Вы тут

Чатыры краіны, чатыры пакаленні, адна гісторыя і адзін боль


Гэта гісторыя не пра мяне асабіста ці пра маіх родных. Гэта гісторыя пра людзей розных нацыянальнасцяў і ўзростаў, людзей, якія захоўваюць, памятаюць і ганарацца летапісам сваёй сям'і. Гэта гісторыя пра Радзіму маю — Беларусь, адкрытую і сардэчную, пра беларусаў, якія аддаюць свой час на пошукі зусім незнаёмых людзей праз больш як 75 гадоў пасля заканчэння вайны.


Аўтар ілюстрацыі — Данііл Кулікоўскіх.

Калі я была ў снежні мінулага года ў Маскве на канферэнцыі ў МПДУ, выпадкова пазнаёмілася з дарослым ужо чалавекам — Вячаславам з Грузіі, які больш за дваццаць гадоў жыве ў расійскай сталіцы. Даведаўшыся, што я з Беларусі, ён расказаў мне сваю гісторыю.

Доўгія гады Вячаслаў шукае інфармацыю аб сваім дзядулі — армяніне па нацыянальнасці, Ірыцяне Татэвасе Нікагосавічы, які ў лютаўскі дзень 1942 года разам са сваімі двума братамі пайшоў на фронт з далёкай грузінскай вёскі Тотхам. Кожны з іх пакінуў дома сям'ю і дзяцей. Пайшоў і не вярнуўся, знік без вестак. Апытанні родных, знойдзеная інфармацыя ў інтэрнэце дазволілі Вячаславу зрабіць выснову, што дзядуля загінуў у Беларусі. А потым работа і іншыя клопаты на пэўны час спынілі пошукі. Але ніколі яго не пакідала думка знайсці хоць якую-небудзь інфармацыю аб дзядулі дзеля захавання гісторыі сваёй сям'і, дзеля сваіх дзяцей. І наша сустрэча стала новым этапам у яго пошуках.

Рыхтуючыся ў студзені гэтага года да 57-га Зорнага паходу па месцах баявой і працоўнай славы, які праходзіць у БДПУ з 1966 года, тут, у Беларусі, я згадала гэту гісторыю і Вячаслава — армянскага хлопца з Грузіі, які пражывае ў Расіі. Чатыры краіны, чатыры розныя пакаленні, адна гісторыя, адзін боль і адна памяць на ўсіх.

Я пачала шукаць дзядулю зусім незнаёмага мне чалавека ў знак падзякі за жыццё маё і маіх дзяцей, у знак прызнання грузінскаму, армянскаму, рускаму і іншым народам за магчымасць ствараць. Вячаслаў працягвае пошукі і сёння. Ён спадзяецца. Яму адказваюць: «Спісы абнаўляюцца». Праз 76 гадоў ніхто не забыты, нішто не забытае. Мы памятаем, мы ганарымся. Бо да гэтага часу ёсць людзі, якія вядуць праект «Мемарыял» — банк даных аб абаронцах Айчыны, якія загінулі, памерлі і зніклі без вестак у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, абнаўляюць аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь», ажыццяўляюць праект «Пошук сваіх» і ствараюць новыя праекты, такія, як «Дарога Памяці» і многія іншыя.

У працэсе пошукаў мне, як і Вячаславу, сустрэліся неабыякавыя людзі, якія жывуць у Беларусі. Дзякуючы карпатлівай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі і ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Фонду развіцця і падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў «АНІВ» у выдавецтве «Беларуская навука» выйшла навукова-мемарыяльнае выданне «Воіны-армяне ў баях за Беларусь (1941—1944 гг.)». У дадзеным унікальным выданні на 155-й старонцы мы знайшлі імёны дзядулі Вячаслава — Ірыцяна Татэваса Нікагосавіча і яго брата — Ірыцяна Матэваса Нікагосавіча, якія цяпер назаўжды застануцца ў памяці тых, хто жыве.

Сёння гэтая кніга знаходзіцца і ў музеі Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Х. Абавяна. Яе падарылі беларускія студэнты БДПУ магістрантам армянскага ўніверсітэта ў Слуцку — у дні 57-га Зорнага паходу па месцах баявой і працоўнай славы каля мемарыяльнага помніка воінам-інтэрнацыяналістам.

З асаблівай пашанай, гонарам і падзякай мне хочацца назваць імёны людзей, якія адгукнуліся на мае звароты і лісты Вячаслава, людзей, якія сустракаліся са мной і выдаткоўвалі свой час, дарылі часцінку сваёй душы. Сярод іх генерал-маёр Андрэй Валяр'янавіч Бурдыка, намеснік міністра абароны па тыле — начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь; Сяргей Мікалаевіч Варановіч і Алена Гаральдаўна Вольская — прадстаўнікі ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл, Армэн Хечаян — дырэктар Фонду развіцця і падтрымкі армяназнаўчых даследаванняў «АНІВ», сям'я Марозавых — аўтары праекта «Цаной жыцця» ды многія іншыя.

Гэта людзі рознага рангу і ўзросту, але з вялікімі сэрцамі. Я ганаруся, што ўсе яны пражываюць у маёй краіне. У Беларусі, якая шануе кожнага, хто аддаў жыццё ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У краіне, у якой да гэтага часу вядуцца палявыя пошукавыя работы асабовым складам спецыялізаванай воінскай часці сумесна з грамадскімі пошукавымі аб'яднаннямі, вызначаюцца памятныя месцы пахаванняў ахвяр генацыду беларускага народа і баявой славы, вядуцца работы па пошуку астанкаў воінаў і іх перапахаванні ў добраўпарадкаваныя месцы. Нізкі паклон усім, хто аддаў сваё жыццё падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вялікая падзяка тым, хто і сёння працягвае работу па ўвекавечанні імёнаў воінаў-герояў.

Гэта гісторыя не пра мяне асабіста ці пра маіх родных. Гэта гісторыя пра людзей розных нацыянальнасцяў і ўзростаў, гісторыя аб захаванні гістарычнай памяці і гонару за краіну, аб павазе і пашане да подзвігу народаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыя пра каштоўнасці, на якіх мы выхоўваем сваіх дзяцей, каштоўнасці, важныя для кожнага беларуса. Таму што яны, як і гістарычная памяць на Радзіме маёй — Беларусі, без меж і без тэрміну даўнасці.

Святлана КАБАЧЭЎСКАЯ, дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».