Вы тут

Лукашэнка: Мы заўсёды адданыя мірнаму рашэнню любых міжнародных праблем


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад паслоў 11 краін. Урачыстыя цырымонія прайшла ў Палацы Незалежнасці. Даверчыя граматы беларускаму лідару ўручылі паслы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Аргенціны, Беніна, Босніі і Герцагавіны, Бразіліі, Кубы, Ордэна Мальты, М’янмы, Палясціны, Судана і Швейцарыі. 


Вітаючы паслоў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта важаня цырымонія азначае пачатак іх паўнапраўнай дзейнасці на адказнай пасадзе кіраўніка дыпламатычнай місіі ў Беларусі. «Я ўпэўнены, што ўсе вы шчыра паважаеце беларускі народ, а таксама ягоны выбар, каб канструктыўна працаваць з першых дзён свайго знаходжання на нашай зямлі. Ведайце, Беларусь заўсёды адкрытая для любых разумных ініцыятыў. Перакананы: у кантактах з прадстаўнікамі нашых дзяржаўных органаў, бізнесу і грамадскіх арганізацый вы ўбачыце выключна добразычлівы і дзелавы падыход», — падкрэсліў ён. 

«Мы рабілі ўсё, каб спыніць кровапраліцце»

Кіраўнік дзяржавы пачаў з абмеркавання актуальных пытанняў. Ён заўважыў, што дыпламатычная місія паслоў пачынаецца ў знакавы для беларусаў перыяд. Зусім нядаўна, 17 верасня, Беларусь адзначыла самае маладое дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што з часу аб’яднання, як і раней у сваёй гісторыі, беларусы ні на кога не нападалі. Ні для кога не былі крыніцай пагрозы. Так будзе і надалей. 

«Падкрэсліваю, менавіта так будзе і надалей. Мы заўсёды адданыя мірнаму рашэнню любых міжнародных праблем. Страціўшы кожнага трэцяга ў часы фашысцкага генацыду, беларусы, як ні адна іншая нацыя ў свеце, высока шануюць чалавечае жыццё. Кожнае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, менавіта з гэтай прычыны і раней, і сёння, калі побач, ва Украіне, палае ваенны канфлікт, беларусы нязменна выступалі і выступаюць з мірнымі ініцыятывамі на міжнароднай арэне. «Мы лічым канфлікт паміж брацкімі народамі вялізнай трагедыяй. Ён — прамое наступства стратэгічных інтрыг і найвялікшай дурасці заходніх палітыкаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што сёння многія гавораць аб гэтым канфлікце. І вельмі многія заяўляюць, што хацелі б міру на гэтай зямлі. Асабліва еўрапейцы, бо гэты канфлікт у нашым еўрапейскім доме. 

«Калі еўрапейцы шчыра гэтага жадаюць, міру можна дасягнуць на працягу некалькіх дзён. Каторы раз заяўляю пра гэта і папярэджваю еўрапейцаў: адумайцеся і рабіце ўсё для таго, каб на гэтай зямлі быў мір», — сказаў Прэзідэнт. Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь шчыра спрабавала ўсімі сіламі не дапусціць гэтага вар’яцтва. 

«І не трэба нас папракаць у суагрэсіі ці яшчэ ў нечым. Мы былі, ёсць і будзем разам з нашай Расіяй. У нас з Расіяй саюз больш сумленны, чым у блоку НАТА. Але ў той жа час мы кажам, што не будзем ваяваць ва Украіне. Давайце мірна супрацоўнічаць. Беларусь украінцам няма ў чым папракнуць. Нас, беларусаў, няма ў чым папракнуць. Не мы пачалі канфліктаваць з Украінай. Гэта яны раней за заходнія дзяржавы і Амерыку закрылі неба для пралёта нашых самалётаў і аб’явілі эканамічную блакаду Беларусі. Чаго вы зараз парыцеся і ад нас чагосьці патрабуеце? Мы свята выконваем свае дамоўленасці з Расіяй. І аб гэтым да канфлікту ведалі ўсё ў НАТА і асабліва ў Амерыцы. Мы нікога не забівалі і забіваць не збіраемся. Мы былі прыхільнікамі мірных перагавораў», — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў пра тры раўнды перагавораў, якія адбыліся ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка назваў рытарычным пытанне, чаму іх згарнулі. Прэзідэнт падкрэсліў, што кажа ўсё гэта паслам, каб яны ведалі беларускую пазіцыю па самай вострай сучаснай праблеме і сыходзілі з гэтага. 

«Мы рабілі ўсё, каб спыніць кровапраліцце. Але гэтае кровапраліцце камусьці трэба. Каму? Вы дыпламаты, разбірайцеся», — сказаў ён. 

