Вы тут

Аброчная свяча, конікі, намётка: Эксперты абмеркавалі, як зберагчы беларускі фальклор


Калісьці Уладзімір Караткевіч з захапленнем пісаў: «Рэаліст у рэальным жыцці, беларус вялікі фантаст, рамантык і летуценнік у марах... Менавіта таму запісаныя фалькларыстамі беларускія казкі не ўлезлі б і ў сотню тамоў».

Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў таксама увесь час папаўняецца. Варта пачытаць яго, каб, як і Караткевіч, уразіцца нашым багаццем — ад традыцыі шчадравання «Конікі» ў Давыд-Гарадку да клёцак з душамі, ад Мацюкоўскага «Маслянага барана» да казак Лідзіі Цыбульскай з вёскі Магільна... Многае можна цяпер пабачыць на свае вочы, не выходзячы з хаты — кожны з элементаў спіса робіцца сюжэтам для выпуску перадачы «Жывая спадчына» канала «Беларусь 3». Праект сёлета перамог у конкурсе «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Культурна-асветніцкая праграма». Пра тое, як сёння пачуваецца наша культурная спадчына, якія змены з ёю адбываюцца, мы сабраліся пагаварыць утрох — рэжысёр і сцэнарыст перадачы «Жывая спадчына» Надзея Габец, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзінаі я, пісьменніца Людміла Рублеўская.


Чаму студэнтка не можа праспяваць жніўную песню

Л. Рублеўская: На першы погляд здаецца, што матэрыяльная спадчына больш разбураецца — бо яе страты відавочныя. Вось стаяў млын — сёлета адзін падмурак... А песні, замовы, абрады — здаецца, павінны перадавацца лёгка...

Т. Валодзіна: Можа, нематэрыяльная спадчына, тыя ж песні, і больш трывалая, але ў нас няма ніякіх сведчанняў, якія ж яны былі пяцьсот гадоў таму. Гэта толькі наша рэканструкцыя.

Л. Р.: То-бок «еўравокны» «ўстаўляюць» і ў нематэрыяльную спадчыну? Мне распавядалі, як падчас збірання фальклору вясковыя бабулькі спявалі на дыктафон савецкую папсу ва ўпэўненасці, што гэта іхняе, спаконвечнае.

Н. Габец: Мы знялі ўжо дзевяноста праграм «Жывая спадчына», пяты год працуем... І часцей сутыкаюся не з такімі падробкамі, а з іншым. Сыходзіць чалавек-носьбіт. Ёсць, напрыклад, такі элемент, як казкі Лідзіі Цыбульскай з Магільна. Як іх зняць, калі казачніцы ўжо няма? Тут, праўда, знайшлі выйсце, далучылі сям'ю казачніцы, яе дачку, брата, суседку...

Т. В.: Многія нашы сучаснікі ўспрымаюць фальклор як нешта, што ўзнікла ў даўніну і мусіць быць у нязменным выглядзе. Фальклор развіваецца разам з жыццём. Часам студэнтка пераймаецца — як праспяваць жніўную песню? Чаму яна не гучыць з нашых вуснаў? А адказ вельмі просты: яна прагучыць, калі ты, дарагая, дзень прастаіш, угнуўшыся, у гарачыні ў полі, і ведаеш, што калі прыйдзеш дадому, там яшчэ свякруха пачне цябе прасаваць. Вось тады з'явіцца той надрыў, які мусіць быць у жніўнай песні, і мурашкі ад яе па скуры... Фальклор жыве і максімальна адпавядае таму, што было раней, калі гэта запатрабавана сёння. Трэба вылечыць рожу, якой урачы не даюць рады — значыць, замова будзе жыць. Няма столькі коней, як раней — і сродкі народнай медыцыны, звязаныя з коньмі, знікаюць.

Н. Г.: Часам змяняць элемент даводзіцца з-за абставін... Мы неяк запісвалі ў вёсцы Ельскага раёна элемент са спіса — мясцовы песенны стыль. Выканаўцаў засталося тры бабулькі. Глухая вёсачка, бабулькі апрануліся, падрыхтаваліся... І я разумею, што я іх утрох прыгожа не здыму, яны не спяюць, як трэба... Адна словы забывае, у другой голас недацягвае, разнабой... І я вырашыла запісаць усіх трох паасобку. Пра кожную бабульку знялі асобную гісторыю, папрасілі праспяваць па куплеце песні, наколькі хопіць дыхання.

Т. В.: Там такія спеўныя традыцыі, што зусім не абавязкова спяваць усім разам.

Л. Р.: А як іх спадчына будзе перадавацца далей?

