Вы тут

Зборная Беларусі па хакеі вернецца ў элітны дывізіён ЧС


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Гераіні тыдня. Беларуская каманда заняла трэцяе месца на спаборніцтвах Усерасійскай студэнцкай лігі па баскетболе 3х3 у Маскве. У паядынку за бронзавыя ўзнагароды Ульяна Скіба, Яна Макуца, Паліна Верабей і Анастасія Бабак ва ўпартай барацьбе перамаглі піцерскі ГУТІД з перавагай у два ачкі — 19:17. У спаборніцтвах юнакоў беларусы Ілья Мілашэўскі, Ян Марынін, Аляксей Навойчык і Кірыл Васкаўцоў занялі пятае выніковае месца, прайграўшы ў 1/8 фіналу «Паўднёваму слану» са Стаўрапаля з вынікам 17:18. Турнір быў арганізаваны Асацыяцыяй студэнцкага баскетбола Расійскай Федэрацыі. На спаборніцтвах выступілі 108 каманд з Расіі, Абхазіі, Казахстана, Туркменістана, Беларусі, Узбекістана. У жаночым турніры спаборнічалі 48 квартэтаў, у мужчынскім — 60.

Рашэнне тыдня. Кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея прыняў рашэнне аб механізме вяртання зборных Беларусі і Расіі ў сістэму чэмпіянатаў свету. На паўгадавым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІHF), які прайшоў у турэцкім Белеку, была прадстаўлена канцэпцыя вяртання зборных Беларусі і Расіі да ўдзелу ў сістэме чэмпіянатаў свету. Згодна з агучанай прапановай, пасля прыняцця Саветам ІІHF адпаведнага рашэння зборныя абедзвюх краін
вернуцца ў катэгорыі і дывізіёны, у якіх яны бралі ўдзел да таго моманту, калі іх удзел у праграме чэмпіянатаў ІІHF быў «замарожаны». Такім чынам, нацыянальныя зборныя Беларусі і Расіі па хакеі вернуцца ў сістэму не раней за май 2023 года, але захаваюць свае пазіцыі. За гэта рашэнне прагаласавалі 98 са 119 дэлегатаў кангрэса.

«Радуе, што ІІHF нарэшце агучыла выразную пазіцыю ў дачыненні да нашых зборных і механізму іх вяртання да ўдзелу ў праграме чэмпіянатаў свету. Цяпер не толькі мы, але і іншыя члены сусветнай хакейнай сям'і разумеюць, як гэта будзе адбывацца. І, як мы бачым з вынікаў галасавання, іншыя федэрацыі падтрымліваюць наша вяртанне, таму мы працягнем весці падрыхтоўку нашых каманд, каб падысці да моманту вяртання ў добрай форме, бо выступленне ўсіх нашых зборных у топ-дывізіёне чэмпіянатаў свету вельмі важна не толькі для дзеючых спартсменаў, але і для перспектыў развіцця хакея Беларусі», — пракаментаваў гэтую навіну Аляксандр Багдановіч, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі.

Падзея тыдня. Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у Х Міжнародным форуме «Расія — спартыўная дзяржава» з удзелам вядомых спецыялістаў, экспертаў і гасцей з 15 краін. Форум прайшоў у горадзе Кемерава. «У Кемераве мы паглядзелі шмат пляцовак. Нейкімі асобнымі напрацоўкамі валодаем мы, штосьці цікавае ёсць у Расіі. Я зрабіў выснову, што Расія можа забяспечыць сябе і спартыўным інвентаром, і адзеннем. Таму спадзяёмся на пашырэнне супрацоўніцтва прадпрыемстваў у вытворчасці экіпіроўкі і адпаведнага абсталявання. У прыватнасці, нас зацікавілі механічныя і электронныя біятлонныя ўстаноўкі», — расказаў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка.

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук адзначыў, што беларуска-расійскія спаборніцтвы будуць працягвацца. «У сучасных умовах мы проста абавязаны захаваць патэнцыял нашых краін як вядучых спартыўных дзяржаў. Аднак нельга гэтым абмяжоўвацца. У нашы праекты неабходна прыцягваць спартсменаў азіяцкага рэгіёна, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Але разам з тым адзначу, што мы не выходзілі з міжнародных федэрацый, і калі будзе такая неабходнасць, нашы спартсмены заўсёды гатовы ўдзельнічаць у любых спаборніцтвах», — сказаў міністр.

Медалі тыдня. Беларусы выступілі на міжнародных спаборніцтвах па веласпорце на трэку «Кубак садружнасці сярод Сібірскіх рэгіёнаў і Рэспублікі Беларусь». Турнір прайшоў у Омску. Пераможцам мужчынскага кейрына стаў беларус Аляксандр Глова, сярэбраны медаль заваяваў яго партнёр па зборнай Арцём Зайцаў. Па выніках гэтага ж віду праграмы ў юніёрак (U18) на трэцюю прыступку п'едэстала ўзнялася беларуска Паліна Конрад. Па тры ўзнагароды спаборніцтваў сярод юніёраў заваявалі Паліна Конрад (два залатыя і адзін сярэбраны медалі), Аліна Кароткіна (1 адзін залаты і два сярэбраныя медалі) і Ксенія Шынкарэнка (тры бронзавыя медалі). Кожная з беларусак вызначылася ў омніуме, скрэтчы і гонцы па ачках. Яшчэ адзін сярэбраны медаль па выніках мужчынскага скрэтчу выйграў Аляксей Шманцар. Акрамя веласіпедыстаў з Беларусі, удзел у турніры прынялі спартсмены з Казахстана, а таксама прадстаўнікі сямі рэгіёнаў Расіі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.