Вы тут

На лаўцы з Элізай Ажэшка. Грамадзянская ініцыятыва захавала крыніцу і памяць


У майстэрні гродзенскага скульптара Мікалая Скляра ствараецца вобраз дзяўчыны, якая сядзіць на доўгай лаўцы з кніжкай і кубачкам у руках. Майстар нешта падпраўляе ў рамантычным капелюшы з ружай. Скульптура амаль гатовая, засталося зрабіць у лаўкі парэнчы і пафарбаваць. Затым драўляны твор мастацтва будзе ўстаноўлены каля крыніцы, якая вядомая гродзенцам як крыніца Элізы Ажэшкі. Згодна з паданнем, да яе заварочвала пісьменніца па дарозе з Гродна да мясцовага храма. А можа, гэта яна і ёсць, тут, на лаўцы? Доўгая сукенка, кніга ў руках. «Гэта мая фантазія такі вобраз стварыла, — расказаў скульптар. — А кубачак у руках сведчыць, што яна прыйшла папіць крынічнай вады».


Скульптура — адзін з элементаў добраўпарадкавання крыніцы ў вёсцы Прывалка Гродзенскага раёна. Экалагічны праект атрымаў грант у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў пад патранажам абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

— Гэта сімвалічна — згадаць знакамітых землякоў у Год гістарычнай памяці, — падкрэсліла каардынатар праекта Тэрэза Белавусава, — да таго ж Ажэшка сапраўды прыязджала да гэтай крыніцы, альбо ёй прывозілі адсюль ваду. Кажуць, што гэтая вада захоўвае прыгажосць і маладосць. Наша грамадскае таварыства «Крыніца» выступіла з праектам добраўпарадкаваць дадзены прыродны аб'ект.

Над лаўкай з драўлянай скульптурай будзе ўладкаваны навес. Таксама плануецца зрабіць мосцік над вытокам, побач будуць устаноўлены пянькі-крэслы і столік. Такой работай займаецца Гожскае лясніцтва. Плоцік таксама прадугледжаны з натуральных матэрыялаў, магчыма, ён будзе лазовы альбо з невялікіх калкоў. Будуць устаноўлены сметніцы. Ужо прывезены пясок для дарожак, пазней яго пасыплюць шчэбнем, каб пад'езды да крыніцы былі сухія.

У праекце задзейнічана нямала творчых асоб. Напрыклад, вядомы гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў выканаў указальнікі і стэнды з мастацкім аздабленнем. На яго думку, добраўпарадкаванне павінна быць максімальна экалагічным, каб не нашкодзіць прыродзе.

— Я чаму адгукнуўся на гэты праект? Мне даводзілася бачыць, як такія крыніцы добраўпарадкуюць нашы суседзі — літоўцы... Мне асабліва запомнілася, як зроблены жолаб для вады. Драўляныя карытцы кладуцца адно за адным, каб рэгуляваць узровень вады. Ніякіх пластыкавых і азбеставых труб не павінна быць, — лічыць скульптар.

Дарэчы, ён згадаў, што яго знаёмыя з літоўскага Друскінінкая спецыяльна раней адкрывалі візы, каб прыехаць сюды па ваду, а цяпер многія прыязджаюць сюды па бязвізе. Шлях недалёкі — вёска Прывалка за некалькі кіламетраў ад беларуска-літоўскай граніцыы і за пятнаццаць — ад Друскінінкая.

Некаторы час крыніца была пад пагрозай знікнення. Вакол вырас густы хмызняк, і мясцовасць стала нагадваць балотны ландшафт. Тады Тэрэза Белавусава выйшла на тагачаснага дырэктара інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Аляксандра Собалева, які цяпер з'яўляецца членам творчага калектыву «Крыніца». Ён успамінае, што тады, у 1980-я гады накіраваў сваіх спецыялістаў абследаваць мясцовасць.

— Мы павінны былі зрабіць праектную дакументацыю аб'екта па асобных зонах. Заняліся іх вывучэннем. Але тады не было такога ўзроўню ўвагі да гэтых лясных крыніц, таму даследаванні былі спынены, — канстатуе Аляксандр Собалеў. — Сёння дадзеная тэма ўзнятая дзякуючы ініцыятыве кіраўніка творчага калектыву Тэрэзе Іосіфаўне. Вельмі добра, што творчая група мае свой канцэптуальны падыход да аднаўлення аб'екта. Сюды нельга завозіць ніякі бетон, цэмент ці асфальт. Можа быць камень ці дрэва, пясок, таму што там прырода павінна дыхаць. Туды многія ідуць набіраць ваду. І гэтае месца павінна выглядаць культурна. Каб у людзей засталося нейкае ўражанне ад наведвання крыніцы.

Далейшым крокам стане падрыхтоўка да надання крыніцы прыродаахоўнага статусу.

— Важна, каб такія крыніцы не толькі існавалі, але і дайшлі да нашчадкаў. У гэтым сэнсе яны патрабуюць новага падыходу у фарміраванні экалагічнай палітыкі, навукова-даследчага і прававога суправаджэння. І тут павінны вырашацца дзве задачы — выкарыстанне і ахова. Вось чаму такое важнае наданне статусу помніка прыроды, — адзначыла Тэрэза Белавусава.

Трэба сказаць, што работа ў згаданым кірунку вядзецца. У рамках праграмы «Зяленая эканоміка энергарэсурсаў і рэсурсазберажэння» сёлета прайшлі даследаванні з удзелам супрацоўнікаў навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах і інстытута прыродакарыстання Акадэміі навук. На аснове даследаванняў унесена прапанова аб наданні статусу помніка прыроды крыніцы, якая названа ў гонар пісьменніцы Элізы Ажэшкі.

Праект грамадзянскіх ініцыятыў па добраўпарадкаванні крыніцы Элізы Ажэшкі з наданнем ёй у далейшым статусу помніка прыроды — толькі пачатак справы па захаванні водных крыніц. Творчы калектыў і надалей мяркуе браць удзел у падобных конкурсах. Увогуле іх мара — стварыць цэлы гаючы парк на гэтай тэрыторыі.

Анатоль Нікіцін, старшыня абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў:

— Цяпер у нас знаходзіцца ў рабоце праект па рэалізацыі ініцыятыў на сродкі, якія выдзелены непастрэдна абласнымі ўладамі. Мяркуецца, што выдаткі на адзін праект будуць значна большымі, чым тыя, якія атрыманы ад Банка развіцця. Цяпер асацыяцыя знаёміцца з тымі праектамі, якія прадстаўлены на абласны тур. Іх каля 20. Для рэалізацыі будзе абрана 4-5 праектаў, кожны з якіх атрымае да 50 тысяч рублёў. Гэта эксклюзіўныя праекты ў рэгіёне.

Такія конкурсы мяркуецца праводзіць штогод, а да іх удзелу прыцягваць яшчэ больш актыўных людзей, каб зацікавіць іх у развіцці сваіх тэрыторый. У сваю чаргу, фонд грамадзянскіх ініцыятыў дазволіць падтрымаць і стымуляваць ініцятывы грамадзян, органаў тэрытарыяльна-грамадскага самакіравання, сельскія Саветы, грамадскія арганізацыі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».