Вы тут

Таццяна Атрошанка: Таленавітых людзей у моры пазёрства трэба шукаць


Наша гераіня — шматгранная асоба. Яна піша музыку, здымае кліпы, выконвае свае песні на сцэне і піша кнігі. Аўтарка цыклу песень «Унутры вялізнага горада», аўтар-выканальніца, лаўрэат прэміі «Залаты Купідон», член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар кніг паэзіі «Не я...», «Я слышу музыку во мне», зборніка казак для дзяцей «Байкі ды казкі бабкі Параскі», кіраўніца літаратурнага аб’яднання «Купалінка», рэжысёр і сцэнарыст. Таленавітая госця параўноўвае сябе з Мюнхаўзенам, які выцягвае сябе з балота: у яе жыцці не ўсё было бязвоблачна. Аднак творца лічыць сябе шчаслівай і ўпэўнена, што кожнаму ад нараджэння дадзены здольнасці, раскрыўшы якія, можна знайсці свой лёс і прызначэнне. Прыхільнікі музычнай творчасці ведаюць яе пад сцэнічным псеўданімам Кіра Трыш. А для чытача яна выступае пад сапраўдным імем — Таццяна Атрошанка. Наша гутарка — з таленавітай і прыгожай творцай аб працы настаўніцай, натхненні і яе кніжных героях.


— Таццяна, а што ў вашым творчым лёсе было першым — музыка ці вершы?

— Колькі сябе памятаю, я заўсёды нешта напявала. Я прыслухоўвалася да таго, што гучала вакол, але нашмат цікавей было прыслухацца да сябе і пачуць музыку, якая гучала недзе ўва мне. Мелодыя заўсёды прыходзіла сама, толькі заставалася яе запомніць, — гэта дадзенасць, з якой я жыву.

— Вы нарадзіліся ў пасёлку Вялікі Мох Буда-Кашалёўскага раёна. Як гэта паўплывала на вас як на будучую паэтэсу, спявачку, кампазітарку?

— Так, я нарадзілася нават не ў вёсцы, а у, як яго заўсёды называлі, пасёлку. І ў нас з ім — агульная гісторыя. Адным з заснавальнікаў гэтага маленькага населенага пункта з’яўляецца мой дзядуля, які ўслед за першым пасяленцам пабудаваў тут свой дом. Чатыры гады таму наш пасёлак святкаваў стагоддзе. Мяне запрасілі выступіць перад аднавяскоўцамі ужо ў ролі пісьменніцы і артысткі. Было незвычайна і хвалююча стаяць перад людзьмі, якія бачылі, як мяне чакала мама, якой я была, калі нарадзілася, якімі былі мае першыя крокі. Якія, нягледзячы на тое, што я даўно стала дарослай, па-ранейшаму, называлі мяне Танюшай... Дагэтуль наварочваюцца слёзы, калі ўспамінаю, як знаёмыя з маленства людзі, ужо моцна пастарэлыя, пыталіся, ці памятаю я іх... Абдымала, ківала моўчкі галавой, каб не расплакацца, бо ў горле стаяў ком, і адказвала ім сваімі вершамі:«У радасці і ў журбе згадае сэрца пра цябе,табе зямны нясу паклон — мой родны кут, мой родны дом...»

Як мне расказваюць мае родныя, усе бачылі, што нарадзілася стварэнне не зусім звычайнае. Першым маім словам быў цэлы сказ. Чытаць я навучылася сама, разглядваючы сестрыну азбуку. Некаторы час чытала ўголас зад-наперад газеты, і ўсе думалі, што гэта звычайная дзіцячая гульня, пакуль тата не здагадаўся правільна перавярнуць старонку і, узяўшы мой пальчык, стаў правільна вадзіць ім па літарах. Здзіўленню родных не было межаў.... Мая мама — бухгалтар, бацька працаваў намеснікам загадчыка раённага аддзела народнай адукацыі. Таму дома збіраліся досыць інтэлектуальныя кампаніі, якія вялі цікавыя размовы. «Дети учатся тому, что видят у себя в дому» — справядлівая прымаўка. Вось і я моўчкі іх слухала, назірала, разам з імі вучылася разважаць. У гэтым мне, можна сказаць, пашанцавала, бо паколькі я была познім трэцім дзіцем у сям’і, атачэнне ў мяне было пераважна дарослым і нават сталым. А сталыя людзі ўмелі растлумачыць дапытлівай дзяўчынцы шмат цікавага.

