Вы тут

Гюнеш: «Цяпер для мяне галоўнае — сям'я»


«Беларуская дачка Усходу» — так кажуць пра Гюнеш Абасаву, а яе сямігадовы сын размаўляе на рускай і турэцкай мовах. Гэта не дзіўна, бо муж спявачкі родам з Турцыі. Мы пагаварылі аб сямейным жыцці Гюнеш і разбурылі некаторыя стэрэатыпы пра ўсходніх мужчын.

— Са сваім мужам вы пазнаёміліся ў сацсетках. Раскажыце, хто каго там першы знайшоў і ці лічыце вы такі від знаёмства бяспечным?

— Знайшоў мяне Гёкхан, але ў нашым выпадку сацсеткі — гэта толькі шлях. Прычынай знаёмства быў мой удзел у конкурсе Іstаnbul Sоngs — 2010, дзе я прадстаўляла Беларусь. Яму спадабалася, як я спявала на турэцкай мове. А паколькі тады мне прыходзіла шмат паведамленняў, то Гёкхана я нават не адразу заўважыла.


Нам было цікава размаўляць па перапісцы, але ніякіх сур'ёзных планаў у мяне не было. Калі шчыра, то лічыла, што знаёміцца ў сацсетках неяк не зусім правільна.

Гёкхан у той час жыў на Кіпры, трэніраваў футбольную каманду. Настойліва запрашаў мяне ў госці. І калі прыйшоў час майго адпачынку, мы з сяброўкай вырашылі правесці яго на Кіпры і заадно сустрэцца асабіста з Гёкханам. Аказалася, што стрыечны брат Гёкхана — спявак, а мы з яго дзяўчынай (таксама артысткай) нават удзельнічалі ў адным вакальным конкурсе. Мы пасябравалі, вось праз яе і даведалася, што Гёкхан сапраўды футбаліст, нарадзіўся ў Стамбуле ў добрай сям'і.

Увогуле, зараз я лічу, што знаёмствы ў сацсетках — гэта прымальна, галоўнае — паклапаціцца аб сваёй бяспецы. Калі жанчына едзе ў іншую краіну, у яе элементарна павінны быць свае грошы на жыццё там і зваротны білет.

— Як хутка Гёкхан прыляцеў з візітам у адказ?

— Праз два месяцы. Тады ж адбылося яго знаёмства з маімі бацькамі, і гэта была ўзаемная сімпатыя. Гёкхану спадабалася ў бацькоў у Баранавічах, а таксама ён закахаўся ў Мінск. Праўда, ён думаў, што Беларусь — гэта Расія, і мне давялося яму тлумачыць, што гэта розныя краіны.

— А як прайшло ваша знаёмства з бацькамі Гёкхана?

— Таксама вельмі цёпла. Яго тата ў першы ж дзень пачаў называць мяне дачушкай. А вось мама крыху баялася: што за нявестка — артыстка? Тым больш што ў Турцыі эстрадныя артысты, скажам так, значна больш разняволеныя, чым нашы. Ужо даўно мы са свякроўю сябруем, кожны дзень стэлефаноўваемся, я вывучыла турэцкую мову.

— Як доўга вы прыглядаліся адзін да аднаго?

— Два гады. У асноўным гэта быў раман на адлегласці. Канешне, мы ездзілі ў госці адзін да аднаго, але гэта зусім не тое, калі людзі жывуць у адной краіне. Мне было важна пераканацца, што Гёкхан — чалавек, з якім я хачу пражыць усё жыццё, і ўжо ў гэтым нашы меркаванні сышліся.

— Рэгістравалі шлюб вы ў Мінску, а вяселле было ў Стамбуле. Чым адрозніваецца беларускае вяселле ад турэцкага?

— На нашым вяселлі было больш за 500 чалавек. Галоўным чынам гэта родныя і сябры сям'і Гёкхана. У Турцыі ёсць традыцыя — нявеста павінна танцаваць і ўсміхацца. Для мяне гэта аказалася ў некаторым сэнсе выпрабаваннем. Мой рост — 156 сантыметраў, і каб не ўкарочваць вясельную сукенку, падол якой быў раскошна ўпрыгожаны, прыйшлося надзець туфлі на 18-сантыметровым абцасе. У іх я чатыры гадзіны танцавала. Банкет на турэцкім вяселлі арганізаваны ў фармаце фуршэту. Маладзёнам дораць грошы і залатыя манеты. Для такой вялікай колькасці гасцей бацька Гёкхана арандаваў палац.

— А памятаеце першы сямейны канфлікт?

