Вы тут

Аляксандр Сотнікаў: «Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»


Дзякуючы нацыянальнай плацежнай сістэме, насельніцтва санкцыі супраць нашых банкаў амаль не заўважыла. Сёння работнікі Банкаўскага працэсінгавага цэнтра могуць сказаць, што за кароткі час установа стала лідарам у сваёй галіне — як па колькасці, так і па якасці паслуг. Цэнтру споўнілася 20 гадоў. Генеральны дырэктар ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр» Аляксандр Сотнікаў пагадзіўся адказаць на нашы пытанні.


— Ці можна заявіць, што працэсінгавы цэнтр стаў ядром плацежнай інфраструктуры Беларусі?

— Атрымліваецца, што так. І аб гэтым сведчаць лічбы і факты нацыянальнай статыстыкі. Па-першае, цяпер цэнтр абслугоўвае звыш 125 тысяч плацежных тэрміналаў у амаль 75 тысячах гандлёвых пунктах. Мы з'яўляецца лідарамі тэрмінальнага рынку, але спачываць на лаўрах, вядома ж, не збіраемся, бо тут высокая канкурэнцыя.

Па-другое, у месяц праз наш цэнтр праходзіць больш за 200 мільёнаў фінансавых аперацый, а колькасць абслужаных картак хутка наблізіцца да дзесяці мільёнаў.

Банкаўскі працэсінгавы цэнтр працягвае ўкараняць новыя сэрвісы і пашыраць функцыянал плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ, напрыклад: пераводы паміж трымальнікамі айчынных картак дапоўнены магчымасцю правядзення «разрыўных» Р2Р, таксама сумесна з банкамі і плацежнай сістэмай «Мір» рэалізаваны трансгранічныя пераводы паміж карткамі БЕЛКАРТ і «Мір», банкам-эмітэнтам плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ таксама стала даступная для далучэння тэхналогія бяспечных плацяжоў у асяроддзі электроннай камерцыі плацежнай сістэмы «Мір» — MіrAccept 2.0. Ну і, вядома, запуск інавацыйнага для Беларусі плацежнага мабільнага дадатку БЕЛКАРТ PAY.

— Як хутка мы ажыццявім поўны пераход на каналы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, ці «кэш» будзе жыць і далей?

— Я доўгі час шчыра лічыў, што наяўныя грошы бесперспектыўныя, і час іх сыходу не за гарамі. Аднак, як паказвае практыка, не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце, чуткі пра «смерць» наяўных моцна перабольшаныя. У перыяд геапалітычнай турбулентнасці наяўныя аказаліся адным з самых суверэнных (разам з нацыянальнымі плацежнымі сістэмамі) сродкаў плацяжу.

Так, падтрыманне наяўна-грашовага абароту — рэч дарагая для дзяржавы, але, як паказвае практыка, наяўныя — пакуль яшчэ сур'ёзная альтэрнатыва безнаяўным сродкам. Безумоўна, намаганні дзяржавы вывесці наяўны абарот з ценю значныя і адчувальныя, аднак застаецца яшчэ дастаткова шмат галін нашага жыцця, дзе пераважаюць менавіта наяўныя.

І гэта не толькі славутыя рынкі, але і плацяжы на карысць рамеснікаў, напрыклад. І я кажу толькі пра плацяжы ў «белай» зоне, а колькі іх у «шэра-чорнай»? У сельскай мясцовасці за машыну пяску, за паслугі па ўзворванні, касьбе, за будаўнічыя работы, якія аказваюцца неафіцыйна, з-за зразумелых прычын, гаворка пра безнаяўны разлік у прынцыпе не ідзе. За рэдкім выключэннем не прыжыўся безнаяўны плацеж пакуль і ў сферы паслуг і тавараў рэлігійнага прызначэння. Увогуле, пакуль наяўныя грашовыя сродкі з'яўляюцца неад'емнай часткай нашай плацежнай экасістэмы. І, натуральна, з імі трэба працаваць, іх трэба абслугоўваць.

Таму я лічу, што банкаматны бізнес дакладна не памірае, хутчэй адбываецца сур'ёзная яго трансфармацыя. Цяпер ва ўсім свеце, у тым ліку і ў нашай краіне, выразна выяўляецца трэнд на замену ўстарэлых мадэляў з адзінай функцыяй — зняцця наяўных, на сучасныя шматфункцыянальныя банкаматы. Іх яшчэ называюць банкаматамі поўнага цыкла або рэсайклінгавымі банкаматамі. Іх асноўная асаблівасць у тым, што ў гэтых банкаматах рэалізаваны поўны цыкл рэцыркуляцыі наяўных — яны і выдаюць, і прымаюць наяўныя. Больш за тое прынятыя наяўныя пералічваюцца і могуць быць выдадзены іншаму кліенту.