Да таго ж у нас заўсёды было шмат кніг. Мама ўваходзіла ў суполку кнігалюбаў, замаўляла новыя выданні. Я чытала бесперапынна, і дзякуючы гэтаму ведала, што акрамя вось гэтага прыгожага дома нумар семдзесят чатыры пад вялікімі ліпамі ў пасёлку Вялікі Мох ёсць цэлы свет, які насяляюць людзі розных культур, веравызнанняў і звычаяў. Бацькі займаліся маім развіццём, ладзілі паездкі па роднай краіне і за мяжу, але мой маленькі пасёлак Вялікі Мох для мяне — гэта нібыта Маленькая планета для Маленькага прынца Антуана-дэ-Сент-Экзюперы. Розніцы няма, у якім месцы пад сонцам нарадзіўся, галоўнае — што ў тваёй душы закладзена, і як з задаткамі дзіцяці працуюць бацькі. Мае бацькі былі ўважлівымі да мяне, і я ім вельмі ўдзячная за гэта.

— Напэўна, маладой дзяўчыне з такой чуйнай душой, тонкім лірычным пачуццём цяжка было прабівацца ў свет мастацтва і прызнання. Раскажыце, як вы спраўляліся з перашкодамі, якія паўставалі на вашым шляху? Што дапамагала рухацца наперад?

— Калі сказаць па праўдзе, то прабівацца ў свет мастацтва я яшчэ не спрабавала (смяецца). Можа быць, таму што не ведаю, як гэта трэба рабіць — менавіта прабівацца. Я проста іду сваім шляхам, на якім мне трапляюцца розныя людзі: хтосьці радуецца майму з’яўленню,некаму я не надта падабаюся, хтосьці спрабуе шкодзіць, нехта падае руку, калі я раптам аступаюся, нехта становіцца персанажам сатырычнай байкі, нехта дае сілы для напісання лірычнай песні, а хтосьці становіцца поруч са мной і ідзе побач па жыцці... Канечне, не бывае неба бязвоблачным, але... Я сустракаю шмат неабыякавых людзей, якія дапамагаюць і раскрываюць перада мной дзверы. Але ў рэшце рэшт у дасягненні пэўнай мэты галоўным для мяне было тое, наколькі я сама чагосьці хацела дасягнуць. У маім жыцці ўсё, што я маю — гэта вынік маёй працы і Боскага дазволу. Мне заўсёды дапамагала вера ў сябе, і ў тое, што мая творчасць некаму патрэбна.

Творчасць уздымае кожнага з нас над побытам і прымушае зазірнуць углыб сваёй душы і пашукаць там святло. Добра, што ў мяне гэты светлячок ёсць. Я, як той Мюнхаўзен, які выцягвае самога сябе з балота (смяецца). Творчыя людзі адчувальныя да знешніх фактараў, і я не магу сказаць, што ў мяне бясстрашны характар. Іншы раз мне здаецца, што многае з таго, што я раблю, атрымліваецца ў мяне з перапалоху (смяецца). Канечне, страшнавата ў нечым быць непадобнай да астатніх, першай пратоптваць сцяжыну ў той час, калі нехта яшчэ і шыпіць ў спіну. І вось тут мой унутраны светлячок запальвае перада мной паходню, каб я не збілася са шляху.

— Ці ёсць пэўны час, калі да вас прыходзіць натхненне?

— Вершы прыходзяць самі. Я спецыяльна не сядаю за стол пісаць іх. Песні і вершы узнікаюць і ноччу, і ўдзень. Калі прыходзіць муза, сядаю і з удзячнасцю хуценька ўсё запісваю, бо радкі забываюцца імгненна. 

