Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Сабачая вахта»


Россып зорак пульсавала ў бездані космасу, чорныя дзіркі чакалі свае ахвяры, імглістасці жылі па толькі ім вядомых законах, а згусткі зорнага пылу — былі зусім не пылам, а прахам зніклых зорак. У першага памочніка капітана судна Яўгена Смірнова, а калі неафіцыйна — дык проста ў Жэні была начная вахта. Ён любіў падчас такіх вахт глядзець на зоркі і разважаць. І цяпер веліч бясконцасці праняла яго да касцей.


Фота: pixabay.com

Глядзець уніз не хацелася, там цёмная бездань. Калі бясконцасць Сусвету захапляла, то бездань акіяну насцярожвала. Жэня нутром адчуваў, што акіян — гэта разумны магутны жывы арганізм. Як бы людзі тут, на палубе, ні надрывалі жылы — яны пясчынкі і падуладныя яму цалкам. Захоча — у хвіліну сатрэ іх танкер у парашок.

«Як людзям спасцігнуць логіку гэтай воднай сутнасці?» — уздыхнуў Жэня. Гэтымі думкамі ён ні з кім не дзяліўся. Скажы — мужыкі засмяюць, хоць не адзін з маракоў над гэтым задумваўся.

Жэня заступіў на вахту апоўначы. Маракі завуць начную вахту — сабачая. Хто нёс сабачую вахту сярод прастораў Атлантыкі, той ведае, што ў гэты час акіян жартуе з чалавекам, забаўляецца. Трэба быць вельмі ўважлівым, у гэтай частцы акіяну рэдка спакойна, што будзе праз гадзіну, не адгадаеш. Гарызонту не відаць, танкер ідзе па прыборах. Каманда спіць, у рубцы не чуваць ні шуму машыннага аддзялення, ні ўсплёску хваль. Цяжкая цішыня, якая душыць. А вакол акіян — дыхае, жыве, назірае.

Нуль гадзін пятнаццаць хвілін — у гэтых шыротах пара невытлумачальнай трывогі, якая зыходзіць з марскіх глыбінь. Жудасць пранікае ва ўсе куткі танкера і запаўняе свядомасць тых, хто не спіць, і нават тых, хто спіць.

Другі памочнік капітана Агееў увесь дзень хадзіў змрочны, а пасля вячэры шапнуў Жэню: «Сёння поўня. Будзь уважлівы!» Жэня ўжо дзесьці чытаў, што ёсць дні, у якія паміж дванаццаццю і трыма гадзінамі ночы адкрываюцца Нябесныя вароты, і космас наўпрост чытае думкі і выконвае жаданні. Але жаданні спантанныя, якія ідуць на ўзроўні вібрацый энергіі, эмоцый.

Іншы раз сам не разумееш, што на эмоцыях круціцца... потым пашкадуеш, ну вырвалася, а назад не забраць. Пасыл адпраўлены і ўключыў ланцуг падзей. І пакацілася выкананне, скарэкціраванае паводле разумення сусветным розумам.

Папярэджанне другога памочніка здзівіла. Жэня зрабіў выгляд, што не звярнуў увагі — можа, з гарачкі мужык сказануў. На судне ўсе маўчаць, толькі па справе перакідваюцца словамі.

Дзіўны гук прыцягнуў увагу, Жэня павярнуўся. Нікога... акінуў поглядам прыборы — танкер рухаецца па курсе. Кірунак паказвае азімутаметр, камп’ютар малюе лінію шляху. А вось компас сваволіць, стрэлка круціцца як вар’ятка. Ён заўсёды ў гэтых месцах сваволіць, як быццам палюсы ў секунду месцамі мяняюцца.

