Вы тут

«Звязда» прэзентавала кнігу «Табой я жыў, табой жыву...» пра жонку Коласа


Выдавецкі дом «Звязда» прэзентаваў кнігу «Табой я жыў, табой жыву...», прысвечаную Марыі Дзмітрыеўне Каменскай, жонцы Якуба Коласа. Сустрэча з укладальнікамі кнігі і сваякамі класіка адбылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Якуба Коласа. Госці прэзентацыі даведаліся аб цікавостках, якімі насычана кніга, а таксама ўбачылі фрагменты відэазапісу, дзе сын Даніла распавядае аб сваёй маці. 


У выданне ўвайшлі лісты Якуба Коласа да Марыі Дзмітрыеўны, арыгінальныя творы і фотаздымкі. Да гэтага часу не было асобнага выдання, прысвечанага менавіта Марыі Дзмітрыеўне. Падчас прэзентацыі адна з укладальніц кнігі, унучка Якуба Коласа і даследчыца ягонай творчасці Вера Міцкевіч распавяла:

— Мы заняліся гэтай работай вясной 2020-га года. Шмат інфармацыі знайшлося ў сямейных архівах. Другі раздзел кнігі, найбольш шчымлівы, прысвечаны ліставанню. Апошні ліст, які Якуб Колас напісаў Марыі Дзмітрыеўне, датуецца 9 мая 1945 года. У той час стан жонкі класіка быў вельмі дрэнным — яна сыходзіла з жыцця. Адказаць на ліст у яе не было сіл... Таксама мне давялося скласці багаты біяграфічны даведнік. Хацела выказаць падзяку кіраўніцтву музея, сваім калегам, якія дапамагалі мне расшыфроўваць лісты і, безумоўна, Выдавецкаму дому «Звязда», Алесю Мікалаевічу Карлюкевічу і супрацоўнікам. Без іх дапамогі кніга не ўбачыла бы свет.

Вера (злева) і Васіліна (справа) Міцкевічы.

Фотаздымкамі, ілюстрацыямі, артыкуламі Міхася Канстанцінавіча і прысвячэннямі займалася другая ўскладальніца кнігі, галоўны захавальнік фондаў музея Якуба Коласа, праўнучка класіка Васіліна Міцкевіч:

— Для нас вельмі важна, што ў юбілейны год, калі ў Беларусі адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа, гэта кніга пабачыла свет. Я ўпэўнена, што выданне прынясе сапраўдную асалоду душы. Я яшчэ раз хачу падзякаваць Выдавецкаму дому «Звязда» за шыкоўнае афармленне. Адзначу, што праца над кнігай ішла доўга. Для Якуба Коласа Марыя Дзмітрыеўна была не толькі любай жанчынай, не толькі музай, але і маці ягоных дзяцей, ахоўніцай сямейнага агмення, першым чытачом, крытыкам. Гэта жанчына, якая заўсёды ішла поруч з паэтам, дапамагала яму ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Невыпадкова кажуць, што за кожным таленавітым мужчынам стаіць не менш таленавітая і разумная жанчына. У сваёй эпісталярнай спадчыне паэт адзначаў, што такая жанчына, як Марыя Дзмітрыеўна, трапляецца адна на дзесяць тысяч.

Выданне аб’яднала матэрыялы з сямейных архіваў і з фондаў музея Якуба Коласа. Многія матэрыялы надрукаваны ўпершыню, як артыкул сына класіка Міхася Канстанцінавіча. Яго ўспаміны насычаны цікавымі фактамі аб юнацтве Марыі Дзмітрыеўны, яе сумесных гадах з Коласам, аб выхаванні дзяцей.

У Выдавецкага дома «Звязда» ужо склаўся пэўны накірунак працы — некалькі гадоў таму была выдадзена кніга, прысвечаная сярэдняму сыну Якуба Коласа Юрку. На гэта падчас прэзентацыі звярнуў увагу старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч:

— Гэты накірунак здаецца мне вельмі актуальным. Нягледзячы на такое шырокае развіццё коласазнаўства, усё ж такі хапае крыніцазнаўчых матэрыялаў і накірункаў, па якім маглі бы ісці даследчыкі, пісьменнікі, журналісты і чытачы, якія наноў адкрыюць жыццё Коласа. Наш выдавецкі дом плануе выдаць яшчэ адну кнігу, звязаную з імёнамі сыноў Якуба Коласа. Спадзяюся, што коласазнаўства стане добрай рысачкай на фоне іншых праектаў, якія ладзяцца ў Выдавецкім доме «Звязда». Выказваю падзяку ўсім, хто працаваў над гэтай кнігай. Усім раю звярнуцца да яе, каб уразіцца постаццю Марыі Дзмітрыеўны.

Кніга стварае мастацкія партрэты як жонкі класіка, так і самога Якуба Коласа, іх найбліжэйшага атачэння. Праз лісты адкрываецца ўнутраны сусвет сям’і. Як было адзначана падчас прэзентацыі, выданне можа паслужыць падручнікам па сямейным жыцці. Прадмову да кнігі стварыў даследчык беларускай літаратуры, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус:

— Вельмі добра, што нашчадкі рупяцца аб творчай спадчыне сваіх таленавітых продкаў. Дакументы, уключаныя ў кнігу — запрашэнне да роздуму. У выданні можна сустрэць і ліставанні, і фотаздымкі, і ўспаміны, і навуковыя інтэрпрэтацыі. Галоўнае, што нарэшце грунтоўна разгледжана тэма сям’і Якуба Коласа. 

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс паведаміла, што наступная прэзентацыя выдання «Табой я жыў, табой жыву...» адбудзецца 13 кастрычніка ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Астроўскага.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.