Трапіўшы летам на Мядзельшчыну, на сваю малую радзіму, наведала краязнаўчы музей. Мяне там цікавіла ўсё, што датычылася Лук'янавічаў і Брусоў — родных вёсак маіх таты і мамы. Бачачы лічбы — колькі там спаленых хат, колькі загінулых у агні людзей, чытаючы іх прозвішчы, каторы раз адчула, наколькі важная справа — захаваць архівы, дакументальную крыніцу інфармацыі! І тады ж міжволі прыгадала гамяльчанку, Ганаровага архівіста Рэспублікі Беларусь Таццяну Іванаўну Адамовіч.
...Спачатку, як выглядала, лёс выпісаў ёй пуцёўку ў паштавікі, потым — у чыгуначнікі: восем гадоў Таццяна жыла ў Бураціі, скончыла чыгуначны тэхнікум. Але ж потым прыехала ў Беларусь, у Рэчыцу, па накіраванні гаркама камсамола стала захавальніцай фонду ў занальным дзяржаўным архіве.
Усё там давялося асвойваць з нуля, што добра — пад кантролем і з дапамогай сапраўдных спецыялістаў. Гісторык-архівіст Аляксандра Пяндзюрына адразу ж ацаніла рэдкую працавітасць новенькай, яе надзвычайную акуратнасць і абавязковасць. А таму не дзіва, што з цягам часу Таццяна стала малодшым навуковым супрацоўнікам, архівістам і нават... дырэктарам, за што потым у думках не раз дакарала сябе: навошта ўзялася? Не жаночая гэта справа! Да таго ж у будынку, які патрабаваў неадкладнага капітальнага рамонту...
Адступаць — гэта не з яе характарам. З яе — аператыўна і на добрым узроўні арганізаваць работу, заслужыць падзяку ад Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Саўміне краіны, стаць членам калегіі архіўнага аддзела Гомельскага аблвыканкама, паступіць на завочнае аддзяленне ў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут.
Набытыя веды і, вядома ж, вопыт ёй вельмі спатрэбіліся пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
— Нехта ратаваў людзей, маёмасць, жывёлу, а мы, — успамінае Таццяна Адамовіч, — дакументы жыхароў Брагінскага, Хойніцкага і Лоеўскага раёнаў. Адсяленне, ліквідацыя гаспадарак, збор і вываз дакументацыі... Шмат што неабходна было зберагчы, захаваць, каб у будучыні дапамагаць палешукам аднаўляць працоўны стаж і іншыя факты біяграфій. Мы не лічыліся з часам, ахвяравалі здароўем...
Гэта і сапраўды, бо Таццяна Іванаўна сама, як і многія тады, захварэла, перанесла аперацыю, але ж вярнулася на працу і зноў пайшла на павышэнне — стала начальнікам архіўнага аддзела аблвыканкама.
— Тагачасны губернатар Аляксандр Грахоўскі пры назначэнні папярэдзіў, што праблем будзе шмат, — успамінае Таццяна Іванаўна. — І сапраўды: будынкі асобных архіваў знаходзіліся ў аварыйным стане, а дакументы ж захоўваць трэба. Такая была задача, і аднекуль з'яўляліся сілы, каб яе вырашаць. За два гады мы ўвялі будынак архіва ў Мазыры, потым зрабілі прыбудову да філіяла ў Жлобіне, не абышлі ўвагай і родную Рэчыцу...
Нямала складанасцяў узнікала ў рабоце з кадрамі, а найбольш — з далучэннем былога партархіва Гомельскага абкама КПБ, пасля чаго фактычна быў створаны Дзяржаўны архіў грамадскіх аб'яднанняў вобласці. І сёння 22 архівы па асабовым складзе, сфарміраваныя яшчэ ў 1999—2000 гадах, функцыянуюць, захоўваюць важныя для грамадства і грамадзян дакументы. (Згадаем, што 90-я гады мінулага стагоддзя былі часам стварэння і ліквідацыі розных кааператываў, існавала пагроза захаванню неацэнных архіваў арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці.)
