Вы тут

Пабываць у кабінеце міністра і пакатацца на бронетранспарцёры


Сёння ў юнага грамадзяніна Беларусі Кірыла Слуцкага ажыццявілася самае запаветнае жаданне — у свой пяты дзень нараджэння ён пабываў у кабінеце кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў генерал-лейтэнанта міліцыі Івана Кубракова, наведаў музей ведамства і базу мінскага АМАПа.


Такая праграма стала сапраўдным сюрпрызам для імянінніка, якога адразу з дзіцячага садка разам з мамай павезла службовая машына спецыяльнага падраздзялення дарожна-патрульнай службы «Страла». Адсюль незабыўным прыгодам быў дадзены старт.

Важнай для хлопчыка падзеі папярэднічаў ліст ад яго мамы Івану Кубракову. Вікторыя Міхайлаўна распавяла, што яе сын Кірыл у будучыні хоча насіць пагоны. Таксама яна адзначыла: хлопчык глядзіць усе відэаролікі з удзелам кіраўніка міліцэйскага ведамства і нават у якасці падарунка на дзень нараджэння папрасіў не цацкі, а сустрэчу з міністрам, а яшчэ — паездку на базу АМАПа.

Дзіцячыя мары павінны спаўняцца! 5 кастрычніка Кірыла Слуцкага ў якасці добрага госця ў сваім кабінеце прыняў міністр унутраных спраў. Іван Уладзіміравіч падарыў імянінніку міліцэйскую машыну на пульце радыёкіравання і камплект формы — такую носяць выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь». Дзіця было ў захапленні. Міністр паказаў Кірылу, як карыстацца радыёстанцыяй, яны разам патэлефанавалі ў аператыўную дзяжурную службу. Хлопчык асабіста прыняў даклад аб аператыўнай абстаноўцы за апошнія суткі. І гэта былі яшчэ не ўсе сюрпрызы. Калі Кірыл пераапрануўся ў падораную форму, на грудзях заблішчаў значок ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь».

— Сёння дзень нараджэння ў цябе, дзень нараджэння ў падраздзяленняў крымінальнага вышуку, — звярнуўся да імянінніка Іван Кубракоў. — Гэтая легендарная служба. Падраздзяленняў са слаўнай гісторыяй у міліцыі шмат. Жадаю табе ў будучыні выбраць сваё і стаць генералам. Калі імкнуцца, усё атрымаецца.

Кірыл расказаў, што многае ведае аб дзейнасці вартавых парадку, бо яго тата, Валерый Слуцкі, служыць у міліцыі. А яшчэ хлопчык прызнаўся, што ўжо выбраў прафесію — стане супрацоўнікам АМАПа.

Пасля гутаркі з маленькім калегам, Іван Кубракоў прапанаваў яму пазнаёміцца з гісторыяй беларускай міліцыі ў музеі МУС. Наступным пунктам у маршруце стала база Мінскага атрада міліцыі асаблівага прызначэння. Тут хлопчыку паказалі пакой захоўвання спецыяльных сродкаў, працэс трэніроўкі байцоў, пракацілі на бронеаўтамабілі «Зубр». З вялікім задавальненнем Кірыл назіраў і за службовым сабакам па мянушцы Мерс. А пасля выканання аўчаркай каманд кінолага нават пагуляў з ёй.

— Я вельмі рада, што такім незабыўным атрымаўся дзень нараджэння майго сына, — прызналася мама хлопчыка Вікторыя Слуцкая. — Яго вочы сёння свецяцца ад шчасця, бо мара здзейснілася. Думаю, ён яшчэ больш умацаваўся ў жаданні ў будучыні стаць міліцыянерам.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.