Вы тут

Знакамітыя і незабытыя: творцы глядзяць з партрэтаў


Ідзеш на выстаўку, а прыходзіш на сустрэчу. З карцін глядзяць людзі, якія яшчэ нядаўна былі з намі і працавалі на тое, што аб'ядноўвае грамадства, — кожны ў сваёй галіне. Так і сталі знакамітымі, любімымі, выклікалі захапленне. Але пасля сыходу нічога не канчаецца, бо зробленую справу працягваюць паслядоўнікі і вучні, людзі нераўнадушныя, прыхільнікі, якія захоўваюць памяць пра сваіх папярэднікаў — народных і заслужаных, ці проста харошых творцаў. «Гісторыя ў асобах» — гэта выстаўка мастака Юрыя Крупянкова, які прадставіў серыю партрэтаў выдатных асоб беларускай культуры.


Юрый Крупянкоў на выстаўцы.

Цяпер у выставачнай зале Музея гісторыі горада Мінска нібыта ўрачыстая імпрэза з удзелам знаных асоб, і кожны можа весці маўклівую гутарку з тымі, каго часам лічылі недасягальнымі, але пры гэтым маглі сустрэць незнарок на вуліцах сталіцы ці ўбачыць у гарадах Беларусі, куды яны прыязджалі з выстаўкамі, канцэртамі ці для ўдзелу ў культурных падзеях. Аўтар работ Юрый Крупянкоў з'яўляецца выкладчыкам Беларускай акадэміі мастацтваў і такім чынам дае ўрок павагі да асоб, якія праз сваю справу стваралі славу Беларусі.

Экспазіцыя.

— Над партрэтамі выдатных дзеячаў культуры Беларусі я пачаў працаваць у 2004 годзе, калі стаў асістэнтам-стажорам у Акадэміі мастацтваў — тады абраў гэтую тэму і напісаў першыя работы, — тлумачыць Юрый Крупянкоў. — З тых часоў я перыядычна вяртаюся да тэмы партрэтаў выдатных асоб. Цяпер гатовыя 12 партрэтаў, дзевяць з іх прадстаўлены на выстаўцы, ідэю якой падтрымала дырэктар Музея горада Мінска Галіна Ладзісава. Усе партрэты, якія на сённяшні дзень гатовыя, паказаць аказалася немагчыма ў тым ліку з-за абмежаванай выставачнай прасторы. Але асобныя работы раней прадстаўляліся на іншых рэспубліканскіх выстаўках. І адзін твор знаходзіцца ва ўласнасці Музея горада Мінска, яго можна ўбачыць у галерэі Міхаіла Савіцкага — гэта партрэт самога Савіцкага, народнага мастака СССР і Беларусі. З ім і некаторымі героямі партрэтаў я быў знаёмы асабіста. Сярод іх ёсць мае настаўнікі, і я лічыў сваім абавязкам напісаць іх. Гэта мемарыяльныя партрэты: людзі сыходзяць, але пакідаюць значны след у гісторыі. Я б хацеў, каб іх памяталі.

Арлен Кашкурэвіч.

Бачыш герояў на партрэтах — і нават хочацца павітацца, калі іх ведаў ці бачыў асабіста. А калі не ведаў — то пазнаёміцца і задумацца, чым кожны з іх узбагаціў жыццё. З партрэтаў глядзяць заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь Леанід Левін, заслужаны артыст краіны Ілья Курган, нашы народныя мастакі Май Данцыг, Арлен Кашкурэвіч, Заір Азгур, любімыя народныя артысты Беларусі Міхаіл Пташук, Яўген Глебаў, Уладзімір Мулявін, Міхаіл Фінберг... Аўтар Юрый Крупянкоў вызначае жанр сваіх работ як партрэт-прафесія. Таму што ён імкнуўся паказаць, кім быў чалавек і праз што яго імя стала вядомае на ўсю краіну.

Заір Азгур.

