Вы тут

Механізм дадатковай накапляльнай пенсіі пачаў дзейнічаць у Беларусі


З 1 кастрычніка ў нашай краіне пачынае дзейнічаць механізм дадатковай накапляльнай пенсіі. Гэта значыць, працуючы грамадзянін можа рабіць адлічэнні, якія ў будучым, пры дасягненні пенсіённага ўзросту, ён атрымае ў дадатак да сваёй працоўнай пенсіі. Расказваем, хто можа ўдзельнічаць у дадзенай праграме і колькі варта адлічваць у месяц, на колькі павялічыцца пенсія і як будуць гарантаваць захаванасць сродкаў, а таксама каму дастануцца грошы ў выпадку, калі чалавек не дажыве да пенсіі.


Фота: pixabay.com

Якая пенсіённая сістэма дзейнічае цяпер?

У цяперашні час у Беларусі дзейнічае трохузроўневая пенсіённая сістэма. Першы ўзровень, базавы, — сацыяльная пенсія. Асноўныя яе атрымальнікі — грамадзяне, якія не выпрацавалі неабходны страхавы стаж для працоўнай пенсіі. Асаблівасць сацыяльнай пенсіі ў тым, што яе выплата пачынаецца пазней ад агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту: у мужчын — у 65 гадоў, у жанчын — у 60. Яе памер дастаткова невысокі.

Другі ўзровень пенсіённага забеспячэння — традыцыйная працоўная пенсія, якую і атрымлівае большасць беларусаў. Яна выплачваецца пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту (жанчынам — з 58-мі гадоў, мужчынам — з 63) пры ўмове, што гэтыя грамадзяне, працуючы, сфарміравалі свой страхавы стаж. Нагадаем, што страхавы стаж складаецца з перыядаў, за якія наймальнік выплачвае абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН).

Для грамадзян, якія выходзяць на пенсію сёлета, страхавы стаж мусіць складаць 18,5 года. Штогадова ён павялічваецца на шэсць месяцаў да дасягнення 20 гадоў у 2025 годзе. Памер працоўнай пенсіі непасрэдна залежыць ад удзелу грамадзяніна ў яе фарміраванні. Як правіла, на гэта ўплывае працягласць работы, а таксама памер заробку, з якога выплочваліся ўзносы ў ФСЗН. Паводле слоў першага намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Наталлі Паўлючэнкі, працоўная пенсія па ўзросце непрацуючага пенсіянера на верасень гэтага года складае каля 640 рублёў.

Трэці ўзровень — добраахвотнае пенсіённае страхаванне. Да 1 кастрычніка гэта цалкам камерцыйны від страхавання, які ажыццяўляецца шэрагам страхавых кампаній са сродкаў грамадзян ці іх наймальнікаў.

Што зменіцца з 1 кастрычніка?

З гэтай даты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з Міністэрствам фінансаў запускаюць новы для нашай краіны від — дабраахвотнае страхаванне накапляльнай пенсіі. Яно ўводзіцца ў адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы ад 27 верасня 2021 года. Яго нормы прадугледжваюць фарміраванне дадатковай пенсіі з удзелам дзяржавы.

Хто можа ўдзельнічаць у праграме?

Права на ўдзел у добраахвотным страхаванні накапляльнай пенсіі даецца ўсім працуючым грамадзянам, за якіх іх наймальнікі выплачваюць страхавыя ўзносы ў ФСАН на абавязковае пенсіённае страхаванне і якім да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту засталося не менш за тры гады. Важна, што работадавец удзельніка не павінен знаходзіцца ў стане ліквідацыі, эканамічнай неплацежаздольнасці, банкруцтва.

Як і дзе заключыць дагавор?

Страхаванне і далейшую выплату пенсіі ажыццяўляе дзяржаўнае прадпрыемства «Стравіта». Для гэтага паміж працуючым грамадзянінам і прадпрыемствам «Стравіта» мусіць быць заключаны дагавор. Падчас яго афармлення трэба выбраць тарыф страхавання і перыяд атрымання пенсіі. Такім чынам, на стадыі заключэння дагавора варта вызначыцца з працягласцю атрымання такой пенсіі (а гэта пяць ці дзесяць гадоў з моманту наступлення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту). І тарыфам страхавання (гэта сумарны працэнт адлічэнняў работніка і работадаўца), які можа быць не больш за 13 %. Пра яго падрабязней раскажам далей.

Такім чынам, з 1 кастрычніка грамадзянін можа заключыць дагавор — або непасрэдна звярнуўшыся ў офіс прадпрыемства «Стравіта», або праз асабісты кабінет карыстальніка на афіцыйным сайце «Стравіта», прайшоўшы рэгістрацыю.

