Вы тут

Чаму ў Хацежына зямельныя ўчасткі залівае вада, разбіраўся Турчын


Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын правёў асабісты прыём грамадзян. Да яго звярнуліся шэсць заяўнікаў. Першай зайшла Марына Пічурына з аграгарадка Хацежына Мінскага раёна, якая пражывае ў доме № 13 па вуліцы Міра.


Жанчына расказала, што многакватэрнаму дому ўжо 50 гадоў. І, вядома, тут даўно патрабаваўся капітальны рамонт. Нарэшце жыльцы яго дачакаліся. Згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй у будынку планавалі замяніць каналізацыйныя трубы, сістэму ацяплення, радыятары ў кватэрах, дах, абнавіць фасады, умацаваць балконы. У мінулым годзе восенню будаўнікі зрабілі дах. Аднак, як толькі пачаліся дажджы, ён пачаў працякаць літаральна праз два месяцы. Будаўнікі пачалі рамонт сістэмы ацяплення, але не давялі справу да канца. Куды толькі не тэлефанавала заяўніца з просьбай закончыць пачатае. Але яе ніхто не пачуў, не пранікнуўся сітуацыяй, у якой апынуліся людзі не па сваёй віне.

Хвалююць жанчыну і іншыя пытанні аграгарадка. Не так даўно ў Хацежыне адкрылі новую амбулаторыю. На адным з папярэдніх прыёмаў грамадзян да Аляксандра Турчына звярнулася жанчына з гэтага населенага пункта. Яна расказала, што жыхарам даводзіцца ездзіць у Мінск, каб здаць аналізы. Пасля прыёму ў медыцынскай установе устанавілі гематалагічны апарат, але яго затым аддалі іншай медыцынскай установе. Цяпер лабарант вымушаны рабіць аналізы з дапамогай мікраскопа. Няма гарантый, што вынікі даследавання дакладныя і якасныя.

У дрэнным стане знаходзіцца і ўказальнік на ўездзе ў Хацежына. Акрамя таго, бацькі незадаволены і работай дзіцячага сада, кіраўніцтва якога пастаянна просіць скінуцца на швабры, вёдры і іншы інвентар.

Што тычыцца сістэмы ацяплення, то старшыня Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч запэўніў, што яе наладзяць на працягу некалькі тыдняў. А вось пытанне з газам больш складанае, пакуль жыльцам давядзецца карыстацца для прыгатавання ежы электрапліткамі.

Аляксандр Турчын даручыў прадпрыемству «Мінскаблгаз» закончыць ўсе работы ў максімальна кароткі перыяд. «А Хацежынская амбулаторыя павінна мець тое абсталяванне, якое ёй выдзелена. Знак таксама будзе заменены. Возьмем на кантроль і пытанне па дзіцячым садзе», — падкрэсліў ён.

Мінчанін Яўген Шагун валодае зямельным участкам у садовым таварыстве «Сонечнае-2010» Уздзенскага раёна, які пастаянна затапляецца. З такой праблемай сутыкнуліся і іншыя ўладальнікі ўчасткаў, і нават суседнія таварыствы. Справа ў тым, што ў 80-х гадах мінулага стагоддзя на гэтым месцы вучоныя выявілі залежы торфу. Пачалася яго здабыча. Але праз два гады прыродныя багацці былі цалкам выбраны. І зямельныя ўчасткі раздалі людзям.

На працягу дваццаці гадоў яны апрацоўвалі зямлю і не ведалі гора. А затым меліярацыйныя каналы, якія пралягаюць побач з участкамі, пачалі засмечвацца. І калі раней вада ў іх была на паўтара метры ніжэй лініі берагоў, то цяпер яе ўзровень значна падняўся. Кожную восень і вясну ўчасткі пераўтвараюцца ў «рысавыя» палі.

Многія ўладальнікі ўсур’ёз задумваюцца прадаць свае надзелы, нават за бясцэнак. Звярталіся яны ў сельсавет, райвыканкам, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, але праблема не рашаецца. У 2019 годзе быў зроблены праект ачысткі каналаў. Здавалася, фініш блізка. Але на шляху да мэты з’явілася перашкода — аказалася, што гэтая зямля не стаіць на балансе ні арганізацыі, ні прадпрыемства. Яна проста «нічыйная».

Аляксандр Турчын даў даручэнне адпаведным службам прачысціць каналы.

Але генеральны дырэктар Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Яўген Крыскевіч адзначыў, што гэта будзе лічыцца нямэтавым расходаваннем сродкаў.

— Пасля выканання праектна-каштарыснай дакументацы, выдаленні дрэў і хмызняка будзе бачна, колькі каштуе ачыстка каналаў. Суму падзелім паміж меліяратарамі і леснікамі. На працягу кастрычніка работы неабходна завяршыць, — рэзюмаваў Аляксандр Турчын. 

Жыхар Валожынскага раёна Юрый Кавальчук паскардзаўся на дрэнную якасць участка дарогі паміж вёскамі Саланая і Бурнейкі, а таксама ў саміх Бурнейках.

— Замест таго, каб зрабіць якасны рамонт дарогі, яе «чэшуць» грэйдэрамі, ды так, што ўжо да гліны дайшлі. А пасля чарговага дажджу яна пераўтвараецца ў балота. З-за дрэннай дарогі ў населены пункт не можа заехаць аўталаўка. Аднойчы ўсёй вёскай давялося штурхаць машыну. У мяне бацька гіпертонік. Але хуткая дапамога загразла на гэтай дарозе. Урачу давялося дабірацца да хворага пешшу.

Аляксандр Турчын даручыў у бліжэйшы час зрабіць нармальную гравійку і пасля чаго правесці яе маніторынг, як пакажа сябе восенню. «Аўталаўка і “хуткая” павінны хадзіць спраўна», — дадаў ён.

Незадаволены станам дарогі паміж вёскамі Слабодка і Праходка і жыхар Мінска Ігар Жук. Падчас дажджоў, вясновай паводкі сюды не ходзяць аўтобусы, аўталаўкі. Дзесяць гадоў мясцовыя жыхары просяць уладкаваць дарогу, пакласці асфальт. І раней нам гэта абяцалі.

— Вы ведаеце мае адносіны да абяцанняў. Калі людзям сказана, што дарогу ўпарадкуюць, то трэба трымаць слова, няважна, хто яго даваў, — звярнуўся Аляксандр Турчын да генеральнага дырэктара прадпрыемства «Мінскаблдарбуд» Віктара Рагусскага. — Дарогу неабходна прывесці ў парадак паэтапна. Напачатку зрабіць рамонт найбольш праблемных участкаў. Магчыма гэтага будзе дастаткова. Калі не, работы працягнем, — рэзюмаваў старшыня Мінаблвыканкама.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».