Вы тут

Пытанні грамадзянства і камфортнага навучання


Выязныя прыёмы грамадзян, якія праводзяць члены Савета Рэспублікі, — магчымасць эфектыўна вырашыць асабістыя і калектыўныя пытанні ў кароткія тэрміны, калі на мясцовым узроўні тое немагчыма. Работа з насельніцтвам — адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці верхняй палаты парламента, прычым работа вядзецца не дзеля фармальнасці, а на вынік. А ён ёсць пасля кожнага прыёму. У Віцебску мы сабралі гісторыі людзей, якім сенатары працягнулі рэальную руку дапамогі.


Наталля Маркевіч дабілася палёгкі ў навучанні не толькі для дачкі Маргарыты,  але і для іншых дзяцей.


5 кастрычніка ў Мінскай вобласці члены Савета Рэспублікі праводзяць адзіны дзень прыёму грамадзян. Парламентарыі наведваюць усе раёны Міншчыны, сустрэнуцца з жыхарамі, выслухаюць іх просьбы, прапановы і скаргі, па магчымасці пасадзейнічаюць у вырашэнні хвалюючых пытанняў.

Мы  сабралі некалькі рэальных гісторый рэальных людзей, якія звярнуліся па дапамогу і атрымалі яе. Як той казаў, блізкая ўлада ў дзеянні.


«Вырашылася праблема ўсіх дзяцей на маім асабістым прыкладзе»

Асабістую гісторыю, звязаную з майскім прыёмам у Наталлі Качанавай, захоўвае і Наталля Маркевіч. Яна звярнулася да старшыні з просьбай рэгулявання адукацыйнага працэсу для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і вырашыла праблему многіх бацькоў Беларусі.

Дачка Наталлі Віктараўны Маргарыта наведвае школу нумар 44 горада Віцебска. Дзяўчынка мае праблемы з апорна-рухальным апаратам і каардынацыяй, але, як і ўсе школьнікі, асвойвае агульнаадукацыйную праграму. Цяпер яна вучыцца ў восьмым класе, па выніках мінулага года мае сярэдні бал 7,5. Але з-за стану здароўя не можа займацца на ўроках фізічнай культуры, працоўнага навучання і медыцынскай падрыхтоўкі. І калі з першым прадметам пытанне было вырашана вызваленнем ад заняткаў, то з іншымі — не.

Як расказвае Наталля Віктараўна, дачцэ фізічна цяжка вышываць, выразаць з тканіны — увогуле ўсё, што датычыцца мелкай маторыкі. На просьбу маці аб вырашэнні дадзенай праблемы шляхам вызвалення ад заняткаў у паліклініцы разводзілі рукамі. Жанчына вусна звярталася нават у Міністэрства адукацыі і аховы здароўя, але і там адказвалі, што афіцыйнай падставы — дакумента — для гэтага няма. На ўроках працоўнага навучання Маргарыта прысутнічала, атрымлівала заданні на дом, якія рабіла маці, каб атрымаць атэстацыю па прадмеце. Педагагічны калектыў ставіўся да іх сітуацыі з разуменнем і без негатыву, адзначае Наталля Маркевіч.

Пасля шматлікіх безвыніковых зваротаў у інстанцыі маці вырашыла запісацца на прыём да Наталлі Качанавай, хоць сям'я не спадзявалася на станоўчы вынік размовы. Пасля звароту да Старшыні Савета Рэспублікі згаданае пытанне было разгледжана, і ўжо 1 верасня 2022 года ўступіла ў сілу Пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 2022 года нумар 76 «Аб пераліку захворванняў, якія з'яўляюцца медыцынскай падставай для вызвалення навучэнцаў ад вывучэння асобных навучальных прадметаў».

«Калі я прыйшла на прыём, адразу сказала, што маё пытанне датычыцца ўсіх дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта было праблемай цэлай краіны, якая, нарэшце, вырашылася. Пасля прыёму справа пайшла лепш, сталі званіць з нашай паліклінікі, аддзела па адукацыі і школы. Калісьці Наталля Іванаўна гаварыла, што важнай часткай узаемадзеяння з насельніцтвам з'яўляецца зваротная сувязь, сапраўды, гэта паказчык таго, што цябе пачулі. Толькі ў нашым горадзе я знаёмая з бацькамі чатырох дзетак з такімі ж праблемамі, а пасля першага верасня, калі выйшла пастанова, мне тэлефанавала знаёмая з Брэста і дзякавала. Такія прыёмы жыццёва неабходныя, і, як выйшла, на кожным асабістым прыкладзе можна вырашыць агульную для многіх праблему», — адзначыла Наталля Маркевіч.

«Такія прыёмы павінны праводзіцца часцей»

На адзін з такіх прыёмаў у ліпені да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай прыйшла жыхарка Віцебска Зоя Ячменева. Яе муж, украінец, звыш 30 гадоў жыве ў Беларусі і дасюль ніяк не мог атрымаць грамадзянства. Неабходныя дакументы розныя інстанцыі перакідвалі з аднаго месца ў іншае на працягу доўгіх гадоў. З просьбай аб дапамозе ў атрыманні грамадзянства Зоя Пятроўна звярнулася да Наталлі Іванаўны, і справа пайшла хутчэй: дакументы прынялі ў разгляд са станоўчым вынікам.

У Зоі Ячменевай падчас прыёму вырашылася яшчэ адна праблема. Справа ў тым, што маладая маці з'яўляецца інвалідам другой групы і з-за абмежаванняў па здароўі пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску доўгі час не магла знайсці работу. Яна скончыла ВДУ і атрымала спецыяльнасць «Бібліятэкар-бібліёграф», нарадзіла дачку Софію, і праз тры гады не змагла знайсці рабочае месца нават па такім «спакойным» профілі. Тым больш што з-за стану здароўя ёй было дазволена афармленне толькі на 0,5 стаўкі.

Падчас размовы са Старшынёй Савета Рэспублікі жанчына коратка апісала сваю сітуацыю, і ўжо праз месяц заняла пасаду бібліятэкара ў бібліятэцы імя Янкі Купалы. Праз гарвыканкам Зоі Пятроўне знайшлі неабходныя 0,5 стаўкі, і цяпер маладая маці працуе па 4 гадзіны на дзень. Няшмат, але гэта добрая фінансавая падтрымка, а яшчэ — магчымасць займацца любімай справай у добрым калектыве.

«Такія формы работы з насельніцтвам, як прыёмы грамадзян, павінны праводзіцца як мага часцей. На першы погляд можа здавацца, што зварот да вышэйшай улады — справа недасягальная, але калі астатнія інстанцыі проста разводзяць рукамі, надзея застаецца толькі на яго. Гэта сапраўды вялікая дапамога, а не проста фармальнасць. І важна, каб цябе выслухалі не толькі па канкрэтным пытанні, бо ўсё, як атрымліваецца, можна вырашыць», — падзялілася з намі Зоя Пятроўна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?