Рэйтынгавае агенцтва Fіtch панізіла прагноз па крэдытным рэйтынгу брытанскага дзяржаўнага доўгу са стабільнага да негатыўнага. Пра гэта паведаміла Reuters. «Вялікі і незабяспечаны бюджэтны пакет мер новага ўрада, абвешчаны як частка плана росту, можа прывесці да павелічэння бюджэтнага дэфіцыту ў сярэднетэрміновай перспектыве», — пракаментавалі сваё рашэнне ў Fіtch. У прыватнасці, агенцтва прагназуе, што дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту Вялікабрытаніі сёлета дасягне 7,8 працэнта ад валавога ўнутранага прадукту і 8,8 працэнта — у 2023-м годзе. Нядаўна пра адпаведнае паніжэнне заявіла агенцтва Standard & Poor's. Прагнозы былі зменены ў горшы бок пасля фінансавай справаздачы ўрада. Брытанская эканоміка перажывае моцны крызіс, а ўрад страціў кантроль над ёй, заўважыў The Economіst. Разгортваюцца і маштабныя сацыяльныя ўзрушэнні, якія, перш за ўсё, выкліканы небывалым за многія дзясяцігоддзі ростам цэн і няздольнасцю ўлад выправіць сітуацыю. Што ж адбываецца ў Вялікабрытаніі, чаго чакаць далей?
Яшчэ нядаўна Брытанія славілася развітай эканомікай. Фунт быў знакавай валютай, а ў новага кіраўніка Ліз Трас з'явіўся свежы двухгадовы мандат на кіраванне краінай. Прайшоў тыдзень, і краіна апынулася ў палітычным і фінансавым крызісе. Ліз Трас паспрабавала зваліць усё на Уладзіміра Пуціна, але не атрымалася, адзначыла «Бі-бі-сі». Супраць кіраўніка настроіліся ўсе: выбаршчыкі, эканамісты, міжнародныя фінансавыя арганізацыі, саюзнікі ў ЗША і Еўропе, яе ўласная партыя і нават міністры ўрада, сабранага менш чым за месяц.
Віной таму план радыкальных эканамічных рэформ і каласальных дадатковых бюджэтных выдаткаў на чвэрць трыльёна фунтаў, не падмацаваных ні новымі даходамі, ні мандатам ад выбаршчыкаў, ні нават незалежнай ацэнкай яго рэалістычнасці. План тут жа спачатку абрынуў рынак дзярждоўгу і курс фунта, а пасля і рэйтынгі кіруючай Кансерватыўнай партыі. Пенсіённая сістэма апынулася на мяжы краху, і цэнтрабанку прыйшлося ўключыць на поўную моц друкарскі станок, каб прадухіліць сістэмны крызіс, падтрымаць урад і выратаваць пенсійны фонд.
Многія брытанцы апынуліся перад пагрозай страціць жыллё і працу, пазбавіцца часткі пенсіі і доступу да бясплатнай аховы здароўя. А фінансісты ўсяго свету пачалі адмаўляцца ад некалі высакакласных актываў, і іх кошт упаў на ўзровень праблемных краін. Умяшанне Банка Англіі крыху супакоіла рынкі, аднак часова, паколькі крызіс нікуды не падзеўся, заўважыла «Бі-бі-сі». Трас і міністр фінансаў Квазі Квартэнг стаяць на сваім, нягледзячы на шквал прэтэнзій і змрочных прагнозаў. Гэты «дуэт» адказвае, што іх рэформы дазволяць брытанскай эканоміцы паскорыцца і ў выніку выйграюць усе. «Я гатова да цяжкіх рашэнняў, можаце разлічваць на мяне. Статус-кво — не варыянт», — дадала Трас, чым знервавала тых, хто ўпэўнены, што грошы на зніжэнне падаткаў урад збіраецца знайсці за кошт чарговага ўразання сацыяльных выдаткаў.