Такія банкаматы, калі іх устанавіць у месцах са збалансаваным абаротам па прыёме/выдачы наяўных, значна радзей інкасуюцца. Акрамя таго, варта адзначыць, што банкі сёння выкарыстоўваюць бескантактавыя экасістэмы. І калі пытанні з бескантактавымі плацяжамі ў гандлі ўжо даўно закрытыя, то казаць пра 100 % бескантактавай функцыянальнасці банкаматнага парка Беларусі пакуль яшчэ рана. Для рэалізацыі гэтай задачы банкі цяпер закупляюць выключна банкаматы з магчымасцю ажыццяўлення бескантактавых аперацый.

Трэба звярнуць увагу на тое, што цяпер банкамат становіцца па-сапраўднаму шматфункцыянальнай прыладай. У спектр аперацый, якія ажыццяўляюцца ў сучасных банкаматах беларускіх банкаў, акрамя стандартных, уваходзяць і прыём плацяжоў (як у наяўнай, так і безнаяўнай формах), і валютна-абменныя аперацыі, і прыём выручкі ад юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, і правядзенне аперацый без выкарыстання карткі, і дэпазітныя аперацыі. У цэлым і вонкавае аблічча, і ўнутранае напаўненне сучаснага банкамата прынцыпова адрозніваецца ад яго папярэднікаў 1990-х — 2000-х гадоў.

— Мы чулі, што вы ўваходзіце ў гэты рынак на новай тэхналагічнай платформе...

— У выніку шэрагу прычын наш цэнтр, які доўгія гады быў значным гульцом на банкаматным рынку, у апошнія некалькі гадоў пайшоў з яго. У 2021 годзе мы задумаліся аб вяртанні. І магу сказаць, што менш чым за год мы правялі велізарны аб'ём метадалагічных, юрыдычных, тэхналагічных і інтэграцыйных работ і гатовыя да выхаду на рынак банкаматаў кітайскага вытворцы GRG. У цяперашні час нашы банкаматы праходзяць доследна-прамысловую эксплуатацыю ў найбуйнейшым банку краіны.

— Бескартачныя транзакцыі з выкарыстаннем розных гаджэтаў... Сапраўды, на картачным рынку адбылася эвалюцыя. Раскажыце аб трэндах у гэтым напрамку.

— Варта адрозніваць тыпы транзакцый. Існуе, напрыклад, згенерыраваны іншымі плацежнымі форм-фактарамі (гадзіннікі, пярсцёнкі і іншае), але апрацаваны па картачных правілах і тэхналогіях. Ёсць транзакцыі, якія не маюць дачынення да картачных тэхналогій (плацяжы з рахункаў, плацяжы з выкарыстаннем электронных грошай і іншыя).

Абодва тыпы транзакцый мяняюць плацежны вопыт канчатковага спажыўца, бо фарміруюць бескартачныя, у пераважнай большасці выпадкаў бескантактавыя, узаемадзеянні паміж спажыўцом і ўсімі астатнімі ўдзельнікамі працэсу (банкаматамі, гандлярамі, банкамі і тэрміналамі).

І ў такім успрыманні «бескартачных транзакцый» я назваў бы адзін, у маім разуменні самы галоўны, агульны трэнд — стварэнне бескартачных бясшвовых экасістэм, у якіх спажывец можа атрымаць максімальна поўны аб'ём плацежных паслуг, не выкарыстоўваючы картку ў якасці базавага інструмента. Атрымліваецца, што ў такіх экасістэмах акцэнт з карткі як першаснай крыніцы транзакцый ссоўваецца на іншыя фактары.

Тут, на маю думку, першынство належыць розным плацежным праграмам, і мабільны тэлефон дэ-факта замяняе картку. Ужо цяпер у Беларусі ёсць банкі, якія актыўна фарміруюць такія бескартачныя экасістэмы, у якіх чалавеку картка наогул не патрэбная — ён можа з выкарыстаннем плацежнага дадатку і расплаціцца ў любых фізічных гандлёвых пунктах, і правесці аперацыі ў банкаматах і інфакіёсках, і правесці аплату ў інтэрнэт-крамах. Мне здаецца, што гэта вельмі зручна, бо цяжка ўявіць сучаснага чалавека без смартфона — ён з намі заўсёды, таму і ссоўванне акцэнтаў на карысць плацежных праграм цалкам зразумелае. Да астатніх плацежных гаджэтаў я стаўлюся хутчэй як да цацак, незвычайных аксесуараў, не больш за тое.

