Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «На чужых памылках, альбо Век жыві — век вучыся...»


На чужых памылках, альбо Век жыві — век вучыся...

Наша Іванаўна — жанчына што трэба: шчырая працаўніца, добрая жонка і маці, гаспадыня... Але ж праўду ў народзе кажуць, што і на дзеўку часам грэх бывае, і ў цесце можна палец вывіхнуць.


Фота: pixabay.com

Дык вось у той дзень, апроч многага іншага, жанчына вырашыла прапаліць грубку, перабраць у шуфлядцы лекі, потым згатаваць абед.

Для вось гэтага яна загадзя падцягнула да печкі зэдлік, паставіла там каструлю з вадой і вядзерца з бульбай, сама сабе, як той дзядзька з рэкламы, сказала: «Потым абяру» і пайшла займацца лекамі.

Гэта значыць, выцягнула з шафы сваю «аптэчку» і, уладкаваўшыся на канапе, стала перабіраць: справа ад сябе складваць усё патрэбнае і па тэрмінах яшчэ прыдатнае, злева — тое, што не...

Першая з горак расла, вядома ж, хутчэй, у другую — адразу ж трапілі чатыры ўпакоўкі з ампульнай глюкозай і тут жа напомнілі, як год таму захварэла, як трапіла ў бальніцу, як дзеці і муж, баючыся за яе, кінуліся купляць, што трэба, а што і не трэба... «На вось гэтую глюкозу толькі грошы патрацілі, — пашкадавала Іванаўна, пакруціўшы ў руках каробкі. — Тэрмін сышоў, і дзявай, дзе хочаш. На вуліцы — зіма, значыць, не закапаеш, у хаце таксама абы-дзе не пакладзеш, бо ўнукі прыязджаюць, крый божа, знойдуць — бяды не абярэшся».

Падумала яна так і паглядзела на грубку: «Можа, у агонь?»

А далей — згрэбла непатрэбныя лекі, рашуча адчыніла гарачыя дзверцы, кінула за іх усе чатыры ўпакоўкі. Справа як быццам была скончана. Значыць, можна брацца за абед і перш за ўсё згатаваць бульбы. Каб цяплей было, Іванаўна бліжэй да грубкі падцягнула любімы ўслончык, узяла ў рукі нож...

Што далей было, дайшло не адразу: у хаце грымнуў выбух — ды гэтакай сілы, што жанчыну разам з зэдлічкам «адкінула» да дзвярэй... І ўжо адтуль краем вока яна ўбачыла, што дзверцы печкі расчынены, што галавешкі, попел і сажа раскіданы па ўсёй кухні.

Марудзіць — ну ніяк нельга было! Жанчына ўскочыла на ногі, схапіла вядро з вадой — пакуль нічога не загарэлася — плюхнула на падлогу. Дыхаць не было чым: расчыніла дзверы на вуліцу... «Здаецца, абышлося?» — падумала з палёгкай і знясілена апусцілася на лаўку.

Час, між тым, не чакаў. Брацца за бульбу, за абед ужо не выпадала: да прыходу гаспадара з работы трэба было хоць трохі «замесці сляды» — прыбраць у кухні.

Іванаўна ўстала, каб узяць венік, шуфлік ды вядро з анучай, мімаходзь зірнула ў пацямнелае люстэрка і, шчыра кажучы, не адразу пазнала, хто ж там такі раскудлачаны, з перапэцканым тварам?

Калі ж да яе дайшло — не змагла ўстрымацца ад смеху!..

У гэты момант на «гарызонце» з'явіўся муж: спыніўся на парозе, бо ніяк не мог зразумець, чаму ў хаце зімой адчынены дзверы? Чаму ў кухні замест абеду несусветны бардак ды смурод? І ўрэшце — што з яго жонкай: што яна з сабою зрабіла? Адкуль такі «макіяж»?

А тая ўсё чыста яму б расказала, калі б магла, бо тады проста заходзілася ад рогату — адна, потым удваіх з чалавекам.

...Разуменне таго, як блізка было да вялікай бяды, да іх прыйшло трохі пазней.

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

Салігорскі раён


Добра, што таксама... дрэнна

...Не чакала, не гадала —

Гарадскою раптам стала:

Не жыццё пайшло, а рай —

Век жыві, не памірай!

Ні свіней тут, ні каровы,

Ні турбот пра сена-дровы,

Не дабавяць скрухі-гора

Ні жукі, ні фітафтора...

Фікус раненька палью,

Кухню чыста прыбяру,

Спяку сырнікаў да кавы —

Вось і ўсе на сёння справы...

Ды начамі зноў і зноў

Я ў палоне розных сноў:

То ў валках намокла сена —

Сыпнуў дожджычак імгненна,

То карова стала біцца,

Што ніяк не падступіцца,

То ў гародзе непарадак —

Пустазелле «душыць» грады.

