Вы тут

«Калі вы перастаеце сачыць за сваёй спінай — набліжаеце старасць»


Гэту жанчыну, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, гродзенцы добра ведаюць. Яна — удзельніца многіх гарадскіх святаў, лаўрэат Кнігі Славы Гродзеншчыны. У яе звонкі голас і прыемныя рысы твару. Яна зусім не здаецца сталай, хоць яе узрост і набліжаецца да ого-го якой даты. А яе крэда на дзіва пяшчотнае. «Я — жанчына» — скажа ў размове Валянціна Пятроўна. — І на гэтым стаю».


Вядома, на сваім журналісцкім шляху мне не раз даводзілася сустракацца з Баранавай. Але гэтыя сустрэчы былі вельмі кароткімі, і, як правіла, з нагоды падзей. А вось так, пасядзець за гарбатай і яе знакамітымі блінамі, давялося ўпершыню. Канешне, было сумненне, ці згодзіцца Валянціна Пятроўна на сустрэчу, ці ёсць у яе настрой на размову... А калі атрымала станоўчы адказ, адразу паспяшыла ў чатырохпавярховік, што ў цэнтры горада паблізу драмтэатра. 

Гаспадыня сустрэла мяне на парозе пры поўным, што называецца, парадзе. Стройная, у чорным у абліпку бручным касцюме, з «ветэранскай» камізэлькай. Вось тут, на першых хвілінах сустрэчы яна і прачытала гэты вершык «Я — жанчына», які напісала яе знаёмая з Санкт-Пецярбурга. " У мяне шмат вершаў у запасе, — прызналася яна. — Яны прыходзяць на дапамогу, калі хачу выказаць сваё адчуванне, эмоцыі. Я часта іх дэкламую, і калі пачынаю чытаць вершы, зала замірае, бо гэта захапляе». 

Пра Баранавау нямала напісана, але кожны раз усплывае нешта новае з яе лёсу. Напрыклад,  гэтым разам я даведалася, што жанчына прымала ўдзел у сустрэчы з вядомым ілюзіяністам і менталістам Вольфам Месінгам, які выступаў у Гродне. Адзін з яго канцэртаў праходзіў у аздараўленчым летніку, дзе працавала мая суразмоўніца. Трэба сказаць, што і сама Валянціна Пятроўна марыла стаць артысткай. Нават брала ўрокі ігры на піяніна ў францужанкі. Але вайна парушыла ўсе планы. У 1941 годзе яна скончыла школу ў Абакане, куды ў 30-я гады пераехалі бацькі з Краснаярскага краю. Увесь клас ішоў сустракаць світанак, а раніцай даведаліся, што пачалася вайна.

Сямнаццацігадовая Валянціна рвалася на фронт, тройчы пісала заяву, але змагла трапіць толькі праз год і была залічана старшым тэлеграфістам. Яе баявы шлях ляжаў ва Украіне, Польшчы, Германіі. Перамогу сустрэла ў Празе. Сведкі гэтага шляху — ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Прагі», «За перамогу над Германіяй»…

У 50-я гады пераехала з мужам і двума сынамі ў Гродна

— Горад мне спадабаўся, утульны, невялікі, — успамінае жанчына. — Яшчэ было многа прыкмет вайны. Але было відавочна, што гараджане любяць свой горад і імкнуцца яго ўзнавіць. Ішло будаўніцтва. А калі нарадзілася дачка, горад стаў мне па-сапраўднаму родным. 

А як жа мара? Аказваецца, яна хоць і адышла на другі план, але не знікла. Менавіта тут, у Гродне, Валянціна атрымала спецыяльнасць выкладчыка музыкі і затым чвэрць стагоддзя працавала ў сваім жа вучылішчы (зараз Гуманітарны каледж). 

Не чакаючы маёй просьбы, Валянціна Пятроўна вядзе мяне ў другі пакой, дзе стаіць чорнае піяніна. Яна адчыняе крышку і нечакана гучна ліецца мелодыя папулярнага рамансу, яшчэ нешта знаёмае і нарэшце гукі шчымлівага маршу «Развітанне славянкі». Пад уплывам музыкі вяртаемся да стала. 

Падчас размовы Валянціна Пятроўна не забывае частаваць мяне блінамі. Іх яна выпякае толькі на малацэ. Тонкія, наздраватыя, апетытныя. Да іх гатуе яблычнае павідла, лёгкае і натуральнае. Яно патрэбна і для яе фірменных рагалікаў. Гаспадыня наракае, што іх не засталося. Кажа, вельмі хутка разыходзяцца. Мабыць таму, што натура ў Валянціны Пятроўны вельмі шырокая, гасцінная. Мне давялося быць сведкай, як гаспадыня частавала паштальёнку, якая прынесла карэспандэнцыю. Без пачастунка гаспадыня яе проста не адпусціла.

— Каб не менш трох бліноў з’елі, — кажа яна мне і налівае другі кубак гарбаты з водарам маліны.