Н. Г.: Дырэктар мясцовага клуба забірае гэтых бабулек на сваёй машыне два разы на тыдзень, прывозіць у клуб, каб яны спявалі, тлумачылі, вучылі... Амаль увесь рэпертуар такім чынам перадалі.

«Клубніцы» і носьбіты: пра знікненне і адраджэнне абрадаў

Т. В.: Паездзіўшы па Беларусі, разумееш вельмі выразна: паняцце «беларускі фальклор» увогуле — абстракцыя. Ёсць фальклор Пасожжа, Усходняй Лепельшчыны і гэтак далей. Ёсць адзіны падмурак, светапогляд, але фармальнае ўвасабленне вельмі рознае, як розныя ліштвы, строі...

Л. Р.: А ці ёсць шанц, што гэтая адрознасць захаваецца, ці ўсё натуральным чынам змешваецца? Фальклорныя гурты ездзяць па фестывалях, чуюць іншых...

Т. В.: Так, нешта запазычваюць. Але калі з дзяцінства вывучыліся на пэўнай сістэме, яе вельмі цяжка змяніць. Гэта жа з дыялектамі. Я свой дыялект, Лепельшчыны, вельмі люблю, і загаварыць на іншым мне вельмі цяжка.

Н. Г.: Бачыла і такое: носьбіты сышлі, а ў вёску нехта прыязджае з іншай вобласці, нават краіны, займае, напрыклад, пасаду дырэктара клуба, і пачынае традыцыю рэаніміраваць, адраджаць. Вядома, нешта сыдзе, нешта набудзе новыя формы... Але адбываецца ж увесь час змешванне песень — нешта прыйшло з Украіны, з Расіі, Польшчы, Прыбалтыкі...

Т. В.: Толькі раней гэты працэс займаў сотні гадоў.

Л. Р.: У сеціве можна знайсці любыя фальклорныя запісы і пераняць... І не толькі сваёй краіны. Уніфікацыя фальклору — справа непазбежная.

Т. В.: Гэта балючая праблема для беларускай культуры. Прыязджае здалёк клубны работнік і пачынае вучыць мясцовых бабуль сваім прыёмам. Даводзілася сустракаць такіх актыўных «клубніц», як мы іх называем.

Н. Г.: Бывае, што абрад знікае і з іншых прычын... Вось ужо шмат гадоў не можам зняць адзін элемент у Глыбоцкім раёне — нашэнне намёткі. Святары забаранілі жанчынам тое рабіць.

Т. В.: Так, ведаю гэтую сітуацыю. Растлумачу сутнасць абраду: падчас паморку жанчыны ткалі рушнік-абыдзённік і, сабраўшыся разам, абносілі ім вёску. Фактычна, гэты абрад не знікаў. Толькі апошнім часам жанчыны не ткалі той абыдзённік, а скідваліся і куплялі разам белае палатно. У абрадзе вельмі прыгожыя дэталі. Намётку могуць несці толькі дзеці. Яны трымаюць палатно, усе вяскоўцы кладуць на яго грошы, зусім маленькіх дзяцей праносяць пад гэтай намёткай, каб былі здаровыя. Працэсія ідзе ў бок могілак, дзе адбываецца імша, затым усё ахвяруецца ў касцёл. Але святары вырашылі пакінуць ад гэтага абраду толькі імшу. Прытым што абрад мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.

Н. Г.: Але мы не губляем надзеі. Кожны год тэлефануем тым бабулькам. Сёлета паабяцалі, што калі мы прыедзем, абрад правядуць, можа, у падкарочаным выглядзе.

Т. В.: Я ў гэтым бачу шкоду — калі ствараецца імітацыя абраду. Мы нават думалі ініцыіраваць працэс, якога яшчэ не было — выключэнне элемента са спіса культурных каштоўнасцяў, калі ён разбураны.

Н. Г.: Ёсць яшчэ абрад, звязаны з рэлігіяй — «Перанос Міхайлаўскай свячы» ў аграгарадку Валяцічы Барысаўскага раёна. Толькі сабраліся ехаць здымаць — аказалася, мясцовы святар забірае неабходны для абраду абраз на рэстаўрацыю. Я ўжо і так, і гэтак прасіла... Бабулькі плачуць... Мы ж, кажуць, і да вайны, і падчас вайны тую ікону насілі... І ўся вёска падрыхтавалася. А тую ж ікону арханёла Міхаіла перадаюць для захавання на год з хаты ў хату, ужо вызначылі, да каго яе несці... І неяк я ўсё ж угаварыла таго святара.

Т. В.: Яшчэ, каб абрад захаваўся, у вёсцы мусяць жыць людзі, не дачнікі. Узяць Давыд-Гарадок з абрадам шчадравання «Конікі». Шмат моладзі, усё буяе. А прыедзеш у вёску, дзе тры хаты засталося — якое там калядаванне?