У 1999-м Галоўны архіў Рэспублікі Беларусь паставіў задачу аднавіць у краіне гербы і сцягі. У рэгіёне адказнасць за справу ўсклалі на архіўны аддзел аблвыканкама. У выніку ў 2001-м адноўлены 32 гербы і сцягі гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, створаны герб і сцяг Гомельскай вобласці. Па ўспамінах Таццяны Іванаўны, ім вельмі дапамагалі тады прадстаўнікі органаў улады, шчырая зацікаўленасць намесніка старшыні аблвыканкама Валерыя Ахлесціна, рэкамендацыі гісторыка, спецыяліста па геральдыцы галоўархіва краіны Сяргея Рассадзіна.
...Без спраў, без клопатаў не засталася Таццяна Іванаўна і на заслужаным адпачынку: узначаліла раённую Чыгуначную (г. Гомель) ветэранскую арганізацыю. З таго часу і да сёння яна клапоціцца пра легендарных людзей, шмат робіць для таго, каб моладзь магла пачуць іх.
Мне пашчасціла сустракацца з многімі падапечнымі Таццяны Іванаўны. У памяці — як наведвалі былога лётчыка-штурмавіка Сцяпана Аляксандравіча Лысенку, як слухалі маналогі блакадніцы Ленінграда Наталлі Іванаўны Карась, разведчыка Алега Назаравіча Пліндова ды іншых...
Алег Назаравіч, напрыклад, у даваенным Магілёве бачыў Якуба Коласа, на фронце вёў дзённікі сваіх баёў і запісваў вершы, сустракаўся з Аляксандрам Твардоўскім. Больш за тое, нядаўна амаль стогадовы ветэран выступіў перад маладымі архівістамі і на гэтай вось сустрэчы ад імя людзей свайго пакалення шчыра падзякаваў Таццяне Адамовіч за яе ўклад у архіўную справу.
...Ведаю, што яна ўжо здала ўласныя дакументы ў архіў па асабістым саставе. Аднак ад спраў па-ранейшаму не адышла: спяшаецца то на навукова-гістарычную канферэнцыю, то на ўрок мужнасці, то павіншаваць кагосьці з днём нараджэння.
— Люблю людзей залатога ўзросту, — прызнаецца яна, не заўважаючы, як той самы ўзрост наступае ў самой.
Тамара КРУЧЭНКА
г. Гомель
Перад святамі, Днём настаўніка, Днём пажылых людзей, выхаванцы нашага сацыяльнага прытулку наведалі былых супрацоўнікаў, уручылі ім букеты восеньскіх кветак і паштоўкі.
Ветэраны былі рады пабачыць дзяцей, пагутарыць з імі, пачаставаць цукеркамі. У выніку добрыя ўспаміны пра свята засталіся і ў былых педагогаў, і ў выхаванцаў.
Ларыса ТАТАРЫНАВА, дырэктар Смаргонскага сацыяльнага педагагічнага цэнтра
Наша ўнучка ў свае няпоўныя сем гадкоў ходзіць не толькі ў першы клас, але і на танцы, на музыку, у басейн...
Вось гэта, апошняе, ёй падабаецца больш за ўсё! Ну яшчэ б: нейкі месяц заняткаў, а ўжо столькі зрухаў.
— Мама, я ўмею плаваць кролікам! — пахвалілася надоечы.
— Не кролікам, дачушка, а кролем... Так называецца гэты від плавання.
— Дык ён у дарослых — кроль, а ў дзяцей — кролік.
Ёсць логіка!
А. ВОЙЦІК
г. Гродна
Прэв’ю: pixabay.com
Відэакадры масавага забойства пацыентаў у магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы фігуравалі ў абвінавачванні супраць фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.