Вы тут

Творчы позірк фотамастака Юрыя Іванова


На гэтае слова мяне падштурхнула чарговая сустрэча з Юрыем Івановым, якая адбылася на рэспубліканскай выстаўцы «Мне сняцца сны аб Беларусі», прысвечанай Янку Купалу і Якубу Коласу. Чарговы раз я не толькі з захапленнем аглядаў мастацкія работы, але і з такім жа захапленнем назіраў за тым, як працуе ў кагорце іншых фатографаў Юрый Іваноў. 


Юрый Іваноў. Фота Кастуся Дробава.

І гэта самая праўдзівая праўда. Колькі ведаю, а гэта не адно дзесяцігоддзе, фотамастака Юрыя Іванова, заўсёды захапляюся яго нястомным імкненнем і няспынным уменнем майстравіта спыніць імгненне. Нават самае імклівае. Часта мо ў не надта падыходзячы для аб’екта здымак момант, але спыніць так, каб гэта сталася з’явай, падзеяй. Праўдзівай падзеяй, але з поды¬хам захаплення. Каб зацікавіла, а то і зачаравала. Зноў жа прызнаюся — і гэта ўжо з улікам пачутых (адкрыта і падслуханых таемна) меркаванняў іншых — многае сапраўды захапляла гледачоў. Спадзяюся і перакананы, што так было ўчора, так ёсць сёння і будзе заўтра. Не магу сказаць, колькі тысяч здымкаў запомнілі яны, але што іх не адна тысяча (а мо і не адзін дзясятак тысяч), то я ні кропелькі не сумняваюся. 

І што мяне зноў жа здаўна па-добраму здзіўляе, — ён умее — так, іншага слова тут, бадай, і не падбярэш, паказаць наш беларускі край, нашых людзей, нашу прыроду, наш побыт усяму свету. Ды так, што захапляліся і замежнікі, прыхільна зайздросцілі нашай зямельцы за ўсё тое добрае, што здаўна адбывалася на ёй, але ж яшчэ і то адкрыта, то моўчкі захапляліся майстэрствам фатографа. А гэткім нястомным майстрам здаўным-даўна быў і застаецца Юрый Іваноў. Нездарма ён займаў дастойнае месца ў сотні найлепшых фатографаў свету. 

Нехта можа сказаць: лёс такі, шанцавала Іванову, меў доступ да не заўсёды даступных іншым здымак. Хай і так. Але ж калі няма ні ўмельства, ні майстэрства, ні назіральнасці, ні захаплення, то і ў любой камандзе нічога цікавага не зробіш і доўга там не пабудзеш. А ён жа толькі ў сістэме надзвычай папулярнага і цяжка даступнага Агенцтва друку «Новости» (АПН) адпрацаваў ці не большую частку свайго кар’ернага прызначэння. 

З кім толькі не сустракаўся, хто толькі не ціснуў яму руку (здаралася і такое). Тагачасны кіраўнік Беларусі Пётр Машэраў, алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь, вядомыя на ўвесь свет расійскія паэты Яўгеній Еўтушэнка, Андрэй Вазнясенскі... Пра беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва, герояў працоўных будняў я ўжо не кажу. Юрый умеў і ўмее здзіўляць заўсёды. І гэта не пахвальба на патрэбу дня. Знайдзіце магчымасць паварушыць яго здымкі ці то ў альбомах, іншых кніжных і буклетных выданнях, ці то ў шматлікіх інтэрнэтных каналах, зрэшты, зірнуць на іх там, дзе вы толькі здолееце, і пераканаецеся: не абдзяліў Бог талентам Юрыя Іванова. Доказаў мноства і да сённяшняга дня. 

Паназірайце хоць бы за тым, як працуе Іваноў на кожнай, здавалася б, звычайнай, будзённай імпрэзе — і вы пагодзіцеся, што так паводзіць сябе можа толькі сапраўдны майстар. Я неаднойчы лавіў сябе на тым, што падчас самага захапляльнага відовішча ці высокай падзеі мая ўвага міжволі пераключалася на назіранне за тым, як і што робіць Юрый Іваноў. Ведаеце, ён ніколі не мітусіцца, не бегае навыперадкі з іншымі сваімі калегамі, каб заняць выгаднае месца, каб апярэдзіць і г. д. Ён, як і належыць сапраўднаму майстру ад прыроды, апераджае іх у магчымасці зрабіць выдатны здымак з любога даступнага яму ракурсу. Бо яго вока заўсёды бачыць тое, чаго часам, а то і часта не заўважаюць іншыя. Ды яшчэ абавязкова звярніце ўвагу на яго асветлены натхненнем твар, з якога ніколі не знікае прывабная ўсмешка, не гаснуць светлячкі вачэй, якія, тым не менш, ніколі не губляюць сваёй фатаграфічнай пільнасці, заўсёды пасылаюць іншым свой пазітыўны імпульс. І вы зразумееце, што для сапраўднага мастака патрэбен не бег навыперадкі, а рэалізацыя таго дадзенага вышэйшай сілай дару бачыць свет і людзей у ім прыгожымі, вабнымі, захапляльнымі. 