Раніцай Жэня перагаварыў з Віктарам аб дзіўных рэчах, якія адбываюцца ў акіяне. Віктар — гэта іх кок, гаспадар камбуза, яго сябар. «Сёння ў цябе сабачая вахта?»- спытаў Віктар, Жэня кіўнуў. Кок уважліва паглядзеў у вочы і на поўным сур’ёзе дастаў з кішэні і ўсыпаў яму ў далонь крупінкі ладану: «Калі зусім прыцісне, палі іх! Дапаможа». Высыпаў ладан у далонь і хутка сышоў. Жэню скаланула: «Навошта я загаварыў на гэтую тэму? Нібыта слабасць выказаў. Можа, Віцька пажартаваў з ладанам? Але ў вачах усмешкі не было». Жэня высыпаў ладан у кішэню.

Цяпер, на вахце, ён намацаў ладан у кішэні. Раптам нахлынула туга. «Пачынаецца, — насцярожыўся Жэня. — Буду думаць пра іншае! Сыду на бераг і адразу займуся сабой, а то наеў пуза. Віцёк падкормлівае. Юлька на дыеце сядзіць. Далучуся!»

У памяці ўсплыло, як Юлька яго праводзіла. Шэрае неба, дробны дождж, а яна ўсміхаецца, у вочы глядзіць і час ад часу хуценька пальчыкам прыбірае слязінкі.

З першай жонкай Жэня развёўся гадоў пяць таму, не склалася. А цяпер у яго Юлька, такая добрая і блізкая. Юлька абяцала чакаць і чакае, ён у гэтым упэўнены. Для марака важна, каб яго чакалі на беразе. Гэта грэе, нябачнымі ніцямі злучае з домам, дае сэнс працоўным будням.

Увагу прыцягнуў дзіўны гук. Жэня агледзеўся. Шкада, што дзяжурыць адзін. Што зробіш, крызіс на сушы, і на танкеры таксама крызіс. Каманда скарочана да мінімуму. Па статуце павінны дзяжурыць двое — матрос і афіцэр. Але ў сувязі са скарачэннем каманды ўсе матросы днём працуюць, таму ўначы дзяжурыць толькі афіцэр. «Часам спакайней спаць, чым не спаць», — падумаў Жэня.

Танкер рассякаў хвалі суровай, месцамі варожай Атлантыкі амаль на мяжы з Бярмудскім трохвугольнікам. Непрадказальныя месцы, ніколі не ведаеш, калі ўбачыш тое, чаго быць не можа. На танкеры не прынята казаць пра свае мроі, а раптам гэта табе аднаму здалося, тады спісвацца на бераг. Але жудасць вісіць над кожным.

Пакуль усё нармальна. Міргаюць лямпачкі і датчыкі прыборнай дошкі. Жэня падумаў, што сёння спатыкнуўся, калі падымаўся па алюмініевым трапе — дрэнны знак. У апошні час ён пачаў верыць у знакі.

Разважанні перапыніў гучны ўсхліп. Нешта зашамацела ў куце рубкі... варухнулася... на ўзроўні падсвядомасці Жэня зразумеў: гэта — «Зло», і трымаўся, каб не азірнуцца. «Зло» варухнулася яшчэ раз, а потым заціхла і расплылося бясформенным ценем. Жэня перахрысціўся і засяродзіўся на прыборах. Танкер водазмяшчэннем сто тысяч тон упэўнена рассякае хвалі, кіраванне аўтаматызавана.

Галоўная небяспека на танкеры не шоргаты, а нафтавы газ «гідракарбан». Калі ўзнікне ўцечка, жыцці людзей апынуцца пад прамой пагрозай. Вядома, усе меры бяспекі прадугледжаны, максімальная вентыляцыя, леер таксама ніяк не перашкаджае патоку паветра. На ўсялякі выпадак Жэня зірнуў на персанальны газааналізатар — усё добра.