«Адчыняйце дзверы — павязём вам харчаванне»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння часта чуюцца заявы палітыкаў аб іншай вельмі вострай праблеме ў свеце — харчовым крызісе. Ён падкрэсліў, што па кошце збожжа ўжо становіцца золатам. І далёка не ўсе могуць яго набыць. «Прычым мільярды долараў на зброю знаходзяць лёгка, а на тое, каб выратаваць ад голаду мільёны людзей, перш за ўсё старых і дзяцей у самых бедных краінах, грошай няма і не прадбачыцца. Некаму зноў трэба разагрэць сур’ёзны канфлікт. А можа быць, распрацаваць аперацыю прыкрыцця таго, што некаторыя „сильные мира сего“ робяць у свеце. На Балтыцы ўзарвалі газаправод, хутка пачнецца эпапея абвінавачання Расіі, што Расія ўзарвала свой газаправод, каб не пастаўляць газ Еўропе (маецца на ўвазе дыверсія на ветках газаправода „Паўночны паток“- Зв.) Калі Еўропа пачне замярзаць, пачнуць там людзям казаць, што гэта Расія вінавата», — сказаў беларускі лідар. 

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь не толькі забяспечвае сваю харчовую бяспеку, але і можа выступаць яе донарам. Беларускі бок гатовы аднавіць супрацоўніцтва ў гэтай жыццёва важнай сферы, асабліва па пастаўках не только харчавання, але і калійных угнаенняў, без якіх харчавання не бывае. Па словах Аляксандр Лукашэнкі, для гэтага патрэбна толькі палітычная воля кіруючых колаў Захаду. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што доўга абмярковаў гэту праблему на нядаўняй сустрэчы са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. 

«У Беларусі і ў Расіі сёлета небывалы ўраджай. І як мне сказаў Прэзідэнт Пуцін, яны гатовы вялікую масу збожжа, і пшаніцы перш за ўсё, паставіць на міжнародны рынак.

Адкрывайце парты, адчыняйце дзверы — павязём вам харчаванне і збожжа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што нават ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску Беларусь паспяхова развіваецца. Асабліва гэта датычыцца традыцыйных для нас галін прамысловасці і сельскай гаспадаркі. «Мы здолелі пераарыентаваць экспарт, займаемся імпартазамяшчэннем, павялічылі пастаўкі ў Расію, Кітай і краіны „далёкай дугі“. Канешне, мы адчуваем негатыўны эфект ад заходніх абмежаванняў з прычыны адкрытасці нашай эканомікі. Тым не менш сваіх мэт санкцыі не дасягнулі. У тым ліку і дзякуючы шырокай міжнароднай падтрымцы Беларусі», — расказаў ён. 

Звяртаючыся да паслоў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цырымонія ўручэння даверчых грамат — гэта таксама добрая нагода ацаніць вынікі сумеснай работы з іх дзяржавамі і намеціць перспектывы. Геаграфія супрацоўніцтва — шырокая. 

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты

Прэзідэнт адзначыў, што за сваю амаль трыццацігадовую гісторыю дыпламатычныя адносіны паміж Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Беларуссю развіваліся выключна ў духу сяброўства, даверу і ўзаемадапамогі. «Ваша дзяржава стала для нас адным з найбуйнейшых эканамічных партнёраў у рэгіёне. Удзел эмірацкіх інвестараў у рэалізацыі ў Мінску маштабных інвестыцыйных проектов — яркае сведчанне плённага двухбаковага супрацоўніцтва. Разлічваю, што Ваша актыўная праца як Пасла Эміратаў не толькі будзе спрыяць умацаванню палітычнага дыялогу, але і дапаможа нарасціць гандаль і прыцягне буйных эмірацкіх інвестараў у нашу краіну. Дзверы для вас заўсёды адкрытыя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Ібрагіма Саліма Махамеда Аль-Мушараха.

Палестына

З Дзяржавай Палестына Беларусь звязваюць доўгія дружалюбныя сувязі, якія грунтуюцца на трывалым падмурку партнёрства і канструктыўнага ўзаемадзеяння ў розных сферах. «Мы зацікаўлены ў прадаўжэнні актыўнага і плённага дыялога, наладжванні практычнага супрацоўніцтва», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Палестыны Ахмеда Махаммеда Алмадбуха.

