Вы тут

У Салігорскім раёне з’явіўся новы заказнік — «Старобінскі»


У Салігорскім раёне Міншчыны з’явіўся новы заказнік — «Старобінскі». Яго плошча — 5393 га. Пад ахову будуць узяты ўнікальныя экасістэмы поймы Случы, а таксама цэлы комплекс рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, многія з якіх маюць міжнародны статус аховы.


Картасхема заказніка.

На прыродаахоўную каштоўнасць гэтага рэгіёна звярнулі ўвагу мясцовыя актывісты-эколагі. Яны звярнуліся ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі з просьбай яго запаведання і правядзення спецыяльных навуковых даследаванняў. Апошнія пачаліся ў мінулым годзе. Падтрымку аказалі Салігорскі раённы выканаўчы камітэт, Салігорская раённая інспекцыя Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Старобінскі лясгас.

У час экспедыцый у наваколлі Старобіна супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі і Навукова-вытворчага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах былі здзіўлены прысутнасцю на гэтай тэрыторыі вялікай колькасці рэдкіх відаў і падрыхтавалі абгрунтаванне неабходнасці стварэння новага заказніка. Сёлета ён і быў арганізаваны.

Неккера пёрыстыя.

Чым жа адметная дадзеная тэрыторыя і чаму яе трэба захоўваць?

Заказнік «Старобінскі» знаходзіцца на стыку двух прыродных фізіка-геаграфічных раёнаў: на поўдні размешчана Прыпяцкае Палессе, на поўначы — Цэнтральнабярэзінская раўніна. Дадзены прыродны комплекс прымеркаваны да поймавых біятопаў ракі Случы ніжэй за Салігорскае вадасховішча паблізу паўднёва-ўсходняй ускраіны Старобіна.

У батанічных адносінах тэрыторыя дастаткова спецыфічная. У заказніку выяўлены рэдкія і ахоўныя біятопы, прадстаўленыя ельнікамі, дубровамі і чорнаальшанікамі. Знойдзена таксама 70 месцаў вырастання шасці відаў сасудзістых раслін, імхоў і грыбоў, уключаных у асноўны спіс Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, а яшчэ сем відаў раслін з дадатковага спісу відаў, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове.

Арніка горная.

Сярод ахоўных раслін тут пераважае фіялка тваністая (Viola uliginosa). У нашай краіне яна расце ў асобных месцах паблізу паўночнай мяжы свайго арэала. Дзіўна тое, што большая частка месцаў росту гэтай фіялкі ў Беларусі прыпадае менавіта на тэрыторыю заказніка, што, безумоўна, павышае яго прыродную значнасць.

У сухіх сасновых лясах нярэдка можна ўбачыць арніку горную (Arnica montana). Гэты ахоўны рэліктавы горны субальпійскі від у нас сустракаецца паблізу паўночна-ўсходняй і паўднёвай межаў арэала. Асноўная частка арэала арнікі па-за горамі цяпер прыпадае на тэрыторыю Беларусі і Польшчы.

Фіялка топяная.

У стараўзроставых шыракалістых лясах расце мох пад назвай некера перыстая (Neckera pennata), які ахоўваецца ў нашай краіне і Еўропе. Ён адчувальны да забруджвання паветра і селіцца толькі на стараўзроставых дрэвах.

Упрыгажэннем флоры гэтай тэрыторыі з’яўляецца таксама дзікі гладыёлус шпажнік чарапічны Gladiolus imbricatus, які расце на лугах у пойме Случы.

Шпажнік чарапіцавы.

Сапраўдны скарб «Старобінскага», несумненна, і ўнікальная фаўна. Цяпер тут адзначаны 36 відаў жывёл розных груп, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шырокія забалочаныя лугавыя экасістэмы поймы Случы сталі таксама месцам пражывання шматлікіх ахоўных відаў птушак. Там можна сустрэць драча, кулікоў, дупеля, вялікага вераценніка, вялікага краншнэпа, шэрага жураўля. Прытулак і кармавую базу тут знаходзяць і драпежныя птушкі: барадатая няясыць (Strix nebulosa), філін (Bubo bubo), малы бугай (Ixobrychus minutus), вялікі падворлік (Aquila clanga) і іншыя. Частка поймы, якая знаходзіцца ў натуральным стане, з’яўляецца месцам пасялення вадаплаўных птушак. Пойменныя лясы заселеныя чорным буслам (Ciconia nigra), які гняздуецца на векавых дрэвах. На забалочаных месцах удалечыні ад чалавека ён адчувае сябе ў бяспецы.

Чорны бусел.

Акрамя птушак на тэрыторыі заказніка выяўлены таксама некалькі ахоўных відаў з іншых сістэматычных груп жывёльнага свету: балотная чарапаха (Emys orbicularis), грабенчаты трытон (Triturus cristatus), арэшнікавая соня (Meles meles) і барсук (Meles meles). Пасялілася тут і рысь, што для дадзенага рэгіёна вялікая рэдкасць.

Трытон.

У працэсе падрыхтоўкі дакументаў для ўтварэння заказніка была праведзена вялікая работа па заніраванні тэрыторыі, вызначэнні рэжымаў аховы і экалагізацыі вядзення гаспадаркі на гэтай тэрыторыі. Былі ўлічаны і інтарэсы паляўнічых, турыстаў, мясцовых жыхароў. Стварэнне заказніка дае магчымасць не толькі абараніць унікальныя экасістэмы, але і будзе садзейнічаць фарміраванню міграцыйных калідораў і экасеткі.

Балотная чарапаха.

Пакуль «Старобінскі» з’яўляецца заказнікам мясцовага значэння, але ўжо цяпер зразумела, што ён павінен быць заказнікам рэспубліканскага значэння і заслугоўвае ўключэння ў міжнародную экалагічную сетку. У будучыні тут плануецца развіццё экалагічнага турызму.

Сёння вывучэнне гэтай прыроднай тэрыторыі працягваецца. Амаль кожны месяц выяўляюцца ўсё новыя ахоўныя віды.

Алег МАСЛОЎСКІ,

загадчык сектара кадастру расліннага свету ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі ім. В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі», кандыдат біялагічных навук

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».