Мне ж хочацца даведацца, на якой такой дыеце сядзіць мая суразмоўніца, каб захаваць такую спартыўную фігуру. Але аказалася, што дыеты ніякай няма. Толькі ад малака адмовілася. Маўляў, у старэйшым узросце не рэкамендуецца яго піць. Ну і абмежаванасць у аб’ёме стравы. 

— Раней ціск «скакаў, пульс быў нізкі, — прызнаецца жанчына. — Гадоў пяць таму мне паставілі кардыёстымулятар. — Цяпер ціск нармальны, сэрца працуе, як гадзіннік. За гэты час не звярталася да ўрачоў.

Праўда, не абыйшоў бокам Валянціну Пятроўну і каранавірус. Сёлета перахварэла ў лёгкай форме. Лічыць, што праблемы з памяццю — гэта якраз і ёсць наступствы інфекцыі. Праўда, такіх праблем асабіста я не заўважыла. 

Затое звярнула ўвагу на трэнажор. Валянціна Пятроўна тут жа сядае і пачынае круціць педалі. «Займаюся цяпер не так часта, але сістэматычна, карысць ад яго таксама ёсць», — каментуе яна. 

Аб фізічнай нагрузцы трэба расказаць асобна. Бо яна займае даволі значнае месца ў жыцці маёй гераіні. Вядома, ж лецішча. «Я працую на дачы, як 20-30 гадоў таму, і ўсе лічаць, што так і павінна быць. Капаю, саджу, вёдры нашу. Вырошчваем і радыску, і моркву, і памідоры, і перцы... Я сваю энэргію расходую на працу. Па доме, напрыклад. Люблю грыбы збіраць, магу цэлы дзень па лесе хадзіць. Каля дому под вокнамі займаюся кветнікам — саджу, праполваю», — 

— Ведаеце, — кажу я ёй, — у мяне ў галаве не ўкладваецца гэтая лічба  — 99...

— У мяне самой яна не ўкладваецца, — смяецца Валянціна Пятроўна і дэманструе нахіл рукамі да падлогі на выцягнутых нагах.

Выпрастаўшыся, вельмі грунтоўна расказала мне галоўны запавет свайго стану. 

— Я ўвесь час сачыла за спінай. З трох гадоў. Маці мне заўсёды казала : як ты трымаеш спіну? А яшчэ балярынай хочаш быць! Гэта фраза засталася на ўсё жыццё. Я выходжу з дому, а ў мяне у вушах гучыць яе наказ, гэтая фраза. І я тут жа выпрамляюся, іду, як салдат. З прамой спінай, — кажа яна. 

Мая суразмоўніца ўпэўнена: пакуль чалавек кантралюе сваю спіну, і ўнутры ўсё будзе ў норме. Калі чалавек сгінаецца, ён заціскае які-небудзь нерв. Вось чаму пазванок павінен быць прамым. 

— Выйшлі з дому, і прайдзіце прама, няхай вам здаецца, што гэта не натуральна і на вас усе глядзяць, гэта пройдзе. Але калі вы перастаеце сацчыць за спнай, вы набліжаеце старасць. Я заўседы кіруюся словамі мамы. Таму калі выходжу на вуліцу, я іду пад кантролем. Хочаш жыць доўга — хадзі прама, — раіць яна. 

Акрамя фізічнага стану жанчына важнае значэнне надае псіхалагічнаму здароўю. І тут галоўны прынцып — быць аптымістам. Як гэтага дасягнуць? — пытаюся. 

— Вядома, чалавек не можа не рэагаваць на нейкія стрэсавыя сітуацыі, але самае галоўнае — не зайздросціць іншым людзям, не абгаворваць і не судзіць іх. Вы можаце перажываць за што-небудзь, але калі вы пастаянна абмяркоўваеце чыйсьці лёс з негатывам, гэта для здароўя дрэнна. Калі мне нехта не падабаецца, я проста не маю адносін з ім, я стараюся кантактаваць з тымі, хто мне па душы. Мае дзве сяброўкі, таксама ветэраны, не так даўно пайшлі з жыцця, але ёсць нямала прыяцеляў у гуманітарным каледжы, дзе я працавала. Мяне добра сустракаюць у воінскай частцы, нават успаміны аб гэтым падымаюць настрой. 

І гэтыя ўсталёўкі мне, здаецца, вартыя таго, каб да іх прыслухацца. Бо яны прагучалі з вуснаў чалавека, узрост якога набліжаецца да стагоддзя. Дарэчы, мы гаварылі яшчэ і аб іншых рэчах. Пераглядалі фотаздымкі. А на «дарожку» Валянціна Пятроўна заставіла мяне ўзяць з сабой яе фірменныя бліны і вялікую дачную грушу. «А цяпер пайду цеста для рагалікаў замешваць, сын якраз прывёз грэцкіх арэхаў для начыння», — сказала яна на развітанне. — Другі раз абавязкова папярэджвайце за дзень-два аб прыездзе. Тады пачастую сваёй каронным печывам»…

Маргарыта УШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.