— Таццяна, што прымусіла пакінуць педагагічную дзейнасць і з галавой пагрузіцца ў творчасць?

— Мне, як творчаму чалавеку, душна было сярод нарматыўных, упарадкаваных рэчаў. Хацелася больш свабоды. Адчувала, што зараз — час пісаць: казкі, песні, апавяданні ўжо прасіліся на паперу. Творчы ручай стаў ператварацца ў раку, але катастрафічна не хапала часу. І тады я пакінула сабе толькі творчасць, зрабіўшы яе сваёй прафесіяй.

Але настаўнік ува мне нікуды не знік. Уменне чамусьці навучыць трансфармавалася ў іншых відах маёй дзейнасці. Нарадзіўся цыкл дзіцячых песень «Солнышко — подсолнушек», дарэчы, яшчэ пакуль нявыдадзены. Многія песенькі з гэтага цыклу выконваліся на дзіцячым «Еўрабачанні», гучалі ў яго фінале неаднаразова. Шмат песень разышлося па многіх дзіцячых студыях. Гэта, напрыклад, дзіцячая студыя «Мікс» пад кіраўніцтвам Ірыны Раманоўскай, студыя «Спяваем разам» пад кіраўніцтвам Алены Атрашкевіч, Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя У. Г. Мулявіна пад кіраўніцтвам Святланы Стацэнкі і іншых.

Педагагічная жылка ў мяне жыве заўсёды. Яскравы прыклад — нядаўна выдадзеная кніга «Байкі ды казкі бабкі Параскі». І якраз у байках і казках я выкарыстоўваю ненавязлівае павучанне без асаблівага пафасу і маралізатарства. І самае дзіўнае, што чытачы, знаёмячыся з гэтымі творамі, убачылі ўсё тое, што я старанна хавала ад іх у галаваломках сюжэтаў і за стракатасцю характараў персанажаў. Разгадалі мае загадкі, а тое, што хацелі б разгледзець бліжэй, папрасілі паказаць на літаратурным квэсце, запрасіўшы ў БДПУ імя М. Танка. Сустрэча з будучымі настаўнікамі аказалася незабывальнай.

— Вы прымаеце актыўны ўдзел у традыцыйным Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Раскажыце, ці складана быць і паэтэсай, і кампазітарам, і вядучай гэтага мерапрыемства шмат гадоў запар?

— Гэта вельмі лёгка, прынамсі, для мяне, бо калі чалавек заняты любімай справай, у яго ўсё атрымліваецца нязмушана. Адначасова — я тая, якая спявае, вядзе, апавядае, арганізоўвае, весяліць і прымушае задумацца.

На свяце песні і паэзіі «Маладзечне-2022» я выступала на дзвюх пляцоўках. На галоўнай, паэтычнай, пляцоўцы я ўпершыню прадставіла на суд гледачоў свае новыя песні ў выкананні Народнага хора «Світанак» філіяла «Маладзечанскія электрычныя сеткі РУП «Мінскэнерга». Гэта тое, чым цяпер занятыя мае думкі. Раней я пісала творы для дзяцей, падлеткаў і дарослых ў жанры папулярнай музыкі. А цяпер вырашыла звярнуць сваю ўвагу на жанр народнай песні. Жаданне працаваць у гэтым кірунку выспявала доўга, бо патрабавала іншага разумення, іншага погляду на музыку, пэўнага духоўнага росту. Прэм’еры адбыліся. «Тупае канёк каля вады», «Да крыніцы я хадзіла» — песні, якія гледачы пачулі першымі. Я выступіла як у якасці аўтара песень, так і салісткі хора. Пасля мы атрымалі запрашэнне выступіць на галоўнай сцэне Дня беларускага пісьменства, што ладзіўся сёлета ў Добрушы. Тут мы прадставілі тры песні на мае словы і музыку — «Тупае канёк ля вады», «Стук-грук», «Заляцанні», а завяршылі сваё выступленне песняй-гімнам «Родны дом» у маім выкананні.

— Вы з’яўляецеся кіраўніцай літаратурнага аб’яднання і выпуску ў «Маладзечненскай газеце» «Купалінка». Раскажыце, калі ласка, аб гэтай старонцы вашай творчасці.

