Вы тут

Яблычны сок


Гісторыя накшталт: знарок не прыдумаеш. Суседзі па вясковым доме сабраліся ціснуць сок. Яблыкаў сёлета нарасло, як ніколі. Уся трава ў садзе ўсланая імі, нібы дываном. Падаюць, прападаюць. Рашылі вось соку на зіму нарыхтаваць. Антаніна Пятроўна зранку прыгатавала слоікі, выварку для кіпячэння соку, іншы посуд. Гаспадар вынес на двор стол, падключыў электрыку. Яблыкаў яны намылі і нарэзалі напярэдадні цэлыя ночвы.


Сокавыціскалка ў суседзяў — савецкая «Журавінка», надзейная, нібы касмічны карабель. Але ж, як высветлілася, усякая механіка перыядычна патрабуе прафілактыкі і тэхнічнага абслугоўвання. Не паспелі выціснуць першыя тры літры, як машына падазрона затрашчала. Сусед заўсёды вызначаўся інжынернай жылкай: раскруціў, паглядзеў і адразу выявіў загану. Тэрмінова патрабавалася замяніць невяікую пластыкавую пракладку. Васіль Іванавіч — чалавек лёгкі на пад'ём — хутка выгнаў з гаража надзейнага сябра, старэнькую іншамарку, і паехаў у гаспадарчы магазін у пасёлак за 10 кіламетраў. Справы ж на нейкія паўгадзіны.

Але прайшла і гадзіна, і другая, і трэцяя, а яго не было. Пятроўна захвалявалася, мы з Наталляй спрабавалі супакоіць: ці мала якія справы, дружбакоў-паляўнічых сустрэў, не аказалася патрэбнай дэталі, паехаў недзе далей. Іванавіч, варта сказаць, заядлы паляўнічы, у іх ёсць свая паляўнічая каманда, яны, як пачынаецца сезон, штогод збіраюцца ў тым ліку і ў яго дома. Ён не прапускае ніводнага выхаду ў лес, хоць даволі сталы пенсіянер. А вось мабільны тэлефон бярэ, толькі калі ідзе на паляванне, у іншых сітуацыях карыстаецца ім вельмі рэдка. Браў з сабой, хіба як у бальніцу трапіў. Ну і на гэты раз, як вы здагадаліся, тэлефона з сабой не было.

Пасля абеду жонка не на жарт расхвалявалася, стала званіць агульным знаёмым з пасёлка, але без поспеху. Мы, суседкі, каб не хваляваць Іванаўну, цішком тэлефанавалі ў прыёмны пакой мясцовай бальніцы, набіралі і ў ДАІ, каб даведаццца, ці не трапляла машына ў ДТЗ. На шчасце, пра дрэннае нам не сказалі. Каб неяк падтрымаць суседку, Наталля наважылася пажартаваць, згадала фільм «Па запалкі». Антаніна Іванаўна не глядзела карціну, а калі ёй расказалі сюжэт пра тое, як адзін нехлямяжы гаспадар паехаў пазычыць запалак, а вярнуўся праз тры гады, чамусьці заплакала. Сітуацыя рабілася ўсё больш напружанай, Іванаўна то хапалася за тэлефон, каб званіць дзецям, то пакідала гэты намер. Жывуць жа няблізка, сарвуцца, будуць ехаць.

...Машына паказалася з-за павароту на нашу вуліцу, калі ледзь-ледзь пачынала шарэць. Акрамя кіроўцы, жывога і здаровага, у ёй сядзелі яшчэ двое. Не буду трансліраваць, якімі словамі сустрэла жонка мужа. Мы з Наталляй пачулі назаўтра ад самога Васіля Іванавіча, які пасля жончынай «прафілактыкі» выглядаў крыху нібы пабіты сабака, як той казаў, версію. Так, ён сустрэў сваіх прыяцеляў-паляўнічых каля крамы. У іх завадатара — Мікалая — быў такі выгляд, нібы ён каго пахаваў. Той біў сябе ў грудзі і прамаўляў: «Няўжо сорак гадоў жыцця кату пад хвост, калі яна не верыць мне, а верыць нейкім прайдзісветам?!» Высветлілася амаль неверагоднае: яго жонка падала на развод. Іх, можна сказаць, узорная сям'я рушыцца з-за нейкай недарэчнай ананімкі. Жонка атрымала пісьмо з «рэчавымі доказамі». На фота ён, Мікалай, абдымае жонку нябожчыка-сябра, таксама паляўнічага. І што з таго? Ён жа заўсёды дапамагаў удаве з агародам, па гаспадарцы, жонка тое ведала. Аднойчы ўдава ўспомніла мужа, заплакала, ён па-сябороўску абняў, а нехта, значыць, сачыў з-за плота і здымаў. Навошта толькі гэтыя тэлефоны з камерамі прыдумалі, што кожны жук і жаба можа спадцішка каго хочаш шчоўкаць, — у роспачы казаў Мікалай. Як можна з лёгкасцю паверыць нейкаму паклёпу, — ён не ведаў, як усвядоміць гэта, таксама.

Ну як жа было не падтрымаць таварыша ў такой сітуацыі, тым больш што той сядзеў з пляшкай! Васіль Іванавіч згадаў, што ён за рулём, але яны запэўнілі, што ў Мікалая ёсць сусед, цвярозы, які завязе. Той умоўна цвярозы сусед, можа, і добры чалавек, але, як высветлілася, машыну вадзіць не ўмее. Ехалі і так рознымі аб'язнымі дарогамі, а гора-кіроўца задумаў скараціць шлях, паехаў праз поле і ўваліўся ў разору толькі што ўзаранага магутным трактарам участка. Неяк выпхнулі аўто, далей сам Васіль Іванавіч вёз, казаў, што ехаў не больш за 8-10 кіламетраў у гадзіну.

Назаўтра заікнуўся да жонкі, каб прадоўжыць ціснуць сок — дэталь ён усё ж прывёз, дык яна такім позіркам адарыла, што зразумеў: соку ў гэтым сезоне не будзе.

Я гэта ўсё для чаго расказваю? Каб падкрэсліць, што не варта верыць ананімкам, даносам, а таксама панікаваць раней часу. Памятаеце, як гаварыў галоўны герой кнігі «Як гартавалася сталь»: «Калі ты пачуеш, што я памёр, не вер, пакуль сам не ўбачыш». Асабліва не варта верыць прайдзісветам, якія здольныя дэманстраваць праўдападобную карцінку. Пры цяперашніх тэхнічных магчымасцях гэта ж зброя ўсіх на свеце махляроў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.