Вы тут

Вялікі тэатр Беларусі прадставіў шостую версію балета «Жызэль». Чым яна здзівіць?


Містычны, рамантычны, сімвалічны — балет Адольфа Адана апраўдвае гэтыя вызначэнні. Гісторыя пра сялянскую дзяўчыну, якая была падманутая каханым, памерла, але нават у іншым свеце абараняе яго ад помсты віліс — душ памерлых дзяўчын. Два акты падзяляюць не толькі дзею, але і два светы — жывых і памерлых. Які ўразіць больш? 


Але інтрыга не толькі ў гэтым. Бо калі тэатр за сваю гісторыю звяртаецца да балета шосты раз, то, пэўна ж, збіраецца здзіўляць. Напярэдадні прэм’еры пастаноўшчыкі і выканаўцы галоўных роляў адзначылі, на што варта звярнуць увагу. 

1. Версія «Марыінкі»

Першая праца ў якасці балетмайстара-пастаноўшчыка Ігара Колбы, які ў свой час у «Жызэлі» Марыінскага тэатра выконваў партыі Альберта і Ганса. Яшчэ да прызначэння галоўным балетмайстрам тэатра Ігара Паўлавіча запрасілі «перанесці» версію Марыінкі ў Вялікі тэатр Беларусі.

— За аснову ўзятая версія Жана Каралі і Марыуса Пеціпа, цалкам захаваная канва Марыінскага тэатра. Я лічу, што гэта правільны кірунак. Таму што ў Марыінскі тэатр — гэта «Дом Пеціпа», дзе захаваныя ўсе першыя рэдакцыі, ёсць архіўны спіс, што і калі ў гэтым балеце змянялася, прыбіралася ці дадавалася. Для мяне, які вырас на версіі Марыінскакга тэатра, было важна, каб першапачатковы варыянт харэаграфіі быў захаваны. З аднаго боку мы можам казаць, што гэтая ўжо гісторыя балета. А з другога боку — не было б гэтых версій, не было б і развіцця ў іншых харэографаў, якія бяруць за аснову тое, што стала класікай. Але ў нас ёсць нюансы, якія мне здаюцца актуальнымі на сённяшні дзень. Я задумаўся: чым шостая версія будзе адрознівацца ад першай, якая з’явілася ў гэтым тэатры ў 1953-м годзе? Крок за крокам на працу накладалася гісторыя тэатра, нанізваліся дапаўненні, якія дыктуе сцэнічнае палатно сённяшняга дня, тэхнічныя магчымасці. Я чэрпаў ідэі дзякуючы сцэне вялікага тэатра. Прастора дазваляе мысліць шырока дзякуючы таму, што мы маем. Мне здаецца, я не ўпусціў нічога з таго, што можна было выкарыстаць. Спадзяюся, што здзівім і тымі дапаўненнямі, якія прыдумалі. Мне было важна зрабіць не проста перанос, а цікавае ўвасабленне для сённяшняга гледача і для артыстаў, якія на гэтым спектаклі растуць і становяцца асобамі, — патлумачыў Ігар Паўлавіч. 

2. Прэм’ера ў прэм’еры

Сусветнай прэм’ерай назваў дырыжор Мікалай Калядка выкананне па-дэ-дэ ў першым акце, якое з’явілася дзякуючы Ігару Колбу. Ён знайшоў у архіве музычны фрагмент, які не выкарыстоўваўся — і вырашыў ажывіць спектакль. 

— Але гэта быў толькі клавір, не было партытуры. Таму мы звярнуліся да кампазітара Вячаслава Кузняцова, які зрабіў аркестравую версію, якая ўпісалася ў балет, — адзначае Мікалай Калядка. — У Ігара Паўлавіча наогул безліч ідэй, ён нераўнадушны чалавек. 

3. Ролі-мары

Ігар Колб прызнаўся, што на працу яго натхнялі артысты — два выканаўцы галоўных партый у гэтым спектаклі. І калі выканаўца партыі Жызэлі Людміла Хітрова ўжо знаёмая з іншымі рэдакцыямі, то француз Эвэн Капітэн, які танцуе на беларускай сцэне, першы раз у ролі Альберта здолеў здабыць авацыі.

— Для мяне гэтая роля — мара, — распавяла Людміла Хітрова. — Нягледзячы на шматлікія прагоны і ранкам і ўвечары, нягледзячы на вялікую колькасць музыкі і гэтага спектаклю ў маім жыцці, ён мне не надакучвае, і кожную рэпетыцыю я выхожу і наноў пражываю гэтую гісторыю. Ні адзін наш крок Ігар Паўлавіч не пакінуў без увагі. Ні адзін жэст, ні адзін позірк. Нават тое, як павінны ляжаць валасы на маёй галаве. Вялікае шчасце для артыста працаваць з чалавекам, які мае вялікі досвед. Мы, як гумкі, убіралі ў сябе кожнае слова. І сённяшні спектакль (я кажу найперш пра сваю партыю) зусім не падобны на той, што я танцавала пяць гадоў таму. Мая Жызэль светлая, рамантычная, вельмі закаханая... 

