Рабочы тыдзень у Палацы Незалежнасці пачаўся з кадравага панядзелка. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка узгадніў кандыдатуры новых кіраўнікоў органаў мясцовай улады, дзяржаўных арганізацый і рэспубліканскіх органаў.
Міхаіл Бацэнка ўзначаліць Баранавіцкі гарвыканкам, Сяргей Ярэц — Жлобінскі райвыканкам. На пасаду старшыні Рэчыцкага райвыканкама заступае Сяргей Даўгалёў, старшыні Кастрычніцкага райвыканкама — Ірына Намачэнка. Лоеўскі райвыканкам узначаліць Алег Таргонскі, Лельчыцкі — Сяргей Дылюк. Кандыдатура Уладзіміра Антоненкі ўзгоднена Прэзідэнтам на пасаду старшыні Нараўлянскага райвыканкама. Валерый Хелскі — новы старшыня Гродненскага райвыканкама, Аляксандр Студнеў узначаліць Магілёўскі гарвыканкам. У Бабруйскім гарвыканкаме таксама новы старшыня — Ігар Кісель. Андрэй Кажамякін прызначаны старшынёй Слаўгарадскага райвыканкама, Вольга Прыстромская ўзначаліла Бялыніцкі райвыканкам.
Прэзідэнт адразу наладзіў новым кіраўнікам мясцовых органаў улады своесаблівы экзамен: пацікавіўся сітуацыяй у рэгіёне і даў канкрэтныя даручэнні. Галоўным пытаннем стала, зразумела, сельская гаспадарка — завяршэнне ўборачнай кампаніі і пачатак пасяўной. Напрыклад, у Валерыя Хелскага, прызначанага старшынёй Гродзенскага райвыканкама, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ўсё на палях прыбрана. «Убіраем буракі, 40 працэнтаў па раёне ўбралі. На зерне кукурузу ўбіраем», — далажыў кіраўнік раёна.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў новага старшыню Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Студнева, што ціск на яго будзе неймаверны, паколькі на яго вялікі разлік. Па словах кіраўніка дзяржавы, нягледзячы на тое, што ў Магілёве шмат зроблена, трэба даганяць іншыя гарады. «Настройваемся адразу на прыстойны тэмп», — рэзюмваў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама параіў рыхтавацца да сур’ёзнай працы і старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Андрэю Кажамякіну. Рэгіён няпросты. Прэзідэнт нагадаў, што неабходна праверыць, як рэалізуюцца мерапрыемствы праграмы развіцця паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці.
Новай старшыні Бялыніцкага райвыканама Вользе Прыстромскай беларускі лідар расказаў, што ў савецкія часы ўсе хацелі працаваць у гэтым раёне. «Табе дастаўся цікавы раён, але праблем там нямала. Асабліва культура земляробства, кінутых земляў нямала, прашу звярнуць на гэта сур’ёзную ўвагу», — папярэдзіў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не будзе навучаць і настаўляць новых кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Гэта, па яго словах, людзі вопытныя, дасведчаныя, якія ведаюць, куда ідуць. «Калі шчыра казаць наконт будучага месца вашай працы, — у асноўным гэта сельская гаспадарка. Тут у вас увогуле ніякіх не можа быць праблем», — сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што самае галоўнае — для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў адкрыўся неабсяжны рынак. Кіраўнік краіны падкрэсліў, што Беларусь можа ўсё прадаць на рынках Расіі і Кітая. Віцэ-прэм’ер Леанід Заяц, які кантралюе аграрна-прамысловы комплекс, дакладвае, што ў краіне можна ў два разы павялічыць вытворчасць і ўсё прадаць па добрых цэнах. «Адкрыўся рынак, і цэны больш прыстойныя. Па сельскай гаспадарцы ўвогуле не павінна быць ніякіх праблем. Гэта 85 працэнтаў вашай працы. Астатнія — у кожнага ёсць раён, ёсць адукацыя, культура, ахова здароўя і гэтак далей. Гэтым трэба займацца. Хаця я не ўяўляю, што ў вашых раёнах там