І крынічнаю вадзіцай

Не магу я наталіцца...

Лёс, ну што ты шлеш іспыты?

Не вярнуць мне сіл ды спрыту.

Галаву пакрыла замець...

Не вяртай у вёску, памяць!

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск


Хто ёсць ху? Пошук — метадам тыку

Не так даўно я сустрэла Ганну Пятроўну, сваю даўнюю добрую знаёмую, якая займаецца з дзеткамі ад сямі да дзесяці гадоў — вядзе ў школе гурток «Разумнікі і разумніцы». Якраз ад іх, тых разумнікаў, яна і вярталася, прычым настолькі ўсхваляваная...

Я сама некалі працавала педагогам, а таму цудоўна ведаю, што бываюць сітуацыі, калі чалавеку проста неабходна выгаварыцца...

Такім чынам, мы з Пятроўнай прыселі на лавачку.

Ёсць у мяне два вучні, — пачала сваю споведзь жанчына, — трэцякласнік Коля і другакласнік Пеця, з якімі ну ніяк не разабрацца! То яны, здаецца, сябруюць, так што вадою не разаль-
еш, то варагуюць, не раўнуючы, як кот з сабакам...

Раскажу, што сёння ўтварылі. Коля вырваў са сшытка ліст, напісаў на ім дрэннае слова (я нават прамовіць яго не магу) і з крыкам «Гэта ты!» кінуў запіску Пецю. Той узяў, прачытаў, напэўна ж, пакрыўдзіўся, але замест таго, каб кінуцца ў бойку (як ён звычайна рабіў), на гэты раз прашыпеў: «Я раскажу ўсё завучу»... Развярнуўся і сапраўды выйшаў з кабінета.

Коля яго не спыніў, але ж вельмі спалохаўся: стаў румзаць, што яго цяпер выганяць са школы, што бацька вушы надзярэ, што маці ў кут паставіць...

З аднаго боку, мне як быццам шкода гэтага хлопчыка, а з іншага...

Не ў першы раз спрабую давесці яму, што да таго, як нешта зрабіць (і напісаць, вядома ж, таксама!), трэба добра падумаць, што ты робіш ды пішаш і што можа быць далей? Трэба ж, маўляў, вучыцца адказнасці.

Коля слухае, ківае галавой, як быццам згаджаецца, а потым (я сцяміць не паспела, прызнаецца Пятроўна) хапае Пецеў заплечнік, падскоквае з ім да вядра з вадой (яго прыбіральшчыца каля дзвярэй паставіла) — і высыпае туды ўсё змесціва...

І трэба ж: якраз у гэты момант у кабінет вяртаецца Пеця. Коля крычыць яму: «Ябеда!» А ў таго ўжо слёзы на вачах: глядзіць, бядак, на свой пусты заплечнік, на вядро, пачынае даставаць адтуль свае кніжкі і таксама ледзь не галосіць: кажа, што татка тэлефон забярэ, што мама не паверыць... І што ён ніякі не ябеда, бо ў завуча не быў — там дзверы замкнёныя...

Коля гэта пачуў і, бачу, мігам супакоіўся: як нічога ніякага, пачынае дапамагаць сябру (?) — даставаць з вядра яго багацце, раскладваць на парце, каб сохла.

Кніжкі, трэба сказаць, не вельмі пацярпелі, а вось сшыткі... «Я табе новыя куплю, — абяцае Коля. — Прычым зараз жа!»

Ганна Пятроўна змаўкае.

— Значыць, усё ў парадку: хлопчыкі ж памірыліся, — спрабую супакоіць яе і ўжо радуюся сама. — Добра ўсё, што добра канчаецца.

— Дык гэта ж яшчэ не канец. Я не ўсё расказала, — уздыхае прыяцелька. — Пеця сапраўды не трапіў да завуча, але ў калідоры ён сустрэў... дырэктара школы і запіску з тым дрэнным словам аддаў яму — з рук у рукі. Моўчкі. А там жа адрасат не ўказаны...

Карацей кажучы, без каментарыяў...

Наталля ШАСТАКОВА

г. Гомель


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж чарговы напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з намеснікам галоўнага рэдактара Наталляй Карпенкай — працуе, гісторыі пошта прыносіць...

Дарэчы, у першых радках да іх многія паведамляюць, што даўно чытаюць газету і што гэтак жа даўно збіраліся напісаць... Дык не трэба збірацца (а тым больш — доўга), трэба пісаць (калі ласка, з нумарам тэлефона для зваротнай сувязі!).

Кажуць, лепш паспрабаваць і потым пашкадаваць, чым шкадаваць не паспрабаваўшы.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.