Вы тут

Се Сяаюн: «Кітайска-беларускае супрацоўніцтва пойдзе па паскораным шляху развіцця»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін дамовіліся аб гістарычным уздыме супрацоўніцтва на новы ўзровень. Пра гэта стала вядома падчас сустрэч лідараў дзвюх краін у Самаркандзе. «За 30 гадоў дыпламатычных адносін Кітая і Беларусі нашы двухбаковыя адносіны бесперапынна павышаюцца, — адзначыў Сі Цзіньпін. — Сумесна са спадаром Прэзідэнтам дасягнутыя дамоўленасці эфектыўна рэалізоўваюцца, усебаковае супрацоўніцтва дзвюх краін адрозніваецца трываласцю і ўстойлівасцю».


Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кітайскаму калегу за тое, што ў няпросты час — пандэмію і нестабільнасць у свеце — бакі знайшлі ў сабе сілы і рашучасць для таго, каб вывесці адносіны на новы ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. «На вельмі прыстойны і дастойны ўзровень. І мы зробім усё для таго, каб вы не пашкадавалі аб гэтым і не памыліліся ў сваім выбары», — запэўніў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Як развіваецца беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, чаго ўдалося дасягнуць і што намечана зрабіць сумеснымі намаганнямі дзвюх краін, у эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе» распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се СЯАЮН.

— Спадар пасол, многія ключавыя аспекты нашага супрацоўніцтва абмяркоўваюцца на ўзроўні найвышэйшага кіраўніцтва дзвюх дзяржаў. Гэта, безумоўна, надае магутны імпульс узаемадзеянню, яго паглыбленню і пашырэнню. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін нядаўна сустрэліся ў Самаркандзе і дамовіліся аб гістарычным уздыме двухбаковых адносін на новы ўзровень. Што гэта значыць для нашых краін?

— 15 верасня Старшыня Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэліся на палях 22-га пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Самаркандзе і сумесна аб'явілі аб вывядзенні двухбаковых адносін на ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.

Гэта азначае, што кітайска-беларускія адносіны здзейснілі гістарычны скачок, а таксама што супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў розных галінах адкрыла новыя перспектывы развіцця.

У ходзе сустрэчы кіраўнікі дзвюх дзяржаў высока ацанілі дасягненні кітайска-беларускага супрацоўніцтва ў розных галінах за 30 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю, правялі паглыблены абмен думкамі і дасягнулі шырокіх дамоўленасцяў па кітайска-беларускіх адносінах, а таксама па агульных міжнародных і рэгіянальных заклапочанасцях. Пасля сустрэчы была прынята Сумесная дэкларацыя аб устанаўленні адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь, а таксама былі падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, юстыцыі, сельскай гаспадаркі, электроннай камерцыі і гэтак далей, што, несумненна, надае новы імпульс паглыбленню і пашырэнню двухбаковага супрацоўніцтва ў розных галінах. Цяпер Кітай і Беларусь актыўна рэалізуюць важныя дамоўленасці, дасягнутыя кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, і прасоўваюць кітайска-беларускае супрацоўніцтва на карысць дзвюх краін і народаў.

— Як вы характарызуеце дынаміку кітайска-беларускага супрацоўніцтва на дадзеным этапе ў кантэксце прынятай Сумеснай дэкларацыі?