Юрый Іваноў. «Лятучка», 1987 г.

І няхай хто-небудзь адважыцца паспрачацца з гэтым. Адзін з маіх доказаў просты — зрабі лепей. Не, я гэтым самым не хачу ўзвысіць Іванова да незямных вышынь, бо тады не толькі постаць можна згубіць, а не заўважыць і ўсяго таго, што заўважыў фатограф. Не стану даказваць, што Юрый Іваноў самы-самы. Дзякаваць Богу, самыя-самыя ў беларускім фотамастацтве не пе¬раводзіліся ніколі. Але Іваноў заслужана і справядліва адзін з лідараў. Ён не саромеўся вучыцца ў іншых, але і сам настойліва фарміраваў уласныя прын¬цыпы павышэння значнасці і каштоўнасці фотаздымка наогул і яго мастацкага ўвасаблення, што станавілася агульным здабыткам. Я не меў магчымасці пагутарыць з ім наконт яго захаплення, справы жыцця, якой ён адданы безадмоўна і назаўсёды. Але лічу, што ён дбайна, умела і асцярожна пераймаў тое лепшае і карыснае, што было ў калег-папярэднікаў альбо сучаснікаў, што яшчэ за савецкім часам здабыла ім усесаюзную славу. Прыкмячаю, гартаючы яго далёкаархіўныя і найбліжэйшыя па часе здымкі, што ён, умела скарыстоўваючы вопыт найлепшых майстроў, зрабіў свой асабісты, непаўторнацікава-захапляльны ўнёсак у набыткі нашай беларускай фотамастацкасці, упісаў сваю значную старонку ў гісторыю беларускага фоталетапісу. Ды, без сумневу, не толькі беларускага. 

Некалі я моцна здзівіўся, калі ўбачыў прызнанне Юрыя Сяргеевіча, што ў яго жыцці «ўсё адбывалася выпадкова. Я і фотакарэспандэнтам не планаваў стаць, — прызнаваўся ён. — Марай была радыётэхніка». 

Ды, на наша шчасце, не тое сталася, што планавалася. Жыццё своечасова падставіла сваё плячо, праклала тыя рэйкі, якія і прывялі Юрыя Іванова без перабольшання да сусветнай вядомасці як майстравітага беларускага фотакарэспандэнта. Хіба гэта не падстава для высновы, што вышэйшай сіле, якая накіроўвае, не варта супраціўляцца альбо падманваць яе? І мо ў доказ гэткай вернасці вышэйшай сіле значна пазней Юрый Іваноў, на ўвесь Савецкі Саюз вядомы фотажурналіст, стаў фотасведкам таго, як некалі ў Віскулях адбываліся падзеі па ліквідацыі гэтага самага Савецкага Саюза. 

Прызнаюся, што я з нязменнай цікавасцю, а часам і нечаканым недаверлівым здзіўленнем, не раз пазіраў і пазіраю на сусветна вядомы здымак Іванова «Лятучка». Усе, хто знаёмы з фотатворчасцю Іванова, ведаюць яго. Дык мо многія з іх, як і я, з кожным праглядам адкрываюць нешта новае, цікавае, зайздросна непаўторнае ў адным і тым жа спыненым імгненні? А я ўсё разважаю: ну як удалося падлавіць такі момант? Ці не зрэжысіраваны, не прыдуманы сюжэт? А тады супакойваю: ну хай сабе і зрэжысіраваны, але ж так і з такім незвычайным падыходам самога фатографа, што ніхто іншы і прыдумаць альбо нават падумаць пра не¬шта такое не адважыўся б. А ён узяў і зрабіў. Бо ён — Юрый Іваноў. Творчы, апантаны, імкліва рухомы фізічна і духоўна нястомны чалавек, які хацеў, умеў і бачыў жыццё ва ўсіх яго размаітых і непаўторных праявах. І нядзіўна, што 32 гады таму яго «Лятучка», зафіксаваная на Мінскім тонкасуконным камбінаце, была прызнана найлепшым сусветным здымкам за цэлае дзесяцігоддзе. 