Колькі варта адлічваць з заробку?

На накапленне дадатковай пенсіі працуючы грамадзянін накіроўвае пэўны працэнт ад сваёй заработнай платы — ад 1 да 10 %. Роўны працэнт, але не больш за тры працэнты, накіроўвае яго работадавец. Калі работнік адлічвае 1 %, то і работадавец 1 %, калі 2 %, то і работадавец 2 %, калі ж работнік адлічвае ад 3 да 10 %, то работадавец адлічвае 3 % (з гэтага і складаецца тарыф страхавання). Такім чынам фарміруецца пул фінансавых сродкаў для назапашвання. Пры гэтым затрачаныя сродкі работадаўца кампенсуе бюджэт ФСАН, і работадаўцы не нясуць дадатковай фінансавай нагрузкі.

Ці можна мяняць працэнт адлічэнняў?

Са «Стравітай» заключаецца адзін дагавор без права яго далейшага скасавання. Ён дзейнічае да агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту. Па жаданні застрахаванай асобы тарыфы ўзносаў (працэнт, які адлічваеце) можна мяняць штогод.

Што рабіць, калі страцілі работу і не можаце адлічваць сродкі?

У рамках дзеяння дагавора на любым этапе можна прыпыніць свой удзел у сістэме і гэтак жа аднавіць яго зноў. Пры гэтым раней унесеныя страхавыя ўзносы працягваюць працаваць, капіталізавацца і пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту будуць выплачаны. Таксама работніку даецца ільгота пры вылічэнні падаходнага падатку на суму, якую утрымліваюць з яго заробку для пералічэння ў «Стравіту».

Калі застрахаваны не дажыў да пенсіі?

Выплата накапляльнай пенсіі адбываецца роўнымі долямі на працягу пяці ці дзесяці гадоў. Яна можа перадавацца ў спадчыну. Калі чалавек памірае падчас дзеяння дагавора страхавання ў перыяд накаплення, яго спадчыннікі атрымліваюць грашовыя сродкі, назапашаныя на імянным асабовым рахунку. Калі смерць страхавальніка наступае на стадыі атрымання дадатковай накапляльнай пенсіі, тады яго спадчыннікі атрымаюць тыя грашовыя сродкі, якія ім яшчэ не атрыманы і захоўваюцца на яго імянным асабовым рахунку.

Ці можна вярнуць грошы датэрмінова?

Вярнуць грошы датэрмінова можна пры наступленні інваліднасці І ці ІІ групы. Аднаразовым плацяжом усе назапашаныя сродкі будуць выплачаны.

Як будуць узаемадзейнічаць усе ўдзельнікі сістэмы?

У новай сістэме можна вылучыць два блокі ўдзельнікаў: прамыя і ўскосныя. Прамыя ўдзельнікі — сам працуючы грамадзянін і прадпрыемства «Стравіта». Ускосныя — работадавец і ФСАН. Прамыя ўдзельнікі заключаюць паміж сабой дагавор і выконваюць яго абавязацельствы. Ускосныя ўдзельнікі выконваюць наступныя функцыі: работадавец пералічвае сродкі і прадастаўляе інфармацыю аб пералічаных сумах з разбіўкай па грамадзянах, якія ў яго працуюць, у прадпрыемства «Стравіта». А ФСАН кампенсуе затрачаныя работадаўцам сродкі шляхам зніжэння памеру ўзносаў у бюджэт фонду за работнікаў, якія ўдзельнічаюць у накапленні дадатковай пенсіі.

Работадавец будзе абменьвацца інфармацыяй са «Стравітай» шляхам дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы. А адносна ФСАН для работадаўцаў нічога не зменіцца — для іх сувязным звяном застанецца карпаратыўны партал фонду.

Ці трэба інфармаваць работадаўца?

Важная ўмова, якой неабходна прытрымлівацца грамадзяніну пасля заключэння дагавора страхавання, — праінфармаваць свайго работадаўца. «На рабоце трэба напісаць заяву аб вылічэнні з заработнай платы страхавога ўзносу, які будзе выплачвацца за кошт сродкаў грамадзяніна, і прадставіць копію страхавога пасведчання з прад'яўленнем яго арыгінала. Пакуль работнік гэтага не зробіць, сістэма не запрацуе, нягледзячы на тое, што маецца дагавор страхавання», — тлумачыць намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення страхавога нагляду Міністэрства фінансаў Наталля Новікава.

Пры змене работы таксама варта ў абавязковым парадку праінфармаваць новага наймальніка, што вы ўдзельнічаеце ў сістэме дадатковай накапляльнай пенсіі.

Чаму «Стравіта»?