— «Сумесная дэкларацыя аб устанаўленні адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь» ахоплівае палітыку, эканоміку, гандаль, фінансы, навуку і тэхналогіі, адукацыю, культуру, абарону, правасуддзе і многія іншыя галіны, адлюстроўвае агульны клопат кіраўнікоў дзвюх краін аб двухбаковым супрацоўніцтве ў розных галінах, а таксама вызначае дарожную карту для будучага развіцця кітайска-беларускіх адносін. Згодна з дамоўленасцямі, дасягнутымі кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, Кітай і Беларусь прадоўжаць паглыбляць абмены на высокім і ўсіх узроўнях, умацоўваць абмены і супрацоўніцтва паміж заканадаўчымі органамі, а таксама пашыраць прамыя кантакты паміж міністэрствамі і ведамствамі, рэгіёнамі і грамадскімі арганізацыямі дзвюх краін. Абодва бакі будуць актыўна ўзгадняць нацыянальныя стратэгіі развіцця, рэалізоўваць Ініцыятывы па глабальным развіцці і глабальнай бяспецы, разам прыкладаць намаганні па стварэнні Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва. Абодва бакі будуць і надалей садзейнічаць высакаякаснаму супрацоўніцтву ў сумесным будаўніцтве «Аднаго пояса, аднаго шляху», паглыбляць двухбаковае гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае і фінансавае супрацоўніцтва, садзейнічаць далейшаму развіццю Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка, сумесна ствараць бяспечны і бесперашкодны рух грузавых цягнікоў Кітай — Еўропа. Краіны будуць умацоўваць супрацоўніцтва ў сферы лічбавізацыі, прасоўваць лічбавыя тэхналогіі ў гандлі таварамі і паслугамі, развіваць электронную камерцыю. Бакі прадоўжаць умацоўваць дзелавое супрацоўніцтва ў мытнай і транспартна-лагістычнай сферы, актыўна развіваць транзітна-транспартны патэнцыял Беларусі, падтрымліваць павелічэнне рэгулярных авіярэйсаў з Беларусі ў Кітай. Мяркуецца ўмацоўваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і пашыраць практычнае ўзаемадзеянне паміж навукова-даследчымі інстытутамі, ВНУ і прадпрыемствамі дзвюх краін. Кітай і Беларусь будуць і надалей павялічваць двухбаковыя кантакты ў сферы абароны, правасуддзя, праваахоўнасці і бяспекі, аварыйна-ратавальных службаў, а таксама пашыраць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, культуры, турызму, кіно, тэлебачання, спорту, сродкаў масавай інфармацыі і гэтак далей. Бакі таксама прадоўжаць дзяліцца адзін з адным перадавым вопытам барацьбы з пандэміяй СОVІD-19 і вызначылі прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва стварэння сумесных фармацэўтычных прадпрыемстваў, камерцыялізацыі новых прэпаратаў і тэхналогій, а таксама стварэнне ў Беларусі высакаякасных цэнтраў традыцыйнай кітайскай медыцыны. Пад стратэгічным кіраўніцтвам кіраўнікоў дзвюх дзяржаў кітайска-беларускае супрацоўніцтва набірае поўныя абароты і, несумненна, пойдзе па паскораным шляху развіцця, бесперапынна пашыраючы перспектывы развіцця.

— Наколькі зблізіліся нашыя краіны за тры дзесяцігоддзі дыпламатычных адносін?

— З моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін 30 гадоў таму ўзровень кітайска-беларускіх адносін павышаўся чатыры разы — з «сяброўскіх адносін супрацоўніцтва», «адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства», «адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва» да «адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства», дасягнуўшы рэкорднага ўзроўню. Абодва бакі паважаюць і падтрымліваюць абраны адзін адным шлях развіцця, унутраную і знешнюю палітыку, цвёрда падтрымліваюць адзін аднаго па пытаннях, якія датычацца карэнных інтарэсаў дзвюх краін. Кітай і Беларусь цесна ўзаемадзейнічаюць у ААН і іншых міжнародных арганізацыях, падтрымліваюць сувязь і каардынацыю па міжнародных і рэгіянальных пытаннях, якія маюць узаемную цікавасць, і сумесна прасоўваюць такія агульныя каштоўнасці чалавецтва, як мір, развіццё, роўнасць, справядлівасць, дэмакратыя і свабода.

Практычнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі пастаянна рушыць наперад, сумеснае будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху» дасягнула ўражальных вынікаў. Паводле даных кітайскага боку, аб'ём тавараабароту паміж Кітаем і Беларуссю павялічыўся з 60,8 млн долараў ЗША ў пачатку ўстанаўлення дыпламатычных адносін да 3,822 млрд долараў ЗША летась, павялічыўшыся амаль у 62 разы. Сёлета ў студзені — жніўні аб'ём двухбаковага гандлю дасягнуў 2,966 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся на 18,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, у тым ліку імпарт Кітая з Беларусі павялічыўся на 67,5 працэнта. Беларусь адной з першых краін адгукнулася і прыняла актыўны ўдзел у ініцыятыве Кітая «Адзін пояс, адзін шлях». Сумесна пабудаваны двума бакамі Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» стаў насамрэч «жамчужынай Эканамічнага пояса Шаўковага шляху».

