Вы тут

Зламаны караблік


У нас дома сцяну ў вітальні ўпрыгожваюць караблікі з плоскага каменю. Дык вось нядаўна ніжняя частка аднаго з іх знікла. Тое, што каменьчыка няма, заўважыў муж. Ён адразу ж здагадаўся, чыіх гэта рук справа. «Сымон, гэта ты зрабіў?» — паклікаў трохгадовага сына. — «Не», — кажа той. — «А ты не ведаеш, куды каменьчык са сцяны падзеўся? Прызнайся. Калі гэта ты яго адарваў, я не буду злавацца. Абяцаю». Пасля гэтых слоў Сымон дастаў частку карабліка... са свайго гумовага боціка... Цяпер вельмі часта, калі штосьці ламаецца, малы кажа: «Секундачку, зараз я паклічу тату і пакажу яму. Ён абяцаў, што не будзе злавацца».


...У той вечар муж паехаў па справах у горад. Мы з сынам засталіся дома ўдваіх. Пакуль Сымон на кухні глядзеў «Калыханку», я вырашыла падняцца на мансарду і крыху папрацаваць за камп'ютарам. Праз дваццаць хвілін пачула звон шкла, якое разбіваецца аб падлогу. Адразу ж зразумела, што гэта малы насваволіў. Калі б не тая сітуацыя з караблікам, хутчэй за ўсё, стрымгалоў кінулася б уніз і накрычала б на Сымона. (Часам — думаю, мамы мяне зразумеюць — вельмі цяжка стрымаць сябе і не павысіць голас на дзіця. Крык вырываецца па інерцыі, бо такую рэакцыю на любую правіннасць многія з нас вынеслі са свайго дзяцінства.) Але я зрабіла выгляд, што нічога не чула. Праз дзве хвіліны да мяне падняўся засмучаны малы. Здаецца, адно рэзкае слова — і ён заплача. «Што здарылася?» — пытаюся з усмешкай. — «Мама, я разбіў твой любімы кубак». — «З табой усё ў парадку, не параніўся?» — «Не. Але я так спужаўся! Паслухай, як у мяне сэрца грукоча!» — «Сапраўды, моцна, — нахілілася я, каб паслухаць. — Ну, пайшлі паглядзім, што ты там натварыў». На кухні я не стала хаваць свайго засмучэння: «Шкада, канешне, што кубка са сняжынкамі больш няма, гэта быў падарунак на новы год ад маіх сяброў. Наступны раз будзь, калі ласка, больш акуратны. Але галоўнае, што з табой усё добра». Пасля мы разам выпраўлялі сітуацыю. Пакуль я збірала вялікія кавалкі шкла, малы старанна пыласосіў падлогу. Перад сном Сымон паглядзеў мне ў вочы і сказаў: «А я думаў, ты будзеш крычаць». — «Ты рады, што я не злавалася?» Малы кіўнуў у знак згоды і тут жа заснуў з усмешкай на вуснах.

У той вечар я доўга ляжала з заплюшчанымі вачыма ў цемры і таксама ўсміхалася. Цешылася, што сваёй спакойнай рэакцыяй на такія бяскрыўдныя правіннасці мы з мужам пачалі закладваць зярняткі даверлівых адносінаў з сынам. Сёння ён прызнаўся, што разбіў кубак ці пашкодзіў караблік, а заўтра не пабаіцца прыйсці, каб падзяліцца больш сур'ёзнымі перажываннямі. «Задача мамы — спакойна выслухаць, — кажа знаёмая, у якой з дачкой склаліся вельмі даверлівыя адносіны. — Ні ў якім разе не крычаць, не прыніжаць, не асуджаць. І раз і назаўсёды выкрасліць са сваёй свядомасці фразу «Я ж казала...»

Ёсць шмат цудоўных сямейных традыцый: пекчы ў нядзелю зранку блінцы, 31 снежня хадзіць усёй сям'ёй у цырк, смажыць сала з хлебам ці маршмелоу (паветраны зефір) на вогнішчы... Але куды важней, пагадзіцеся, укараніць у сваю сям'ю філасофію бяспечнага дома, «дзе любяць і разумеюць, нягледзячы ні на што».

Сёлета прыяцелька адправіла сваю 11-гадовую дачку ў летнік. Там была дзяўчынка, якой мама дала з сабой... электронныя цыгарэты. Іншыя дзеці таксама захацелі. А адна нават пазваніла маме з падобнай просьбай. Калі ж тая нараўла ў трубку і адмовіла, то пакрыўджаная дачка дэманстратыўна запісала яе замест «мама» ў тэлефоне нецэнзурным спалучэннем слоў. «Мяне дачка таксама папрасіла правезці ёй вейпы, — кажа Святлана. — Я сказала, што не змагу выканаць гэтую просьбу, бо люблю яе больш за ўсё на свеце і не хачу нашкодзіць яе здароўю. І прывяла пару прыкладаў, да чаго гэта можа прывесці. Яна зразумела і спакойна паклала трубку». Святлана кажа, што дачка пастаянна расказвае розныя гісторыі пра сваіх сябровак. У прыватнасці, адну з іх мама б'е за адзнакі ніжэй за 8, прыніжае і называе «ганьба нашай сям'і»... Што самае страшнае, для многіх сем'яў крычаць на дзіця — гэта норма...

«Калі мама ў парыве гневу трасе дзіця — яна разбурае яго, — піша Ганна Быкава ў «Вялікай кнізе «Лянівай мамы». — Калі мама захоўвае маску спакою ў момант, калі ўнутры кіпіць злосць — яна разбурае сябе». Бо любая падаўленая эмоцыя застаецца жыць у целе. І праз нейкі час можа выліцца ў сур'ёзную хваробу. Таму псіхолагі і раяць вучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі, экалагічна выяўляць іх свету. І ўласным прыкладам перадаваць гэты каштоўны навык дзецям.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».