Н. Г.: Мне вельмі спадабаўся горад Іванава. Моцная перадача і захаванне элемента — школы бондарства. Сотня навучэнцаў — падлеткаў, дзяцей, нават дзяўчаты ёсць — спасцігаюць тое майстэрства. Нам паказалі гатовую прадукцыю — цэлыя стэлажы драўлянага дабра...

Л. Р.: Калі на нечым можна зарабіць, яно і перадаецца.

Т. В.: Калі ў спіс нематэрыяльнай культуры ўносяцца такія элементы, як бондарства, валенне, ткацтва, маюцца на ўвазе не вырабы, а тэхналогіі, веды. На Беларусі сёння ўсё, што звязана з рамёствамі, не пад пагрозай. Не пад такой, як песня. Якую перадаваць нашмат цяжэй, чым навучыць ткаць. Ёсць эканамічны складнік, выраб можна прадаць. А дзе і хто прадасць казкі Лідзіі Цыбульскай? Для захавання трэба, каб абрад служыў для чагосьці канкрэтнага. Вось веткаўскае «Ваджэнне стралы»... Стралу вядуць і хаваюць для таго, каб не было навальніцы, каб не балела спіна. А каб спіна не балела — кожны асабіста зацікаўлены. Ці калі Русалку водзяць, разрываюць вянок. Я калі першы раз паглядзела, здзівілася. Вядуць Русалку, яна ўся ўбраная ў зеляніну. Даходзіць да пэўнай кропкі... І на яе накідваецца ўся вёска, каб ухапіць з яе ўбору галінку. Чаму? Бо гэтая галінка надзяляецца ўласцівасцю выганяць з гарода мядзведку. Як у мяне мядзведка з'ела сёлета ў гародзе ўсё, дык і я русалку б растрыбушыла!

Ці маюць каштоўнасць «жорсткія рамансы» і дзявочыя школьныя «анкеты»?

Т. В.: Лічыць, што нашы продкі прымхлівыя, а мы такія гарадскія, прагрэсіўныя — неправамерна. Яшчэ ў студэнцтве здзівілася, колькі ў горадзе правілаў: як вернешся, паглядзі ў люстэрка, грошы ў рукі не давай, а толькі кладзі на стол.

Л. Р.: Вы закранулі тэму, якая мяне даўно хвалюе — сучасны гарадскі фальклор. У Беларусі я амаль не знайшла работ пра гэта. У той жа Расіі даўно выходзяць цікавыя даследаванні — пра фальклор і абрады турыстаў, парашутыстаў, студэнтаў, праграмістаў, бальніц, турмаў, каляхрамавага асяродка — усё падлягае фіксацыі і вывучэнню. Памятаю, як мяне ўразіў артыкул расійскай даследчыцы Белаусавай пра фальклор у сучасным радзільным абрадзе. На падставе сведчанняў з радзільных дамоў постсавецкай прасторы вымалёўваецца карціна, у якой можна пазнаць архаічны абрад ініцыяцыі. Для мяне заўсёды было відавочна, што фальклор ствараецца тут і цяпер.

Т. В.: Па вялікім рахунку, і ў нашым аддзеле мусілі б даследаваць гарадскі фальклор. Але няма каму. Мы яшчэ не ўсё запісалі ад бабуль. А яны паміраюць, ковід зноў жа падкасіў іх. Хоць і працаваць з гарадскім фальклорам вельмі трэба!

Л. Р.: Вельмі трэба... Ён жа вось, побач... Набыла аб'ёмістае навуковае выданне «Рукописный девичий рассказ», пазнала шмат што са свайго дзяцінства.

Т. В.: Я нават хацела стварыць суполку ў «Фэйсбуку», каб сабраць матэрыял — бо ў многіх, напэўна, захоўваюцца сшыткі-»анкеты», якія раней запаўнялі дзяўчынкі ў кожным класе.

Л. Р.: Там жа дзяўчаты паказвалі ўсё, што ўмелі. Трэба было размаляваць, нешта ўклеіць, напісаць тэкст прыгожай песні, верш... І не толькі Алы Пугачовай ці Сафіі Ратару, але і жорсткі гарадскі раманс. Гэта ж таксама частка фальклору.

Т. В.: Якую мы, беларусы, таксама «прашляпілі».

Л. Р.: Памятаю, як некаторыя абураліся, калі ў папулярны музычны альбом уключылі песню пра Надзеньку — жорсткі гарадскі раманс на трасянцы. Прафанацыя, маўляў, ніякі не фальклор...