нейкі заняпад ці праблемы ў сацыяльнай сферы», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адразу папярэдзіў, што жорсткія патрабаванні будуць прад’яўлены да інвестыцыйнага праекта, які старшыні райвыканкамаў павінны ажыццявіць у кожным раёне. «У кожным раёне трэба стварыць новае прадпрыемства, новы аб’ект, прыкладна да 100 чалавек працоўных месцаў. Перспектыўнае добрае прадпрыемства, прадукцыю якога можна будзе прадаць найперш на знешніх рынках», — у каторы раз паўтарыў задачу кіраўнік дзяржавы. Гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі Адміністрацыі Прэзідэнта і ўрада. «Не дай бог будзе правалены гэты праект. У наступным годзе паглядзім, якія праекты рэалізавалі старшыні райвыканкамаў. Гэта нават не абмяркоўваецца», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама нагадаў, што Беларусь актыўна супрацоўнічае з Расіяй па ўсіх напрамках. І калі сёння з Расіі сышлі заходнія кампаніі, адкрыўся неабсяжны рынак. Вядома, адна Беларусь не справіцца з тым, каб запоўніць гэты дэфіцыт. Але, па словах беларускага лідара, наша прамысловая і сельскагаспадарчая прадукцыя вельмі запатрабавана ў Расійскай Федэрацыі, перш за ўсё па напрамку імпартазмяшчэння. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паставіў перад старшынямі райвыканкамаў канкрэтную задачу — уключацца і дадаваць. «Размовы што санкцыі, мабілізацыя і вайна, яшчэ штосьці не прымаюцца. Забудзьцеся пра гэта. Вы павінны бачыць свой раён, сваіх людзей. Вы павінны своечасова пасеяць, сысці ў зіму, падняўшы зябліва і рыхтавацца да вясновай сяўбы», — канстатаваў ён.
Прэзідэнт заўважыў, што дажджы скончацца і таму трэба прыбраць тое, што яшчэ засталося, асабліва кукурузу на зерне. Магчыма, яшчэ недзе засталіся бульба і цукровыя буракі. У некаторых раёнах трэба прыбраць лён. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тое, што для таго, каб скончыць уборку, трэба мабілізаваць усіх. Ён звярнуў увагу, што ў некаторых школах забаронена прыцягваць дзяцей да збору ўраджаю. «Большай дзікасці я ўявіць не магу. Мы спрабуем выхаваць нашых школьнікаў, дзяцей. На чым іх выхоўваць? Балбатнёй? Балбатнёй не выхаваеш», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, як раней студэнты ездзілі ў верасні «на бульбу». Па словах Прэзідэнта, гэта аб’ядноўвае, гуртуе людзей, яны разумеюць, што гэта такое. «Не, гэта „эксплуатацыя“. Якая эксплуатацыя, калі чалавек 5 — 6 гадзін папрацуе? Бацькам у радасць, і дзіцяці добрая фізічная падрыхтоўка. Мы ўсе працавалі, я дык дакладна. Мы не працавалі, мы ўкалвалі, і дай бог як. Мабілізоўвайце студэнтаў, працоўных, дзяржаўных служачых, іншых людзей, каб дапамагчы гэта ўсё сабраць. Грошы прыстойныя можам зарабіць, не зараз, дык вясной», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама заўважыў, што трэба сачыць за тым, каб існавалі стабілізацыйныя фонды, каб людзям было што есці. Прэзідэнт канстатаваў, што цэны на бульбу, буракі, моркву, якія мы вырошчваем, не павінны расці ў геаметрычнай прагрэсіі. «На імпартныя тавары мы разбярэмся па цэнах. Галоўнае, каб наша аналагічная прадукцыя кантралявалася па цэнаўтварэнні», — сказаў ён.
Беларускі лідар заўважыў, што спраў сёлета яшчэ шмат. Ён папрасіў кіраўнікоў мясцовых органаў улады сур’ёзна да гэтага паставіцца і дастойна скончыць сельскагаспадарчы год. Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што кожны старшыня райвыканкама павінен сачыць за сітуацыяй на рынку працыў сваім раёне. Засяродзіўся кіраўнік дзяржавы і на рабоце з кадрамі на месцах.