Секвестр бюджэту пагражае далейшым пашырэннем прорвы паміж багатымі і беднымі, падзеннем стандартаў у бальніцах, школах і ў бюджэтнай сферы ў цэлым. Трас называе свой план стратэгіяй росту. Зніжэнне падаткаў і дэрэгуляванне, па задумцы яе паплечнікаў, павысіць зацікаўленасць інвестыцый у брытанскую эканоміку. Яна вырасце, казна напоўніцца — і ўсе зажывуць лепш. Аднак эканамісты не вераць у цуд. Яны ў адзін голас прадракаюць правал плана Трас—Квартэнга, а таксама прагназуюць імклівае падзенне ўзроўню жыцця насельніцтва Брытаніі і доўгія гады застою другой пасля Германіі найбуйнейшай эканомікі Еўропы.
Цяперашні прэм'ер-міністр прыйшла да ўлады праз рашэнне кіруючай партыі, а не народа. Папярэдні кіраўнік Барыс Джонсан захлусіўся да адстаўкі. Спачатку Трас абяцала аднапартыйцам знізіць падаткі, урэзаць сацыяльныя выдаткі і адрэгуляваць эканоміку. Аднак рэаліі энергетычнага крызісу прымусілі яе перагледзець ранейшы лозунг «ніякіх падачак» і пагадзіцца выпісаць насельніцтву датацыю на святло і цяпло, яна абыдзецца казне ў 150 мільярдаў фунтаў у найбліжэйшыя два гады.
Нягледзячы на такі гіганцкі ўсплёск выдаткаў, Трас не адмовілася ад ранейшых затратных ідэй і прапанавала радыкальна знізіць падаткі — на 45 мільярдаў фунтаў у год. Больш за іншых ад яе плана выйгравалі найбагацейшыя, што абурыла апазіцыю і выбаршчыкаў. Але рынкі і інвестары знерваваліся з іншай нагоды. У бюджэце з'явіліся новыя выдаткі. Аднак ніякіх новых спосабаў сабраць дадатковыя даходы міністр фінансаў Квартэнг не прад'явіў. Ён паабяцаў гэта зрабіць напрыканцы лістапада.
А пакуль што паведаміў: усё будзе прафінансавана ў доўг, для чаго давядзецца заняць 160 мільярдаў фунтаў на пяць гадоў. Пры гэтым спецпадатак на звышпрыбытак энергетычных кампаній, якія зарабілі на рэкордных цэнах на святло і цяпло, Трас з Квартэнгам збіраць адмаўляюцца, нягледзячы на заклікі апазіцыі і агульнаеўрапейскую практыку.
Планы ўрада актыўна займаць ва ўмовах узрослых ставак і адмаўляцца ад даходаў у разліку на паскарэнне эканамічнага росту за кошт зніжэння падаткаў і дэрэгулявання выклікаюць у эканамістаў і фінансістаў сумненні ў будучыні брытанскай эканомікі. Іх мог бы развеяць незалежны аўдытар OBR. Ён традыцыйна суправаджае любыя бюджэтныя пачынанні ўрада праз прагноз іх наступстваў. Аднак на гэты раз міністр Квартэнг забараніў публікацыю.
Вынік усіх пачынанняў новага ўрада не прымусіў сябе доўга чакаць. Разгарнуўся небывалы крызіс. Рынак дзярждоўгу перажыў гістарычнае падзенне, што прымусіла цэнтрабанк умяшацца і надрукаваць 65 мільярдаў фунтаў для скупкі дзяржаблігацый, якія сталі нікому не патрэбнымі. Фунт абваліўся амаль да парытэту з доларам, тады як за тыдзень да гэтага каштаваў $1,14, мінулай зімой — $1,35, а да рэферэндуму аб выхадзе з ЕС у 2016 годзе — $1,5.
