Вы тут

Стартаваў Рэспубліканскі конкурс на найлепшую зону адпачынку ў ВНУ «СтудРЭЛАКС»


Ён будзе праходзіць у чатыры этапы. На першым этапе — у перыяд з 26 верасня па 9 кастрычніка — прадугледжана распрацоўка праекта па стварэнні зоны адпачынку. У час другога этапа, які пройдзе з 10 кастрычніка да 22 лістапада, адбудзецца рэалізацыя праекта ў галоўным корпусе ўстаноў вышэйшай адукацыі. На трэцім этапе (з 23 лістапада па 30 лістапада) аргкамітэт адбярэ дзесяць праектаў для далейшай іх вочнай абароны. Заключны этап — да 10 снежня. У гэты час будзе арганізавана прэзентацыя найлепшых праектаў перад членамі журы ў рамках пасяджэння Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета.

Сярод заяўленых тэм праектаў — «Loft». У гэтым сучасным стылі тэхнічныя рашэнні не маскіруюцца, а ўзводзяцца ў абсалют і выстаўляюцца напаказ. Сярод адметнасцяў — адсутнасць патрэбы ў ідэальных паверхнях, натуральныя матэрыялы, натуральныя колеры, унікальныя і яркія акцэнтныя прадметы, культ бетону, цагляны мур, калоны.

У тэме праекта «High-tech» задзейнічана складаная тэхніка і свяцільні, а вось аксесуары і дэкор практычна адсутнічаюць. Што да «Techno», то яго аснову складае строгі стыль з выразнымі лініямі, геаметрычнымі формамі і багаццем халодных матэрыялаў — шкла, пластыка, металу. Галоўныя колеры ў стылі тэхна — шэры, белы, сталёвы і хакі. Для аздаблення сцен выкарыстоўваюцца грубыя фактуры. Можна сказаць, што гэта мінімалістычная варыяцыя хай-тэку, дзе застаюцца толькі сапраўды неабходныя прадметы, а ўсё дадатковае афармленне адсутнічае.

У «Экастылі» спалучаюцца прыродныя матэрыялы, элементы жывой прыроды і натуральныя колеры. Мэбля — толькі простай і правільнай формы. Для ўпрыгожвання інтэр’еру выкарыстоўваецца штучная трава, камяні, аксесуары з натуральнага дрэва.

У сваю чаргу «Pop Art» — яркі і задзірлівы стыль, дзе ў якасці дэкору выкарыстоўваюцца любыя фарматы адсылак да масавай культуры пэўнай эпохі. Акцэнт — на багацці насычаных, а часам і кіслотных адценняў. Да таго ж, задзейнічана мноства аксесуараў, узораў, постэраў і малюнкаў.

У тэме «Эксклюзіў» удзельнік можа выбраць любы дызайнерскі напрамак, які не ўваходзіць у пералічаныя вышэй.
Крытэрыямі ацэньвання будуць навізна, арыгінальнасць, сучасныя тэндэнцыі, мастацка-вобразная выразнасць, кампазіцыйная цэласнасць, стылёвая завершанасць, выкарыстанне сучасных тэхналогій і матэрыялаў, а таксама адпаведнасць прынцыпам этычнасці, экалагічнасці і эрганамічнасці.

Пераможца конкурсу будзе ўзнагароджаны дыпломам і спецыяльным падарункам ад арганізатараў конкурсу. А прыз сімпатый гледачоў будзе ўручаны па выніках інтэрнэт-галасавання ў telegram-канале Moladz.by.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет пры падтрымцы Міністэрства адукацыі сумесна з Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі, грамадскім аб’яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз адукацыі моладзі» і Саветам маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. 

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».