Былога міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка, які пайшоў на павышэнне і цяпер займае пасаду віцэ-прэм’ера, у міністэрстве замяніў Аляксандр Рагожнік, да нядаўняга часу генеральны дырэктар Мінскага маторнага завода. «Пётр Аляксандравіч, гэта ваша сфера, і я вас папярэджваў не адзін раз, што памылак быць не павінна. Асабліва з міністрам прамысловасці», — звярнуўся Прэзідэнт да Пятра Пархмочыка. Віцэ-прэм’ер запэўніў, што кандыдатура на пасаду міністра прамысловасці падабраная абсалютна правільна. Па яго словах, Аляксандр Рагожнік мае вялікі вопыт работы кіраўніка і добра ведае сваю галіну. Падчас яго працы на Мінскім маторным заводзе была праведзена вялікая работа над мадэрнізацыяй прадпрыемства, завод выйшоў на высокі ўзровень інвестыцыйнага развіцця, у калектыве склаўся добры мікраклімат. «Прадпрыемства працуе сістэмна, нарошчвае аб’ёмы вытворчасці, з’яўляюцца новыя віды прадукцыі, якая экспартуецца за межы Рэспублікі Беларусь», — расказаў Пётр Пархмочык.
Прэзідэнт пацікавіўся, хто заменіць Аляксандра Рагожніка на Мінскім маторным заводзе. Па яго словах, нагрузка на завод будзе прыстойная. «Замену мы падрыхтавалі. Кіраўнік будзе з іншага прадпрыемства. З добрым вопытам работы на Беларускім аўтамабільным заводзе. Малады, перспектыўны», — адказаў Пётр Пархомчык.
Аляксандр Рагожнік расказаў, што на Мінскім маторным заводзе створаны калектыў спецыялістаў, якія могуць выканаць усе пастаўленыя тэхнічныя задачы. На прадпрыемстве распрацавана стратэгія, усё раскладзена па палічках. Таму на пасадзе генеральнага дырэктара патрэбен чалавек, які б гэту работу ўзначаліў і павёў наперад. «Мінскі маторны завод стаў самым буйным вытворцам рухавікоў на постсавецкай прасторы. У гэтым годзе выйдзем на аб’ём больш за 50 тысяч матораў. Мы сёння робім рухавікоў столькі, колькі тры вытворцы ў Расіі. Самае галоўнае, мы закрылі ніжнюю лінейку — усё, што трапіла пад санкцыі. Мы не спынілі трактарны завод, „АМКАДОР“ па гэтай лінейцы», — расказаў Аляксандр Рагожнік.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што імпартазамяшчэнне будзе важным не толькі па рухавіках, але і па іншых камплектуючых. «Як бы ні было складана, калі мы цяпер на нашым рынку, перш за ўсё постсавецкім, расійскім, апярэдзім канкурэнтаў, мы будзем, як прамыслоўцы гавораць, у шакаладзе», — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што кіраваць цэлай галіной складаней, чым адным заводам. «Калі на маторным заводзе ўсё так, як вы мне кажаце, значыць, вы там рэвалюцыю здзейснілі. У нас было шмат прэтэнзій да маторнага завода. Вы работнікі вытворчасці, вы ведаеце, што трэба ісці, не спыняючыся і не бяздзейнічаць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама звярнуў увагу, што новаму міністру патрэбны будуць намеснікі. Так, намеснікам міністра прамысловасці назначаны генеральны дырэктар «АМКАДОРА» Аляксандр Яфімаў.
Колішні намеснік міністра прамысловасці Андрэй Буйневіч будзе кіраваць «ІНТЭГРАЛАМ». «Сам ідзеш? Ці прагналі?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ў яго. Андрэй Буйневіч адказаў, што на новую пасаду ідзе свядома. Ён расказаў, што вытворчасць яму знаёмая. Андрэй Буйневіч — старшыня назіральнага савета дадзенага таварыства. Будучы намеснікам міністра, курыраваў гэтую галіну.
