Вы тут

Як фермерам з Вілейскага раёна дапамагла сустрэча на рынку


Ракшыцы — невялікая вёска ў Вілейскім раёне, далёкая ад бойкіх шляхоў. Ціхая, утульная. Сяльчане тут вядуць няспешны рытм жыцця. Вакол прыгожыя краявіды, чыстае паветра.


Наталля Качанава падчас наведвання фермерскага рынка Валяр'янава цікавілася ў людзей іхнімі праблемамі.


5 кастрычніка ў Мінскай вобласці члены Савета Рэспублікі правялі адзіны дзень прыёму грамадзян. Парламентарыі наведалі ўсе раёны Міншчыны, сустрэліся з жыхарамі, выслухалі іх просьбы, прапановы і скаргі, па магчымасці пасадзейнічалі у вырашэнні хвалюючых пытанняў.

Мы сабралі некалькі рэальных гісторый рэальных людзей, якія звярнуліся па дапамогу і атрымалі яе. Як той казаў, блізкая ўлада ў дзеянні.


— Я родам з Маладзечна, бабуля жыве ў вёсцы Язні, адтуль і мой муж. Таму вырашылі пераехаць бліжэй да прыроды ў суседнія Ракшыцы і заняцца асабістай падсобнай гаспадаркай, — распавяла фермер Марына Язневіч. — Так і зрабілі. — Цяпер у нас дзевяць кароў, цяляты, набылі прадукцыйнага быка.

У Марыны і Генадзя Язневічаў сем гектараў зямлі. Зручна, што ўчастак знаходзіцца непадалёку ад дома — не трэба ганяць статак на пашу за некалькі кіламетраў. Але гэтай плошчы замала для таго, каб нарыхтаваць кармоў з запасам для рагуль на зіму.

У Марыны Ігараўны на фермерскім рынку Валяр'янава, што пад Мінскам, ёсць пункт для гандлю малочнымі прадуктамі — вяршкамі, тварагом, малаком, маслам, рознымі відамі сыру, якія робіць сама гаспадыня. Вучылася жанчына сыраробнай справе па інтэрнэце, збірала даўнішнія рэцэпты ў старэйшых людзей. Не ўсё атрымлівалася адразу, часта выходзіў брак, які даводзілася скармліваць свінням. Але з цягам часу Марына набіралася вопыту, удасканальвала майстэрства. Спачатку частавала самаробнымі прадуктамі сваякоў, знаёмых, блізкіх. Затым лішкі прадукцыі, калі на падворку пабудавалі невялікі цэх па перапрацоўцы сыравіны, пачала прадаваць на рынку. З'явіліся і пастаянныя пакупнікі — людзі ацанілі якасць прадуктаў.

— На пачатку жніўня Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава наведала рынак, пагутарыла з фермерамі, уладальнікамі асабістых падсобных гаспадарак наконт таго, чаго ім не хапае, якія праблемы хвалююць. Падышла Наталля Іванаўна і да мяне. Яна расказала, што ў размове з ёй адзін з фермераў сказаў, што яму не хапае зямлі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. І пацікавілася, як ідуць справы. Я пацвердзіла на асабістым прыкладзе, што гэта сапраўды так, зямлі не хапае, і звярнулася з просьбай пасадзейнічаць у выдзяленні дадатковага зямельнага ўчастка, каб можна было вырошчваць больш кармоў для жывёлы, павялічваць вытворчасць малочнай прадукцыі. У той жа дзень мне патэлефанавалі і сказалі, што ўзялі пытанне на кантроль. Затым яшчэ раз пацікавіліся, як яно вырашаецца, — падзялілася са мной Марына Язневіч.

Сям'і фермераў былі прапанаваны для разгляду зямельныя ўчасткі, якія могуць быць прыдатныя для назапашвання сена і выпасу жывёлы з фонду земляў вёскі Забалоцце Ільянскага сельсавета. Дадаткова ім прапанавана разгледзець магчымасці стварэння сялянскай (фермерскай) гаспадаркі і варыянты зямельных участкаў.

— Практычна да нашага ўчастка прымыкае надзел у восем гектараў зямлі, якія належаць сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву (СВК) «ЮНІК-Агра» дзяржаўнага прадпрыемства «Малочны гасцінец». Я звярнулася да старшыні сельгасарганізацыі з просьбай выдзеліць дадатковую плошчу ў арэнду. Мы знайшлі з ім паразуменне, трэба толькі аформіць неабходныя дакументы, — кажа Марына Язневіч. — Вельмі ўдзячная Наталлі Іванаўне. Гэта чалавек, які ўважліва ставіцца да патрэб людзей. Яна разумее, што фермеры шмат працуюць, цэніць працу кожнага з іх.

Як адзначыла Марына Ігараўна, сапраўды, фермерам даводзіцца працаваць без выхадных, без адпачынку. За лета ўдалося толькі два разы на возера выбрацца з дзеткамі. А іх у сям'і трое. Яны вучацца ў Мацькаўскім дзіцячым садзе — базавай школе, якая знаходзіцца ад Ракшыц за пятнаццаць кіламетраў. Лізавета вучыцца ў дзявятым класе, Марта — у шостым, а малодшы Дамір пакуль дзетсадавец. Кожны дзень іх на заняткі забірае школьны аўтобус і прывозіць назад пасля ўрокаў. Але вучэбную ўстанову плануюць закрыць, а вучняў перавесці ў Сцешыцкі дзіцячы сад — сярэднюю школу.

— А не ўзнікала пытанне пераехаць бліжэй да цывілізацыі, у райцэнтр? — пацікавілася ў сваёй суразмоўніцы. — Дзецям было б зручней хадзіць у школу?

— Затое яны жывуць на свежым паветры, харчуюцца якаснымі хатнімі прадуктамі, асабліва любяць «малочку». Вядома, па меры магчымасці дапамагаюць прыбрацца ў хаце, нешта прыгатаваць. Але нагружаць іх фермерскімі клопатамі пакуль рана. Падчас гарачых сезонных работ наймаем людзей.

Сямейная пара паступова развівае сваю гаспадарку. Перш за ўсё спадзяецца на ўласныя сілы. Гадоў пяць назад купілі старэнькі трактар, Генадзь замяніў у ім усё начынне. Сёлета набылі не новы, праўда, але большай магутнасці, з неабходнымі сельскагаспадарчымі прыстасаваннямі. Мужу таксама давялося шмат папрацаваць, каб давесці яго да ладу. Новы хлеў для жывёлы таксама патрэбны. «Будаўніцтва за кошт крэдыту для нас непад'ёмнае. Калі зменім статус на сялянска-фермерскую гаспадарку, стане магчымым узяць лес для будоўлі, — плануюць гаспадары.— У падсобную гаспадарку мы ўклалі шмат сродкаў, прыкіпелі да яе душой. Будзем паступова расці, пашырацца, усё ў нас атрымаецца».

Як кажуць, пад ляжачы камень вада не цячэ, трэба варушыцца, не расслабляцца. Сям'я Язневічаў паказвае асабістым прыкладам, што і ў глыбінцы можна добра жыць і працаваць. Асабліва калі знаходзіш разуменне і падтрымку.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».