Вы тут

Шматпакутны лёс вёскі Буса. Яна гарэла ў 1944 і 1957 гадах


З Пятром Іосіфавічам мне давялося пазнаёміцца роўна дваццаць гадоў таму, калі адзначалася 45-я гадавіна пажару. Тады прайшло ўсяго пяць гадоў, як з матэрыялаў крымінальнай справы знялі грыф «Зусім сакрэтна», пра трагедыю напісалі ў СМІ. На месцы гібелі людзей паставілі новы помнік, 11 лістапада 2002 года ў Бусе правялі жалобнае мерапрыемства.


Помнік абаронцам Радзімы ў пачатку вёскі.

Самае страшнае кіно мінулага стагоддзя

Тады яшчэ ў вёсцы жыло нямала відавочцаў, такіх як Соф'я Сідарчук, Сцяпан Навумчык. Яны памяталі ў падрабязнасцях той дзень, перадавалі гэтую памяць сваім дзецям. Хіба ж можна забыць хлопчыка, які звесіўся ў аконным праёме і крычаў: «Ратуй мяне, мамачка, я больш ніколі не буду хадзіць у кіно!»? Выцягнуць яго аказалася немагчыма. Збітыя ў натоўп людзі намертва прыціснулі ногі дзіцяці і яго апошнюю надзею на паратунак. А стогн маці, звар'яцелай ад таго, што не можа вызваліць з вогненнай прорвы свайго сыночка, хоць ён зусім побач — вось яго рукі, галава, ён яшчэ жывы, гаворыць — той стонг, здавалася, прайшоў усю акругу, прарэзаў паветра да нябёсаў... Потым яна пахавала свайго хлопчыка.

Вечарам 11 лістапада 1957 года вяскоўцы сабраліся ў невялікай зале мясцовай школы, дзе звычайна паказвалі кіно. Паводле сведчанняў відавочцаў, у пакой, які можа ўмясціць усяго 50—60 гледачоў, набілася чалавек сто. Напярэдадні вісела афіша, якая запрашала на прагляд фільма пра Брэсцкую крэпасць. Праз 12 гадоў пасля Перамогі цікавасць да тэмы вайны была велізарная, усе хацелі паглядзець гэтую стужку.

Кінаапаратура стаяла побач на стале. Меншыя гледачы сядзелі на падлозе перад самым экранам. Пайшлі першыя кадры. І людзі ўбачылі, што фільм ім прывезлі зусім іншы. Карціна называлася «Хлопец з тайгі». Каб раней ведалі, многія, хутчэй за ўсё, засталіся б дома. Але ж як прыйшлі, то сталі глядзець. Прайшла хвіліна-другая, і плёнка абарвалася. Кінамеханік папрасіў пасвяціць яму лямпай — электрычнасці ў тую пару ў Бусе яшчэ не было. А газоўку перад гэтым па злашчасным збегу акалічнасцяў заправілі бензінам. Лямпу знялі, пасвяцілі. Затым павесілі назад на кручок. Аднаго нязграбнага руху хапіла, каб яна ўпала, разбілася і кінаплёнка ўспыхнула як порах.

Ахвяры пажару 1957 года.

Людзі кінуліся да вокнаў. Калі іх разбілі, прыток паветра толькі ўзмацніў полымя. Хто быў бліжэй да акна, паспеў выскачыць. Астатнія ў таўкатні, справакаванай панікай, у лічаныя хвіліны задыхнуліся ад пароў сінільнай кіслаты. Як пазней устанавіла судова-медыцынская экспертыза, прычынай смерці сталі не апёкі, а атручэнне прадуктамі гарэння нітраплёнкі. Бо нават малая доза сінільнай кіслаты ў арганізме чалавека выклікае незваротныя працэсы.

Праводзіны юнацтва і надзеі вёскі

Словам, дасталі з пажарышча 63 целы, яшчэ два чалавекі памерлі ў бальніцы праз колькі дзён. Загінулі цэлымі сем'ямі: бацька і два сыны, маці і сын, дачка і бацька. Самай маленькай ахвяры трагедыі было восем гадоў. Абсалютную большасць гледачоў складалі дзеці і падлеткі. 50 чалавек з 65 былі маладзейшыя за 20 гадоў. Юнацтва і надзея вёскі за лічаныя хвіліны пайшлі ў вечнасць па недарэчнай выпадковасці.

Пётр Навумчык паказвае імя свайго бацькі.

