Вы тут

У музеі Багдановіча прэзентавалі кітайскую паэзію


У 2014 годзе Выдавецкі дом «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пачаў рэалізацыю масштабнага праекта «Светлыя знакі: паэты Кітая». Праз некаторы час да падрыхтоўкі і выпуску ў свет кніг серыі, у якой былі прадстаўлены творы паэтаў Кітая ў перакладзе на беларускую мову, далучылася выдавецтва «Мастацкая літаратура». 


За некалькі гадоў былі выдадзены зборнікі паэзіі Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо, Ай Ціна, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня, Мэн Хаажаня, Сюй Чжыма, Вэнь Ідо, Су Шы... Некаторыя кнігі пабачылі свет на дзвюх мовах — беларускай і кітайскай. Для працы над серыяй быў створаны Міжнародны рэдакцыйны савет. У яго склад увайшлі і прадстаўнікі кітайскага боку — вядомы перакладчык, каліграф, арганізатар міжнародных літаратурных сувязяў Гаа Ман, доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцінь, намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Лю Сулін... 

Серыя адбылася — і пра гэта на прэзентацыі гаварылі літаральна ўсе выступоўцы — дзякуючы намаганням шырокага кола зацікаўленых творцаў. Вельмі шмат для развіцця серыі зрабіла паэтэса, перакладчыца Юлія Алейчанка. Актыўны ўдзел у развіцці праекта прынялі беларускія кітаісты Дар’я Нечыпарук, Вераніка Жукавец, Алена Раманоўская, беларускія перакладчыкі Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп, Таццяна Сівец, Рагнед Малахоўскі, Алесь Бадак, Леанід Дранько-Майсюк. 

На прэзентацыі гучала і кітайская мова. Студэнты філалагічнага факультэта БДУ, якія з Кітая прыехалі авалодваць ведамі ў Беларусі, чыталі свае пераклады на кітайскую мову ўрыўкаў з паэмы народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «Гусляр». Па-кітайску чытала вершы аднаго з аўтараў серыі «Светлыя знакі...» Дар’я Нечыпарук. 

Кіраўнік багдановічаўскага філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхась Бараноўскі зазначыў, што імпрэза, прысвечаная серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», — пачатак той руплівай працы, якая плануецца па прадстаўленню міжнародных сувязяў бедларускай літаратуры. На прэзентацыі выступіў з добрымі словамі ўдзячнасці за ўвагу беларускіх выдаўцоў да кітайскай паэзіі культурны дарадца Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Хунвэй. Сваімі развагамі пра перспектывы выдання кітайскай літаратуры ў Беларусі падзяліліся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп, паэт, перакладчык, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч, паэтэса і перакладчыца, галоўны рэдактар газеты «Медицинский вестник» Таццяна Сівец, паэт і перакладчык Рагнед Малахоўскі. 

 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.