Вы тут

«Мы стараемся не забываць іх подзвіг». Гродзенскай школе прысвоена імя казахскага героя Агадзіла Сухамбаева


Адпаведнае пасведчанне было ўручана сёлета падчас урачыстага святкавання Дня народнага адзінства. Шлях да гэтага ў школы быў доўгім. Першым крокам стала прысваенне імя Героя Савецкага Саюза Агадзіла Сухамбаева піянерскай дружыне. Такое рашэнне было прынята пяць гадоў таму, а сёлета атрымана згода казахскіх сваякоў Сухамбаева на прысваенне яго імя і школе.


Ад назвы вуліцы да назвы школы

Сярэдняя школа № 16 — адна са старэйшых у Гродне. У 1960-я гады яна будавалася разам з мікрараёнам, які цяпер ужо знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада. Верагодна, тады адна з вуліц і атрымала назву ў гонар казахскага героя.

— Наша школа адкрыта ў 1965 годзе і знаходзіцца на вуліцы Сухамбаева, — расказала дырэктар Жанна Салама. — Гэта стала нагодай даведацца аб яго лёсе і заслугах. Калі паўстала пытанне аб прысваенні школе імя героя, у нас не было сумненняў, хто гэта можа быць.

Разам з адміністрацыяй і школьнымі актывістамі мы падыходзім да вялікага стэнда на першым паверсе, амаль насупраць увахода. Звяртаю ўвагу на сучаснае афармленне. Педагог арганізатар Таццяна Цыплакова падрабязна каментуе змест — фота Агадзіла, зорка Героя Савецкага Саюза, сямейны фотаздымак, біяграфічныя звесткі, фотакопія ўзнагароднага ліста і газетнага артыкула 1944 года. Прайсці міма стэнда немагчыма, ён адразу кідаецца ў вочы.

На думку педагога, выхаванне патрыётаў пачынаецца са звыклых рэчаў, тых, якія суправаджаюць чалавека ў яго звычайным жыцці. Напрыклад, школьнік, які ідзе па вуліцы Сухамбаева ў школу, павінен ведаць, чаму ў гонар гэтага чалавека назвалі вуліцу.

— Час мяняецца, але галоўныя маральныя каштоўнасці павінны заставацца. Напрыклад, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. У гэтым сэнсе прыклад Сухамбаева вельмі яскравы, бо ён прыйшоў на дапамогу таварышам і ўратаваў іх цаной свайго жыцця. І такі прыклад так ці інакш застанецца ў свядомасці школьнікаў, — лічыць Таццяна Цыплакова.

Інфармацыя аб Агадзіле Сухамбаеве захоўваецца і ў піянерскім пакоі. Менавіта адсюль пачалася пошукавая работа.

Каб ведаў кожны

Пяць гадоў таму піянерская арганізацыя школы прыняла рашэнне аб прысваенні ёй імя Сухамбаева. Адміністрацыя ўстановы падтрымала ініцыятыву.

— Раней яго імя было на слыху толькі як назва вуліцы. Шырокаму колу нават нашых вучняў ён быў мала вядомы. Сітуацыя змянілася, калі піянерская дружына стала насіць імя героя. Мы даведаліся аб яго подзвігу, а таксама аб тым, што ён удзельнічаў у баях за вызваленне Гродна. Мы расказваем аб гэтым малодшым школьнікам, — паведаміла старшыня савета дружыны Дар'я Лойка.

Пасля таго як дружыне было прысвоена імя Сухамбаева, пачалася пошукавая работа. Вывучалі інтэрнэт-крыніцы, шукалі тэматычную літаратуру, збіралі матэрыял на тэму вайны, у аснову якога быў пакладзены подзвіг Сухамбаева. З ім пазнаёмілі і ўдзельнікаў традыцыйных гарадскіх «Каложскіх чытанняў».

Пошук

Перш за ўсё школе трэба было атрымаць дазвол сваякоў Агадзіла. Каб іх адшукаць, установа адукацыі далучылася да міжнароднай эстафеты памяці і ўдзячнасці «Радзіма подзвігу — Радзіме героя». Дзякуючы эстафеце, знайшлі платформу пабрацімства населеных пунктаў, якія звязвае подзвіг воінаў-вызваліцеляў. З імем Сухамбаева звязана некалькі гарадоў. Па-першае, яго родны Тараз (былы Джамбул) у Казахстане, дзе Агадзіл нарадзіўся. Затым у гэтае кола ўваходзіць беларускі Гродна, які ён вызваляў, польскі Аўгустаў, дзе ён загінуў, і літоўскі Друскінінкай, дзе Сухамбаеў пахаваны. Менавіта праз тую эстафету ўдалося знайсці яго траюраднага пляменніка Адзілкана Суханбаева.

— Аказалася, што сапраўднае прозвішча Агадзіла — Суханбаеў. Памылку зрабілі ва ўзнагародным лісце, і так засталося, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Мікула. — Нават на запісцы ад яго траюраднага пляменніка відаць, што ён потым выправіў літару «н» на «м». Яго сваякі ўсе Суханбаевы. Праўда, звязацца ўдалося толькі з адным, дзякуючы дапамозе мясцовай настаўніцы. Яна паехала ў аул да яго і прывезла запіску, у якой пляменнік дае згоду даць імя дзеда нашай школе. Такі дазвол — абавязковая ўмова пры прысваенні ўласнага імя.