Гэта адна з найбуйнейшых страхавых арганізацый Беларусі. Паводле слоў генеральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Стравіта» Сяргея Андрыевіча, сёння яно займае 70 % рынку страхавання жыцця і дадатковай пенсіі, а актывы кампаніі набліжаюцца да мільярда рублёў. Гэта страхавыя рэзервы, якія сфарміраваны па існуючых дагаворах страхавання жыцця і дадатковай пенсіі. Для гарантавання выканання абавязацельстваў ёю будуць працягваць фарміравацца рэзервы і гарантыйны фонд.

Выплаты па дагаворах страхавання, заключаных з дзяржаўнай страхавой арганізацыяй, гарантуюцца дзяржавай. «Аб надзейнасці можна казаць з вялікай імавернацю. Нам 20 гадоў і пакуль мы ўсе свае абавязацельствы выконваем у поўным аб'ёме», — кажа Сяргей Андрыевіч.

Пакуль прыцягнне іншых страхавых арганізацый у новую сістэму не плануецца.

Як будуць працаваць пералічаныя «Стравіце» грошы?

Сфарміраваныя падчас страхавання рэзервы будуць размяшчацца ў фінансаваыя інструменты, якія вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Гэта дзяржаўныя каштоўныя паперы, аблігацыі, а таксама ўклады ў дзяржаўных банках. Адпаведна, грашовыя сродкі будуць пастаянна працаваць і фарміраваць даходнасць. А яна будзе размяркоўвацца паміж асабовымі рахункамі застрахаваных грамадзян.

Ці не абясцэняцца сродкі?

На сёння вызначана гарантаваная даходнасць сродкаў у памеры стаўкі рэфінансавання. Калі яна будзе мяняцца, мяняцца будзе і гарантаваная даходнасць па кожным асабовым рахунку. Акрамя таго, у выпадку атрымання дадатковага даходу ад размяшчэння грашовых сродкаў не менш за 50 % ад яго сумы таксама будзе размяркоўвацца паміж застрахаванымі.

Дадатковыя інструменты захавання сродкаў прапрацоўваюцца з беларускімі банкамі. Пад прыведзены ўказ будуць адкрыты дэпазіты з пэўнымі ўмовамі, якія дазволяць забяспечваць тую даходнасць, якая сёння прадугледжана ўказам.

Страхаванне прадугледжана толькі ў беларускіх рублях.

Наколькі большую пенсію можна атрымаць?

Пры зарплаце ў 1400 рублёў і фармаце «тры+тры працэнты», пры стаўцы рэфінансавання 12 %, за 10 гадоў накаплення атрымаецца дадатковая штомесячная пенсія каля 300 рублёў — калі яе атрымліваць плануеце на працягу пяці гадоў, і 145 рублёў — на працягу 10 гадоў. Калі назапашваць 20 гадоў, то, адпаведна, 1200 у месяц на працягу пяці гадоў і 600 у месяц — на працягу 10 гадоў.

Які тарыф самы запатрабаваны?

Спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з прадстаўнікамі «Стравіты» правялі больш за сем тысяч сустрэч у працоўных калектывах і на дыялогавых пляцоўках, дзе паразмаўлялі з мільёнам грамадзян. Лічыцца, што найбольш запатрабаваным будзе фармат «тры+тры працэнты». Спецыялісты хацелі б бачыць у сістэме больш маладых людзей, каб стваралася культура фарміравання сваёй пенсіённай будучыні. Пакуль жа цікавасць ёсць у асоб сярэдняга і старэйшага ўзросту, расказала Наталля Паўлючэнка.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Пухнацікі» ў горадзе. На вуліцах і ў крамах з'явіўся навагодні антураж

«Пухнацікі» ў горадзе. На вуліцах і ў крамах з'явіўся навагодні антураж

Здаецца, з кожным годам упрыгожваць сталіцу і абласныя цэнтры да Новага года пачынаюць усё раней і раней.

Грамадства

Заўтра адзначаецца Міжнародны дзень інваліда. У Беларусі жыве больш за 530 тысяч чалавек з інваліднасцю

Заўтра адзначаецца Міжнародны дзень інваліда. У Беларусі жыве больш за 530 тысяч чалавек з інваліднасцю

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА адзначыла, што дзяржава праводзіць сістэмную палітыку па падтрымцы і рэабілітацыі людзей з інваліднасцю.

Культура

На гэтым тыдні свой 90-гадовы юбілей адзначыў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага

На гэтым тыдні свой 90-гадовы юбілей адзначыў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага

Але знаўцы здаўна яго называюць проста рускі — і ўсе разумеюць, пра што гаворка, маючы пры гэтым на ўвазе ўсе заслугі тэатра і тых асоб, якія складалі яго калектыў у розныя гады.