Вы тут

Вёска — найлепшы сродак ад восеньскай хандры


Зараз стужкі ў «Інстаграме» знаёмых, якія жывуць у горадзе, стракацяць пастамі накшталт «Што мяне выратоўвае ад восеньскай хандры». І спісы «палачак-выручалачак» ва ўсіх вельмі падобныя. Там ёсць духмяныя шарлоткі, гелі для душа, якія прыемна пахнуць, прагулкі з заглядваннем па дарозе ў новыя для сябе кавярні, прыгожы посуд, аромалямпы з любімымі алеямі, чай з мятай і лімонам, новы яркі гардэроб... Хтосьці дзеліцца любімай падборкай фільмаў пра восень, хтосьці спісам «плаксівых» кніг, які можна пачытаць, захінуўшыся пледам.


Злавіла сябе на думцы, што, калі жыла ў Мінску, таксама з надыходам сезона зацяжных дажджоў складала падобныя спісы. У вёсцы ж пра тую восеньскую хандру і не згадваю. Проста няма калі. Бачу гэта і па аднавяскоўцах, для якіх восень, як і лета — «гарачая» пара. У верасні трэба выкапаць бульбу ды ўпарадкаваць іншую гародніну, прыдумаць, што зрабіць з яблыкаў, груш, сліў, алычы, каб не прапалі, угноіць агарод, уладкаваць вяргіні, пасадзіць цыбулю, часнок і цюльпаны на зіму, потым накрыць ружы і абвязаць яблынькі ды грушы яловымі лапкамі, каб зайцы не пагрызлі ўзімку. Адным словам, работы ў вёсцы хопіць да маразоў. А вось тады ўжо можна падумаць пра кніжкі ды серыялы.

...Збярэш гнілыя яблыкі ды маленькія грушкі, якія нападалі суцэльным дываном з суседскай дзічкі і на наш участак, прысядзеш адпачыць, а наша Ліска і ўсеагульны вясковы любімец Дыванок тут як тут. Восенню каты асабліва ласкавыя і пастаянна дзесьці побач. Якая тут можа быць хандра? Дарэчы, Дыванок і Ліска не ладзяць паміж сабой, але чамусьці менавіта з прыходам халадоў нейкім дзіўным чынам ужываюцца на маіх каленях.

На пачатку восені ў нас тыдзень гасціла бабуля мужа. Дык за гэты час, здаецца, ажно памаладзела. Штораз, калі тэлефанавалі ёй у горад і пыталіся, што новага, чулі ў адказ: «Усё па-старому. А што ў мяне можа быць новага? Сяджу ў чатырох сценах, нікога не бачу». У нас жа Таццяна Віктараўна хадзіла «на сяло», абменьвалася навінамі з мясцовымі бабулькамі, прыходзілі і яны да яе. Найбольш бабулю ўразіў выпадак з суседскай курыцай, якая пад нашым вагончыкам (дзе часова складаем інструменты) выседзела куранят. Яна так замаскіравалася за старымі вокнамі, што мы яе заўважылі толькі праз тры тыдні, калі дзеткі вылупіліся з яек. Якраз у гэты момант міма праходзіў мясцовы жыхар Ягор. «Раз на вашым участку вылупіліся, забірайце сабе. Падгадуеце зіму, а ўлетку будзеце па яйку ў дзень ад курыцы мець». Тут падбегла суседка Валя, якая зграбала лісце. «Забірайце, — кажам ёй, — гэта, відаць, ваша курыца ў нас прыгрэлася». — «Не, — мае ўсе на месцы. Пайду Інцы скажу, можа, яе». Праз пяць хвілін на гарызонце паказаліся Іна з мужам Аляксандрам і з вядром у руках. «Курыца прыходзіла паесці, а потым знікала. А апошнія пару дзён зусім яе не бачыла. Думала, што каршун задзёр». Пакуль складалі ў вядро маленькія ціўкаючыя камячкі, жартавалі па-суседску. «Ну, Аляксандр, які яшчэ нам сюрпрыз чакаць — Казбек (конь) ужо прыходзіў на ўчастак ласавацца канюшынай, цяпер курыца з куранятамі, хто наступны?» — «Напэўна, свінню падкладу», — смяецца сусед.

Дарэчы, наконт каня. Нядаўна даведалася, што знаёмыя з іншай вёскі якраз зараз ратуюць жыццё кабыле Каці. Яна праслужыла гаспадару 23 гады са сваіх 30 і цяпер за непатрэбай можа стаць каўбасой ці кансервамі. Каціна жыццё не было салодкім. Слой гною на поўсці, нячышчаныя капыты, адсутнасць прагулак і дрэннае харчаванне. Але калі памыць, прычасаць і дапамагчы жыць інакш, яна зможа радаваць людзей сваёй прыгажосцю. Каця — спакойная, ручная, добрая. Каб дапамагчы жывёле сустрэць шчаслівую старасць, неабыякавыя суседзі завялі рахунак для збору грошай на яе выкуп і пошук новага жылля. Людзі адгукнуліся і суму, якую просіць за яе гаспадар, ужо сабралі. І нават новы гаспадар, здаецца, ужо знойдзены.

Увогуле, я думаю, дапамагаць камусьці, каму горш, чым табе, — найлепшы сродак ад хандры. Самы просты спосаб на вёсцы — проста падысці і час ад часу паразмаўляць-пацікавіцца, як здароўе ў мясцовай бабулькі, якая жыве адна і не хоча ехаць на зіму ў горад да дзяцей. Бо адзін раз паддалася на ўгаворы, з'ездзіла. «Яны на працы, — кажа, — а я адна сяджу цэлымі днямі ў чатырох сценах. Тут, у вёсцы, хоць на двор выйдзеш, на лавачцы пасядзіш, чалавека знаёмага пабачыш. Там жа хоць і ёсць лавачкі каля пад'езда, але ж людзі чужыя. Да курачак сваіх тут схаджу, пакармлю іх, паразмаўляю. Тым больш сын мне ўнітаз усталяваў, душавую кабіну, ваду ў хату правёў, каб з калодзежа не цягаць. Таму пакуль магу рухацца, буду зімаваць дома. Бо ў сваёй хаце і сцены лечаць».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».