Вы тут

Пайшоў з жыцця падзвіжнік архімандрыт Кірыл (Бадзіч) з Хоцімска


Яго не стала 5 кастрычніка, ён усяго тры гады не дажыў да свайго стагоддзя. Хоць, калі верыць яго словам, быў на тры гады старэйшы за пазначаны ўзрост у пашпарце. Апошнім часам бацюшка хварэў і ўжо не мог выконваць абавязкі настаяцеля храма Святой Жываначальнай Тройцы. Храма, які ён адбудаваў сваімі рукамі, ездзіў у Маскву збіраць міласціну, на яго скарбонцы так і было напісана — на аднаўленне хоцімскага храма, пабудаванага ў 1861 годзе ў гонар падпісання Маніфеста аб адмене прыгоннага права. Расказваў, як заклікаў народ каля Беларускага вакзала і нават (была справа) звяртаўся па дапамогу да Анатоля Чубайса. І той не адмовіў. Грошы пайшлі на ўнутранае аздабленне храма.


З паўразбуранага будынку (яго перадалі праваслаўным практычна без даху, дзвярэй і вокнаў) айцец Кірыл зрабіў неверагоднай прыгажосці сабор, які з’яўляецца сёння жамчужынай Хоцімска. І сабраў для яго ўнікальныя рарытэты — дарэвалюцыйныя іконы, аблачэнні, кнігі, за захаванне якіх у савецкі час можна было атрымаць пакаранне. Некаторым каштоўнасцям болей чым 300 гадоў! Некалькі гадоў таму магілёўскі аблсавет па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны прысвоім ім статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. Усё гэта, у тым ліку і каштоўныя падарункі, на апошніх гадах свайго жыцця ён перадаў дзяржаве пры ўмове, што яны не будуць вывозіцца з раёна і застануцца ў саборы.

«Звязда» некалькі разоў пісала пра ўсенародна любімага бацюшку, яго неверагодную працаздольнасць і ахвярнасць. У ваенкамаце і ў пошукавікаў ён узяў прозвішчы жыхароў раёна, загінулых у войнах і рэвалюцыях, а таксама ад рук акупантаў і ў сталінскіх лагерах, і гадзінамі маліўся, бо самаробны фаліянт, які ён сам для сябе зрабіў, уключаў 11 тысяч імён і кожнае ён называў услых. Яго памочнікі прызнаваліся, што стамляліся ад доўгага стаяння і садзіліся. Але бацюшка сабе такога не дазваляў. У гонар 50-годдзя вызвалення Хоцімска ад нямецка-фашысцкіх акупантаў бацюшка пабудаваў на тэрыторыі сабора капліцу і, пакуль былі сілы, кожную суботу чытаў там гэтыя паніхіды. Наогул, толькі ў Хоцімску дзякуючы яму адноўлены і пабудаваны два храмы і дзве капліцы. І гэта не лічачы іншых храмаў, якія ён аднаўляў або дапамагаў аднаўляць у Беларусі і Расіі.

Ён ганарыўся, што ў яго царкоўным двары гучыць дзіцячы смех не толькі па нядзелях ды вялікіх царкоўных святах. У калідоры дома, дзе знаходзілася яго вялікая бібліятэка, стаялі ролікавыя канькі, а ў пакоі для заняткаў дзяцей — камп’ютары, якія перадалі бясплатна на добрую справу дабрадзеі. Тэхніка, вядома, была не новая, але ж працавала. Ён паклапаціўся, каб памяшканне, дзе хрысцілі дзяцей, было ўтульным і цёплым. А яшчэ вельмі любіў кветкі — летам уся прастора вакол храма пераўтваралася ў квітнеючы рай. 

Яму часта ў жыцці здраджвалі, але ён працягваў любіць усіх сваёй незямной хрысціянскай любоўю. Аднойчы расказваў, як дапамагаў чалавеку, ад якога ўсе адвярнуліся, зрабіць пашпарт. Як той яму «аддзячыў», скраўшы грошы на набыццё дарагіх царкоўных рэчаў.

У яго знаходзілі прытулак не толькі людзі, але і жывёлы. Расказваў, як беспрытульная котка прыехала з ім нават з Расіі. Заскочыла ў салон мікрааўтобуса і не выходзіла, пакуль не прыехалі. 

Айцец Кірыл быў чалавекам з характарам, але заўсёды добры і чулы. І, вядома, патрыёт. За «проста так» ганаровага грамадзяніна, якім ён быў у Хоцімску, не даюць. Ён нават быў адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Айцец Кірыл нічога не рабіў для сябе, усё толькі для Бога і прыхаджан. Таму і аўтарытэт меў вялікі, і павагу ад людзей. Дарэчы, фестываль звону, які праходзіў у Хоцімску, арганізаваў таксама ён. І гасцей сам запрашаў з Расіі. Не казаў, што гэта не яго справа. Наадварот. Сам быў чалавекам справы. І ўсё рабіў дзеля таго, каб яна жыла.

На жаль, зямны шлях бацюшкі скончаны, але наперадзе — Вечнасць. Развітацца з айцом Кірылам можна ў саборы Святой Жываначальнай Тройцы горада Хоцімска. Адпяванне адбудзецца там жа 7 кастрычніка ў 11.00, гаворыцца на сайце Магілёўскай епархіі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сайта епархіі sobor-hotimsk.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».