Ніхто не паверыў, што Трас і Квартэнг знайшлі і трымаюць у сакрэце простае вырашэнне складаных праблем, да якога да іх ніхто не дадумаўся. Замест Нобеля па эканоміцы тандэм атрымаў шмат крытыкі глабальнага маштабу. «Вялікабрытанія паводзіць сябе, як рынак, што развіваецца, і імкнецца стаць недаразвітым», — заўважыў былы міністр фінансаў ЗША Лары Самэрс. Нават традыцыйна стрыманыя каментатары губляюць цярпенне. «Адзіны тып лідара для Брытаніі небяспечнейшы за папярэдняга дзівацкага (Джонсана) — гэта цяперашні фанатычны. Дамінуючая характарыстыка фанатыка — перакананасць у тым, што рэальнасць павінна падладжвацца пад іх жаданні а не наадварот, — напісаў адзін з вядучых сусветных фінансавых журналістаў Марцін Вульф у газеце Fіnancіal Tіmes. — Гэта дрэнныя і небяспечныя людзі. Яны не ў сабе». А амерыканскі эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Пол Кругман адзначыў у Twіtter, што «трасаноміка» гранічна дурная». У The Guardіan з'явіліся адразу некалькі калонак з красамоўнымі загалоўкамі: «Трасаноміка па-дзіцячаму дурная, трасапалітыка — яшчэ горшая»; «Гэта крызіс Трас і Квартэнга, а не ваш, але вы ўжо бяднейшы дзякуючы ім». А The Fіnancіal Tіmes апублікавала артыкул «План урада Вялікабрытаніі — гэта адначасова дрэнная эканоміка і страчаная магчымасць».
Калі Трас месяц таму стала прэм'ерам, яна сказала Бі-бі-сі, што гатовая быць непапулярнай. У яе атрымалася. Рэйтынг Трас у першыя дні кастрычніка паваліўся да мінус 59 працэнтаў. Гэта не толькі глыбей за дно кар'еры Борыса Джонсана (мінус 53 працэнты — у ліпені перад адстаўкай), але нават горш за самы дрэнны рэйтынг непапулярнага папярэдняга лідара апазіцыі Джэрэмі Корбіна (мінус 55 працэнтаў). Паводле апытання кампаніі YouGov, праведзенага 1-2 кастрычніка, толькі 14 працэнтаў брытанцаў станоўча адклікаліся аб Трас, а 73 працэнты прытрымліваліся супрацьлеглага меркавання. На графіцы траекторыя яе рэйтынгу нагадвае безнадзейнае піке. «Каб аднавіць давер, ураду давядзецца зрабіць выбар паміж дрэнным і жудасным», — папярэджваюць эканамісты з Інстытута Тоні Блэра і Oxford Economіcs. Яны ацанілі наступствы прапанаванага Трас бюджэтнага плана і выпусцілі прагноз пад назвай «Адна боль, карысці — нуль». Эканамісты падлічылі, што абяцанага Трас і Квартэнгам росту эканомікі на 2,5 працэнта чакаць не варта, у лепшым выпадку яна дадасць нязначныя 0,4 працэнта.
Пры Джонсане рэпутацыя кансерватараў як прыхільнікаў узважанай эканамічнай палітыкі пахіснулася. Трас дабіла яе. Каб не апустошыць краіну, ёй давядзецца выбіраць — здзяйсняць палітычнае самагубства і адмаўляцца ад абвешчаных рэформаў ці рэзаць сацыяльныя выдаткі і рыхтавацца да палітычнай смерці ад рук угневаных выбаршчыкаў. Тым часам апазіцыя б'е трывогу і патрабуе тэрмінова склікаць парламент, які з 23 верасня па 11 кастрычніка знаходзіцца на традыцыйных для гэтага часу канікулах, адведзеных пад арганізацыю партыйных з'ездаў. Калі перапынак працягнецца, як і было запланавана, дэпутаты яшчэ некалькі дзён не змогуць заклікаць міністраў да адказу і аспрэчыць план урада. Па словах лідара Лейбарысцкай партыі Кіра Стармера, Ліз Трас — гэта пагроза нацыянальнай эканоміцы, а ўрад «гуляе на грошы» брытанцаў.