— Некалькі гадоў таму я працавала ў Палацы культуры горада Маладзечна, дзе мне даверылі кіраваць літаб’яднаннем «Агмень». У яго ўваходзіла каля дваццаці творцаў. Мы збіраліся, ладзілі творчыя вечарыны. Пасля таго як я занялася сольнай кар’ерай, мне стала не хапаць часу, і гэтую справу я пакінула. Але неўзабаве мяне ізноў запрасілі ўзначаліць літаб’яднанне, цяпер ужо пры «Маладзечненскай газеце». Я згадзілася, бо, насамрэч, не так шмат тых, хто здольны падзяліцца прыгажосцю сваёй душы. Вельмі радуюся, калі сустракаю людзей, падобных да мяне. А гэта значыць, людзей, якія цягнуцца да святла. Я ўзялася за гэтую працу, і вельмі рада, што прыходзяць новыя творцы.
Аднойчы да мяне падышоў хлопец і прызнаўся, што піша вершы. Але яго не разумеюць родныя. Я прачытала яго творы, і, на маю думку, у іх былі некаторыя хібы, але ў цэлым з гэтым матэрыялам можна было працаваць. Неўзабаве адбыўся яго паэтычны дэбют у «Купалінцы».

— Таццяна, парайце, як пра сябе заявіць пачаткоўцу-паэту?

— Трэба ўдзельнічаць у конкурсах. Таму што калі чалавек будзе празмерна сціплы, хто ж пра яго даведаецца! Трэба заяўляць пра сябе, расказваць. Напісанае трэба паказваць настаўнікам, прыходзіць у падобныя да нашай суполкі аб’яднанні, прыносіць у мясцовыя газеты. Трэба паказваць прафесіяналам — а інакш ніяк.

— Чалавеку творчаму ўласціва заўважаць кожную дробязь. На што звяртаеце ўвагу ў акаляючым свеце, што цікавіць у людзях?

— Мяне цікавіць жыццё. Нават калі ты адчуваеш сябе гэткай мудрай Васілісай, жыццё знойдзе, чым цябе збянтэжыць. Напрыклад, учора я ўбачыла, на мой погляд, сапраўднае дзіва — ваяўнічых рыбак. Яны хадзілі без вады па пяску, абапіраючыся на плаўнікі і адважна біліся, разявіўшы роцікі. Мяне цяпер пераследуе гэтае відовішча! Пэўна, пра гэта трэба нешта напісаць (смяецца). І вось так кожны раз — калі ты думаеш,што ўсё ўжо ведаеш і ўсё ўжо бачыла, жыццё падкідвае табе вось такіх рыбак-забіяк…

— Як лічыце, у творчым асяроддзі зайздрасць і канкурэнцыя — гэта з’явы неабходныя для стымулу рухацца наперад?

— Зайздрасць — цёмнае пачуццё. А вось здаровая канкурэнцыя — гэта здорава. Існуе шмат конкурсаў, батлаў, дзе людзі паказваюць сваё майстэрства. 
Калі чалавек зайздросціць, то яму ёсць над чым працаваць, у першую чаргу разглядаць гэтую праблему з пункту погляду маральных чалавечых якасцяў. Галоўнае тут, на маю думку, ператварыць разбураючую цёмную энергію зайздрасці ў светлую стваральную сілу, скарыстаўшы першую ў якасці «чароўнага пендалю» для сваёй самаацэнкі (смяецца), а далей — працаваць, канечне!

— Як адносіцеся да маладых творцаў, якія могуць скласці канкурэнцыю?

— Калі сустракаю таленавітых людзей — гэта здорава. Іх, як заўсёды, не бывае шмат. Таленавітых людзей у моры пазёрства трэба яшчэ пашукаць! Калі я бачу такіх, угаворваю прыйсці, паказаць сваю творчасць, стараюся акаляць сябе такімі людзьмі.

— Ваш любімы жанр — байка. Чаму?

