакаць надалей?


Без святла і каналізацыі

Жыхары Эстоніі пасля нядаўняй гучнай заявы прэм'ер-міністра Каі Калас аб магчымых праблемах з электрычнасцю пачалі актыўна скупляць электрагенератары. Аб гэтым паведаміў партал дзяржаўнага тэлерадыёвяшчання ERR. Калас заклікала рыхтавацца да магчымых праблем з электразабеспячэннем у выпадку адключэння Расіяй Эстоніі, Латвіі і Літвы ад сваёй энергасістэмы. Хелір-Валдар Сеэдэр, старшыня партыі Іsamaa, што ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, адзначыў, што зварот прэм'ер-міністра да жыхароў Эстоніі наўрад ці дапамог іх супакоіць. «Такія крайнія заявы ствараюць няўпэўненае пачуццё і пакідаюць шызафрэнічнае ўражанне», — падкрэсліў палітык.

Эстонцы аказаліся на дзіва разваротлівымі — ужо на наступны дзень пасля жалобнай «арыі» Калас у крамах буйной гандлёвай сеткі Bauhof на паліцах заставаліся апошнія электрагенератары. «Прэм'ер-міністр — выдатны прадавец. За дзень мы прадалі больш за 100 электрагенератараў. Гэта больш, чым за апошнія чатыры месяцы. Гэта сведчыць аб тым, што людзі вельмі хутка зрэагавалі на атрыманую ад прэм'ера інфармацыю», — сказаў ERR менеджар сеткі Свен Мілі.

Паводле звестак партала, жыхары Эстоніі сталі больш актыўна купляць сухія прадукты харчавання, кармы для жывёл, прадметы асабістай гігіены, ліхтарыкі і батарэйкі. «Мы назіраем рост продажаў у пэўных таварных групах. На 10 працэнтаў павялічыліся продажы сухой ежы, корму для жывёл, туалетнай паперы і прадметаў гігіены», — адзначыў выканаўчы дырэктар гандлёвай сеткі Rіmі Вайда Падумяэ.

У сваю чаргу работнікі Выратавальнага дэпартамента нагадалі эстонцам аб важнасці падрыхтоўкі да крызісных сітуацый. На чорны дзень у запасе павінны быць батарэйкі, ліхтарыкі, знешнія акумулятары, радыё, сухая ежа, лекі, а самае галоўнае — пітная вада, па тры літры ў дзень на кожнага члена сям'і. Трэба быць гатовымі і да адключэння каналізацыі. «Калі ўзнікне патрэба, то ёсць рашэнне. Бярыце загадзя набыты вялікі смеццевы мяшок, замацоўваеце яго на ўнітаз пад стульчак. Калі дома ёсць кот, то можаце ў пакет насыпаць напаўняльнік для кацінага туалета. Пасля гэтага вы робіце ў пакет свае справы і заклейваеце яго ізастужкай», — параіў эстонцам эксперт Выратавальнага дэпартамента Міка Віркала.

Прынцэса вайны з абагравальнікам

Старшыня эстонскай Кансерватыўнай народнай партыі (EKRE) Марцін Хельмэ абвінаваціў цяперашняга прэм'ер-міністра ў тым, што яна да крайнасці абвастрыла адносіны дзяржавы з суседняй Расіяй, паставіўшы тым самым Эстонію пад пагрозу, заўважыла err.ee. «Завяршаецца шоу, якое нам Кая Калас і Партыя рэформ дэманстравалі пачынаючы з лютага. Што ў нас ёсць? «Прынцэса вайны», якая ездзіць атрымліваць ад нейкіх заходніх фірмаў медалі і граматы за тое, што цяўкае ў бок Расіі і з бадуна прыбірае танкавыя манументы. У выніку гэтага мы аказаліся ў вачах Крамля адной з самых варожых дзяржаў на межах Расіі. І тут надыходзіць рэальнасць. Аказваецца, мы ўвогуле да гэтага не падрыхтаваліся, — заявіў Хельмэ. — Тое, куды завяла нас Кая Калас са сваімі трызненнямі і імкненнем любой цаной павялічыць працэнт падтрымкі сваёй партыі, настолькі засмучае, што, калі асэнсаваць гэта рацыянальна, людзі звар'яцеюць».

Днямі прэм'ер-міністра Эстоніі выкрылі ў выкарыстанні абагравальніка на працоўным месцы. Фота апублікавала выданне Uued Uudіsed. На яго звярнулі пільную ўвагу карыстальнікі сацыяльных сетак. Яны з сарказмам паставіліся да абстаноўкі кабінета Калас, якая раней заклікала эстонцаў максімальна эканоміць электраэнергію ў сувязі з агульнаеўрапейскім крызісам і адмаўляцца ад энергаёмістых электрапрыбораў. «Яна дзяўчынка, ёй можна», «У бункеры ў Гітлера вельмі горача топяць», «Што дазволена Юпітэру, не дазволена быку», «Чаму не Javelіn (амерыканская супрацьтанкавая ракетная ўстаноўка, з якой любіць пакрасавацца эстонскі прэм'ер — рэд.)? Ён яе сапраўды сагрэе!», «А гэта ж яшчэ зіма не пачыналася...» — пракаментавалі навіну карыстальнікі сацсетак.

