Вы тут

Паштальён — прафесія з вялікай літары


Так лічыць супрацоўніца АПС № 63 г. Мінска Людміла Аляб'ева. Гаворачы аб сваёй спецыяльнасці, яна падкрэсліла, што прафесія паштальёна патрабуе такой жа адказнасці, добрасумленнасці і адданасці сваёй справе, як і прафесіі ўрача, міліцыянера альбо выратавальніка.


Па сваёй асноўнай спецыяльнасці Людміла Аляксандраўна эканаміст. Дзесяць гадоў працавала менавіта ў гэтай якасці ў творчай галіне. А каля шасці гадоў таму вырашыла змяніць род дзейнасці і прыйшла працаваць на пошту. Прычыны такога кроку — неабходнасць падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме, паспрабаваць сілы ў новай якасці, ну і каб работа была бліжэй да дому.

— На жаль, многія не ведаюць, наколькі праца паштальёна цяжкая, — падкрэсліла Людміла Аляб'ева. — Яна патрабуе не толькі прыкладаць пэўныя фізічныя сілы, каб своечасова абыйсці свой даволі немаленькі даставачны ўчастак пры любым надвор'і, але і быць дастаткова эрудзіраваным чалавекам, каб адказаць на любыя, у тым ліку і жыццёвыя, пытанні, з якімі да яе звяртаюцца спажыўцы паштовых паслуг.

Па словах Людмілы Аляксандраўны, новую прафесію яна асвоіла даволі хутка. Падрабязна азнаёмілася з даставачным участкам на вуліцы Нёманскай, вывучыла Правілы аказання паслуг паштовай сувязі, прычым рабіла ўсё вельмі скрупулёзна. Новую супрацоўніцу добра сустрэлі ў новым працоўным калектыве. І з вопытнымі работнікамі, і з моладдзю ў Людмілы адразу склаліся добрыя ўзаемаадносіны.

У першы працоўны дзень адна з паштальёнаў правяла Людмілу па яе даставачным участку, азнаёміла з кварталамі, дзе будзе пралягаць маршрут дастаўкі карэспандэнцыі, пажадала поспехаў. А наступны раз Людміле давялося ісці ўжо ў адзіноце.

Спачатку, як адзначыла Людміла Аляксандраўна, было няпроста. Для чалавека, звыклага да працы з фінансавымі дакументамі, новыя ўмовы аказаліся некалькі нечаканымі. У першыя дні прамільгнула думка, што гэта праца не для яе. Але здавацца не ў яе традыцыях.

— Назіраючы за работай калег, я адзначыла, што ўсе яны ўмела і своечасова выконваюць свае службовыя абавязкі, — працягвае суразмоўніца. — Такім чынам, і я хутка змагу працаваць на іх узроўні.

Участак кожнага паштальёна налічвае парадку 30 шматкватэрных жылых дамоў без уліку арганізацый. Асаблівасці майго даставачнага ўчастка ў тым, што ён уключае пяціпавярховыя, дзевяціпавярховыя, вышынныя дамы і нават прыватны сектар. І кантынгент разнастайны, а значыцца, і падыход патрэбны адпаведны.

Трэба не проста адносіць і раскладваць паведамленні і карэспандэнцыю. Іншы раз неабходна падтрымаць чалавека, які апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, як адна пенсіянерка на маім участку, якая нядаўна страціла мужа. У такім становішчы я проста не магла не падставіць жанчыне сваё плячо, дапамагчы, падтрымаць цёплым словам. Мне прыемна, што бабулькі, якія жывуць на маім участку, ставяцца да мяне як да дачкі.

Многія ўпэўнены, што самае цяжкае для паштальёна — моцны вецер, лівень, мароз ці снегапад. Але, на мой погляд, самае цяжкае — гэта перамагчы свой характар, максімальна прыстасавацца да работы з людзьмі. Гэта, скажу, была для мяне задача няпростая. Між іншым, ад умення працаваць з людзьмі напрамую залежыць якасць паслуг.

Як прызналася ў заканчэнні размовы Людміла Аляб'ева, пры магчымасці яна б з задавальненнем вярнулася ў творчую галіну, але тое, што існуе сёння, яе цалкам задавальняе. Вось і спяшаецца раніцай да жыхароў свайго даставачнага ўчастка з карэспандэнцыяй, а пасля заканчэння працы з пачуццём выкананага абавязку ідзе дамоў, дзе з нецярпеннем яе чакаюць трое любімых дзяцей...

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.