— Калі працую, стараюся больш даведацца пра чалавека. Я лічу сябе мастаком рэалістычнага кірунку, імкнуся адлюстроўваць аб'ектыўную рэальнасць. На мой погляд, партрэт павінен быць традыцыйным, таму што трэба, каб чалавека пазнавалі, — адзначае аўтар. — Але ўсё роўна дадаецца суб'ектыўнасць. Па-першае, каго пісаць — мой асабісты выбар. А па-другое, я кіруюся ўласнымі адчуваннямі гэтых асоб, і ў працэсе работы так ці інакш удзельнічаюць мае эмоцыі. Справа не столькі ў дакладнасці (для гэтага ёсць фатаграфія), таму што трэба стварыць вобраз, які б чапляў і даваў адчуванне асаблівага віду творчасці, якому герой прысвяціў жыццё, каб было зразумела, мастак ці дырыжор на партрэце. Прычым каб тое разумелі нават прадстаўнікі наступных пакаленняў. Напрыклад, моладзь можа задумацца: а хто такі Ілья Курган? Людзі сталага веку ведаюць, памятаюць яго голас, які гучаў па радыё. Праўда, не ўсе пры гэтым ведаюць, як ён выглядаў. Мне пашчасціла: мы з ім адначасова працавалі ў Акадэміі мастацтваў, толькі ён на тэатральным факультэце. Спрабую перадаць адчуванне яго асобы іншым. Архітэктар Леанід Левін зрабіў вялікі ўнёсак у будаўніцтва горада Мінска і стварэнне значных мемарыялаў — я імкнуўся гэта абазначыць. З Уладзімірам Мулявіным мы не былі знаёмыя, але я вялікі прыхільнік творчасці «Песняроў». Заўсёды здзіўляўся, як чалавек, які нарадзіўся ў Расіі, змог захапіць слухачоў беларускім фальклорам і мовай. Ці Максім Багдановіч, які таксама не жыў тут, але стаў пісаць па-беларуску — у мяне некалькі ягоных партрэтаў, якія дэманстраваліся раней. Мне вельмі падабаецца музыка Яўгена Глебава. А як паказаць кампазітара? Зусім няпростая задача, бо чалавек складае музыку ў галаве. Я вырашыў, што ён павінен быць каля раяля, але нібыта адхіліўшыся ад яго. Здаецца, самы просты ход — паказаць сродкі работы, якія б сталі сімваламі прафесіі. Як у партрэце Мая Данцыга. Але праніклівы глядач убачыць, што ў яго пэндзаль і палітра — нібыта шчыт і меч, а ён сам — як рыцар мастацтва. У той час як Арлен Кашкурэвіч падчас творчага працэсу — каля чыстага аркуша, дзе можна рабіць накіды…

Уладзімір Мулявін.

Ілья Курган.

Юрый Крупянкоў гаворыць, што калі вядомы чалавек сыходзіць, заўсёды ёсць адчуванне вялікай страты. Тады і з'яўляецца разуменне: трэба пісаць партрэт. Для яго істотны ўнёсак героя, а не яго асабістыя якасці, бо ведае, наколькі няпросты характар могуць мець творчыя людзі ў жыцці. Напрыклад, ён тры гады праходзіў стажыроўку ў творчых майстэрнях Міхаіла Савіцкага. Але адносіны з майстрам доўга не складваліся, даходзіла нават да адлічэння. Але калі лёс дае шанц, трэба ставіцца да яго з удзячнасцю. І пасля заканчэння Юрый Георгіевіч на працягу многіх гадоў хадзіў віншаваць Савіцкага з Днём нараджэння. Сёння ён удзячны сваім настаўнікам — Маю Вольфавічу і Міхаілу Андрэевічу. Гэта цяпер яны сталі безумоўнымі класікамі, а ў свой час абодва былі эксперыментатарамі, але разам з тым вучылі ставіцца да мастацтва адказна. Работы Данцыга ўвогуле доўгі час не прымалі. Напрыклад, ён расказваў, якія праблемы былі за савецкім часам з вядомай карцінай «Навасёлы», калі даводзілася адказваць на пытанне: «Як гэта ў людзей зусім нічога няма? Непарадак...» Прыйшлося дамаляваць туфлікі, тады работу прынялі. А потым ён гэтыя туфлікі ўсё ж ціхенька прыбраў. Яго мастацтва было сумленным...

— Я ўдзячны сваім настаўнікам і часта думаю, як бы яны паставіліся да таго, што я раблю. Усе парады, якія яны давалі, былі скіраваныя на творчы рост. Імкнуся адпавядаць, — гаворыць Юрый Крупянкоў. — Яны тлумачылі, што кожная карціна — асобнае выказванне. На жаль, час такіх карцін, як «З'яўленне Хрыста народу», мінуў. Мяне вучылі гэта рабіць, і ўся сістэма калісьці была на гэта накіравана. Міхаіл Савіцкі казаў, што пісаць карціны трэба для музеяў. Думаю, ён меў рацыю: табе не павінна быць сорамна за створанае. Але сёння не самы лепшы час для карціны (дапускаю, што ён можа вярнуцца). Напісаць карціну — гэта выдаткаваць год жыцця, у найлепшым выпадку, а потым не ведаць, дзе яе паказаць. А ў мяне многія карціны складваюцца ў пэўныя серыі. Я ніколі не ставіў перад сабой задач ствараць серыі, але калі творы аб'ядноўваюцца тэматычна, то з іх натуральна скласці асобную выстаўку. Такім чынам выстаўку партрэтаў я прапанаваў Музею горада Мінска, дзе яна глядзіцца суцэльна — менавіта як серыя: разам партрэты ўвасабляюць агульнанародную памяць.

Леанід Левін.

Выстаўка «Гісторыя ў асобах» ладзіцца ў межах праекта «Маё імя — Мінск», які прысвечаны 955-годдзю беларускай сталіцы. Падчас яе адкрыцця аўтар прадстаўляў Беларусь на выстаўцы ў Казахстане і быў пазбаўлены эмоцый ад урачыстасці. Але вельмі разлічвае на зваротную сувязь і водгукі. Для яго важны вынік: каб за працяглы час дэманстрацыі партрэтаў новую выставачную залу Музея горада Мінска (па адрасе Ракаўская, 17) наведала як мага больш гледачоў, якія шануюць беларускую культуру і асоб, што ўвайшлі ў гісторыю як стваральнікі і выразнікі яе духу.

Май Данціг.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?