Вы тут

Архіўнай службе Беларусі — 100 гадоў!


Штогод 6 кастрычніка супрацоўнікі архіваў Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята — Дзень архівіста. Роўна стагоддзе таму — у 1922 годзе было прынята важнае рашэнне аб цэнтралізацыі архіўнай справы ў Беларусі. Дзякуючы прынятым мерам дзяржава змагла вырашыць галоўную задачу архіваў — захаваць дакументальную спадчыну, створаную беларускім народам.


Дзяржава ва ўсе часы аказвала ўсебаковую дапамогу архіўным органам і ўстановам. Характэрна, што ў найскладанейшы пасляваенны перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі рэспублікі Савет Міністраў Беларускай ССР 14 чэрвеня 1949 года прыняў пастанову № 800 «Аб мерапрыемствах па ўпарадкаванні дакументальных матэрыялаў дзяржаўнага архіўнага фонду БССР». Дакумент прадугледжваў меры па забеспячэнні поўнай захаванасці дакументальных матэрыялаў дзяржаўнага архіўнага фонду, пачынаючы ад прадастаўлення памяшканняў і абсталявання, упарадкавання дакументальных матэрыялаў, выдання даведнікаў і заканчваючы прапановамі па ўвядзенні ў штат дваццаці васьмі выканкамаў раённых Саветаў дэпутатаў працоўных пасады загадчыка архівам.

Сёння флагман у сістэме архіваў Беларусі — дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь».

Для звычайнага чалавека знаёмства з любым архівам, як правіла, пачынаецца і заканчваецца чытальнай залай. Па заяўках даследчыкаў архівісты падбіраюць дакументы і дастаўляюць іх у чытальную залу. 

Апісанне ўсіх фондаў Нацыянальнага архіва змяшчаецца ў навукова-даведачным апараце ўстановы. У аддзеле аўтаматызаваных архіўных тэхналогій спецыялісты займаюцца аблічбоўкай дакументаў, папаўненнем баз дадзеных. Ёсць у архіве і рэстаўрацыйная майстэрня, у якой супрацоўнікі аднаўляюць, вяртаюць першапачатковае аблічча дакументаў. У пераплётнай майстэрні сшываюць дакументы, забяспечваюць іх вокладкамі.

У Нацыянальным архіве ў рамках акцыі «Архівы — школе» праходзяць экскурсіі, падчас якіх навучэнцы знаёмяцца з гісторыяй установы, аб складзе і асаблівасцях захоўвання дакументаў, наведваюць архівасховішча. Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікаюць баявыя лісткі партызанскіх атрадаў і карткі на асоб, сагнаных у Германію на прымусовыя работы.

Сёння дырэктар Нацыянальнага архіва Беларуси Андрэй Дземянюк віншуе ўсіх работнікаў архіваў краіны:

— Паважаныя калегі, з велізарным задавальненнем віншую вас са стогадовым юбілеем архіўнай службы Беларусі! Да Дня архівіста мы падышлі ў добрай прафесійнай форме, у чым ёсць і заслуга нашых папярэднікаў – яны самааддана працавалі насуперак усім выпрабаванням, якія выпалі на іх долю ў складаныя перыяды айчыннай гісторыі. Мы павінны не толькі захаваць іх спадчыну, але і прымножыць яе. І нам гэта ўдаецца! У нашай галіне працуюць людзі, адданыя сваёй працы, якія ўсведамляюць яе важнасць. Жадаю ўсім моцнага здароўя, прафесійнага развіцця, дабрабыту, міру і дабра! Са святам, дарагія сябры!

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».