Вы тут

Беларускія вучоныя прапанавалі паратунак ад пластыкавага забруджвання


Сусветнае спажыванне пластыку кожны год дасягае 300 мільёнаў смеццевых тон — гэта прыкладна столькі ж, колькі важыць усё насельніцтва Зямлі. А з моманту вынаходніцтва чалавецтвам пластыку як матэрыялу створана ўжо 8,3 млрд тон палімераў. 79 % з іх трапілі на палігоны ці апынуліся ў навакольным асяроддзі. Больш за 80 % смецця ў акіяне — менавіта пластык — і на гэтых пластыкавых астравах магло б размясціцца ўжо амаль 70 Беларусяў. Як шукаць паратунак ад пластыкавага забруджвання, прапануюць беларускія вучоныя.


Адзін з магчымых варыянтаў барацьбы з пластыкавым смеццем — выкарыстанне біяраскладальных палімераў, якія здольныя ў нармальных умовах (пры пэўнай вільготнасці і тэмпературы і з дапамогай мікраарганізмаў) цалкам раскладацца, пакідаючы пасля сябе вуглякіслы газ і ваду. Аднак у свеце за год вырабляецца толькі каля двух мільёнаў тон біяраскладальных палімераў — гэта менш за працэнт ад агульнай колькасці ствараемых палімераў, расказаў Аляксандр Рагачоў, дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі.

Пераход на біяраскладальную ўпакоўку і адыход ад пластыкавай дазволіць больш як на 10 % зменшыць аб'ём палімерных адходаў, якія ў марфалогіі смецця ў Беларусі складаюць да 12 %, згодзен і Вадзім Кіцікаў, дырэктар Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі. Ён расказаў, што ў свеце існуе сем лабараторый, дзе ацэньваецца біяраскладальнасць матэрыялаў. Пяць з іх у Еўропе, і такую ж цяпер будуюць у Беларусі:

— Неабходна забараняць асобныя віды ўпакоўкі і абмяжоўваць яе колькасць. Мэтазгодна таксама распрацаваць нацыянальны план канцэпцыі па ўпакоўцы і развіцці ўпаковачнай галіны.

Айчынныя вучоныя ў сферы выкарыстання біяраскладальных палімераў працуюць над стварэннем кампазітных матэрыялаў. Задача спецыялістаў — зменшыць пры стварэнні прадукцыі прысутнасць дарагога пластыку і замест яго выкарыстаць іншую даступную сыравіну. У некаторых вытворчасцях яна з'яўляецца адходамі, аднак яе дабаўленне дазваляе захаваць біяраскладальныя ўласцівасці палімераў, заўважыў Аляксандр Рагачоў.

Штогод у Беларусі вырабляецца 280 тысяч тон палімераў. Большасць з гэтай колькасці — упакоўка, якой кожны беларус за год ужывае 14,7 кілаграма. Каб зменшыць колькасць шкодных палімераў, трэба карыстацца біяраскладальнай тарай, раяць эксперты.

Ацэнка біялагічнай раскладальнасці ўпакоўкі ўключае ў сябе пяць стадый. Гэта вызначэнне параметраў упакоўкі і ўпаковачнага матэрыялу, біяраскладальнасць, распад, якасць кампосту і распазнавальнасць, расказала Марыя Кудрэвіч, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута ЖКГ НАН Беларусі.

Каб упэўніцца, што матэрыял падвяргаецца раскладанню падчас кампаставання і не пакідае бачных фрагментаў, неабходна, каб рэальны працэс кампаставання пры зададзеных умовах цягнуўся не больш як 12 тыдняў. Гэта праверка стадыі фізічнай дэструкцыі (распаду) матэрыялу. У працэсе матэрыял пераварочваюць і правяраюць паказчыкі тэмпературы, вільготнасці, утрымання кіслароду.

— Пасля завяршэння атрыманы матэрыял прасейваюць праз сіта, — удакладніла спецыяліст. — Часцінкі, якія па памерах больш за 2 мм, лічацца тымі, што не распаліся. Іх колькасць не павінна перавышаць 10 % ад зыходнай масы. Наступная стадыя — праверка якасці кампосту. Апошняя стадыя датычыцца ўпакоўкі. Яна павінна мець такую ідэнтыфікацыю і маркіроўку, каб карыстальнік мог вызначыць здольнасць матэрыялу да кампаставання і біялагічнага раскладання. Для біяраскладальных матэрыялаў існуюць лагатыпы, якія сертыфікаваныя згодна са стандартам EN13432, — па іх можна вызначыць, ці з'яўляецца ўпакоўка біяраскладальнай. У Беларусі няма ідэнтычных еўрапейскаму стандартаў, таму неабходнае стварэнне нацыянальнай сістэмы ацэнкі і сертыфікацыі біяраскладальных матэрыялаў і ўпакоўкі.

Між іншым, у Беларусі буйныя крамы ўжо прапануюць пакупнікам біяраскладальныя пакеты трох відаў: пакет-майка для тавару, фасовачны пакет для гародніны і пакет для смецця. Усе яны не проста здольныя раскладацца, але і могуць выкарыстоўвацца разам з арганічным смеццем для кампаставання.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?