Вы тут

Сярод беларускіх настаўнікаў жанчыны складаюць 86,7%


У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка. Ідэя ўшаноўваць работнікаў адукацыі з’явілася ў многіх краінах яшчэ ў XIX стагоддзі. Мерапрыемствы прысвячаліся выбітным педагогам або гістарычным падзеям у сферы адукацыі. Напрыклад, Дзень настаўніка ў Аргентыне (11 верасня) быў заснаваны ў памяць выбітнога педагога-актывіста, прэзідэнта краіны Дамінга Фаўстына Сарм’ента, а ў Індыі (5 верасня) — у гонар філосафа, грамадскага дзеяча і таксама прэзідэнта краіны Сарвепалі Радхакрышнана.


Фота: pixabay.com

5 кастрычніка 1966 года ў Парыжы на Спецыяльнай міжурадавай канферэнцыі былі ў падпісаны «Рэкамендацыі, якія датычацца статусу настаўніка» — першы дакумент, які вызначыў умовы працы настаўнікаў ва ўсім свеце. Гэта падзея і лягла ў аснову маючага адбыцца свята.

У СССР свята педагогаў было заснавана Указам прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 29 верасня 1965 года. Афіцыйна Дзень настаўніка быў замацаваны ў 1980 годзе пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб святочных і памятных датах». Ён адзначаўся ў першую нядзелю кастрычніка.

А 5 кастрычніка, па рашэнні ЮНЕСКА, пачынаючы з 1994 года, адзначаецца Сусветны дзень настаўнікаў. Менавіта 5 кастрычніка адзначаюць Дзень настаўніка ў Арменіі, Азербайджане, Кіргізіі, Літве, Малдавіі, Таджыкістане, Расіі і Эстоніі.

У Беларусі свята ўстаноўлена згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі № 157 ад 26 сакавіка 1998 года «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь». З таго часу і па сённяшні дзень гэта прафесійнае свята адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка.

Некалькі фактаў пра беларускую сістэму адукацыі:

  • На сённяшні дзень у галіне працуюць каля 430 тысяч чалавек, палову з якіх складаюць педработнікі.
  • У бягучым годзе да сваіх абавязкаў прыступілі 5845 маладых спецыялістаў-педагогаў.
  • Сярод школьных настаўнікаў жанчыны складаюць 86,7 працэнта. Сярод настаўнікаў-прадметнікаў — 55 тысяч жанчын і 12,1 тысяча мужчын. Найменшая колькасць педагогаў —мужчын — сярод настаўнікаў рускай мовы і літаратуры (усяго 2 працэнта), беларускай мовы і літаратуры (2,5 працэнта), замежных моў (4,5 працэнта), біялогіі (каля 8 працэнтаў) і хіміі (8 працэнтаў). А вось сярод настаўнікаў дапрызыўнай м і медыцынскай падрыхтоўкі мужчын — 62,8 працэнта, фізічнай культуры — 61,1 працэнта, працоўнага навучання — 41,8 працэнта, фізікі — 34,3 працэнта, гісторыі і грамадазнаўчых дысцыплін — 28, 6 працэнта.
  • На аднаго настаўніка ў беларускіх школах прыпадае у сярэднім 10 вучняў: у гарадскіх школах — 12, а ў сельскіх — 5.
  • Сярэдні заробак беларускіх настаўнікаў у студзені—жніўні бягучага года склаў 1382,1 рубля.
  • У 2016 годзе Ганаровае званне «Народны настаўнік Беларусі» ўпершыню было прысвоена настаўніку фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Валерыю Барашкаву. 
  • За перыяд з 1996 па 2022 гады 116 найлепшых педагогаў краіны былі адзначаны Ганаровым званнем «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь».
  • 210 чалавек за перыяд з 1988 па 2022 год атрымалі Ганаровае званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».
  • За значны ўнёсак у развіццё адукацыі, укараненне перадавога педагагічнага вопыту, узорнае выкананне працоўных абавязкаў нагрудны знак Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі» за перыяд з 1991 па 2002 гады атрымалі 5615 чалавек і за перыяд з 2003 па 2022 год — 4427 чалавек.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».