Вы тут

Попыт на адпачынак расце. Ці гатовы да гэтага рэгіёны?


Кожны год сусветная турысцкая арганізацыя вызначае дэвіз для прафесійнага свята. Сёлета ён заклікаў пераасэнсаваць турызм. Сапраўды, каранавірус моцна змяніў галіну. Даводзіцца працаваць у непрадказальных умовах. Усе падзеі, што адбываюцца ў свеце, адбіваюцца на тым, якія маршруты выбіраюць сучасныя падарожнікі. Але адна тэндэнцыя, якая дакладна прасочваецца за апошнія два гады, — цікавасць да ўнутранага турызму. Турысты «галасуюць рублём» і за бяспечныя маршруты, куды можна без праблем даехаць.


Фота: pixabay.com

У гэтым годзе назіраўся павялічаны попыт на адпачынак у Беларусі, як з боку замежных гасцей, так і айчынных турыстаў. У летні сезон не так проста было знайсці месцы ў санаторыях, гасцініцах і аграсядзібах. Былі запатрабаванымі нават тыя рэгіянальныя гасцініцы, да якіх раней турысты не даязджалі і дзе пераважна спыняліся людзі, накіроўваючыся сюды па дзелавых кантактах. Справа ў тым, што ў апошнія гады беларусы шукаюць нетрывіяльныя месцы, расце цікавасць да гісторыі невялікіх гарадоў. Новы попыт ставіць перад галіной шэраг задач, якія трэба вырашаць. Неабходна прадумваць, і як манетызаваць галіну, і як стварыць неабходную інфраструктуру. Актуалізуецца ўзаемадзеянне з музейнымі ўстановамі. Важна развіваць супрацоўніцтва з сеткамі заправачных станцый адносна турыстычнай навігацыі, распаўсюджвання праз яе інфармацыі, якая зможа спатрэбіцца падарожніку. Ствараецца сетка турыстычных інфармацыйных цэнтраў.

Старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Піліп Гулы звярнуў увагу на неабходнасць стварэння інструментаў, пры дапамозе якіх можна будзе збіраць інфармацыю пра турыстаў: «Без статыстыкі складана зразумець, у якім кірунку рухацца. І гэта адна з ключавых праблем: нельга некуды дайсці, калі не ведаеш, дзе знаходзішся. Мы не можам адказаць, колькі турыстаў прыбыло, праз якія каналы яны прыехалі, як былі размеркаваны, колькі патрацілі грошай».

Вялікі рост цікавасці на адпачынак у Беларусі з боку турыстаў з Расійскай Федэрацыі, ужо сёння патрабуе прапрацоўкі пытанне аб адпачынку грамадзян Беларусі, бо замежныя госці, як правіла, загадзя выкупляюць месцы ў санаторыях, гасцініцах і іншых установах. Стварэнне новых маршрутаў і турыстычных прадуктаў у пакуль не раскручаных і малавядомых кутках нашай краіны будзе дапамагаць вырашаць такую праблему і размяркоўваць турыстычныя патокі. Зноў жа рост цікавасці да рэгіёнаў з боку турыстаў — гэта шанц для развіцця лакальных прадпрымальніцкіх ініцыятыў.

Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў адзначыў, што за апошнія два гады вельмі многа зроблена для развіцця ўнутранага турызму: з'явіліся новыя маршруты, праводзіліся даследаванні, сабраны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі экскурсій на прамысловых прадпрыемствах. Асобныя даследаванні прысвечаны месцам гістарычнай памяці, звязаным з войнамі 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай. Распрацаваны рэкамендацыі, як выкарыстоўваць гэтыя аб'екты ў межах адукацыйнага турызму. Больш актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі. Сёння многія турысты карыстаюцца такімі сэрвісамі, як анлайн-карты.

Неабходна распрацоўваць новыя формы адлюстравання гістарычнай інфармацыі, яе інтэрпрэтацыі і рэтрансляцыі. Адзін з такіх праектаў рэалізаваны на базе Рэспубліканскага саюза туріндустрыі. Ён дазваляе атрымаць інфармацыю пра лагер для савецкіх ваеннапалонных, які ў гады вайны знаходзіўся ў Масюкоўшчыне. Лічбавая гісторыя, аўдыягіды, анлайн-карты — інструменты, якія могуць выкарыстоўваць індывідуальныя турысты, колькасць якіх пасля пандэміі стала павялічвацца.

Вядзецца даследаванне патэнцыялу сядзібных комплексаў. Сёння, напрыклад, багата турыстаў ужо прыязджае ў Залессе ці Чырвоны Бераг, але вялікая колькасць старадаўніх сядзіб пакуль застаюцца незапатрабаванымі, невядомымі турыстам. Такія комплексы можна было б задзейнічаць пры распрацоўцы новых маршрутаў, нават калі аб'екты патрабуюць рэстаўрацыі. У той час пакуль яна не зроблена, можна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, напрыклад дапоўненай рэальнасці, або рабіць анімацыі, звязаныя з гісторыяй гэтых мясцін, на тэрыторыі побач з сядзібай. У сваю чаргу такая актыўнасць і цікавасць да гістарычнага аб'екта з боку турыстаў можа прывабіць патэнцыйных інвестараў, гатовых узяцца за аднаўленне будынкаў.

Ганна ПЯТРОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».