— Для мяне таксама мара — танцаваць у «Жызэлі», бо гэта класічны спектакль. Калі я прыходзіў глядзець мінулую версію, то адчуваў трымценне. У адрозненні ад Людмілы я не танцаваў іншыя рэдакцыі, вучыў партыю ўпершыню. Тое, што Ігар Паўлавіч паказваў, дазволіла ўвасобіць такога Альберта, якім я яго заўсёды ўяўляў. Ён вясёлы, нахабны, багач з цудоўнай будучыняй, які любіць спакушаць. Напрыканцы першага акту ён разумее, што загуляўся, з-за чаго адбылася трагедыя. Ён шкадуе і адчувае сябе вінаватым. 

У Эвэна Капітэна сапраўды атрымалася не проста станцаваць партыю з пункту гледжання харэаграфіі, але стварыць вобраз чалавека, які хацеў бы адарвацца ад зямлі, узняцца душой разам з нябачнай дзяўчынай. Для яго прэм’ера ролі, а для гледачоў гэта можа быць адкрыццё новага Альберта. 

4. Другі склад

Другі склад выканаўцаў галоўных партый таксама здзівіць аматараў і знаўцаў беларускага балета, але:

— Мне прынцыпова важна разумець, хто ў наступным годзе, а хто праз год будзе займаць тыя ці іншыя пазіцыі ў тэатры, — адзначыў Ігар Колб. — Я з тых людзей, якія дакладна плануюць не толькі свой графік, але і час артыстаў. Мы жывём у такім свеце, у якім трэба разумець і чуць патрэбы ўсіх. Як чалавек, які адказвае за балетную трупу, ведаю, якая моладзь вучыцца ў харэаграфічным каледжы, хто можа да нас прыйсці, нават тады, калі скончыцца мой кантракт. Незалежна ад таго, як будзе складвацца мой шлях, тэатр будзе працягваць сваё жыццё, спадзяюся, дзякуючы кірунку, які я хачу стварыць у працы з трупай. У другім складзе партыю Жызэлі будзе танцаваць Лізавета Мусорына, выпускніца Мінскага харэаграфічнага каледжа, надзея тэатра, Альберта — Арцем Банькоўскі. Калі першы склад — міжнародны (Людміла Хітрова прыехала да нас з Расіі), то ў другім — кірунак на выпускнікоў нашага каледжа. Я заклапочаны тым, каб была вялікая колькасць складоў, якія б маглі танцаваць спектакль. 

5. Не толькі людзі

Між іншым, удзельнікамі балета сталі яшчэ і жывёлы. Сялянскі побыт у першым акце ажыўляюць поні з вазком. А ўвасобіць сцэну палявання дапамагаюць сабакі, што выклікала прыкметнае ажыўленне ў глядзельнай зале. 

— Я сумняваўся правільна гэта ці не, — прызнаецца Ігар Колб. — Але ў крыніцах сустрэў, што ў 1841 годзе ў тэатры Гранд-опера ў першым акце сцэна палявання выязджала на конях. Я падумаў, што маленькае поні нікога не пакрыўдзіць у сцэне сялянскага вяселля.

6. Змены ёсць

Вінаграднікі, збор ураджаю, пажоўклае лісце... Амаль як зараз. Але паколькі спектакль класічны (то бок далёкі ад нас па паходжанні), сцэнаграфія Вячаслава Окунева застаецца як увасабленне архаікі. Аматары тэатра заўважаць змены ў касцюмах артыстаў. І зразумеюць сэнс спецэфектаў, якія разгортваюцца на сцэне (тэхніка ў дапамогу!). Балет «Жызэль» — той твор, дзе аўтарамі была закладзена містыка, таму падобныя вынаходніцтвы толькі падкрэсліваюць яго дух, які закладзены нават у лініі рухаў. І тут варта звярнуць увагу на танец сялян у першым акце: ён развіваецца не па прамой, цяпер артысты выстройваюцца крыжом, падзяліўшы галоўных герояў. А ў другім акце крыж ствараюць вілісы. Сімвал лёсу, які вядзе герояў... Балет «Жызэль» наогул трымаецца на сімвалах — яны найперш раскрываюцца праз мову танца, што было закладзена калісьці яшчэ першымі стваральнікамі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА (з генеральнага прагону)

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.