— Першы здарыўся яшчэ да вяселля. Гёкхан хацеў, каб я пераехала на Кіпр. У яго там ёсць знаёмыя ў сферы шоу-бізнесу, і ён абяцаў мне падтрымку. Але я сказала, што маё месца ў Беларусі, што не ўяўляю, як спяваць у іншай краіне. Два месяцы Гёкхан маўчаў, а потым прыехаў у Мінск. Ён мяне зразумеў і падтрымаў маё рашэнне. Вядома, часам мы спрачаемся, але і агульную мову знаходзіць умеем.

— На якіх мовах вы размаўляеце дома?

— На рускай і турэцкай. Праўда, Гёкхан кажа, што руская мова — самая складаная ў свеце, пакуль у яго не ўсё атрымліваецца. Сёлета наш сын пайшоў у першы клас, так што дададуцца беларуская і англійская.

— Гюнеш, з вашай актыўнасцю на сцэне, удзелам у розных конкурсах, напэўна, няпроста было запланаваць нараджэнне дзіцяці?

— Мы рыхтаваліся да яго з'яўлення, бо яно для нас вельмі жаданае. Па гараскопе я — Дзева, значыць, усё павінна быць пад кантролем. Таму наведалі дактароў, прайшлі шэраг абследаванняў, каб выключыць якія-небудзь рызыкі і пагрозы.

Недзе на пятым месяцы цяжарнасці я ўзяла паўзу ў выступленнях, бо лічу, што з вялікім жывоцікам не трэба выходзіць на сцэну. У дэкрэтным водпуску рэдка ўдзельнічала ў канцэртах, — хацелася атрымаць асалоду ад мацярынства. Пасля нараджэння Гёкдэніза я дакладна зразумела, што цяпер для мяне галоўнае — сям'я.

— Дзе вы нараджалі сына?

— У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця», таму што давяраю беларускім дактарам. І магу сказаць, што там працуюць суперпрафесіяналы і ствараюць вельмі камфортную псіхалагічную атмасферу для жанчын.

— А які Гёкхан бацька? Вы са спакойнай душой пакідалі на яго маленькага сына ці, можа, запрашалі няньку?

— Гёкхан — выдатны бацька! Ён і па начах уставаў да сына. А яшчэ нам дапамагала мая мама, за гэта мы ёй непамерна ўдзячныя. Вырашыцца на запрашэнне нянькі для мяне было б неверагодна цяжка.

— Ці адрозніваюцца падыходы ў выхаванні сына ў вас і мужа?

— Адносіны мужа і сына сяброўскія, я больш строгая. Гёкхан мае зносіны з сынам на роўных, а я больш бачу ў ім дзіця.

— Хто выбіраў імя сыну?

— Мне хацелася назваць яго Дзянісам, а муж прапанаваў Гёкдэніз, што значыць «нябеснае мора». Імя мужа перакладаецца як «уладар неба», а маё — «сонца». У гімназіі сын адразу папрасіў аднакласнікаў звяртацца да яго Гёкдэніз.

— Ці заўважаеце ў Гёкдэніза цікавасць да музыкі?

— Мы — тыя бацькі, якія мараць, каб дзіця пайшло па іх слядах. Але сын кажа, што яму не падабаецца мая праца, бо ў мяне то канцэрты, то работа ў студыі, і толькі малую частку часу я магу праводзіць дома. У футбол ён гуляе, але як прафесію таксама яго не разглядае. Цяпер ён захоплены геаграфіяй, ведае такія краіны і гарады, пра якія я нават не чула. У яго ёсць глобус, папрасіў вялікую палітычную карту свету, якая вісіць у яго пакоі. Яшчэ сын любіць матэматыку — тут, відаць, адбіваецца тое, што бацька Гёкхана — эканаміст, а яго старэйшы брат — банкаўскі работнік. Нядаўна Гёкдэніз папрасіў запісаць яго ў гурток па шахматах, растлумачыў нам, што «гэта для разумненькіх».

Мы цудоўна разумеем, што за дзесяць гадоў у сына могуць памяняцца інтарэсы, і гэта нармальна. Трэба ўлічваць і тое, што прафесіі, якія сёння падаюцца перспектыўнымі, праз тыя ж дзесяць гадоў могуць стаць неактуальнымі. Сын сам будзе выбіраць прафесію, а мы ў любым выпадку яго падтрымаем. Цяпер важней, якім чалавекам вырасце Гёкдэніз. Сын — вельмі шчыры і добры хлопчык, і нам трэба знайсці такі баланс, каб, захоўваючы гэтыя якасці, ён мог і пастаяць за сябе.

— Гюнеш, а чым займаецца ваш муж і ці не расчараваны ён у тым, што пераехаў у Беларусь?

