Вы тут

НАН прэзентуе новыя навуковыя выданні, прысвечаныя кіналетапісу і музыцы Вялікай Айчыннай вайны


7 кастрычніка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук адбудзецца прэзентацыя навуковых выданняў вучоных Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Новая манаграфія кандыдата мастацтвазнаўства К. І. Рамішэўскага «Ворагу бязлітасная лютая помста!»: кіналетапіс і кіначасопіс «Савецкая Беларусь» вогненных гадоў (чэрвень 1941 — лістапад 1945 года) знаёміць з вынікамі паглыбленага вывучэння хранікальнага кінаматэрыялу ваенных гадоў і кінахранікальнай творчасці франтавых аператараў. Навуковае даследаванне, апісанне, каталагізацыя, сістэматызацыя і ўвядзенне ў навуковы абарот маштабнага кіналетапісу Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца вельмі актуальнай навуковай задачай, паколькі даследаванняў такога экраннага матэрыялу ў Беларусі ў пасляваенны перыяд не праводзілася.

У выданні падрабязна раскрытая аўтарская метадалогія гісторыка-мастацтвазнаўчай атрыбуцыі «раздакументаванага» кінаматэрыялу з дапамогай унікальных дакументаў ваеннага часу — аператарскіх здымачна-мантажных лістоў. Прыведзены прынцыпова новыя звесткі аб мерапрыемствах, якія забяспечылі адраджэнне нацыянальнага кіначасопіса «Савецкая Беларусь» летам 1942 года, а таксама аб вытворчых аспектах работы Беларускай студыі кінахронікі ў перыяд яе часовага знаходжання ў Маскве ў 1942–1944-х гадах.

Адным з вынікаў навуковага даследавання стала фарміраванне калекцыі беларускіх кінадакументаў 1941–1945 гадоў, якія ўключаюць кінакадры, знятыя на беларускай зямлі, а таксама рэпартажы і нарысы кінааператараў-беларусаў, знятыя імі ў кінагрупах розных франтоў.

Яшчэ адна навінка — кніга аўтарскага калектыву. «Вялікая Айчынная вайна ў беларускай музыцы: памяць нашчадкаў» — прысвечана ўвасабленню тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай кампазітарскай творчасці і песенным фальклоры, подзвігу беларускіх артыстаў і музыкантаў-партызан у тыле ворага. У ёй разглядаюцца творы, напісаныя як у гады Вялікай Айчыннай вайны, так і ў пазнейшыя часы. Манаграфія ахоплівае ўсе жанры кампазітарскай творчасці — оперы і балеты, сімфанічную, вакальна-сімфанічную і харавую музыку, канцэрты і камерна-інструментальныя творы, рамансы і песні. Прадстаўлены як панарамны агляд музычных твораў, прысвечаных ваеннай тэматыцы, так і іх падрабязны аналіз.

Трагедыя Хатыні і музыка Уладзіміра Алоўнікава, чыя творчасць амаль цалкам прысвечана подзвігу беларускага народа ў гады вайны, складаюць самастойныя раздзелы кнігі. Вялікая ўвага нададзена партызанскай песні і яе ролі ў падтрымцы баявога духу абаронцаў Айчыны. Кніга суправаджаецца ілюстрацыйным матэрыялам — фатаграфіямі кампазітараў і артыстаў-выканаўцаў, сцэн з оперных і балетных спектакляў. Дадаткі змяшчаюць важную інфармацыю аб нотна-песенных транскрыпцыях і аўдыёзапісах партызанскіх песень, а таксама пералік асноўных твораў беларускіх кампазітараў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, тэме подзвігу народа і Вялікай Перамозе, які не мае аналагаў у беларускіх выданнях.

На мерапрыемства запрошаны прадстаўнікі навуковай грамадскасці і вышэйшых навучальных устаноў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.