Затым было пахаванне. Маракі Пінскай флатыліі выкапалі траншэі на могілках і памаглі правесці неабходны абрад. У вёсцы не было ніводнай сям'і, дзе б не аплаквалі сваіх нябожчыкаў. Стогн стаяў, здавалася, па ўсёй зямлі. Вёска стала як мёртвая. Расказвалі, што сабакі вылі тыдзень, а можа, і два. У Бусе жыццё быццам бы спынілася. Жыхары, правільней сказаць, астаткі сем'яў збіраліся разам — так лягчэй было перажываць цёмныя тужлівыя вечары. Людзі доўгі час былі ў стане шоку, многія не знаходзілі адказу на пытанне, як жыць далей. Згаданай мной Соф'і Сідарчук раней здавалася, што адмераную лёсам чашу гора і пакут яна выпіла да дна. Не вярнуўся з фронту муж, памёр ад хваробы прыёмны сын. Адно святло ў акенцы засталося — дачушка Надзейка, яе ўжо маці песціла... Не паспела ўсвядоміць, паверыць да канца, выкрычацца, як яе крывіначку панеслі разам з усімі ў агульную магілу... Казалі, што да канца жыцця яна плакала кожны дзень. Праз 45 гадоў разам з усёй вёскай непаслухмянымі нагамі прыйшла бабулька Соня да помніка.

Маральны абавязак жывых

Цяперашні мой суразмоўца Пётр Навумчык у зале не аказаўся выпадкова. І хацеў жа пайсці ў кіно, ды маці паслала з тэрміновым даручэннем да цёткі. У тую страшную ноч ён страціў бацьку і сястру. У 12 гадоў стаў галавой сям'і, асноўнай рабочай сілай у доме. У школу нават не пайшоў у год пажару. Потым экзамены за сямігодку здаваў экстэрнам. Пётр Іосіфавіч лічыць, што жыццё склалася б па-іншаму, каб быў бацька. Апошні хацеў бачыць дзяцей адукаванымі. А пасля пажару ўжо стала не да навукі. Але ж пражыў сваё жыццё годна, шмат працаваў, стварыў сям'ю з аднавяскоўкай Ганнай. Выгадавалі дваіх дачок, маюць унукаў, праўнукаў.

Ды памяць пра трагедыю не давала ніколі спакойна жыць. І недзе ў канцы 90-х, калі Пятра Навумчыка абралі старастам вёскі, ён пачаў бударажыць грамадскасць наконт устаноўкі новага годнага помніка. Першы помнік з цэглы з'явіўся на месцы пажарышча ў 1958 годзе. Яго пабудаваў мясцовы ўмелец Мікалай Вырвіч. Аб тым, каб атрымаць нейкую дапамогу на ўвекавечанне, гаворка не ішла наогул. Інфармацыю пра пажар засакрэцілі, жалобу ніхто не аб'яўляў. Толькі замежныя радыёстанцыі перадалі звесткі пра пажар, суайчыннікі ва ўсім Савецкім Саюзе нічога не ведалі пра трагедыю невялікай палескай вёскі. Праўда, на закрытым пасяджэнні Сакратарыята ЦК КПСС было прынята рашэнне поўнасцю адмовіцца ад выпуску таннай нітратнай кінаплёнкі. Так што цалкам верагодна, што жыхары Бусы сваёй ахвярай выратавалі некага ад такой жа трагедыі.

...Людзі самі паставілі помнік, самі яго даглядалі, але ж з гадамі ён стаў разбурацца. Патрэбны быў новы. Пётр Навумчык спачатку прайшоў па хатах. Жыхары, большасць з якіх ужо сталі пенсіянерамі, ахвяроўвалі пэўную суму, але якія гэта былі грошы?! Тады стараста пайшоў да прадпрымальніка з Моталя Сцяпана Шыкалая. Той адразу пералічыў на рахунак сельсавета грошы, зрабіў істотны ўклад. Але няўрымслівы Навумчык не прыпыняў работу, ён хадзіў па дзелавых людзях Іванава, расказваў пра свае клопаты, прасіў дапамогі. Аб гэтым дачуўся дырэктар Пінскага кінапракату Аляксандр Шыманскі і палічыў дапамогу справай гонару. Аляксандр Мікалаевіч прывёз у Бусу ўдзельнікаў рэспубліканскага семінара сваёй галіны, пасля гэтага да добрай справы далучыліся многія кінапракатчыкі краіны.

Словам, у 2002 годзе новы помнік быў выраблены і пастаўлены замест старога. На гранітнай пліце нанеслі імёны ўсіх, хто загінуў на пажары. Тады сабралася многа людзей. Усёй вёскай падрыхтавалі памінальны стол у клубе. З той пары кожны дзень 11 лістапада прыходзяць да помніка людзі, запальваюць свечкі, згадваюць родных, знаёмых, суседзяў.

Тым, хто змагаўся за Радзіму

У справе добраўпарадкавання і падтрымання ў парадку тэрыторыі вакол помніка ўвесь час дапамагае райвыканкам. Аднойчы, калі выдзелілі сродкі на агароджу, і ўсе грошы не пайшлі, крыху засталося, узнікла думка пусціць іх на іншы помнік — землякам-франтавікам. Насамрэч ідэя ўвекавечыць памяць абаронцаў Радзімы і ахвяр вайны даўно выспявала ў галаве старасты.