— Гёкхан займаецца любімай справай — трэніруе ўласную футбольную каманду Turkspor, у якую ўваходзяць грамадзяне Турцыі, якія жывуць у нашай краіне, і беларусы. Гэтым Гёкхан хоча падкрэсліць сяброўства і павагу паміж дзвюма краінамі.

Каманда займае лідарскія пазіцыі ў аматарскай лізе, удзельнічае ў дабрачынных акцыях, праводзіць мноства майстар-класаў. Мой муж марыць адкрыць школу футбола для дзяцей, каб перадаць ім досвед і шматлікія тэхнікі гэтай няпростай стратэгічнай гульні.

Гёкхан закахаўся ў Беларусь. Яму тут падабаецца, і ў першую чаргу — людзі. Ён кажа, што беларусы — самы добры народ.

— Як размяркоўваеце хатнія абавязкі?

— Вельмі люблю гатаваць. Мая мама — шэф-кухар, таму яна мяне з дзяцінства навучыла. У мяне добра атрымліваюцца стравы беларускай і азербайджанскай кухні. Цяпер умею гатаваць і турэцкія стравы. Памятаю, як пасля вяселля прыехалі ў госці да сваякоў Гёкхана, якія жывуць у вёсцы. Свякроў кажа: «Вы не глядзіце, што Гюнеш — артыстка, яна ўмее смачна гатаваць».

Гёкхан — майстар па дэсертах. Муж дапамагае мне з прыборкай кватэры. Гёкхан па гараскопе Рак, а гэта такія людзі, у якіх усё ляжыць па палічках, што, дарэчы, вельмі зручна.

— Якая ў вашай сям'і формула адносін з фінансамі?

— Блізкая да той, што мой заробак — гэта мой, а Гёкхана — гэта сямейны бюджэт. Калі мне трэба купіць нешта такое, што выходзіць за рамкі маіх асабістых фінансавых магчымасцяў, я кажу мужу. Ведаю, што ён ніколі не адмовіць.

У нас склалася такая традыцыя, што ў супермаркет едзем усёй сям'ёй. Кожны выбірае, што яму падабаецца. Першы час Гёкдэніз клаў у кошык тры шакаладкі. Але мы здолелі яму растлумачыць, што дастаткова адной. Ён абсалютна спакойна навучыўся выбіраць. Больш за тое, сын вучыць нас эканоміць. Напрыклад, ён можа зрабіць мне заўвагу, калі забылася выключыць святло ў пакоі. Прычым размова не толькі аб грошах. Ён ужо заўважыў, што ў Турцыі вада вельмі дарагая, бачыць, як там яе эканомяць. Ведае, што ў Беларусі так шмат вады, што мы можам падзяліцца з іншымі, але ўсё роўна трэба беражліва ставіцца да прыродных рэсурсаў.

— Калі вы адпраўляецеся на гастролі, муж і сын суправаджаюць вас?

— Не. У кожнага з нас свая прафесійная прастора, мы да гэтага ставімся вельмі паважліва. Гёкдэніз таксама застаецца дома з татам ці з бабуляй. Браць дзіця на гастролі, на мой, погляд, не лепшая ідэя. Мы ж там працуем — саўнд-чэк, грым, канцэрт. Дадому прыязджаю позна, а ў дзіцяці павінен быць нармальны рэжым дня.

Усе разам мы ездзім адпачываць. Вельмі любім наведваць маіх бацькоў у Баранавічах. У іх прыватны дом, там цудоўна ў любую пару года. Стараемся знайсці час і паглядзець нешта цікавае ў Беларусі.

Мне падабаецца гасцяваць у Стамбуле — там я забываю пра работу, атрымліваецца цалкам перазагрузіцца. А лепш за ўсё Гёкдэнізу: і ў Турцыі, і ў Беларусі ёсць дзядулі і бабулі, якія яго вельмі любяць.

— Гюнеш, вы сказалі, што паважаеце прафесійную прастору адно аднаго. А асабістую прастору ўдаецца захаваць?

— Вядома. Я замужам дзевяць гадоў, а мае сяброўкі ўсё яшчэ дзівяцца, што муж мяне адпускае з імі павячэраць у кафэ. Мусіць, паданні аб усходніх мужчынах, паказаныя ў кнігах і кіно, аказаліся жывучыя. Але яны зусім не датычацца сучасных мужчын. У мужа таксама з'явіліся сябры ў Беларусі, і калі яны хочуць сабрацца сваёй кампаніяй, я не пярэчу. Думаю, што давер і павага не менш важныя ў сямейным жыцці, чым каханне.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістага архіва Гюнеш Абасавай

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.