У школы ёсць намер пашырыць зносіны з Казахстанам, радзімай героя: наладзіць перапіску з вучнямі яго роднага горада Тапаз, даведацца, дзе і як вучыўся будучы герой. У Гродне таксама ведаюць аб музеі ў яго роднай школе. У 2005 годзе ў Тапазе адкрыты помнік герою.

— Нам было б цікава больш даведацца аб дзяцінстве Сухамбаева, які ён быў, як вучыўся, пра што марыў. Аб гэтым, магчыма, і маглі б расказаць яго суайчыннікі. А мы, у сваю чаргу, можам расказаць, як ушаноўваем памяць іх земляка. Не толькі ім цікавы яго лёс, але і нам, беларускім школьнікам. Бо недалёка ад гэтых мясцін ён здзейсніў свой гераічны ўчынак, вызваляў Гродна, у якім мы сёння мірна жывём, — заўважыла васьмікласніца Дар'я Мацкевіч.

Подзвіг

Галоўнае, што ведаюць пра Сухамбаева, тое, што ён паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава.

Адбылося гэта пад польскім Аўгуставам 31 ліпеня 1944 года. У той дзень камандзір аддзялення Сухамбаеў атрымаў загад ад камандзіра роты прыкрыць агнём пераправу праз рачулку. Наперадзе быў лес, у якім замацаваліся гітлераўцы. Сухамбаеў павёў байцоў у атаку, але пад агнём кулямёта яны вымушаны былі залегчы. Сам камандзір аддзялення схаваўся за дрэва і дастаў гранаты. Першая зачапілася за дрэва і не даляцела да нямецкага дота, а ў гэты момант куля трапіла яму ў руку. Падчас спробы кінуць гранату другой рукой куля прабіла яму локаць. Тады паранены юнак кінуўся на амбразуру, і кулямёт замоўк. Падраздзяленне змагло працягваць наступленне...

Камандзір роты Пётр Карсакоў пазней успамінаў: «Калі гэты цяжкі бой заціх, мы знайшлі Агадзіла. Яго цела ляжала на варожым кулямёце. Вечарам усіх байцоў пахавалі ў брацкай магіле. А праз тыдзень паступіў загад аб перапахаванні Сухамбаева ў найбліжэйшым горадзе. Гэта быў Друскінінкай».

Агадзіл выратаваў жыцці не толькі байцоў свайго аддзялення, якім камандаваў, але і многіх іншых з яго роты. Было яму толькі 23 гады. Але да гэтага моманту ён прайшоў дарогамі вайны з восені 1941-га. Літаральна за два тыдні да гібелі браў удзел у вызваленні Гродна. Цікава, што яго аўтамат быў урачыста перададзены найлепшаму байцу, ім стаў беларус Міхаіл Лабацэвіч.

Аб подзвігу маладога казаха ў верасні напісала газета «Красная Звезда». Артыкул выйшаў пад назвай «Бясстрашны сын казахскага народа». А праз некалькі дзён заметка з'явілася ў штодзённай чырвонаармейскай газеце «На ворага». Аб гераічным подзвігу паэт Глотаў склаў баладу, якая была надрукавана ў баявым лісце.

У сакавіку 1945 года Агадзілу Сухамбаеву было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза.

Прыклад для нашчадкаў

— Такія людзі — сапраўдныя патрыёты, інакш яны не ахвяравалі б сабой, бо па загадзе немагчыма быць героем, — лічыць васьмікласніца Кіра Іванова. — Наўрад ці дзеля геройства яны тое рабілі, а каб абараніць сваю зямлю, сваіх таварышаў, з якімі ваявалі. Каб на гэтай зямлі працягваўся род тых, хто тут жыў спрадвеку, каб яе не заваяваў вораг. І мы стараемся не забываць іх подзвіг.

— Спадзяюся, што будзе больш помнікаў героям і тым, хто ўнёс значны ўклад у гісторыю нашай зямлі. Гледзячы на іх прыклад сённяшняе пакаленне натхняецца больш рабіць для сваёй Радзімы, развіваць яе, — выказвае сваё меркаванне Дар'я Лойка.

У школе надаецца важнае значэнне патрыятычнаму выхаванню, расказала Аксана Мікула. Напрыклад, летась тут запусцілі вэб-сайт, які называецца «Рэха вайны ў піянерскіх сэрцах». Створана віртуальная экскурсія «Гродзеншчына ў гады вайны ў імёнах», турыстычны маршрут «Жыві і помні», штогод у піянерскай дружыне праходзіць збор, прысвечаны Сухамбаеву. Дарэчы, экспазіцыя аб казахскім героі сабрана і ў музеі суседняга са школай прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання. На абодвух будынках ёсць мемарыяльныя шыльды ў яго гонар.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і СШ г. Гродна № 16

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Стрэс, канкурэнцыя, жаданне камандаваць... 5 рэчаў, якія забіваюць жаноцкасць і абаянне

Стрэс, канкурэнцыя, жаданне камандаваць... 5 рэчаў, якія забіваюць жаноцкасць і абаянне

Вонкавая прыгажосць — гэта, у першую чаргу, адлюстраванне ўнутранай.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Чакаюцца дзелавыя поспехі, калі вы, вядома ж, гатовыя да працоўных подзвігаў.