Вы тут

«Свята» заўсёды крочыць з народнай музыкай!


Культура — асноватворны складнік гісторыі любой краіны. Народныя танцы, песні і музыку павінен ведаць і шанаваць кожны жыхар сваёй радзімы. Менавіта таму ў Год гістарычнай памяці мы ўзялі інтэрв’ю ў мастацкага кіраўніка заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» Вячаслава Статкевіча.


— Наш калектыў стаў першым у Беларусі прафесійным фальклорным ансамблем, які пачаў адраджаць народную музычную спадчыну сваёй краіны. Ансамбль створаны пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1984 годзе. Канцэртная праграма была пабудавана на музычным фальклоры беларускага Палесся — скарбніцы духоўнай культуры заходніх славян. Найгрышы і песні, запісаныя непасрэдна ў народных музыкантаў і выкананыя на старажытных і традыцыйных інструментах з захаваннем манеры і каларыту гучання, сталі блізкімі і зразумелымі не толькі беларусам, але і людзям розных нацыянальнасцяў. У нашым ансамблі мы не толькі стараемся захоўваць свае традыцыі, але і ўводзім нешта новае, паколькі час ляціць вельмі хутка і ўсё мяняецца. А ўвогуле, я лічу, што народная музыка, музыка роднай краіны актуальная ва ўсё часы!

Нягледзячы на тое што трэнды ў свеце музыкі мяняюцца з хуткасцю святла, «Свята» застаецца заўсёды на хвалі тэндэнцый. Штогод ансамбль дае каля шасцідзесяці пяці канцэртаў па ўсёй Беларусі, у тым ліку дабрачынных. Асабліва часта і з любоўю калектыў прапагандуе народную творчасць у невялікіх гарадах, раённых цэнтрах і аграгарадках. Да таго ж ён актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях, мерапрыемствах, а таксама ў канцэртах, прысвечаных святочным датам. Сярод іх «Майстры мастацтва — працаўнікам сяла», «Беларусь — гэта мы», «Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця», «Дзень Беларускага пісьменства», Рэспубліканскі фестываль «Пеўчае поле», фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна», Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і многія іншыя.

— Спалучэнне музыкі і танца дало магчымасць ствараць нам яскравыя канцэртныя праграмы, якія з вялікім поспехам прымаюцца як у нас на радзіме, так і далёка за яе межамі. Ансамбль «Свята» не раз браў удзел у міжнародных фестывалях мастацтваў, выступаў з канцэртамі ў Расіі, Украіне, Малдове, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Канадзе, Аўстрыі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Венгрыі, Індыі, Лаосе, Карэі, Кітаі, Азербайджане, Узбекістане, Туркменістане, Эфіопіі, Венесуэле, атрымліваў захопленыя водгукі публікі і прэсы, адзначаўся дыпломамі і ўзнагародамі. За час свайго існавання Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята» даў больш за дзесяць тысяч канцэртаў.

У цяперашні час у рэпертуары мноства канцэртных праграм, якія ўключаюць сінтэз розных жанраў мастацтва, што з'яўляецца візіткай калектыву. У рамках аднаго канцэрта глядач зможа пачуць беларускія народныя і аўтарскія песні, любімыя хіты ў арыгінальнай апрацоўцы, убачыць цудоўныя пастаноўкі танцаў з элементамі ўвасаблення беларускіх нацыянальных традыцый. Сярод найбольш вядомых твораў, якія ўваходзяць у рэпертуар калектыву, — візітоўка «Цячэ вада ў ярок», упадабаныя народныя і аўтарскія песні «Мамачка родна, пусці на сяло», «Мае вочы чорныя», «Пасею гурочкі», «Калі каліна не цвіла», «Распрагайце, хлопцы, коней», «Нясе Галя ваду», «Бульбашы», «Бывайце здаровы», віртуозныя музычныя замалёўкі і найгрышы «Галоп», «Шэр», «Шастак», «Іванаўская полька» і іншыя.