Падобных прыкладаў, падобных работ-адкрыццяў у Іванова сапраўды шмат. Я, вядома, не назаву ўсе, але з прыемнасцю згадваю дзве разнаколерныя тройкі коней, якія па бялюткай заснежанай цаліне паважна і беражліва вязуць да сваіх прыхільнікаў-слухачоў праслаўленых «Песняроў». Дарэчы, сам Юрый Іваноў, як і кіраўнік «Песняроў» Уладзімір Мулявін, нарадзіўся не ў Беларусі. Ён з’явіўся на свет у 1939 годзе ў Сімферопалі. Як з Расіяй звязаны лёс славутай і майстравітай шанавальніцы сённяшніх знакамітых «Харошак» Валянціны Гаявой. Як і іншыя выбітныя асобы, паходжаннем з суседняй краіны, якія для беларускай культуры, для праслаўлення беларускай рэальнасці зрабілі вельмі-вельмі нямала — прыгожа, годна і дастойна. Выходзіць, справа не ў месцы нараджэння, а ў нечым больш важным і важкім, што вызначае жыццёвы напрамак і сэнс да самага скону дзён. 

Юрый Іваноў толькі з 1956 года паяднаў сваё жыццё з беларускай зямлёй, якая шчыра растуліла далоні для яго нястомнасці і, не пабаюся гэтага крыху напышлівага слова, таленавітасці. Праўда, расійскія дарогі і пасля гэтага не абміналі асобу Іванова, як і ён іх. Згадайма хоць бы тры гады, якія праслужыў на першым выпрабавальным касмадроме Міністэрства абароны СССР у Плясецку і якія далі станоўчы імпульс захапленню фотасправай. 

Юрый Іваноў. «“Песняры” ў Мсціславе на тройцы», 1981 г.

А фотапартрэт, які я адважыўся б назваць летапісам жыцця, бабулі Салохі з Палесся? 

А юная пацярпелая ад Чарнобыльскай катастрофы дзяўчынка з вёскі Чудзяны (яна нават прозвішча сваё мела — Юля Ганчура)? 

І надзвычай уражлівы для мяне здымак мінскага БелАЗА на шматлюдным і зааўтамабіленым галоўным праспекце сталіцы каля Купалаўскага сквера ў самым цэнтры Мінска. Хіба можна не здзіўляцца тут майстэр¬ству і нетрадыцыйнасці мастацкага погляду Іванова? Зірніце на здымак яшчэ раз. Спакойна, уважліва. На ўсе вочы і прымружыўшы іх. І кожны раз убачыце но¬выя адценні, настроі, дэталі, якія засведчыў аўтар усяго ў адным здымку. Гэткая шматмоўнасць і поўнагалоссе ўласцівы многім работам Іванова. 

Вы згодны, што не трэба тут ніякай выдумкі, каб зразумець, што БелАЗ не проста выпадковы сталічны госць? Так, гэта прызнаны валадар не толькі тагачаснай беларускай вытворчасці. Яго, каб і хацеў, не прыпішаш да нейкай замежнай фірмы. Звярніце ўвагу, як зайздрос¬на і адначасова з гонарам пазіраюць на гэтага велікана маленькія легкавікі, крыху большыя газончыкі, вялікія тралейбусы і аўтобусы... Я мог бы шмат яшчэ апавядаць пра гэты здымак, бо ён кожны раз узрушвае новымі адценнямі зместу і новымі эмоцыямі. 

Як бачыце, адной адзінай прыхільнасці Юрыя Іванова да нейкіх пэўных сюжэтаў няма. Таму і нараджае гэта сапраўдную сімфонію пачуццяў і эмоцый. Яму аднолькава выразна ўдаюцца характары дзяцей і падлеткаў, юнакоў і дзяўчат, людзей дарослых і ветэранаў, рабочых і сялян, мужчын і жанчын. Адным словам, характарныя вобразы чалавека-творцы як уласнага лёсу, так і тых, хто побач, хто не стамляецца назіраць за наваколлем вачыма людской дабрыні. Нават калі на здымку няма чалавека, то ўсё адно — тое, што на ім адлюстравана — прыналежнасць чалавечай працы, майстравітасці. 

Які ж пільны і ўважліва-спагадлівы творчы позірк трэба мець фотамайстру, каб усё гэта ўбачыць. Убачыць не знешні настрой і воблік, а найперш унутраную сутнасць чалавека. Зразумець, зацікавіцца і здолець увасобіць у такі здымак, які і праз час не губляе ні эмоцый, ні дакументальных якасцей. Прызнаюся, што па жыцці я сам прыхільнік эмоцый. Таму для мяне іх праява і ў мастацкіх творах, і ў самой рэальнасці, і ў паводзінах людзей, прыроды, зямлі і ўсяго, што адбываецца на ёй, заўсёды мелі асаблівае значэнне. Без эмоцый няма паўнаты ўспрыняцця і нават паўнаты разумення. Глядзіш на здымкі — і напаўняешся перажываннямі і аўтара, і герояў, бачаннем тых мо малапрыкметных пазнак, якія сталі неад’емнымі сведкамі часу гэтых фотаработ. Бо зроблены яны сапраўды майстравітым творцам — Юрыем Івановым. 

Анатоль БУТЭВІЧ 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.