І раптам маніторы на панэлі кіравання грузавымі аперацыямі зазвінелі, затарахцелі, замігцелі ўсе адразу. Змакрэўшы, Жэня звязаўся са старпомам. Той прыбег, па-дзелавому выразна праверыў прыборы. На ўсялякі выпадак зверыўся з персанальным газааналізатарам. Норма. Бацькавым жэстам паляпаў Жэню па плячы: «Такое ў гэтых шыротах бывае. Думай на адцягненыя тэмы. Не думай пра блізкіх. Ён прачытае твае думкі». «Хто?» — паспрабаваў высветліць Жэня. Старпом зноў паляпаў Жэню па плячы і гэтак жа хутка, як і з’явіўся, знік за дзвярыма.

«Акіян жартуе», — зразумеў Жэня і пашкадаваў, што не ўдалося пагаварыць са старпомам. Танкер з камандай у 23 чалавекі разам з буфетчыцай і капітанам накіроўваўся ў порт Маракайба. Старпом магутны мужчына, па постаці спартсмен, па генах — вікінг, заўсёды адчувае галаўны боль і цяжар ва ўсім целе пры набліжэнні да гэтага горада. Хтосьці з яго прапрадзедаў удзельнічаў у разні 1666 года, калі пасля трохгадзіннага штурму піраты захапілi горад і з жорсткасцю забілі ўсіх жыхароў. Вось старпом цяпер адказвае за продка.

Можа, кантроль за адплату ўскладзены на акіян? Ёсць у гэтай стыхіі і балявыя кропкі, такія як праліў Мона, Саргасава мора, ды і гэты галаўны боль старпома пры падыходзе да Маракайба, а горад ужо адразу за Бярмудамі...

Цяпер для Жэні галоўнае не паддавацца страху, думаць аб пабочным. Няпрошаны халадок гуляе па спіне, хочацца закрыць вочы, каб нічога не бачыць і не чуць. Аднак на вахце павінен глядзець і слухаць.

Ён даў сабе абяцанне ні на якія шоргаты і галасы не адцягвацца. Але на гэта не звярнуць увагі было нельга. Велічэзная кветка ў арэоле пырскаў ускінулася над акіянам, разгойдваючыся прама перад танкерам. Пялёсткі фасфарасцыравалі і вібравалі. Сцябло гіганта-расліны слізганула на палубу і застукала па ёй хвастом, закручваючыся ў кольцы.

Незямная кветка ў патоку белага святла з глыбіні зачароўвала, павялічвалася на вачах, мяняла адценні, затым павярнулася і наблізілася да Жэні, і... ён убачыў твар Юлькі. Усё ж такі прачытаў акіян яго думкі. Валасы на галаве Жэні заварушыліся.

«Палi ладан», — усплыў у памяці савет кока. Але Жэня здранцвеў... Магутны гудок прымусіў ачуняць, святло пражэктараў асвятліла наваколле. Жэню кінула ў жар, ён ірвануў штурвал. Але такую махіну прымусіць хутка змяніць курс нерэальна. Жэня павіс на штурвале ўсім целам і на аўтамаце зашаптаў словы малітвы. «Ладан! Палi ладан!» — звінелі ў вушах словы Віктара.

Пстрычка запальнічкі — і водар ладану папоўз па памяшканні. Жэня адчуў, як хваля негатыву захліснула яго, адчуў укол у сэрца. Злавесны гул пракаціўся над акіянам. Лоб пакрыў пот, цягліцы ледзь не рваліся ад напружання.

Равучы і падаючы сігналы, упрытык прайшоў сустрэчны лесавоз. Цуд, што не сутыкнуліся. Мроі распаліся, засыпаўшы палубу сотнямі мядуз. Ноч ўступіла ў свае правы, стала ціха і цёмна. Толькі свяціліся агні лесавоза, які аддаляўся.

Жэня выцер халодны пот. Як ён не ўбачыў судна? І як яно трапіла ў гэтыя воды? Да раніцы мядузы расталі, а можа іх у мора змыла. Жэня прыгладзіў валасы, а пасля вахты пастрыгся пад нуль. Ён нікому не распавёў аб начных бачаннях, толькі далажыў аб лесавозе. Цяпер у яго кішэні пастаянна крупінкі ладану. Жэня імкнецца забыць жарт акіяну.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?