Вы тут

«Дажынкі» як сімвал магутнасці і стабільнасці дзяржавы»


Гарадскі пасёлак упершыню стаў сталіцай абласнога фестывалю «Дажынкі». Перад прыёмам гасцей населены пункт значна аднавіўся. Павіншаваць работнікаў сельскай гаспадаркі прыехалі высокія госці. Найлепшыя атрымалі дастойныя ўзнагароды, усе ўдзельнікі мерапрыемства змаглі акунуцца ў атмасферу свята.


Прыгожы падарунак усім прысутным падарыў міні-фестываль «Вянок маладосці», на якім прадстаўніцы ўсіх 17 раёнаў Гродзенскай вобласці дэманстравалі ўнікальныя галаўныя ўборы з кветак і каласоў. Багаццем сельскагаспадарчых культур уражваў кожны раённы падворак. Сустракаў гасцей цар-каравай у атачэнні 17 пірагоў. Іх, дарэчы, было значна больш. І тут было на што паглядзець, асабліва ў рамках конкурсу. Дарэчы, цікавыя спаборніцтвы, такія як яблычны снайпер, аграрны баскетбол і бой падушкамі, увайшлі ў любімую для многіх «Сельскую эстафету».

А пачаўся фестываль традыцыйным шэсцем з сімвалічнай назвай «Ад зярнятка да каравая». Героі ўрачыстасці — кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты агранамічнай службы, механізатары і кіроўцы, аператары зернесушыльных комплексаў — усе, хто ўнёс свой уклад у агульны каравай, у суправаджэнні аркестра прайшлі праз цэнтр пасёлка да плошчы Ратушнай. На чале кожнай дэлегацыі — дзяўчына з прыгожа аформленым снапом. Найлепшых аграрыяў віталі жыхары і госці гарадскога пасёлка.

На цэнтральнай сцэне фестывалю прайшла цырымонія ўшанавання галоўных герояў «Дажынак» — хлебаробаў, якія з году ў год дэманструюць высокія паказчыкі ў рабоце. Сёлета гродзенскія аграрыі ўнеслі ў рэспубліканскі каравай 1,5 мільёна тон збожжа, што вышэй за мінулагодні вынік. Сярэдняя ўраджайнасць склала амаль 50 цэнтнераў з гектара, што вывела рэгіён у лідары. Прычым не толькі ў аграрнай галіне. Аб гэтым было сказана ў прывітальным пісьме Прэзідэнта Беларусі. «Ад усёй душы віншую хлебаробаў Гродзеншчыны з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі, — гаворыцца ў пісьме кіраўніка дзяржавы. — Дзякуючы такім людзям, як вы, добрасумленным, адказным, гаспадарчым, рэгіён па праву з'яўляецца адным з прызнаных лідараў па ключавых паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці ў краіне і працягвае дынамічна развівацца».

Ад імя кіраўніка дзяржавы першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў уручыў узнагароды старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Караніку, калектыву СВК «Азёры» Гродзенскага раёна, старшыні Мастоўскага райвыканкама Андрэю Санько. Былі ўручаны Ганаровыя граматы і Падзякі Адміністрацыі Прэзідэнта.

— Такі поспех невыпадковы, — адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. — За гэтым стаіць зладжаная сумесная работа, цеснае ўзаемадзеянне, здольнасць аддаваць сябе справе, працаваць з душой і сэрцам. А поўныя засекі гарантуюць упэўненасць у заўтрашнім дні. Агульнымі намаганнямі, забяспечваючы краіну натуральнай высакаякаснай прадукцыяй, беларусы гарантуюць сваю харчовую бяспеку, развіццё і стабільнасць краіны. Таму «Дажынкі» — сімвал надзейнасці і магутнасці дзяржавы.

Традыцыйна падчас урачыстасці былі ўшанаваны пераможцы абласнога конкурсу на жніве. Найлепшым стаў Гродзенскі раён (першы намеснік старшыні Генадзь Аксаміт), на другім месцы — Бераставіцкі (старшыня Антон Кулісевіч), трэцяе месца ў Шчучынскага раёна (старшыня Андрэй Садоўскі).

Сярод гаспадарак у абласным спаборніцтве найлепшымі на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур сталі тры вытворчыя кааператывы Гродзенскага раёна — СВК «Свіслач» (старшыня Васіль Густыр), СВК імя І. П. Сянько (старшыня Валерый Шумель) і ВК імя В. І. Крамко (старшыня Сяргей Крамко).

— Дзякуючы прафесійным кадрам, вобласць паспяхова вырашае ў аграрным сектары самыя амбіцыйныя задачы, — падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Леанід Заяц. — Шэсць раёнаў забяспечылі валавы намалот больш як 100 тысяч тон. Дзве гаспадаркі — СВК «Гродзенскі» і ВК імя В. І. Крамко маюць ураджайнасць звыш 100 цэнтнераў з гектара. Дзякуючы такім працаўнікам наша краіна мае дастойныя паказчыкі ў сёлетнім жніве. Разам з рапсам і кукурузай чакаем больш за 11 мільёнаў тон. Упершыню такі паказчык за ўсю суверэнную гісторыю нашай краіны.

Шматгранную збожжавую тэматыку прадставілі ўсе раёны на сваіх імправізаваных падворках. На кожным з іх — пэўная сельгаскультура. Напрыклад, Ваўкавыскі і Бераставіцкі раёны аддалі перавагу пшаніцы.

Дзятлаўскі раён прысвяціў свой падворак грэчцы. Зэльвенскі падворак уславіў сланечнік, а Карэліцкі — лён.

Трэба сказаць, што Вялікая Бераставіца, якая ўпершыню прымала такі салідны фестываль, прыкметна змянілася. Новае аблічча займелі многія будынкі, добраўпарадкавана набярэжная, капітальна адрамантаваны Цэнтр культуры. Праведзены рамонт вуліц, адноўлены спартыўныя пляцоўкі.

Вялікая Бераставіца, якая сёлета прыняла эстафету фестывалю-кірмашу «Дажынкі» ад горада-спадарожніка Скідзеля, перадала яе Зэльве. Менавіта тут налета пройдзе абласное свята хлебаробаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».