Вы тут

Анжаліна Мікульская: Наша задача — зрабіць артыста


«У рабоце з дзецьмі заўсёды кіруюся думкай, што ты фарміруеш чалавека. І важна даць яму прыклад лепшага жыцця» — кажа дырэктар прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ» Анжаліна Мікульская. Калі мы бачым на сцэне бездакорныя выступленні артыстаў — ад самых маленькіх да вопытных прафесіяналаў, — не заўсёды задумваемся пра тое, што папярэднічае такому іх выніку. Каб даведацца, як адбіраюць таленты, ці ўсе праходзяць «дыстанцыю» да сапраўднага поспеху і якая ў яго цана, мы наведаліся ў сталічную «фабрыку зорак»...


Сёлета ў перыяд папярэдніх праслухоўванняў тут атрымалі больш за 380 заявак ад ахвотных стаць часткай вялікай творчай сям'і студыі мастацтваў «Malіnovka by Spamash». Але можа толькі ў 120 шчасліўчыкаў з'явіцца шанц распачаць свой шлях да пошуку запаветнага месца пад сонцам на беларускай эстрадзе. Праўда, не заўсёды сюды прыводзяць дзетак менавіта з мэтай стаць знакамітымі, бо тут іх чакаюць самыя рознапланавыя заняткі, якія дапамагаюць кожнаму дзіцяці адчуць свабоду творчага самавыяўлення, спасцігнуць майстэрства вакальнага, харэаграфічнага і прамоўніцкага майстэрства, а значыць, атрымаць, перш за ўсё, магчымасць гарманічна развіваць свае здольнасці і моцныя бакі.

— У нашай школе праводзяцца «Малінавыя батлы», падчас якіх мы не столькі імкнемся арганізаваць вакальныя спаборніцтвы, колькі вучым дзяцей падтрымліваць сваіх, падтрымліваць таго, хто прайграў, — кажа Анжаліна Уладзіміраўна. — Мы вучым, што нават на рэпетыцыі трэба апладзіраваць таму, хто на сцэне, бо кожнаму артысту гэта прыемна.

Прадзюсарскаму цэнтру ўжо амаль 18 гадоў. І вось ужо чацвёрты год тут існуе і дзейнічае студыя мастацтваў «Malіnovka by Spamash», дзе таленавітыя дзеці могуць шукаць сабе ў эстрадным мастацтве, спазнаючы яго сакрэты і скараючы свае першыя творчыя вяршыні.

— Мы паспрабавалі ў сценах нашага прадзюсарскага цэнтра стварыць своеасаблівую «экасістэму», дзе праходзіць «кругазварот артыстаў у прыродзе». Спачатку дзіця з малых гадоў трапляе да нас, праходзіць тут неабходныя этапы навучання, расце. Пасля ў кагосьці з'яўляецца кантракт з цэнтрам, прычым і ў гэты час навучанне артыста не спыняецца, — працягвае мая суразмоўніца. — Мы гэта называем стартапам, калі будучы артыст жыве ў асяроддзі прафесіяналаў, якія яго вядуць, а як становіцца самастойным, то таксама можа знайсці тут кампазітараў, і рэжысёрскую групу, аўтараў, папрацаваць у студыі гуказапісу ўжо над стварэннем свайго матэрыялу.

Атрымліваецца добрая глеба для росту з магчымасцю ўбачыць закуліссе артыстычнага жыцця. А працуюць з усімі навучэнцамі сапраўдныя прафесіяналы, тыя, хто з'яўляецца неад'емнай часткай сённяшняга беларускага шоу-бізнесу. Тут і заняткі па вакале і харэаграфіі, выступленні на канцэртах, у працэсе падрыхтоўкі да якіх прадумваецца кожная дэталь у касцюме, кожны рух і нават ваша з'яўленне, напрыклад, у ранішнім шоу ці на вокладцы папулярнага часопіса...

— Мы сабралі ў каманду прафесіяналаў, якія ведаюць эстраду і яе падводныя камяні не па кнігах, а па сваім вопыце. Усе выкладчыкі ў дзіцячай студыі — дзеючыя артысты, таму што нам важна, каб яны ведалі, што такое сцэна, — тлумачыць Анжаліна Мікульская. — Першы год набіралі ў студыю дзяцей з шасці гадоў, бо з гэтага ўзросту ў іх ужо фарміруецца галасавы апарат і можна з імі працаваць. Але быў у нас выключны выпадак — дзяўчынка Соня (унучка Уладзіміра Мулявіна), яе прывялі гады ў чатыры. І тады мы набылі вопыт работы ў кантэксце таго, калі дзеці толькі вучацца вучыцца. Прыйшло разуменне, як важна, каб і дзеткі, і іх бацькі ўсведамлялі, куды яны ідуць і з якім запытам. Бо ў нас тут нібы маленькі ўніверсітэт. Мы не з той катэгорыі школ, дзе вучаць проста вакалу, наша задача — зрабіць артыста.

А каб стаць артыстам — трэба, лічыце, «дыстанцыю» сапраўдную вытрымаць. Значэнне мае ўсё, пачынаючы з самага першага з'яўлення на сцэне. Варта ўлічваць, у якой зале адбываецца выступленне, ведаць, як паводзіць сябе ў казусных сітуацыях, напрыклад, калі словы забыліся ці стужка з валасоў зляцела, як знайсці кантакт з аўдыторыяй... Майстэрству вучаць прафесіяналы: напрыклад, Дзіна Георгіеўна Тыцюк раскрые сакрэты таго, як прыгожа размаўляць і трымаць сябе, а вось Кацярына Блізнец дакладна ведае, што спрацуе ў прасоўванні сябе яшчэ да вашага з'яўлення на сцэне ў вызначаны час альбо што варта рабіць, каб і пасля яго ваша «зорачка» зіхацела на эстрадным небасхіле. А што датычыцца рэпертуару, то па параду можна звярнуцца да мастацкага кіраўніка «СПАМАШ», кампазітара Леаніда Шырына. Каго ні вазьмі — перад вамі будзе прафесіянал са шматгадовым бэкграўндам.