Зусім іншая гісторыя, калі «бескартачныя транзакцыі» наогул не маюць дачынення да картачных тэхналогій. Сярод вядучых тэхналогій у дадзеным сегменце развіцця, безумоўна, першую скрыпку іграюць QR-коды. У краіне ўжо ёсць некалькі сур'ёзных праектаў, якія базіруюцца на QR-кодах, яны займаюць пэўныя нішы, у якіх традыцыйныя картачныя тэхналогіі альбо слаба прадстаўлены, альбо іх наогул няма. Сярод такіх праектаў ёсць як монабанкаўскія, так і міжбанкаўскія рашэнні і ў іх, безумоўна, ёсць будучыня. На маю думку, іх роля на плацежным рынку будзе толькі ўзрастаць.

— Задача любой унутранай плацежнай сістэмы — абараняць інтарэсы грамадзян, і сёння мы можам пачуць, што гэта «плацежная сістэма ў тапках», маўляў, свая, родная, не падвядзе, заўсёды спрацуе. На якім этапе развіцця БЕЛКАРТ знаходзіцца цяпер?

— Гэтая сістэма знаходзіцца на этапе значнага росту як з пункту гледжання пашырэння функцыянальнасці, так і з пункту гледжання колькасці картак у абароце.

Мы практычна функцыянальна зраўняліся з міжнароднымі аплатнымі сістэмамі (засталося яшчэ некалькі параўнальна нязначных тэхналагічных аспектаў, якія мы плануем закрыць у 2023 годзе). Не пабаюся сказаць, што ў складанай геапалітычнай сітуацыі, у якой апынулася наша краіна, менавіта БЕЛКАРТ выратавала картачны рынак краіны. Трымальнікі картак беларускіх банкаў практычна не заўважылі тых бур і ўраганаў, якія бушавалі ў плацежнай экасістэме ў лютым-сакавіку бягучага года.

Не было б у краіне БЕЛКАРТ — наступствы былі б значна больш сур'ёзнымі. Многія санкцыйныя банкі пазбавіліся б значнай долі сваіх картачных партфеляў, трымальнікі адчулі б значныя нязручнасці ў карыстанні карткамі — яны страцілі б сваю сістэмнасць, імі нельга было б разлічыцца ў любых пунктах прыёму любых банкаў. Усяго гэтага дзякуючы БЕЛКАРТ і Банкаўскаму працэсінгаваму цэнтру не адбылося. Вядома, картачны рынак Беларусі часткова страціў такую ўпадабаную многімі нішу, як аплата з выкарыстаннем плацежных дадаткаў SamsungPay, ApplePay у крамах, бо па картках санкцыйных банкаў правядзенне такога кшталту аперацый немагчымае ў любых элементах аплатнай інфраструктуры, але і ў тэрміналах санкцыйных банкаў немагчымае правядзенне такога кшталту аперацый незалежна ад таго якім банкам (санкцыйным ці не) выпушчана картка.

Менавіта таму вельмі важны і запатрабаваны рынкам новы прадукт плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ — плацежны дадатак БЕЛКАРТ PAY, які дазваляе выкарыстоўваць тэлефоны з АС Androіd для правядзення бескантактавых безнаяўных аперацый практычна ва ўсіх магазінах нашай краіны.

Гэта вялікі прарыў для нашага рынку. Разам з тым усе тэхналагічныя магутнасці для забеспячэння функцыянавання дадзенага прадукту размешчаны на тэрыторыі Беларусі, што дазваляе яшчэ больш узмацніць плацежны суверэнітэт краіны. Мы працуем і над тым, каб наша рашэнне з'явілася на тэлефонах Huaweі (плануем у пачатку наступнага года парадаваць уладальнікаў тэлефонаў дадзенага брэнда), і на тэлефонах Apple (тут усё складаней з-за жорсткай пазіцыі Apple, але мы працягваем перагаворы з імі).

БЕЛКАРТ PAY стане нашым флагманскім прадуктам — мы будзем пашыраць яго функцыянальнасць, у тым ліку і за кошт імплементацыі ў яго праграмы лаяльнасці, запусціць якую мы плануем у сярэдзіне наступнага года.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Стрэс, канкурэнцыя, жаданне камандаваць... 5 рэчаў, якія забіваюць жаноцкасць і абаянне

Стрэс, канкурэнцыя, жаданне камандаваць... 5 рэчаў, якія забіваюць жаноцкасць і абаянне

Вонкавая прыгажосць — гэта, у першую чаргу, адлюстраванне ўнутранай.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Чакаюцца дзелавыя поспехі, калі вы, вядома ж, гатовыя да працоўных подзвігаў.