«Самая цяжкая, праблемная, але вельмі запатрабаваная тэма», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, на нядаўніх перагаворах з Уладзімірам Пуціным расійскі прэзідэнт сказаў, што гатовы плаціць любыя грошы за прадукт мікраэлектронікі. «Трэба прызнацца, мы прыстойна загубілі на постсавецкай прасторы гэты кірунак. Без яго нельга, без яго не лятаюць ні самалёты, ні ракеты, высокадакладная зброя не працуе — нічога не працуе. Дзякуй богу, што мы захавалі гэтую вытворчасць. Таму я недарма сказаў, што трэба разабрацца ў гэтай вытворчасці глыбока, арганізаваць працэс. Там патрэбен капітальны прарыў», — адзначыў Прэзідэнт. Па яго словах, у гэтую сферу будуць інвесціраваць і беларусы, і расіяне, бо адкрываецца глабальны рынак: беларуска-расійскі, постсавецкі. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што добрую прадукцыю купяць усюды, але канкурэнты шалёныя. «Дзякуй богу, што яны сышлі з нашага рынку, значыць, мы будзем запатрабаваныя. Таму з Расіяй разам трэба займацца гэтым напрамкам, таксама не салодка будзе. Разбірайся, унікай», — параіў кіраўнік дзяржавы новаму дырэктару.
Новы генеральны дырэктар і на «Магілёўхімвалакне». Ім стаў былы дырэктар Завода горнага воску Уладзімір Маркаў. «Хацелася б, каб ужо з сённяшняга дня ты ўжо пачаў там дабаўляць. Не сказаць, што мы яго ўпусцілі. Проста спадзяваліся залішне, што там цяперашні ці былы — як яго назваць — дырэктар паправіць справу. Але па розных прычынах, у тым ліку аб’ектыўных, не ўсё атрымалася. Таму мы ад цябе таксама чакаем там не рэвалюцыі, але вельмі сур’ёзных зрухаў», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў прарэвізаваць на «Магілёўхімвалакне» намечаныя праекты, пры неабходнасці рэалізаваць іх у паскораным парадку. «Хімвалакно» для Магілёва — ты ведаеш што. Гэта вельмі важнае прадпрыемства«, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Былы старшыня Бярозаўскага райвыканкама Сяргей Барташ прызначаны памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектарам па Гомельскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на гэтую пасаду было пяць-шэсць прапаноў, але Сяргея Барташа выбралі як чалавека, які прайшоў усе прыступкі. «Самае галоўнае, твой вопыт павінен паспрыяць руху Гомеля наперад. Там працуе былы міністр сельскай гаспадаркі. Яму трэба добрая падтрымка ў тваёй асобе ў якасці памочніка Прэзідэнта. І з кадрамі там няпроста, а ты інспектар — табе прыйдзецца кантраляваць падбор кадраў і потым навядзенне парадку, дысцыпліну», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што трэба пакласці канец цякучцы кадраў. «Шалтай-балтай, хачу працую, хачу не, заяву кінуў, пайшоў у камерцыйную структуру працаўладкаваўся — гэтаму трэба пакласці канец. Павінен быць жалезны парадак. Не прыгоннае права, але парадак павінен быць», — падкрэсліў беларускі лідар.
Пэўныя змены адбыліся і ў кіраўніцтве рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Пасаду першага намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва заняў Алег Швец, намесніка міністра — Аляксандр Шваюноў. Першым намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызначаны Аляксандр Корбут, намеснікам міністра ў гэтым жа ведамстве — Іван Прыходзька. Алег Казарэдаў прызначаны старшынёй праўлення ААТ «Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі «Белінвестбанк». Намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама стаў Андрэй Жук, членам Гродзенскага аблвыканкама — Анатоль Дарожка. Членам Мінскага гарвыканкама прызначаны Юрый Фралоў.
Міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік:
— Прэзідэнтам дадзена даручэнне па захаванні дынамікі росту аб’ёма прамысловай вытворчасці, па нарошчванні экспартных паставак. Таксама асаблівую ўвагу трэба будзе ўдзяліць замацаванню кадраў, рэалізацыі імпартазамяшчальных праектаў, якія ажыццяўляюцца нашымі прадпрыемствамі, нарошчванню супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Такія праекты ў цяперашні час ужо ўзгоднены з расійскім бокам, вызначаны крыніцы фінансавання, у бліжэйшы час мы прыступім да іх рэалізацыі. Каб быў вынік, неабходны згуртаваны, прафесійны калектыў. Самае галоўнае — мець жаданне працаваць.