Гуманітарны абмен пастаянна паглыбляецца, а супрацоўніцтва ў такіх галінах, як адукацыя, культура, спорт, СМІ і іншыя, набірае абароты з году ў год. Нашы краіны паспяхова правялі «Год турызму» і «Год адукацыі», неаднаразова ладзілі фестывалі мастацтваў, дні культуры, тыдні кіно, фотавыставы і іншыя мерапрыемствы. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі стала новым пунктам росту, колькасць пабрацімскіх правінцый, абласцей і гарадоў дасягнула 36 пар. Усе шэсць абласцей Беларусі і горад Мінск устанавілі пабрацімскія адносіны з адпаведнымі кітайскімі правінцыямі і гарадамі. З моманту ўспышкі пандэміі СОVІD-19 дзве краіны падаюць адна адной супрацьэпідэмічныя матэрыялы і абменьваюцца вопытам па барацьбе з пандэміяй. Кітайскі бок бязвыплатна перадаў беларускаму некалькі партый вакцыны супраць СОVІD-19 агульным аб'ёмам 2,9 мільёна доз, аказаўшы эфектыўнае садзейнічанне Беларусі ў барацьбе з пандэміяй, абароне жыцця і здароўя насельніцтва, што адлюстроўвае сапраўднае значэнне выказвання «сябар спазнаецца ў бядзе». Можна сказаць, што Кітай і Беларусь — сапраўдныя, добрыя сябры і партнёры, а адносіны паміж краінамі вартыя звання «ўсепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства».

— Як праходзіць Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая?

— У студзені мінулага года Старшыня Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас тэлефоннай размовы прынялі рашэнне аб'явіць 2021-ы і 2022-і гады «Годам рэгіёнаў Кітая і Беларусі». У сярэдзіне гэтага месяца, калі кіраўнікі дзвюх дзяржаў сустрэліся ў Самаркандзе, яны высока ацанілі правядзенне Года рэгіёнаў Кітая і Беларусі. Старшыня Сі Цзіньпін падкрэсліў, што абодва бакі павінны прадаўжаць ажыццяўляць адпаведныя мерапрыемствы, з чым пагадзіўся Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

У мінулым годзе Кітай і Беларусь сумесна рэалізавалі больш чым 100 розных праектаў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і абмену з удзелам большасці правінцый і гарадоў Кітая, усіх 6 абласцей і сталіцы Беларусі, а таксама асноўных дзяржаўных ведамстваў дзвюх краін, што эфектыўна садзейнічала развіццю ўзаемаразумення і кантактаў паміж рэгіёнамі Кітая і Беларусі, а таксама адыграла незаменную ролю ў развіцці дзелавога супрацоўніцтва і гуманітарнага абмену паміж дзвюма краінамі. Сёлета мы дамовіліся правесці яшчэ больш чым 50 мерапрыемстваў супрацоўніцтва і абмену, у тым ліку цырымоніі падпісання пагадненняў аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж гарадамі, абмены візітамі дэлегацый, прэзентацыі, дзелавыя канферэнцыі, навуковыя форумы, семінары, тыдні музыкі, фотавыставы, мерапрыемствы па супрацоўніцтве ў галіне медыцыны і гэтак далей. У нас ёсць падставы меркаваць, што ў рамках Года рэгіёнаў міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паглыбіцца, формы правядзення абменаў стануць усё больш разнастайнымі, а сяброўства паміж кітайскім і беларускім народамі ўзмоцніцца. Мы зробім усё магчымае для ажыццяўлення важных дамоўленасцяў, дасягнутых кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, рэгіёнамі дзвюх краін і стварэння новай старонкі ў кітайска-беларускім міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

— Як ажыццяўляецца ўзаемадзеянне ў рамках транскантынентальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях»?

— З таго часу, як восенню 2013 года Старшыня Сі Цзіньпін вылучыў ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях», яна стала самай шырокай і маштабнай у свеце пляцоўкай міжнароднага супрацоўніцтва. Асабліва ў кантэксце таго, што пандэмія СОVІD-19 зацягваецца на доўгі час, канфлікты ў сусветнай эканоміцы і палітыцы абвастраюцца, а дэфіцыт міру, развіцця і кіравання становіцца сур'ёзнай праблемай, якая стаіць перад усім чалавецтвам, ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» стала эфектыўным рашэннем, што дазваляе справіцца з нябачанымі за стагоддзе велізарнымі зменамі, што ўвасабляе мудрасць Кітая.