— Вельмі жывы жанр. Можна пахуліганіць, выпісваючы характар персанажа, прымяніць розныя мастацкія прыёмы для выкрыцця заганаў чалавечай душы — ад усмешкі да сатыры, гратэску. Хораша прайсціся па чалавечых недахопах, не баючыся пакрыўдзіць рэальнага прататыпа, з якога ствараўся персанаж. 

— Ці часта выкарыстоўваеце вобразы-прататыпы знаёмых у сваіх байках?

— Па-рознаму бывае. У кнізе «Байкі ды казкі бабкі Параскі» практычна ўсе персанажы ходзяць па горадзе Маладзечна (смяецца). Гэта рэальныя людзі, за якімі я доўга назірала. Я падглядваю за жыццём іншых людзей. Мне цікавы ход іх думак, лагічнасць —нелагічнасць іх паводзін, вынікі, да якіх прыводзіць іх жыццё. Гэты багаж збіраецца, і для чагосьці ён помніцца. А пасля ўсё назапашанае выліваецца, напрыклад, ў зборнік казак. Так, у кнізе баек персанаж казачніцы бабкі Параскі таксама рэальны: гэта я. Мне кажуць: чаму вы не ўзялі персанаж прынцэсы для выяўлення сябе ў гэтым вобразе? А я адказваю, што калі ты хочаш змяніць свет, то пачні са сваёй бабулі, як казаў В. Гюго. Мудрая бабка Параска чытае ўнукам казкі і ненадакучліва тлумачыць, што такое дабрыня, зайздрасць, нянавісць, спачуванне, як можна дапамагчы бліжняму, як жыць так, каб дабрыня кіраваць светам.

— Што папярэднічае напісанню кнігі?

— Папярэднічае нагода, пэўны штуршок. Напрыклад, характарную басню немагчыма ўзяць з паветра. Абавязкова павінен адбыцца канфлікт.

А вось калі гаварыць пра мае песні, то часта прыхільнікі маёй творчасці здольныя лічыць, што ў мяне шмат цяжкіх жыццёвых момантаў (усміхаецца). А я проста вельмі добра назіраю за людзьмі. Як можа не закрануць смутак, такі глыбокі і пранізлівы ў вачах чалавека, ці шчырая сляза? Ці як можна не адзначыць радасці? Радасць у кожнага з нас таксама асаблівая — адзін, атрымаўшы яе, смяецца, крычыць, бяжыць некуды і траціць яе ўсю, да кроплі, а іншы сцішана ўсміхаецца, прыкрывае вочы рукамі нібыта сам сябе баіцца сурочыць... А калі чалавек кахае — гэта ж фантан пазітыву і эмоцый! А калі непадзельнае каханне? Як тут можна гэта не адчуць! Я асабіста не магу прайсці міма. Таму прымаю гэта і пераношу ў сваю творчасць. Вось адсюль і нараджаецца — ці то вясёлая дзіцячая песенька пра дзіцячы садок, ці то сумная пра непадзельнае каханне, ці то смешная пра вайну нявест (усміхаецца).

— Што для вас значаць сустрэчы з чытачамі?

— Гэта зваротная сувязь. Калі ты пішаш, ты больш расказваеш, калі не пра сябе, то пра агульны досціп. Наколькі правільна ты гэта робіш, аб чым ты апавядаеш, якою моваю — ці зразумела — незразумела, прыймальна — непрыймальна, добра — дрэнна — гэта ўсё паказвае табе сустрэча з чатачом. І ты бачыш, на што людзі рэагуюць больш жыва, актыўна. Гэта каштуе ўсіх начэй, пакут, трывог, касых позіркаў, таму што ты ідзеш сваёй дарогай. Гэта тое, дзеля чаго неабходна жыць, ты разумееш, што робіш усё правільна і знаходзішся на сваім шляху.

— Таццяна, а якія водгукі і прызнанні найбольш запомніліся?

— Шмат запамінальных уражанняў. Ёсць водгук ад земляка-артыста родам з Гомельскай вобласці, саліста заслужанага калектыву РБ, ансамбля «Бяседа» Валянціна Кірыленкі. Ён на кожным канцэрце перад выкананнем песні «Родная хата» чытае радкі з майго верша «Родны дом». Калі я выпадкова ўпершыню гэта ўбачыла, то не змагла стрымаць слёз.