Т. В.: Я сама толькі апошняе дзесяцігоддзе стала актыўна збіраць тыя жорсткія рамансы. Раней калі мне ў экспедыцыі пачыналі такое спяваць, я рабіла выгляд, што слухаю, але не запісвала. Лічыла — ганьба... А цяпер глядзіш — якое гэта багацце! Сабралі мы іх няблага. Цэлая кніжачка выдадзена, уклала Алена Кукрэш.

Л. Р.: Па савецкай міфалогіі таксама не знайшла нічога ў беларускай навуцы...

Т. В.: Так, гэту дзялянку мы таксама ўпусцілі. І мне не падабаецца, калі фальклор зводзяць толькі да танцаў, песень і казак. Фальклор — гэта ўсё. Уяўленні, звязаныя з ежай, адзеннем, распарадкам дня, гігіенай, сяброўствам, каханнем... Паглядзіце, як на нашых вачах разбурыўся такі моцны кансерватыўны пласт, як культура пахавання. Яшчэ дзесяць гадоў таму было звычайна — нябожчык у хаце, усе збіраюцца, развітваюцца. Безліч прыкмет — гэта можна, тое нельга, пастаў, запалі, падкладзі... Па паверхах ходзім, збіраем грошы. Людзі стаяць унізе каля пад'езда, чакаюць, калі вынесуць нябожчыка. Сёння нябожчыка забіраюць, і з ім развітваюцца ў рытуальнай зале. А які быў магутны сродак кансалідацыі! Збіралася ўся сям'я, суседзі. Няма перасцярог — вось тое зрабілі няправільна, гэтага не зрабілі, бяда будзе.

Л. Р.: Можа, і лепей, што няма? Разам з усімі страхамі, што як няправільна зробіш, нехта яшчэ памрэ. Час ідзе, з'явілася зручная рытуальная служба. Як у свой час бальніцы і радзільныя дамы. Хіба ў кожнага памерлага сёння столькі сваякоў, сяброў, добрых суседзяў, каб сваімі сіламі зрабілі ўсё «па традыцыі»?

Т. В.: Сэнс быў у тым, каб чалавек не заставаўся сам-насам са сваім горам. Ёсць шмат даследаванняў, як чалавек традыцыі перажывае гора. Каб гэта адбывалася без разбурэння асобы, усё было вельмі рэгламентавана. Калі можна плакаць, калі не, з кім гаварыць. А сёння — колькі дэпрэсій! Чалавек ведаў, што калі ён трымаецца правілаў, усё рухаецца, як належыць, а беды — ад парушэння гэтых правілаў.

Л. Р.: Цяпер традыцыі змешваюцца. Калі гэта на Беларусі ў якасці вясельнага атрыбута былі падвязкі для панчох? А сёння — амаль абавязкова, іх шырокі выбар. І букеты кідаюць... Падгледзелі ў амерыканскіх рамантычных камедыях.

Н. Г.: Хэлаўін святкуецца шырэй, чым Каляды. Інвазійная культура, якая прыжылася, як баршчавік.

Т. В.: А я няблага стаўлюся да Хэлаўіна.

Н. Г.: Дык у нас сваё цудоўнае свята ёсць — Дзяды. Толькі што без гарбуза.

Т. В.: Моладзі яно незразумелае, таму што бацькі не выхавалі цікавасці. А Хэлаўін відовішчным кампанентам маладых захапляе.

Н. Г.: З любога абраду хочуць зрабіць шоу...

Л. Р.: Зрэшты, любы абрад можна зрабіць актуальным. На суполцы «Літаратурнае прадмесце» мы кожны год адзначалі Літаратурныя Дзяды — збіраліся, запальвалі свечкі, прыносілі фотаздымкі памерлых літаратараў і ўспаміналі пра сваіх папярэднікаў, чыталі іх творы.

Т. В.: Элементы набываюць іншыя формы. Замест анекдотаў — мемы, бо слова ўжо мала, трэба карцінка. Аўтэнтычны фальклор, як і опера, стаў элітарным мастацтвам. Мы ж не ўсе ходзім у оперны тэатр. Любоў да класічнай музыкі выхоўваецца. Трэба вучыць успрымаць і фальклор. І гэта нармальна.

Н. Г.: Спадзяюся, нашы перадачы гэтаму якраз вучаць. Цяпер хочам закончыць тэму саломапляцення, збіраемся ў Магілёўскую вобласць. Пасля паедзем на Прыпяць, зняць перадачу пра новы элемент, які нядаўна ўвайшоў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, — «Палескі човен». А далей — абрад «Конікі» ў Давыд-Гарадку, а яшчэ «дранік-тур», як мы жартуем... Перадача пра дранікі. Вясной, калі здымем сотую праграму, вядома, прыдумаем што-небудзь адметнае на «Беларусь-3». Думаю, работы хопіць гады на два — бо спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі працягвае папаўняцца.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.