КНР падпісаў больш чым 200 дакументаў аб супрацоўніцтве па сумеснай рэалізацыі ініцыятывы са 150 краінамі і 32 міжнароднымі арганізацыямі. Сукупны тавараабарот з дзяржавамі, якія размешчаны ўздоўж маршруту «Аднаго пояса, аднаго шляху», перавысіў 10 трыльёнаў долараў ЗША, а прамыя інвестыцыі ў гэтыя краіны перавысілі 161,3 млрд долараў ЗША. У самым актуальным для цяперашняга свету пытанні — аб барацьбе з пандэміяй — Кітай першым выступіў з прапановай зрабіць вакцыны глабальным агульнадаступным дабром і вылучыў Ініцыятыву партнёрства «Аднаго пояса, аднаго шляху» па супрацоўніцтве ў галіне вакцын супраць СОVІD-19. Грузавыя цягнікі Кітай — Еўропа стварылі жыццёва важны бесперашкодны канал для глабальнай барацьбы з пандэміяй. Нягледзячы на сур'ёзнае ўздзеянне пандэміі на сусветную эканоміку, супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» не толькі не спынілася, але і рушыла наперад, саграваючы халодную зіму сусветнай эканомікі і становячыся для краін уздоўж маршруту шляхам супрацоўніцтва, здароўя, аднаўлення і росту.

Беларусь з'яўляецца перакананым прыхільнікам і важным удзельнікам ініцыятывы. Грунтуючыся на прынцыпах роўнасці, узаемнага выйгрышу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, нашы краіны планамерна, крок за крокам прасоўваюць сумеснае будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху», паглыбляючы супрацоўніцтва ў галіне гандлю, інвестыцый, інфраструктуры, вытворчых магутнасцяў, транспарту і гэтак далей. Паводле статыстыкі кітайскага боку, сёлета ў першым паўгоддзі колькасць рэйсаў грузавых цягнікоў Кітай — Еўропа паміж нашымі краінамі дасягнула 565, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 14 працэнтаў, што адыграла станоўчую ролю ў падтрыманні стабільнасці паставачнага ланцужка двухбаковага гандлю.

Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк, які з'яўляецца знакавым праектам супрацоўніцтва «Адзін пояс, адзін шлях», дабіўся значнага прагрэсу пасля сумеснага наведвання Старшыні Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў маі 2015 года. Зараз рэзідэнтамі Парка сталі 94 кампаніі з 15 краін з заяўленымі інвестыцыямі ў памеры больш за 1,25 мільярда долараў ЗША. Кампаніі працуюць у такіх галінах, як машынабудаванне, біямедыцына, новыя матэрыялы, электронныя камунікацыі і гэтак далей. Трэба адзначыць, што Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк стаў урадлівай зямлёй для развіцця бізнесу ў Беларусі для кампаній Кітая і шэрагу іншых краін, стварыў новую платформу для прыцягнення замежных інвестыцый, павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі і пашырэння знешняга гандлю.

Кітай гатовы прыкладаць сумесныя намаганні з Беларуссю да таго, каб у поўнай меры выкарыстаць яе геаграфічную перавагу як краіны, якая знаходзіцца ў самым цэнтры Еўразійскага кантынента, няўхільна прасоўваць будаўніцтва Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка, забяспечваць стабільнасць і бесперашкоднасць трансгранічных грузавых цягнікоў Кітай — Еўропа, выкарыстоўваць атрыманыя дывідэнды развіцця для садзейнічання экспарту беларускіх высакаякасных тавараў у Кітай, у тым ліку сельскагаспадарчай прадукцыі. Вельмі важна прасоўваць рэгіянальнае ўзаемавыгаднае эканамічнае супрацоўніцтва праз сумеснае будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху», каб кітайска-беларускія адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства служылі на карысць нашых краін і народаў.

— Ад усёй душы віншуем вялікую краіну з вялікім святам — Днём утварэння КНР. Жадаем працвітання, дабрабыту і новых перамог!

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.