Па словах старшыні Кансерватыўнай народнай партыі, цяперашні энергетычны крызіс не з'яўляецца чымсьці непазбежным і няўхільным, і большасць спажыўцоў у Эстоніі можна забяспечыць электраэнергіяй па 30 еўра за мегават-гадзіну, атрымліваючы прыбытак. Аб гэтым Марцін Хельмэ заявіў на тэлеканале ETV. «Я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што энергетычны крызіс, з якім мы сутыкнуліся, не з'яўляецца нечым непазбежным. Гэта не нешта нечаканае, што [раптам] адбылося, гэта не нешта непрадбачанае, з чым мы нічога не можам зрабіць. Гэта відавочны вынік палітычных выбараў і рэгулятыўных рашэнняў. Тое, што ў нас цяпер адбываецца, — вялікае пераразмеркаванне багацця. Ва ўсіх людзей забіраюць вялікія грошы, і яны пераходзяць невялікай кучцы тых, хто круціцца ад задавальнення», — заўважыў Марцін Хельмэ. Па яго словах, у Эстоніі няма дэфіцыту ў вытворчасці энергіі, які мог бы прывесці да высокіх цэн.

Хваля банкруцтваў і пратэстаў

Па словах старшага эканаміста эстонскага банка Swedbank Лійс Эльмік, у найбліжэйшыя месяцы ў краіне працягнецца вельмі хуткі рост цэн, паведаміла err.ee. «Сярэдні спажывецкі кошык за год узрос на чвэрць. Эстонія знаходзіцца ў верхніх радках еўрапейскай табліцы па росце цэн. Нават ва Украіне цэны растуць павольней, чым у Эстоніі», — адзначыла Эльмік. Па словах старшага эканаміста Swedbank, на долю энерганосьбітаў прыйшлося больш за палову росту агульнага спажывецкага кошыка. «За год кошт электраэнергіі і газу павялічыўся больш чым у тры разы. Зніжэнне пакупніцкай здольнасці стрымлівае спажыванне. У летнія месяцы сем'ям дапамагалі зберажэнні, назапашаныя раней. У перыяд з чэрвеня да ліпеня зберажэнні хатніх гаспадарак скараціліся на 20 мільёнаў еўра», — адзначыла эксперт. Высокая інфляцыя становіцца прычынай адмовы эстонцам у атрыманні крэдытаў.

Раней стала вядома, што эстонскія кампаніі звярнуліся да ўлад з просьбай аб часовым прыпыненні антырасійскіх санкцый, паведаміла РІА «Навіны». Паводле слоў кіраўніка МЗС Эстоніі Урмаса Рэйнсалу, з ініцыятывай аб часовым прыпыненні санкцый ЕС супраць Расіі для прадаўжэння імпартавання адтуль нафтапрадуктаў выступілі 28 эстонскіх кампаній. Сярод іх — трэйдар Trafіgura і эстонская дзяржаўная чыгуначная кампанія Operaіl.

Перспектывы несуцяшальныя. Эканоміка Эстоніі сёлета скароціцца на 0,5 працэнта пры інфляцыі каля 19 працэнтаў. Такія даныя прыводзяцца ў апублікаваным эканамічным прагнозе Банка Эстоніі на 2022—2024 гады, у якім адзначаецца, што хуткі рост цэн прывядзе эканоміку прыбалтыйскай краіны да рэцэсіі і скарачэння спажывання. «Інфляцыя — гэта як тэмпература ў хворага. Калі яна 2-3 працэнты, то ўсё нармальна, калі 28 працэнтаў — гэта ўжо хвароба», — адзначыла эканаміст Банка Эстоніі Наталля Війльман. Старшы эканаміст Swedbank Лійс Эльмік, кажучы аб будучай зіме, не мае асаблівых надзей на тое, што сітуацыя палепшыцца. «Зіма будзе дарагой», — такі яе кароткі вердыкт. Інфляцыя працягне раскручвацца і налета. Паводле эканамічных прагнозаў, рост цэн можа спыніцца хіба што толькі ў 2024 годзе.

Тым часам урад Эстоніі працягвае праводзіць палітыку, накіраваную на мілітарызацыю краіны, адзначыў Baltnews. Ні энергетычны крызіс, ні гіперінфляцыя не могуць пахіснуць пазіцыю ўладаў. Ваенныя выдаткі працягваюць нарошчвацца. Міністр абароны прыбалтыйскай рэспублікі Хана Пеўкур адзначыў, што ў 2023 годзе на ваенныя патрэбы будзе выдзелена 2,7 працэнта ВУП, гэта перавысіць 800 мільёнаў еўра. Як вядома, сёлета яны перасягнулі рэкордныя 2,3 працэнта ВУП, што ў грашовым выражэнні склала 748 мільёнаў еўра.

Ураду варта неадкладна прызнаць, што ў Эстоніі крызіс, заявіў галоўны рэдактар Laane-Vіrumaa Uudіsed Айвар Хундзімягі на Vіkerraadіo. Як лічыць эксперт, «хутка мы ўбачым рост запазычанасцяў, хвалю банкруцтваў, пераразмеркаванне доляў рынку як у нас, так і за мяжой, а таксама зніжэнне тэмпу інвестыцый і павышэнне ўзроўню беспрацоўя».

Прынамсі хваля масавых пратэстаў нарастае ўжо цяпер. Апазіцыйная Цэнтрысцкая партыя правяла на плошчы перад будынкам парламента (Рыйгікогу) мітынг супраць павышэння цэн. Неабходнасць такой акцыі пратэсту арганізатары агучылі так: «У Эстоніі ўжо чатыры месяцы запар інфляцыя складае больш за 20 працэнтаў, але ўрад заняў пазіцыю назіральніка і не распачаў для вырашэння сітуацыі канкрэтных крокаў. Пад ударам даходы людзей, працоўныя месцы і пакупніцкая здольнасць. Апасенні гэтыя цалкам зразумелыя». Афіцыйны Талін заняты палітычнымі гульнямі, якія да патрэб простых эстонцаў не маюць ніякага дачынення. А халады ўжо на парозе.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.