Памятаю адну з маіх прэзентацый кнігі «Байкі ды казкі бабкі Параскі» ў педагагічным універсітэце імя М. Танка. Там адна са студэнтак сказала мне: «Калі я прачытала твае казкі, то спачатку «ўгарала з іх», а пасля раптоўна зразумела, што яны — геніяльныя...». Патрапіўшы да будучых настаўнікаў, я імкнулася паказаць кнігу з пункту погляду выкладання яе дзецям. Прапанавала сваю методыку працы з казкай. Праз пэўны час мяне запрасіла студэнтка, якая прысутнічала на тым маім майстар-класе, на свой першы ў жыцці адкрыты ўрок. Мне было вельмі прыемна, што на падставе маёй кнігі і маіх пажаданняў яна праводзіла заняткі. Было ўсё дынамічна, я пазнавала сябе ў паводзінах студэнткі. Маладая настаўніца ўзяла ў сваю капілку мае творы і метадычныя парады. А яшчэ часцей за ўсё водгукі на мае творы невербальныя. Калі гледачы проста плачуць, слухаючы мае вершы. Моўчкі падыходзяць, абдымаюць, падпісваюць кнігу. Проста ківаюць галавой, зазіраючы мне ў вочы.Такое не забываецца…

— На ваш погляд, якое значэнне для літаратара мае прасоўванне сябе ў сацсетках?

— Вялікае. Гэтаму цяпер трэба вучыцца ўсім, таму што калі цябе няма ў інтэрнэце, цябе няма нідзе. Усе карыстаюцца актыўна сацсеткамі. Маркетынг — гэта вельмі моцны рэсурс. Мала нешта зрабіць — трэба гэта яшчэ і данесці. Чытач, можа, і хацеў бы да цябе прыйсці, — ён проста пра цябе не ведае. Яму трэба расказаць.

— Вы аўтар і выканальніца лірычных песень і вершаў пра каханне. Але немалое месца ў вашай творчасці займаюць творы, якія адлюстроўваюць вашу любоў да радзімы — песня-гімн «Родны дом», «Да крыніцы я хадзіла», «Тупае канёк каля вады», верш «Малая радзіма»... Што для вас значыць радзіма і наколькі трэба сёння прасоўваць патрыятызм?

— Радзіма — гэта любячыя бацькі, клапатлівая сям’я, мамін пірог у дванаццаць ночы, які гатуецца для цябе, калі ты спіш. Гэта клопат, калі бацька прыносіць табе гітару ў падарунак, калі заўважае, што ты ціхенька спяваеш. Калі сябры для цябе пякуць торт на дзень нараджэння. Радзіма — гэта калі ты саджаеш абрыкосавае дрэва пад сваім акном. Калі без папярэджання едзеш дахаты, а там табе заўсёды рады. Калі вы сям’ёй абіраеце вішні і варыце разам варэнне, цікуючы духмяныя пенкі. Радзіма — гэта калі тата неўпрыкмет выцірае слязу, гледзячы на цябе з першага раду глядацкай залы. Гэта калі ты ідзеш па вуліцы, і з табой усе вітаюцца. Гэта шчодры стол у садзе, за якім твая сям’я, сябры, родныя і суседзі. Гэта фотаздымкі са шчаслівымі ўсмешкамі. Гэта першае каханне і адчуванне сябе шчаслівай. Радзіма — гэта калі мама залівіста смяецца... Радзіма — гэта адчуванне сябе маленькай кожны раз, як адчыняеш дзверы роднай хаты. Я лічу, што калі гэта ўсё ёсць у чалавека, то штучна прасоўваць патрыятызм не прыйдзецца, ён і так будзе жыць ў душы чалавека. У мяне была вось такая Радзіма. Напэўна, адсюль нараджаюцца ў мяне і песні, і вершы, і проза.

Надзея ЗУЕВА

Фота з уласнага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».