Адказваючы на пытанне журналістаў, ці не палохае санкцыйны ціск, новы кіраўнік ведамства падкрэсліў, што час ніколі не быў простым. «Цяпер усё стала больш складаным, але не бывае ліха без дабра, — перакананы міністр прамысловасці. — У людзей расплюшчыліся вочы, усе зразумелі, што ўвогуле трэба рабіць, хто сябар, а хто вораг. І ўжо сёння зразумела, чым вышэйшая тэхналагічная незалежнасць, тым больш моцна стаіш на нагах. Неабходна мець кампетэнцыі ва многіх аспектах вытворчасці. На сённяшні момант гэтых кампетэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь дастаткова, неабходна іх толькі развіваць».
Генеральны дырэктар ААТ «ІНТЭГРАЛ» — кіруючая кампанія холдынгу «ІНТЭГРАЛ» Андрэй Буйневіч:
— Кіраўніком дзяржавы былі пастаўлены сур’ёзныя задачы па развіцці мікраэлектроннай галіны ў Рэспубліцы Беларусь. Гэтую задачу мы вырашаем разам з нашымі расійскімі партнёрамі ў межах работы ў Саюзнай дзяржаве. У канцы верасня ўрады Беларусі і Расіі падпісалі пагадненне аб развіцці мікраэлектроннай галіны. Гэта ўсяляе ў нас упэўненасць у тым, што мы сумеснымі намаганнямі нададзім новы імпульс у развіцці галіны не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, а і ў межах усёй Саюзнай дзяржавы. ААТ «ІНТЭГРАЛ» захавалі кампетэнцыі. Гэта наша вялікая канкурэнтная перавага. Мы і ў далейшым будзем удзяляць увагу гэтаму пытанню. Разам з Міністэрствам адукацыі распрацавана праграма па падрыхтоўцы кадраў, што ўсяляе ў нас упэўненасць у будучыні.
Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Сяргей Барташ:
— Гомельская вобласць — для мяне новы рэгіён. Любое знаёмства пачынаецца з кадраў, тым больш Прэзідэнт даў даручэнне — разабрацца з кадравай палітыкай у Гомельскай вобласці. А гэта, напэўна, сёння самае важнае для эфектыўнай работы любога прадпрыемства любога рэгіёна. Што датычыцца сельскай гаспадаркі, трэба будзе разабрацца, паглядзець кліматычныя ўмовы. Для мяне складанасцяў не ўзнікне: па першай адукацыі я аграном, і асноўная мая працоўная дзейнасць звязана менавіта з вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі.
Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў:
— Прэзідэнт адзначыў, што ўжо многае зроблена ў Магілёве, але трэба зрабіць яшчэ больш. Асноўны акцэнт — на кадры, развіццё горада. Горад павінен стаць яшчэ больш прыгожым: трэба наблізіцца да тых тэндэнцый, якія сёння бачым у такіх нашых гарадах, як Мінск, Брэст, Гомель. Людзі павінны разумець пастаўленыя задачы і з дакладнасцю іх выконваць. Мы прызвычаіліся казаць, што цяпер час складаны. Аднак гэта час і нашых магчымасцяў. Сёння мы знаходзім новыя рынкі збыту, наша прадукцыя стала яшчэ больш запатрабаванай. Трэба задзейнічаць усе магчымыя механізмы, якія мы можам рэалізаваць, у тым ліку ў выпуску новай прадукцыі, тэхнікі — патэнцыял дастаткова вялікі. Трэба ісці на гэтыя рынкі, прапаноўваць магчымыя варыянты ўзаемадзеяння паміж суседзямі. Нельга толькі спыняцца на расійскім рынку. Сёння Беларусь — імпартазамяшчальная краіна. Нам ёсць што паказаць, самае галоўнае — паказаць на высокім узроўні сваёй якасці.
Старшыня Бялыніцкага райвыканкама Вольга Прыстромская:
— Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Бялыніцкі раён — гэта візітная картка Магілёўшчыны. Таму асаблівую ўвагу прыйдзецца ўдзяліць навядзенню парадка. Прыярытэтным кірункам застаецца сельская гаспадарка. Пастаўлена задача па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Вядома, вялікая ўвага — рабоце з насельніцтвам. Думаю, што ў Бялыніцкім раёне моцныя кадры, таму ўсе разам, у адзінстве, згодзе, падтрымліваючы адзін аднаго, выканаем пастаўленыя задачы.
Валерыя СЦЯЦКО
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.