Куба

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі радыя таму, што краіны Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна — добрыя, надзейныя сябры і перспектыўныя партнёры. «Мы шануем адмысловыя адносіны з Кубай, якая традыцыйна з’яўляецца блізкім саюзнікам і надзейным плацдармам для пашырэння супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі Лацінаамерыканскага рэгіёна. Лічым важным і надалей падтрымліваць актыўны палітычны дыялог паміж краінамі, інтэнсіфікаваць гандлёва-эканамічныя сувязі па ўсіх напрамках, якія ўяўляюць абаюдную цікавасць.», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы сказаў Надзвычайнаму і Паўнамоцны паслу Рэспублікі Куба Сант’яга Перэсу Бенітэ, што ў адносінах нашых краін закрытых тэм няма. 

Бразілія

Бразілія — адзін з найбольш значных партнёраў Беларусі ў Лацінаамерыканскім рэгіёне. Мы паспяхова ўзаемадзейнічаем па розных напрамках. «Перакананы, нашы краіны не спыняцца на дасягнутых выніках і прадоўжаць паслядоўнае пашырэнне ўсяго спектра двухбаковых кантактаў, у тым ліку ў горнаруднай галіне, металургіі, нафтахіміі і іншых галінах», — адзначыў беларускі лідар. Садзейнічаць развіццю беларуска-бразільскіх адносін будзе Надзвычайны і паўнамоцны пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія Бернард Жорг Леапольд де Гарсія Клінгл.

Аргенціна

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што з Аргенцінай мы зможам не толькі захаваць дружалюбныя і даверныя адносіны, але і істотна нарасціць узаемны гандаль, выйсці на больш складаныя кааперацыйныя сувязі ў прамысловасці і іншых сферах. «Нашы краіны маюць паспяховы вопыт супрацоўніцтва. У прыватнасці, у сельскай гаспадарцы. Гэты вопыт варта пашыраць на новыя сферы», — звярнуўся ён да Эдуарда Антоніа Зуайна, Надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Аргентынскай Рэспублікі.

М’янма

Беларусь разглядае дыялог з М’янмай у якасці важнага напрамку сваёй знешняй палітыкі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Беларускі лідар адзначыў, што зацікаўлены не толькі ў пашырэнні наменклатуры экспарту айчыннай прадукцыі на м’янманскі рынак, але і ва ўмацаванні двухбаковых кааперацыйных сувязей у сферах сельскай гаспадаркі, навукі, прамысловасці і адукацыі. Цяпер М’янсу ў нашай краіне прадстаўляе Лвін У.

Судан

Рэспубліку Судан Прэзідэнт назваў адным з даўніх і правераных сяброў у Афрыцы. Беларускія кампаніі маюць вялікі вопыт узаемавыгаднага супрацоўніцтва з вашай краінай. «Нам неабходна прадоўжыць актыўнае асваенне значнага двухбаковага патэнцыялу ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, адукацыі і аховы здароўя», — звярнуўся ён да Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Судан Махамеда Амара Мусы Алі. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што падчас свайго візіту ў Судан аб усім дамовіўся з кіраўніцтвам гэтай краіны. Ён пажадаў сяброўскай Рэспубліцы Судан міру, стабільнасці і кансалідацыі грамадства для паспяховага правядзення неабходных пераўтварэнняў.

Рэспубліка Бенін

Беларусь зацікаўлена ў развіцці ўсяго спектра двухбаковых адносін з Рэспублікай Бенін, перш за ўсё ў сферах сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Наша краіна мае багаты вопыт у развіцці аграрных тэхналогій, вытворчасці машын і абсталявання, перапрацоўцы прадукцыі. «Гатовы дапамагчы ў стварэнні прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, падрыхтоўцы спецыялістаў для розных галін эканомікі», — сказаў беларускі лідар Акамбі Андрэ Акунлола-Біаў, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу Рэспублікі Бенін. 

Боснія і Герцагавіна

За амаль трыццаць гадоў дыпламатычных адносін Беларусі з Босніяй і Герцагавінай дзяржавы прайшлі значны шлях паспяховага двухбаковага супрацоўніцтва. У апошні час узаемны гандаль дэманструе рост, а многія айчынныя тавары сталі дастаткова вядомымі ў гэтай краіне. «Тэндэнцыя пазітыўная, але тэмпы трэба нарошчваць, тым больш што палітычная падтрымка з абодвух бакоў ёсць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка Жэльку Смараджыя, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу Босніі і Герцагавіны. 

Швейцарыя

Па словах кіраўніка дзяржавы, агульнымі для Беларусі і Швейцарыі з’яўляюцца імкненне зрабіць свет больш бяспечным і прыхільнасць міжнароднаму праву. «Мы нязменна зацікаўлены ў развіцці двухбаковых адносін на прынцыпах узаемнай павагі, адкрытага і канструктыўнага дыялога. Відавочна, што менавіта такі дыялог, а не санкцыі і папрокі, дазваляе знайсці вырашэнне самых цяжкіх пытанняў і рухацца наперад у любых абставінах. Чакаем ад нейтральнай Швейцарыі сапраўды ўзважанай і разважлівай пазіцыі, каштоўных ідэй і ініцыятыў на карысць двухбаковага супрацоўніцтва. Мы да гэтага гатовыя», — сказаў ён. Швейцарскую Канфедэрацыю ў Беларусі цяпер прадстаўляе Крысціна Урзула Хонеггер Залатухін.

