Вы тут

Без ведання вінаватыя. Не зусім тыповыя разважанні пра мясцовае самакіраванне


Калега, якая пабыла на прыёме грамадзян, што праводзіў высокі абласны чыноўнік, расказала аб праблеме, з якой прыйшоў на прыём старшыня аднаго сельсавета. На небараку завялі крымінальную справу, як ён лічыць, без дастатковых на тое падстаў. Ён жа ўсяго толькі даў дазвол высекчы векавыя дрэвы на беразе вадаёма. Прыехаў на прыём з іншага раёна шукаць праўды: маўляў, за што, гэта ж усяго толькі дрэвы?


Чалавек ехаў за блізкі свет з надзеяй, што праблема вырашыцца. Але ў дадзеным выпадку нават той высокі чыноўнік яму не дапамог. Адзінае, што паабяцаў паспрыяць, каб справу разгледзелі па магчымасці хутчэй. У дадзеным выпадку і быць інакш не магло, таму што ёсць закон, у прыватнасці, Крымінальны кодэкс. У якім — чорным па белым — ёсць цэлы раздзел «Злачынствы супраць экалагічнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і парадку прыродакарыстання». А там — і пра незаконную высечку, і пра тых, хто не прымае меры для папярэджання падобных дзеянняў. У дадзеным выпадку мела месца і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, бо старшыня даў дазвол, не тое што не дачакаўшыся вынікаў экалагічнай экспертызы, нават не заказаўшы яе. Хоць павінен быў. Магчыма, ён не ведаў, што так трэба? Але ж, вядома, няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Так што фінал гэтай гісторыі для заяўніка ў любым выпадку будзе не такім аптымістычным, як яму хацелася б.

У падобным «экалагічна-законным» кантэксце мне прыгадалася колішняе пісьмо ў рэдакцыю з аналагічным пытаннем: маўляў, а нас за што? Пісаў таксама старшыня сельсавета і кіраўнік мясцовай гаспадаркі. Сітуацыя (калі паглядзець па-абывацельску), здавалася б, не ўтрымлівала ў сабе ніякага злачыннага складніка, але таксама мела развязку ў выглядзе заведзенай крымінальнай справы, суда, буйных штрафаў і зняцця з пасад адказных асоб... Стаяў у вёсцы наводшыбе, лічы, сярод поля, кароўнік. Дарога да яго была заасфальтаваная. У пачатку 1990-х скаціну з кароўніка прадалі, а будынак фермы руплівыя вяскоўцы расцягалі літаральна па цаглінцы, толькі падмурак застаўся. Ужо ў наш час новы кіраўнік гаспадаркі рашыў навесці на полі парадак. Самым простым спосабам — прыехаў вялікі «кіравец» з плугамі і рэшткі фундамента ды паўкіламетра асфальту проста завярнуў у зямлю. Усё прыгожанька, і знаку ад той фермы не засталося, можна араць-сеяць. Нікому і ў галаву не прыйшло, што асфальт — хімічнае злучэнне не вельмі, мякка кажучы, карысных рэчываў, і таму глеба, у якую яго зааралі, на некалькі дзесяцігоддзяў сапсаваная. Ва ўжо згаданы Крымінальны кодэкс таксама ніхто з гаспадарнікаў не зазірнуў, а варта было. Там ёсць артыкул, адну назву якога дастаткова было прачытаць, каб задумацца, ці варта араць той асфальт, — «Пашкоджанне зямель». Але ніхто не прачытаў і не задумаўся, бо не павінен быць старшыня сельсавета яшчэ і кваліфікаваным юрыстам.

Ён жа, старшыня, яшчэ ўчора быў вясковым настаўнікам, урачом, калгасным аграномам ці заатэхнікам — адказным і сумленным на сваім прафесійным участку, таму яго і выбралі ў дэпутаты, таму і прапанавалі ў старшыні. Ну так жа, праўда? Дэпутатаў сельскіх Саветаў вяскоўцы выбіраюць са свайго асяроддзя, у гэтым і ёсць іх галоўная каштоўнасць, у гэтым і заключаецца сутнасць народаўладдзя, праўда? Але, давайце будзем шчырымі, ці многія з гэтых прадстаўнікоў не ніжэйшага — пярвічнага — узроўню мясцовага самакіравання валодаюць не павярхоўным веданнем заканадаўства, хоць бы таго, што датычыцца пытанняў, вырашаць якія — менавіта ў кампетэнцыі сельсавета?

Сёння, мне здаецца, гэта праблема, пра якую варта гаварыць на ўзроўні краіны. Бо на разглядзе ў парламенце знаходзяцца змяненні ў заканадаўства аб мясцовым самакіраванні, і калі яны будуць прынятыя, у тых жа сельсаветаў з'явіцца нашмат больш паўнамоцтваў вырашаць лакальныя пытанні. Якія датычацца ў тым ліку вельмі актуальных і адначасова з усіх бакоў «абстаўленых» заканадаўствам тэм — землекарыстання, выдзялення зямельных участкаў. Пры гэтым у мясцовае самакіраванне людзі выберуць усё тога ж агранома ці настаўніка, а ён наўрад ці трымае Крымінальны, Адміністрацыйны і яшчэ пару-тройку кодэксаў пад падушкай. Можа, разам з пашырэннем паўнамоцтваў варта разгледзець і магчымасць цэнтралізаванай прававой адукацыі прадстаўнікоў мясцовага самакіравання, для якіх гэтыя паўнамоцтвы пашыраюцца? Каб не ператвараўся ўсімі паважаны старшыня сельсавета на вачах ва ўласных выбаршчыкаў у злоснага парушальніка закона (сам пра тое не здагадваючыся), на якога заведзена крымінальная справа...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.