Вынік дзеянняў брытанскіх улад не прымусяць сябе доўга чакаць. Рэальныя даходы насельніцтва імкліва змяншаюцца. Паводле прагнозаў Банка Англіі, грамадзянам свеціць найбуйнейшае падзенне ўзроўню жыцця за 60-гадовую гісторыю. У Вялікабрытаніі назіраецца імклівы рост галадаючых. Трывогу б'юць школы і дабрачынныя арганізацыі. Эканамічны крызіс у краіне штурхае людзей на жорсткі выбар — абагрэць свае дамы ці купіць дзецям ежу. Зіма яшчэ не наступіла, а брытанцы ўжо вымушаны выбіраць паміж уключэннем ацяплення і пакупкай ежы. Дырэктары школ Вялікабрытаніі б'юць трывогу: дзеці настолькі галодныя, што грызуць канцтавары ці падчас абеду хаваюцца на гульнявой пляцоўцы, саромеючыся таго, што не прынеслі ежу.
У дабрачыннай арганізацыі здаровага харчавання Chefs іn Schools, якая навучае повараў для школьных кухняў, расказваюць, што сітуацыя з галадаючымі дзецьмі назіраецца ў многіх брытанскіх школах. У Chefs іn Schools распавялі, што ў адной са школ на паўднёвым усходзе Лондана хлопчык прынёс пусты ланч-бокс і прыкідваўся, што есць з яго. Ён не меў права на бясплатнае школьнае харчаванне і не хацеў, каб ягоныя сябры ведалі, што ён вымушаны галадаць. «Мы чуем пра дзяцей, якія настолькі галодныя, што ядуць гумкі ў школе, — распавяла Наомі Дункан, выканаўчы дырэктар Chefs іn Schools. — Прыходзяць дзеці, якія нічога не елі з абеду мінулага дня. Урад павінен нешта з гэтым рабіць». У Вялікабрытаніі права на бясплатнае школьнае харчаванне маюць дзеці толькі малодшага школьнага ўзросту, а таксама дзеці з сем'яў з нізкім даходам. Астатнія павінны плаціць за абеды. У выніку атрымліваецца, што 800 тысяч дзяцей не атрымліваюць бясплатных абедаў у школе.
Дапамагчы людзям імкнуцца дабрачынныя арганізацыі. Аднак тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, так шмат, што яе ўжо недастаткова. Грамадскія групы паведамілі The Guardіan, што яны імкнуцца справіцца з попытам на бясплатныя прадукты з боку сем'яў, няздольных пракарміць сваіх дзяцей. «Крызіс ужо надышоў», — заявіў Крэйг Джонсан, заснавальнік дабрачыннай арганізацыі Launch Foods у Глазга, якая прадстаўляе бясплатныя абеды для школьнікаў. «Я так хвалююся, кажучы людзям, што мы не можам ім дапамагчы, — сказаў Джонсан. — Дзіця не павінна галадаць».
Мішэль Дарнэлі, заснавальніца Chіldren wіth Voіces — дабрачыннай арганізацыі, якая бясплатна раздае ежу сем'ям на ўсходзе Лондана, заявіла, што валанцёры з усіх сіл спрабуюць справіцца з ростам маючых патрэбу. Апроч таго, што дзеці рэгулярна кладуцца спаць галоднымі, яны сутыкаюцца з псіхалагічнымі праблемамі. Дарнэлі таксама кажа аб бяздзейнасці брытанскіх улад у дадзенай сітуацыі: «Дэпутатам трэба прайсціся па вуліцах і даведацца, што адбываецца».
Імклівы развал эканомікі, які зараз перажывае Вялікабрытанія, — паскораная версія таго, праз што ў бліжэйшы час давядзецца сутыкнуцца ўсёй Еўропе, адзначыў брытанскі часопіс The Spectator. Як заўважыла эканаміст Таццяна Кулікова з gazeta-pravda.ru, гэта пачатак канца сусветнай фінансавай сістэмы. «Насамрэч эканамічная праграма Ліз Трас — гэта дадатковы фактар, які пагаршае і без таго напружаную сітуацыю, яго з'яўленне стала толькі спускавым кручком, які справакаваў абвал, — лічыць эксперт. — У сусветнай фінансавай сістэме з'яўляецца ўсё больш месцаў, напружанне ў якіх вось-вось прарвецца».
Захар БУРАК
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.