Мальта

Наша краіна удзячная Мальтыйскаму ордэну за шматгадовае ўзаемадзеянне па мінімізацыі для Беларусі наступстваў аварыі на АЭС ва ўкраінскім Чарнобылі. Беларусі бок удзячны за пастаўкі медыцынскага абсталявання, арганізацыю павышэння кваліфікацыі беларускіх медыкаў, дапамогу інвалідам і дзецям-сіротам. Краіны актыўна ўзаемадзейнічаем з вамі і па тэматыцы барацьбы з гандлем людзьмі. «Упэўнены, што такое супрацоўніцтва трэба захаваць і прымножыць. З радасцю адгукнемся на новыя ініцыятывы і прапановы», — запэўніў Прэзідэнт кіраўніка дыпмісіі Дэніса Мулхаупта.

«Мы гатовы разглядзець любы пункт гледжання»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэты год у Беларусі праходзіць пад знакам захавання гістарычнай памяці нашага народа. «Беларускі народ вельмі шчыры, добразычлівы і працавіты. Вы даведаецеся, наколькі багатая наша зямля, як шмат сфер для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва мы з вамі можам паспяхова развіваць», — звярнуўся ён да паслоў. Прэзідэнт прапанаваў дыпламатам праяўляць актыўнасць ва ўмацаванні двухбаковага ўзаемадзеяння паміж нашымі дзяржавамі. «Мы заўсёды пойдзем насустрач вашым канструктыўным ідэям, праектам і прапановам. Мы гатовыя разгледзець любы пункт гледжання», — сказаў ён. Беларускі лідар пажадаў паслам поспехаў у дыпламатычнай дзейнасці на карысць нашых народаў!

У тэму

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Рэспубліцы Беларусь Ібрагім Салім Махамед Аль-Мушарах:

— Беларусь — гэта краіна, якая здзіўляе мяне кожны дзень і кожны раз у прыемным плане. Нам трэба размаўляць адзін з адным, весці перагаворы і асаблівую ўвагу звяртаць на аб’екты, якія ўяўляюць узаемную цікавасць для абедзвюх дзяржаў: гэта і палітычная сфера, і эканамічная, і сацыяльная, і культурная. Перш за ўсё, трэба ствараць магчымасці для інвестыцый. У нас ужо ёсць некалькі буйных праектаў. Самы вядомы з іх — «Паўночны бераг». Спадзяюся, што будзе яшчэ больш такіх праектаў. 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Санцьяга Перэс Бенітэс:

— З Беларуссю ў нас брацкія адносіны. Для мяне адно задавальненне быць тут. Да ўсіх слаёў насельніцтва Беларусі і ўсіх асоб, з якімі я сустрэўся, у мяне вельмі добразычлівыя адносіны. Беларусь і Куба павінны разам працаваць на выхад на новую ступень у адносінах і дапамагаць адзін аднаму, як заўсёды дапамагалі. Беларусь дапамагала Кубе за ўсе гады незалежнасці, выступала супраць блакады Кубы. Мы, у сваю чаргу, супраць нелегальных санкцый у адносінах да Беларусі, супраць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы брацкай краіны. Мы цяпер знаходзіся ў якасна новым этапе ў нашых адносінах. Цяпер толькі патрэбна шукаць і знайсці канкрэтныя нішы, каб уся наша палітычная воля трансфармавалася ў якасна новы этап у нашых эканамічных адносінах. Праблемы ёсць, але яны пераадольныя, бо ёсць воля і братэрскія пачуцці. 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Палестына ў Рэспубліцы Беларусь Ахмед Махамед Алмадбух:

— Мы лічым, што Беларусь — сяброўская краіна. У нас грандыёзныя планы. Плануем развіваць адносіны ва ўсіх аспектах: не толькі ў палітычным, а і эканамічным, культурным, у бізнесе. У Беларусі працуюць дзве нашы буйныя кампаніі сельскагаспадарчай і фармацэўтычнай скіраванасці. Мы збіраемся ўзмацніць развіццё гэтых напрамкаў, арганізаваць сустрэчы бізнесменаў з Палясціны з бізнесменамі Беларусі і паглядзець, якія аспекты эканомікі мы разам можам развіваць. 

Валерыя СЦЯЦКО

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».