Вы тут

У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга нарысаў і артыкулаў


У зборніку, аўтарамі якога з’яўляюцца Алесь Карлюкевіч і Вячаслаў Селяменеў, расказваецца пра дакументы, якія напісаны вядомымі беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, дзеячамі культуры, тымі вядомымі і меней вядомымі асобамі, плён чыёй працы ў розныя гады складаў беларускую нацыянальную культуру. Здавалася б, некаторыя іх звароты ў вышэйшую ідэалагічную і фактычна вышэйшую дзяржаўную інстанцыю мелі прыватны характар. Але ж, каб вырашыць тое ці іншае пытанне, без чаго творчасць нічога не вартая, апроч ЦК, і не было куды звярнуцца. Іншая карэспандэнцыя — сведчанне пазіцыі творчай інтэлігенцыі, яе жаданне зрабіць нешта патрэбнае для ўсяго грамадства Беларусі. 


Вось што зазначаюць аўтары ў прадмове да кнігі: «Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі (ЦК КПБ), грунтуючыся на прынцыпах партыйнага кіраўніцтва дзяржавай, меў адносіны да ўсяго, а да сферы літаратуры і мастацтва, прадстаўнікі якой стваралі так званы партрэт часу, ці не ў першую чаргу. Прымаліся адпаведныя пастановы, рашэнні... Згодна з імі рабіліся „падказкі“, якімі вобразнымі сродкамі занатоўваць час. Аднак у пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, скульптараў, акцёраў не заўсёды атрымлівалася кіравацца генеральнай лініяй. „Вінавата“ ў тым было найперш само жыццё, якое істотна адрознівалася ад патрабаванняў інстанцый. І творцам „падказвалі“, што і як належыць выправіць, як правільна трымацца ленінскага партыйнага курсу.» І яшчэ: «Пэўныя з’явы тагачаснага грамадскага і культурнага жыцця абуджалі пісьменнікаў, не давалі ім маўчаць. Каб дамагчыся праўды, істотна паўплываць на гэтыя з’явы, яны звярталіся ў ЦК, пісалі Пятру Міронавічу Машэраву, Кірылу Трафімавічу Мазураву, Мікалаю Мікітавічу Слюнькову ці некаму іншаму... І штосьці ўдавалася змяніць. Пра гэта сведчаць рэзалюцыі, даведкі, каментарыі і іншыя дакументы, падрыхтаваныя супрацоўнікамі апарату ЦК КП Беларусі. У ліставанні прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з вышэйшай партыйнай інстанцыяй адчуваюцца подых часу, атмасфера 1960-1980-х гг. Магчыма, лісты, рэзалюцыі на іх падкажуць нешта важнае даследчыкам творчасці Пімена Панчанкі і Алеся Адамовіча, Аляксея Кулакоўскага і Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча і Міхася Стральцова, Івана Шамякіна і Івана Мележа... Будзем на гэта спадзявацца!..»

Перагортваючы старонкі зборніка, чытач пазнаёміцца з цікавымі і няпростымі перыпетыямі, якія спадарожнічалі творчай працы Уладзіміра Караткевіча, Васіля Віткі, Аляксея Кулакоўскага, Эдуарда Скобелева, Аркадзія Савелічава, Івана Навуменкі, Васіля Быкава, Алены Васілевіч, Алеся Адамовіча, Пімена Панчанкі і іншых літаратараў, гісторыка Вадзім Круталевіча. Аўтары расказваюць пра тое, як было прынята рашэнне аб ушанаванні памяці кабардзінскага пісьменніка Алі Шагенцукава, які загінуў у фашысцкім канцэнтрацыйным лагеры ў Бабруйску. 

Некаторыя артыкулы — падрабязны расповяд пра памкненні творчай інтэлігенцыі захаваць гісторыка-культурную матэрыяльную спадчыну папярэдніх стагоддзяў. Напрыклад, у Мінску і Гомелі. Варта заўважыць, што ў іншых клопатах беларусам спрыялі і іх расійскія калегі.

Асобныя старонкі кнігі «Звяртаюся ў ЦК...: Чытаючы архіўную пошту», на пачатку якой, дарэчы, пазначана: «Прысвячаецца архівісту Віталю Уладзіміравічу Скалабану», расказваюць пра арганізацыйныя памкненні творчых саюзаў у мемарыялізацыі здзейсненага руплівымі мастакамі і пісьменнікамі, у мемарыялізацыі памяці пра іх. 

Кнігу «Звяртаюся ў ЦК...» можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне, а таксама — у кнігарні «Акадэмкніга» у Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».