—  Цяпер у нашым калектыве дваццаць тры чалавекі рознага ўзросту, ёсць зусім маладыя рабяты, якія пачынаюць сваю кар'еру, але ўжо шмат дасягнулі ў прафесійным росце дзякуючы сваім упартасці і таленту. Ёсць, вядома, і «старажылы» сцэны, удастоеныя розных званняў і ўзнагарод. Напрыклад, я з'яўляюся ўладальнікам медаля Францыска Скарыны. У свой час у Беларускім дзяржаўным ансамблі народнай музыкі «Свята» працавалі заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь: Васіль Купрыяненка — стваральнік ансамбля, Святлана і Уладзімір Салодкія, Міхаіл Ліпчык, Анатоль Кашталапаў, Марыя Маршак, народны артыст Беларусі Якаў Навуменка, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Дудчанка, пастаноўшчык, фалькларыст Мікалай Котаў, салісты Міхаіл Пацук, Наталля Брацлоўская, Святлана Голуб і многія-многія іншыя.

Акрамя вядомых і таленавітых артыстаў, ансамбль народнай музыкі «Свята» славіцца сваімі ўзнагародамі. Так, у 2004 годзе калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай ГА «БРСМ» за вялікі ўклад у выхаванне творчай моладзі і ганаровай граматай Міністэрства культуры. Таксама ў 2011 годзе калектыву ўручылі ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за заслугі ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і шматгадовую дзейнасць па прапагандзе беларускага народнага мастацтва. У 2019 годзе ўзнагароджаны ганаровай граматай Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую дзейнасць па прапагандзе і папулярызацыі беларускага фальклорнага мастацтва і выдатныя творчыя дасягненні, ганаровай граматай прафсаюза работнікаў культуры, спорту і інфармацыі ды многімі іншымі. Акрамя гэтага 31 снежня 2019 года Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю народнай музыкі «Свята» прысвоена ганаровае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».

Народная музыка — гэта той від мастацтва, які, нягледзячы на ўвесь тэхналагічны прагрэс і модныя плыні, застаецца актуальным і важным заўсёды. Інтэрв'ю з мастацкім кіраўніком заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» Вячаславам Статкевічам яшчэ раз даказвае гэта! Мы жадаем Вячаславу і ансамблю творчых поспехаў у развіцці культурнай спадчыны і патрыятызму.

Пра аўтара

— Мне 12 гадоў. Калі вырасту, хачу стаць журналістам, таму ўжо другі год займаюся ў гуртку для дзяцей і падлеткаў «Азы журналістыкі». Таксама займаюся спортам: гімнастыкай, плаваннем і каратэ. Цікаўлюся псіхалогіяй і IT-прасторай. Я вельмі разнастайная, камунікабельная і дапытлівая дзяўчына, якая заўжды ідзе да сваёй мэты, — такім чынам ахарактарызавала сябе Вера.


У «Чырвонцы. Чырвонай змене» — чарговая падборка найлепшых работ конкурсу «Адзіная краіна — адзіны народ»

Як і абяцалі, працягваем знаёміць чытачоў з пробамі пяра нашых юных і маладых няштатных аўтараў на тэму любові да Радзімы ў самых розных яе праявах, патрыятызму, захавання гістарычнай памяці, унёску саміх іх у справы сённяшняй маладзёжнай палітыкі. Словам, спектр кірункаў магчымых матэрыялаў быў даволі шырокі, чым і скарысталіся нашы карэспандэнты, даслаўшы свае пробы пяра ў самых розных жанрах. Знаёмцеся з чарговымі аўтарамі і сачыце за далейшымі выпускамі маладзёжнага дадатку! Яшчэ крыху — і мы назавём імёны пераможцаў конкурсу!

Вера ЮНДАВА, вучаніца 8 класа  СШ № 36 г. Мінска.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».