Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Баба Маня — наваяўлены „негр“»


Мы жылі на ўскраіне горада, завулак так і называўся — 1-й Загарадны. За адрынамі, там, дзе раней былі кар’еры, утварылася сажалка. А перад домам раслі вішні. Гэты дом пабудаваў дзед Іван. Ён сапраўдны мужык-беларус: відны, з блакітнымі вачыма і чорнымі вусамі. У старасці заставаўся высокім і моцным. А бабка Марыя, мы звалі яе бабай Маняй, а дзед называў Манькай, была маленькай, хударлявай і зморшчанай, як печаны яблык, хоць у маладосці была прыгожай. А прыбірацца любіла вельмі, як сапраўдная жанчына.


Фота: pixabay.com

Наша сям’я жыла ў доме дзеда. Калі бацька ажаніўся, дзед адгарадзіў яму частку пабудовы і зрабіў асобны ўваход. Мая маці і баба Марыя чагосьці не падзялілі і практычна не кантактавалі. З-за гэтага ў дзеда быў адзін двор, а ў нас іншы. Гаспадарку таксама вялі паасобку.

Мы, дзеці, у разборкі паміж мамай і бабуляй не лезлі і хадзілі гуляць на двор дзеда. Час ад часу баба Маня нас падкормлівала піражкамі або блінамі. Рагатала з намі і гладзіла па галаве, калі мы ёй дапамагалі па гаспадарцы. Перагародкі ў доме былі тонкія, і таямніцы не маглі існаваць у прынцыпе.

Маю старэйшую сястру Лілю сасваталі, калі мне споўнілася дзевяць гадоў. Сям’я стала рыхтавацца да вяселля. Тут ужо было не да ўзаемных прэтэнзій паміж свякрухай і нявесткай. Абедзве жанчыны самазабыўна рыхтаваліся да мерапрыемства, нават размаўляць сталі.

Намучылася баба Маня за дзень, увечары разбалелася паясніца. Бабулька засмуцілася: «Чаго яе, праклятую, прама перад вяселлем скруціла!» Але на ўрачыстасць не пайсці не магла, унучку як-ніяк аддавала замуж. Крэкчучы, дастала бабка з куфра нарад да заўтрашняга дня: чырвоную атласную кофтачку, сацінавую сінюю спадніцу і квятчастую белую хустку. Накінула на плечы. Войкнула, але павярнулася перад люстэркам і міргнула мужу. Я ў гэты час сядзеў за сталом і пісаў віншавальны ліст сястры пад кантролем дзеда. Мы тады пісалі чарніламі.

Пяро чаплялася за паперу, рыпела, я нават паставіў пару клякс. Мачаў я пяро ў бутэлечку з чарнілам, прынесеную з дому. Калі скончыў пісаць, дзед падзьмуў на чарніла, паклаў ліст у старонку і па-дзелавому, сур’ёзна сказаў: «Вось і ад цябе заўтра Лільке віншаванне будзе!» І я задаволены пабег дадому, забыўшы ручку і чарніла на стале.

Дзед, пабурчаўшы на маю няўрымслівасць, перанёс бутэлечку з чарнілам і ручку на падваконне каля ложка. Там жа стаяла яшчэ пару бутылак: са шкіпінарам, ільняным алеем і настойкай з мухамора. Спаць ляглі крыху раней, з раніцы ж трэба ўправіцца з гаспадаркай і рыхтавацца да прыёму гасцей. Хвілін праз пятнаццаць з-за перагародкі пачулася пахропванне дзеда.

А баба Маня ніяк заснуць не магла, варочалася з боку на бок. Ужо месяц зазірнуў у акно, а яна ўсё не магла заснуць. Паясніца ныла. Так яна прамаялася гадзіны дзве, а потым вырашыла палячыцца. Імкнучыся не абудзіць дзеда, не ўстаючы, працягнула руку і ўзяла з падвокання бутэлечку са шкіпінарам, расцерла сабе спіну. Дзед мірна хроп і нават вухам не павёў на яе дзеянні.

«Каштоўная рэч — шкіпінар, карысная як у гаспадарцы, так і для здароўя, — падумала бабка Марыя. — Як натрэш балючае месца, да раніцы ўсё як рукой здыме. Кажуць, карысны і для скуры, амалоджвае». Успомніўшы пра скуру, заадно правяла рукой са шкіпінарам па твары: хай амалоджваецца. Пасля лячэбнай працэдуры заснула — ці шкіпінар адразу падзейнічаў, ці сіла ўнушэння, а можа, стомленасць змарыла.

Па раніцах нас будзіў певень, за ім мычала карова. Вось і ў дзень вяселля маёй сястры першым праспяваў певень. А потым пачуўся грукат перакуленага крэсла ці яшчэ чагосьці і крык дзеда: «Сыдзі, сыдзі, нячысты! Ужо пракрычаў певень! Свят! Свят! Свят!» Відавочна, дзед хрысціўся. Ад крыку, а галоўнае, ад эмоцый у голасе дзеда мы ўскочылі і кінуліся да яго на дапамогу.

На парозе ўсе спыніліся ў ступары. Дзед у споднім хрысціўся і адыходзіў у кут з абразамі. А бабка з чорна-фіялетавым тварам на яго наступала і вычытвала: «Ты чаго, стары? З розуму выжыў?» Паясніца ў яе відавочна не балела. Потым, калі ўжо прызналі бабу Маню ў наваяўленым «негры» і разабраліся, у чым справа, я атрымаў напоўніцу за пакінутае чарніла.

Аказваецца, бабулька ў цемры ўзяла не тую бутэлечку. Замест шкіпінару расцерлася чарнілам, і твар ім жа намазала. «Як ні дзіўна, але ад спіны дапамагло, — потым смяяўся бацька. — Вунь як жвава наязджала на дзеда!»

Не буду апісваць, чым і як адмывалася бабка, каб паўстаць перад гасцямі ў адпаведным выглядзе. Практычна адмылася, але сінню адлівала. Некаторыя госці пыталіся ў дзеда: «Што гэта ў Марыі з тварам?» Але дзед не губляўся і ганарліва адказваў: «Яна ў мяне блакітных крывей. Вось і адлівае сінню. Незабудка мая сінятварая!»

Бабка на вяселлі спачатку сядзела за сталом смірна. А пасля некалькіх тостаў пра сваю асаблівасць забылася і стала па-ранейшаму вясёлай. І на мяне не злавалася.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.