— Што адрознівае нас ад іншых школ па вакале — гэта нашы падыходы да навучання. Напрыклад, у нас нельга проста стаяць роўненька, нібы салдацік, і спяваць. У нас — рабі, што хочаш, але дапамагай сабе перадаваць музыку целам. Увогуле, што датычыцца заняткаў мастацтвам, то яны маюць сваю спецыфіку, — працягвае свой аповед мая суразмоўніца. — Выкладчыкам патрэбны веды і па псіхалогіі, і па фізіялогіі. Трэба дапамагчы дзіцяці прызвычаіцца да новай абстаноўкі, уліцца ў калектыў, таму мы фарміруем групы толькі па чатыры-шэсць чалавек, каб у педагога была магчымасць надаць увагу кожнаму. Толькі праз нейкі час, калі мы пераконваемся, што ў дзіцяці сапраўды ёсць задаткі для артыстычнай дзейнасці, вялікая працаздольнасць (таму што той жа вакал патрабуе амаль штодзённых заняткаў) і, галоўнае, агонь у вачах ад таго, чым яно займаецца, то шлях нашага супрацоўніцтва працягваецца і выходзіць на новы ўзровень. У першы год існавання студыі да нас прыйшоў хлопчык, якому ўсюды адмовілі ў навучанні з-за таго, што ён мае асаблівасці будовы галасавых звязак. Але ў яго і голас быў, і, галоўнае, такое жаданне тварыць, што мы паспрабавалі з ім папрацаваць. І вось зараз гэта ўжо пераможца конкурсаў, ён атрымаў запрашэнне на навучанне журналістыцы ў «Артэку», быў на «Голасе. Дзеці». Словам, медыйны хлопец, які знайшоў сабе занятак па душы.

Такія прыклады па-сапраўднаму натхняюць прыслухацца да сябе і шукаць сваё месца ў гэтым жыцці, калі побач ёсць людзі, здольныя паверыць у цябе, падставіць плячо. Хоць у бацькоў як бывае: пачулі, што дзіця ўзяло нейкую ноту, і ўсё, лічаць, быццам у доме «Павароці з'явіўся». Такое захапленне ўласнымі чадамі ў «СПАМАШы» заўсёды падтрымаюць, але ўсё ж прапануюць разабрацца, наколькі яно адпавядае рэчаіснасці. Зразумела, не ўсе могуць быць аднолькава і галасістымі, і пластычнымі, але калі, скажам, няма адчування рытму, то тут ужо складана працаваць. Згадаць хоць бы сённяшніх юных артыстаў цэнтра, таго ж Елісея Касіча (які сёлета выйграў гран-пры Міжнароднага конкурсу Дзіцячай песні «Віцебск-2022») ці Івана Зданюка (сольны выканаўца, які працуе ў цэнтры ўжо і ў якасці выкладчыка), і адразу становіцца зразумела, наколькі рознымі могуць быць людзі. У аднаго ёсць здольнасць браць высокія ноты, у іншага — уменне арганічна жыць на сцэне ў тым ліку і ў плане харэаграфіі, а ў выніку ў кожнага з іх свая аўдыторыя і гісторыя на эстрадзе. Аднак ці маглі б яны трапіць туды без адчування музыкі — адназначна не. Хоць у наш час усё магчыма, пытанне толькі ў тым, як доўга ваша «зорка» будзе зіхацець? Задача прадзюсарскага цэнтра ў гэтым кантэксце якраз у тым, каб разгледзець моцныя бакі кожнага таленавітага дзіцяці і развіць іх да ўзроўню сапраўднага прафесіяналізму.

— Сёлета мы моцна рыхтаваліся да конкурсаў у рамках «Славянскага базару». Елісей Касіч і Ганна Трубяцкая былі ў нас нібы алімпійцы, якія кожны дзень працавалі з вялікай камандай. Адпрацоўваліся, прадумваліся кожны рух, кожная дэталь касцюма, вакал, уменне трымаць сябе перад публікай, бо ўсё нясе заўсёды свой сэнс і ўспрымаецца гледачом як адзінае цэлае, — падкрэслівае Анжаліна Мікульская. — Без скрупулёзнай і штодзённай падрыхтоўкі нават вельмі моцны ў вакальным плане канкурсант не здолее перамагчы.

Алена ДРАПКО

Фота прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Пухнацікі» ў горадзе. На вуліцах і ў крамах з'явіўся навагодні антураж

«Пухнацікі» ў горадзе. На вуліцах і ў крамах з'явіўся навагодні антураж

Здаецца, з кожным годам упрыгожваць сталіцу і абласныя цэнтры да Новага года пачынаюць усё раней і раней.

Грамадства

Заўтра адзначаецца Міжнародны дзень інваліда. У Беларусі жыве больш за 530 тысяч чалавек з інваліднасцю

Заўтра адзначаецца Міжнародны дзень інваліда. У Беларусі жыве больш за 530 тысяч чалавек з інваліднасцю

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА адзначыла, што дзяржава праводзіць сістэмную палітыку па падтрымцы і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю.

Культура

На гэтым тыдні свой 90-гадовы юбілей адзначыў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага

На гэтым тыдні свой 90-гадовы юбілей адзначыў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага

Але знаўцы здаўна яго называюць проста рускі — і ўсе разумеюць, пра што гаворка, маючы пры гэтым на ўвазе ўсе заслугі тэатра і тых асоб, якія складалі яго калектыў у розныя гады.