Вы тут

Горкі досвед. Калі ён нам даецца, значыць, камусьці гэта трэба?


Тыдзень як ніколі поўны навін, якія нібыта цябе асабіста і не датычаць, а ўсё роўна аж сэрца сціскаецца, бо зусім блізка, побач, і нават знаёмыя людзі сведкамі былі, ад іх, а не з інфармацыйных каналаў, гэтыя навіны і сталі вядомыя. Спачатку гэта аварыя пад Фаніпалем. Дзякуй богу, ніхто не загінуў, але ж колькі чалавечага болю за гэтымі дзяжурнымі словамі ўрача «траўмы ніжніх канечнасцяў і жывата». Колькі езджана-пераезджана па той дарозе, таму і відэа не трэба было, каб зразумець, уявіць, дзе, у якім месцы той высокі аўтобус сутыкнуўся з пагрузчыкам, наляцеў на легкавік, пакаціўся ў кювет...


Тым больш дачка сяброўкі акурат у той час з Фаніпаля ў Мінск на работу з мужам ехала, яны спыніліся там, дапамагалі пацярпелым, пакуль экстранныя службы прыехалі. Пасля мы яе, дваццаціпяцігадовую, увесь вечар суцяшалі, нават каньяком паілі. А яна плакала і толькі паўтарала: «На іх месцы маглі быць мы...» А я згадвала сябе, у той час гады на тры за яе старэйшую, і сакавіцкі пранізліва-халодны досвітак недзе на трасе пад Варшавай, калі ў наш экскурсійны аўтобус уляцеў на машыне малады хлопец, які проста заснуў за рулём. Мы тады не плакалі, слёз не было — быў шок. Паціраючы пабітыя лбы і калені, выціраючы насоўкамі драпіны, мы прыгаломшана глядзелі на наш раскурочаны аўтобус без адзінай цэлай шыбы, на тое, як даставалі з машыны цела таго хлопца, нашага равесніка, і радаваліся, што жывыя. Хоць магло быць зусім інакш... Так што тую фаніпальскую аварыю давялося без перабольшання прапусціць праз сябе, і не магу сказаць, каб гэта мне дадало пазітыўнага настрою.

А назаўтра — новае паведамленне. І зноў — не з «афіцыйнай крыніцы». Загінуў дваццацідвухгадовы хлопец, наш калега. Недарэчная выпадковасць — пайшоў у душ, калі там працавала пральная машына. Быў дома адзін. Машыну закараціла, яго ўдарыла токам... Наша маладая супрацоўніца расказвала пра гэта з поўнымі слёз вачыма і дрыжачым голасам. Яна, заўжды такая жыццярадасная і пазітыўная, у той дзень нібы патухла, нібы хтосьці выключыў святло на яе твары. Яны сябравалі, і ў той дзень сабраліся кампаніяй аднакурснікаў у кавярні. Не дачакаўшыся прыяцеля, сталі яго набіраць — тэлефон маўчаў. Паехалі шукаць на здымнай кватэры — ніхто не адчыніў, дзверы былі замкнутыя знутры. Маладыя людзі паднялі на ногі ўсіх — і ратавальнікаў, і міліцыю. Знайшлі на дачы гаспадара кватэры — без яго ў жыллё немагчыма было трапіць. Калі ратавальнікі залезлі праз акно і ў адчыненыя імі дзверы зайшлі ўрачы хуткай, у сяброў яшчэ была надзея: а раптам яму проста стала дрэнна і страціў прытомнасць? Калі ж урачы вельмі хутка выйшлі, стала зразумела: надзеі няма...

Надзеі няма... Гадоў пятнаццаць назад мы вось так шукалі — і знайшлі цётку Іру, з якой у горадзе пасябравала мама. Яны дамовіліся ў суботу ранкам схадзіць у краму на распродаж, але ўсю раніцу яе тэлефон — ні хатні, ні сотавы, не адказваў. Мы тады захваляваліся і пайшлі званіць у кватэру, балазе жыла цётка ў суседнім доме. Дзверы ніхто не адчыняў. Што было рабіць, калі мы нават не ведалі яе прозвішча, а пра сям'ю было вядома толькі, што дачка жыве з сям'ёй асобна ў іншым горадзе?.. Выклікалі міліцыю, і хлопцы па сваіх каналах знайшлі каардынаты дачкі. Тая прыімчала праз тры гадзіны — увесь гэты час мы чакалі пад дзвярыма, званілі, стукалі, спадзеючыся: а раптам? Дачка адчыніла дзверы сваімі ключамі... Цётка Іра ляжала на падлозе, працягнуўшы руку да ўжо адчыненай шафкі з лекамі. Проста не здолела іх дастаць, а побач нікога не было...

Я вось цяпер згадваю разгубленыя, зніякавелыя твары дзяўчат, якія прынеслі мне жудасныя навіны гэтага тыдня, свой падобны горкі досвед. І думаю пра тое, для чаго ён, гэты досвед, нам даецца. Не ўсім, вядома, ёсць жа, дзесьці людзі, якія са смерцю сутыкаюцца вельмі блізка, асабіста, толькі ў сямідзесяцігадовым узросце, хаваючы дзевяностагадовых бацькоў. Хоць я такіх людзей не ведаю, але яны, напэўна, дзесьці ёсць. Усе астатнія раней ці пазней з такім досведам сутыкаюцца. І, ачуняўшы ад шоку і адчування бяды, мы пачынаем разважаць, пра тое, наколькі нетрывалае чалавечае жыццё: дастаткова адной хвіліны, чыёйсьці памылкі, няшчаснага недарэчнага выпадку, каб яно абарвалася. І — прагучыць цынічна, але давайце шчыра, гэта сапраўды так — з палёгкай уздыхаем, што нас тое чорнае крыло, што холадам абдало твар, не закранула... Пакуль. І думаем, што вось зараз, проста зараз, бо «пасля» можа проста не быць, трэба зрабіць нейкую добрую справу, сказаць любімым людзям, што яны — любімыя...

Калі б гэтыя думкі, гэтае веданне, гэтае адчуванне было нашым пастаянным станам — наколькі б шчаслівейшымі былі ўсе і кожны паасобку! Але — так ужо мы створаныя, гэты горкі, але такі карысны досвед наша памяць паслужліва адсоўвае кудысьці ў самую глыбокую шуфлядку, і згадваецца ён (ненадоўга) толькі тады, калі зноў проста ў твар дыхне пранізлівы безнадзейны холад.

Карацей, беражыце сябе. Беражыце сваіх блізкіх і любімых. Тут і цяпер, не адкладваючы на «пасля», якое можа не надысці.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.