— З нашай вёскі 65 мужчын пайшлі на вайну, — расказвае Пётр Іосіфавіч. — З іх 30 не вярнуліся. Тады жылі бедна, і ні ў кога фактычна не было магчымасці з'ездзіць на магілу роднага чалавека. Большасць з нашых загінула пад Кёнігсбергам. А такога месца, дзе можна згадаць франтавікоў, у нас не было. І вось з'явіліся грошы, найперш мы замовілі пліту, на якой увекавечылі імёны ўсіх франтавікоў. Першы спіс называецца «Яны загінулі за Радзіму», другі — «Яны змагаліся за Радзіму».

Калі будавалі дарогу, Навумчык прыгледзеў валун, па просьбе старасты дарожнікі яго пакінулі ў вёсцы. Валун дачакаўся свайго часу, на невялікую вежу матэрыялу засталося ад будаўніцтва царквы, калі ўзводзілі купалы. Грошы таксама ахвяравалі сем'і тых, чые імёны нанесены на пліту. З тэхнікай і матэрыяламі дапамагло кіраўніцтва «Моладава-Агра». Талакой зрабілі помнік. Галоўнай рабочай сілай былі сам Пётр Навумчык, яго зяці. І цяпер у Бусе ёсць месца, куды можна прынесці кветкі на свята, дзе згадаць салдата.

З тыльнага боку помніка заўважаю таблічку, на якой сказана, што Буса была спаленая ў 1944 годзе. Аказваецца, тут была партызанская зона. І аднойчы партызаны спалілі важны для акупантаў мост. За гэта фашысты падагналі артылерыю і з гармат расстралялі ўсю вёску. Людзі, праўда, паспелі ўцячы ў лес, а хаты літаральна ўзляталі ў паветра і на ляту загараліся. У выніку той «артпадрыхтоўкі» не засталося ніводнага дома ў Бусе. Жылі ў зямлянках, потым адбудоўвалі. Гэты помнік таксама служыць напамінам пра тую трагічную старонку гісторыі вёскі.

Сямейная справа Навумчыкаў

Як стараста Пётр Навумчык заўсёды арганізоўваў людзей на суботнікі на могілках. Там жа стаяць тры рады аднолькавых помнікаў ахвяр пажару, іх трэба падфарбоўваць, даглядаць. Расказваў, што з дзяцінства ведаў пра помнік невядомым партызанам. Помнік быў драўляны, зверху прымацаваная зорачка. Апошняе гаварыла за тое, што пахаваны не радавы баец, а камандзір. З часам той помнік канчаткова разбурыўся, стлеў. Нехта падпёр яго старымі крыжамі. Зноў жа з пліткай, матэрыяламі дапамог дырэктар «Моладава-Агра» Сцяпан Халько. І зноў рукі прыклаў сам стараста, яго сваякі, суседзі. З цэменту зрабілі невялікі пастамент, паставілі помнік з надпісам «Невядомым партызанам». Пасля гэтага пакідаць яшчэ адзін помнік невядомаму воіну зусім не выпадала. Дзейнічалі па той жа схеме. Сабралі матэрыялы, замовілі таблічку, паставілі помнік «Невядомаму салдату».

«Калі імёны гэтых абаронцаў невядомыя, хай хоць памяць пра іх падтрымліваецца годна, — разважае Пётр Навумчык. — Тым самым мы падаём прыклад нашым дзецям, унукам». Дарэчы на ўстаноўцы апошніх помнікаў працавалі не толькі яго зяці, але і мужы ўнучак. Бо памяць стала цяпер сямейнай справай Навумчыкаў, хоць сам Пётр Іосіфавіч ужо даўно не стараста вёскі, здароўе не дазваляе актыўна займацца грамадскай работай. Эстафету падхапіла жонка Ганна Андрэеўна, яна цяпер стараста. А ён дапамагае чым можа. А яшчэ піша. Не так даўно выдаў кнігу пра дырэктара сельгаспрадпрыемства «Моладава-Агра» Сцяпана Халько, бо лічыць яго кіраўніком новай фармацыі. На сёння па надоях гаспадарка трымае першую пазіцыю ў краіне, усё ў гаспадарцы робіцца па-гаспадарску. Пётр Іосіфавіч збірае матэрыялы па гісторыі сваіх мясцін, па краязнаўстве. Піша нават вершы. Ёсць у адным з вершаў радок: «Над Бусай буслы закружылі». Але насамрэч, з горыччу даводзіць аўтар, буслы абмінаюць вёску — у сэнсе дзяцей не прыносяць. Вёска, некалі вялікая, старэе і згасае. З усёй ранейшай інфраструктуры застаўся толькі ФАП, краму закрылі. Жыхароў застаецца мала.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Іванаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.